Заява з нагоды ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных праектах з Расіяй

Група прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі прыняла Заяву “Удзел Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных праектах з Расійскай Федэрацыяй незаконны”

Гэта з’яўляецца фактычнай падтрымкай каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў, якая выступіла з заявай “аб незаконнасці ўдзелу Беларусі ў Мытным саюзе па прычыне прававой непадпаведнасці подпісу Аляксандра Лукашэнкі ў якасці прзідэнта”

Якія аргументы прыводзяцца для пацвярджэння такіх вывадаў ? Узгадваюцца рэферэндумы 1995, 1996 і 2004 гадоў, падчас якіх, сцвярджаюць аўтары заявы, былі дапушчаны многія парушэнні заканадаўства. Адзначаецца, што прававая ацэнка дзеянням А. Лукашэнкі, звязаным з парушэннямі Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, была дадзена спецыяльнай камісіяй Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Галоўны ініцыятар заключэння Віктар Ганчар быў гвалтоўна выкрадзены і, па сцвярджэнні падпісантаў заявы, фізічна знішчаны. Такі ж лёс напаткаў іншых апанентаў Лукашэнкі—экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, бізнесмена Анатоля Красоўскага, журналіста Зміцера Завадскага. “Па загадзе Лукашэнкі быў здзейснены гвалт над беларускім народам—збіццё ў зале парламента дзевятнаццаці яго прадстаўнікоў—дэпутатаў Апазіцыі БНФ, якія пратэстнай галадоўкай адстойвалі вяршэнства Канстытуцыі незалежнай Беларусі”.

У заяве групы прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі падкрэсліваецца: “Рэжым Лукашэнкі ў Беларусі існуе дзякуючы расійскай палітычнай і эканамічнай падтрымцы, 22 лістапада 1996 года пры ўдзеле вышэйшых расійскіх службовых асоб (Я. Строева, Г. Селязнёва, В. Чарнамырдзіна) і старшыні Канстытуцыйнага суда В. Г. Ціхіні паміж А. Р. Лукашэнкам і старшынёй парламента С. Г. Шарэцкім было заколючана пагадненне “Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь”. Умяшанне Расіі дазволіла А. Лукашэнку пазбегнуць імпічмэнту і праз два дні на “рэферэндуме” змяніць Канстытуцыю і скасаваць дэмакратычны прынцып падзелу ўладаў. З гэтага моманту Беларусь знаходзіцца ў стане канстытуцыйнага крызісу. Усе выбары міжнароднай супольнасцю прызнаюцца не адпавядаючымі дэмакратычным нормам. Пад выглядам “выбараў” фактычна здзяйсняюцца бясконцыя злачынствы—неканстытуцыйнае дасягненне дзяржаўнай улады стаўленнікамі рэжыму”.

Падпісанты заявы звяртаюць увагу на незаконнасць “выкарыстання кіраўніцтвам Расіі канстытуцыйнага крызісу ў Беларусі дзеля дасягнення сваіх імперскіх амбіцый. Усе дамовы па продажы дзяржаўнай маёмасці за подпісам А. Лукашэнкі і ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных расійскіх праектах павінны быць скасаваныя”.

Аўтары заявы заклікаюць “кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза і Расійскай Федэрацыі, з улікам удзелу Рэспублікі Беларусь у праграме “”Усходняе партнёрства”, стварыць сумесную камісію і з удзелам беларускай грамадскасці прыняць праграму дзеяння па выхадзе Беларусі з канстытуцыйнага крызісу”.

Свае подпісы пад заявай паставілі такія вядомыя дзеячы культуры і навукі, як Уладзімір Колас, Алесь Цыркуноў, Лідзія Савік, Аляксей Марачкін, Юрый Хадыка, Зінаіда Бандарэнка, Яўген Анішчанка, Уладзімір Халіп, Анатоль Букас, Алесь Мікалайчанка, Уладімір Дамашэвіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Белы, Іван Нікітчанка, Юрый Хвашчаватскі і іншыя.

Народная Воля.       5-8 лютага 2010 г.