Зварот да грамадзян Беларусі 25.05.2008 г.

   

Вельмішаноўнае спадарства!

У мінулым годзе наша краіна адзначала сумную дату сваёй гісторыі – 70-годдзе піку масавых рэпрэсій у СССР. З гэтай нагоды грамадскасцю Беларусі быў створаны Аргкамітэт ушанавання памяці ахвяраў тых, нечуваных у свеце рэпрэсій. Вядомыя беларускія літаратары, навукоўцы, грамадскія дзеячы, якія ўвайшлі ў Аргкамітэт, правялі вялікую працу па выяўленні і мемарыялізацыі месцаў масавых расстрэлаў беларускіх грамадзян пад час сталінскага вампірызму. Выязджалі з гэтым клопатам ў Гомель, Барысаў, Вілейку, Чэрвень, Слуцк, Старыя Дарогі. Неаднойчы аднаўлялі памятныя знакі на мемарыяльным комплексе “Курапаты”, якія ламаліся вандаламі, пры патуранні ўлад. Гэта праца доўжыцца і сёння.

Да мерапрыемстваў  Году Памяці мы спрабавалі далучыць і органы дзяржаўнай улады. Адказам на звароты Аргкамітэта былі або глухое маўчанне, або рэпрэсіі і пераслед грамадскіх актывістаў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемствах. Апошні час гэтыя брутальныя дзеянні з боку рэжыму пачалі выяўляцца ўсё больш, набываючы недапушчальны маштаб і антынародны характар. 


19 красавіка гэтага года грамадскасцю Мінска, з удзелам жыхароў  вёскі Дражна Старадарожскага раёна, быў усталяваны Крыж на ўскраіне дражнаўскіх  могілак -- у памяць ахвяраў карнай аперацыі, праведзенай партызанамі Мінскай брыгады №1, якія па нейкай дзіўнай і жорсткай логіцы “пераблыталі” паліцаяў з мірнымі жыхарамі і расправіліся з усёй вёскай. Узброеныя вінтоўкамі і нажамі, драпежнікі з атрада Лапідуса накінуліся на жыхароў – жанчын і дзяцей. Зарэзалі маладую настаўніцу (вучыла дзяцей грамаце, а вучыць савецкай агентурай было забаронена), цэлымі сем’ямі заганялі сялян у хаты і палілі жывымі. Трагедыя адбылася 65 гадоў таму, у красавіку 1943 года. Крыж быў  устаноўлены ў памяць дражнаўскіх пакутнікаў. 

 І вось ужо 22 красавіка па загаду ўладаў гэты памятны знак быў пабураны.  Адзін з удзельнікаў грамадзянскага ўшанавання вядомы грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык быў арыштаваны ў Мінску, адвезены ў Старыя Дарогі і там асуджаны на 15 сутак.

 Як бачым, памінальны малебен на месцы масавых расстрэлаў улады цяпер лічаць мітынгам, а ўскладанне кветак – злачынствам. Гэта не можа не ўражваць і не абураць чалавечае сумленне.

 15 мая пісьменнік Віктар Хурсік, які раней у сваёй кнізе “Кроў і попел Дражна” расказаў пра трагічныя падзеі ваеннага часу ў вёсцы Дражна  і  прысутнічаў пры ўсталяванні Крыжа 19 красавіка, таксама арыштаваны і пасаджаны на 15 сутак.

Суды над грамадскімі рупліўцамі праводзяцца пастаянна, прысуды не грунтуюцца ні на якіх доказах. Меркаванні адвакатаў не прымаюцца да ўвагі. Пра гэта яскрава сведчаць і апошнія судовыя працэсы над моладзевым актывістам Андрэем Кімам і лідэрам прадпрымальнікаў Сяргеем Парсюкевічам. Складваецца пэўнае падабенства  з крутым 1937-м, чаго ўлады нават не спрабуюць хаваць.

На самым пачатку гэтага года грамадству кінуты новы выклік. Высокім начальствам прынята  палітычнае, як  падкрэслівалася, рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі на Беларусі. Без усялякай незалежнай экспертызы,  прававога, нават, калі аб’ектыўна, і палітычнага абгрунтавання. Парушана Орхуская канвенцыя,  падпісаная нашай дзяржавай, згодна з якой рашэнне аб будаўніцтве станцыі павінен прымаць народ. Тым часам  кіраўнік дзяржавы наперад заявіў, што кожны, хто  выступіць супраць будаўніцтва беларускай АЭС, будзе залічаны ў ворагі народа. А з “ворагамі” вядома, што нашчадкі сталінізму ў Беларусі робяць. Ці не прадбачыцца новая  паласа рэпрэсій, арыштаў, турэмных зняволенняў тых, хто будзе супраць?

Вядома ўжо, напрыклад, як лёгка знайшліся “ворагі” сярод жыхароў пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна, якія не хочуць, каб у іх пад вокнамі будавалі завод па выпуску ядахімікатаў. На пратэсты людзей рэжым адказаў рэпрэсіямі і пераследам, запалохваннем грамадскай думкі.

Мяркуючы па заявах кіраўніка краіны, гэта чакае кожнага, хто гатовы заступіцца за архітэктурную спадчыну і прыродна-культурныя каштоўнасці, якія церпяць ад разбуральнага дыктату і наступу вандалізму з боку дзяржавы. Дастаткова ўспомніць свежыя руіны так званай рэстаўрацыі Нясвіжскага замка і “парадак” з пракладаннем новых дарог у нацыянальным парку “Белавежская пушча”.    

Мы спадзяемся, што  грамадзяне Беларусі разбяруцца ў сітуацыі і зразумеюць, хто плодзіць “ворагаў народа” і дзеля чаго тое робіцца,   не пакінуць без увагі чарговы выбух рэпрэсій у Беларусі – цынічны і недапушчальны для еўрапейскай краіны наступ на грамадзянскую супольнасць. Улады Беларусі груба парушаюць усе міжнародныя канвенцыі па абароне правоў чалавека, да якіх краіна  годна далучылася ў лепшы час. Дамагаючыся абсалютнай пакорлівасці, цяперашні рэжым старанна і паслядоўна разбурае мараль, хрысціянскія традыцыі, сістэму нацыянальнай адукацыі, мову і культуру беларускага народа. 

Выказваем спадзяванне, што, усведамляючы ўсё  гэта, свет не застанецца да нас абыякавым.

Калісьці ў Савецкім Саюзе  паняволенае і затлумленае “светлай будучыняй” насельніцтва,    пакінутае цывілізаваным светам сам-насам з крывавым дыктатарам, заплаціла за гэта жахлівую цану. І Еўропа – крыху пазней – таксама. Хацелася б думаць, што урокі нядаўняга мінулага супольнасцю Еўропы  не забыты. 


Подпісы:

Яўген АНІШЧАНКА, гісторык
Радзім ГАРЭЦКІ, акадэмік НАН Беларусі
Валерый ДРАНЧУК, публіцыст, эколаг
Сяргей ЗАКОННІКАЎ, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі    Беларусь імя Янкі Купалы
Георгій ЛЕПІН, доктар тэхнічных навук
Леанід Лыч, доктар гістарычных навук
Іван НІКІТЧАНКА, член-карэспандэнт НАН Беларусі, ліквідатар вынікаў аварыі на ЧАЭС
Ягор ФЯДЗЮШЫН, фізік-ядзершчык
Уладзімір ХАЛІП, кінадраматург
Васіль ЯКАВЕНКА, пісьменнік, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Ф.Нансена