Прэзідэнт не павінен быть «вышэй за Бога»...
- Подробности
- Опубликовано: 01.06.2015 20:05
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 2015
Прэзідэнт не павінен быть «вышэй за Бога»...
Народная Воля, : Яўген АНІШЧАНКА I 20 мая 2010 г.
Да выбараў, на якіх беларусы вырашаць, хто будзе кіраваць імі пасля 2011 года, застаецца зусім мала часу. Між тым ад аб'ёму канстытуцыйных паўнамоцтваў прэзідэнта залежыць не толькі характар надыходзячай выбарчай кампаніі, але і будучая сітуацыя ў краіне ў цэлым. Нам пагражае бойка за бязмежную ўладу, дзеля якой "зверху" могуць быць задзейнічаны любыя сродкі, у тым ліку і вядомыя ўсім правакацыі кшталту замаху на першую асобу, падкінутыя бомбы і г.д.
Пра гэта даводзіцца напамінаць, паколькі, я лічу, цяперашняя Канстытуцыя напісана пад самадзяржаўе кіраўніка краіны. Прэзідэнт можа пачаць вайну і адкрыта папярэджвае супастатаў, што па яго загадзе ўсе беларусы "лягут костьми" пад натаўскія танкі, калі яны рынуцца на Усход чамусьці праз тэрыторыю Беларусі. Прэзідэнт шчыра хваліцца, што беларусы па яго загадзе таксама ахвотна пойдуць у зямлянкі ў выпадку якой-небудзь вайны ўжо са "старшим братом" з таго ж Усходу. Прэзідэнт можа падпісваць сакрэтныя ўказы, пра змест якіх мы можам і не ведаць зусім. Да прыкладу, ён у 1995 годзе аддаў расіянам 2 ваенныя базы на Беларусі ў бестэрміновае карыстанне, а зараз горка плача і скардзіцца, што беларусы ад тых аб'ектаў не маюць ні капейкі. Прэзідэнт можа тыражаваць эканамічныя ўказы па самым шырокім коле пытанняў, фактычна падмяняючы урад. Прэзідэнт можа здымаць і прызначаць любых чыноўнікаў, суддзяў. Ён можа рабіць нават тое, на што не мае права, паколькі няма рэальных механізмаў, дазваляючых спыніць яго ў такіх выпадках. Прэзідэнт можа выдаваць указы, па форме вельмі падобныя на законы, а затым накладваць вета на законы, альтэрнатыўныя яго ўказам. Прэзідэнцкае праўленне з дапамогай аператыўных распараджэнняў непазбежна парушыла прававую сістэму: падзаконныя акты сталі вышэй Канстытуцыі, вышэй закона, бо на нішто зведзены кантрольныя паўнамоцтвы прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады.
У 1994 годзе прэзідэнта выбіралі як панацэю ад крызісу і як нейкага месію ад сацыяльна-палітычнага хаосу. Выбралі таго, хто прапаноўваў самыя простыя рашэнні і прымітыўныя выхады. Крызіс зараз дзеючы прэзідэнт "забараніў", а хаос "замяніў" сацыяльна-палітычным цудам і стабільнасцю. Застаўся толькі прэзідэнт... У 1996 годзе творцы сённяшняй Канстытуцыі апраўдвалі надзяленне прэзідэнта манаршымі паўнамоцтвамі неабходнасцю як мага хутчэй пакончыць з эканамічнай анархіяй. Перашкодай апынуўся малапаслухмяны Вярхоўны Савет, які прыгразіў імпічментам наваяўленаму самадзержцу. Пад зачэпкай ліквідацыі ўсеўладдзя Саветаў была знішчана ўсякая арганізаваная палітычная апазіцыя, якая карысталася парламенцкай трыбунай для процідзеяння ўзурпацыі абсалютнай улады. Адкрытая і публічная палеміка ў зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета змянілася "тэатрам аднаго акцёра" ў СМІ і закрытай кулуарнай вальтузнёй нешматлікіх кланаў за доступ да кіраўніка краіны, які стаў вырашаць жыццёва важныя пытанні асабіста. Вынікі гэтага — сумна вядомыя прыклады маніпуляцый вакол ласых кускоў дзяржаўнай уласнасці, надзяленне вузкага кола выбраннікаў рознымі льготамі і прэферэнцыямі, а затым бесперапынная чыстка гною каля сытнага карыта кадраў.
Каго б ні выбралі прэзідэнтам у наступным годзе, пры цяперашняй Канстытуцыі ён будзе для грамадства крыніцай павышанай небяспекі, незалежна ад асабістых якасцяў. Справа ў тым, што ў прэзідэнта празмерна шмат улады, якой ён лёгка злоўжывае і па кожным такім дзеянні не адказвае. Справа ў тым, што гэтак вялізную ўладу ажыццяўляе ад імя прэзідэнта агромністая піраміда пастаўленых ім угодлівых і карыслівых асоб. У выніку крыніцай звычайнага самаўпраўства, небяспекі робіцца не толькі сам прэзідэнт, але і бясконцая армія чыноўнікаў. Паасобныя грамадзяне не змогуць супрацьстаяць гэтай згуртаванай небяспецы, не здольныя адолець яе ў межах часовых паказальных распраў і нават бясконцых застрашальных кампаній.
Тады, можа, пры нашым узроўні свядомасці пасада прэзідэнта не патрэбна зусім і варта перайсці да парламенцкай рэспублікі? Інстытут прэзідэнцтва стаў зараз нясучым каркасам сістэмы, і рэзкае вывядзенне яго за прававое поле можа паўтарыць сумны вопыт радыкальнага пазбаўлення КПСС манапольнай і самадзяржаўнай улады. Гэта можа прывесці да часовага параліча выканаўчай улады, на якой фактычна і трымаецца ўся дзяржаўнасць. Кіруючаму слою вельмі важна, каб новая ўлада была пераемніцай цяперашняй або аказалася настолькі слабай, каб тая не змагла прад'явіць ёй сур'ёзных прэтэнзій або пахіснуць яе панавання. Таму цяперашняя эліта зараз актыўна занята пошукам сцэнарыяў выратавання інстытута прэзідэнцтва, які з'яўляецца ядром палітычнай сістэмы і яе ўласнага выжывання. Яна не жадае ні з кім дзяліцца ўладай і намагаецца "выйсці з гульні" ціха, непрыкметна, без скандалаў, поўнасцю зняўшы з сябе адказнасць. Таму бесканфрантацыйны выхад можа быць забяспечаны толькі на шляху прыняцця новай Канстытуцыі і фундаментальнай змены палітычнай арганізацыі грамадства, функцыянаванне якой вузкалоба пастаўлена ў прынцыповую залежнасць ад асобы прэзідэнта і расстаўленых ім па "вертыкалі" людзей. Інакш кажучы, неабходна выпрацаваць надзейны канстытуцыйны механізм, які б надзейна зняў страхі і насельніцтва, і эліт у прадчуванні чарговых выбараў, вынікі якіх, па прызнанні самога прэзідэнта, ім жа самім лёгка падтасоўваюцца.
Таму нам, безумоўна, патрэбна парламенцкая рэспубліка з больш сціплымі, чым зараз, прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі. Прэзідэнт павінен у рэшце рэшт стаць на чале прававой дзяржавы, заснаванай на першынстве Закона і падзеле ўлад.
Усюды ў свеце ўрад фарміруецца або па прыкмеце прыналежнасці да палітычнай партыі ці кааліцыі, маючай большасць у парламенце, або па прынцыпе прафесійнай годнасці. У нас жа ратацыя ўпраўленцаў адбываецца па прынцыпе асабістай лаяльнасці. Усім вядома, што практыка бескантрольнага прызначэння прэзідэнтам членаў сваёй Адміністрацыі шмат разоў прыводзіла да таго, што на адказныя пасады траплялі казнакрады і бессаромныя хапугі. Да той пары, пакуль знаходжанне міністраў на сваіх пасадах будзе залежаць выключна ад прэзідэнта, да той пары выкананне яго волі заўжды будзе для іх важней, чым выкананне нейкага там Закона. Калі ж загадзя змяніць баланс улад у краіне, тады ненажэрны натоўп каля манаршага трона парадзее.
Адміністрацыя прэзідэнта — гэта ўсяго толькі службовы апарат, які забяпечвае выкананне прэзідэнтам яго паўнамоцтваў. Ён рыхтуе ўказы і распараджэнні, прадастаўляе інфармацыю, наладжвае сувязь і каардынацыю. Ніякія рашэнні адказных асоб Адміністрацыі прэзідэнта не павінны мець распараджальнай сілы ні для кога, акрамя, разумеецца, самой Адміністрацыі. У нас жа звычайная канцылярыя прэзідэнта ўзурпіравала функцыі заканадаўчай, распарадчай, выканаўчай і кантрольнай улад і разраслася ў выглядзе так званай вертыкалі да нечуваных памераў. Самае горшае ў гэтай экспансіі тое, што гэта структура не кантралюецца грамадствам і таму дзейнічае заўжды беспакарана. Яе прыцішае толькі грозны воклік "бацькі-гаспадара" і посвіст яго бізуна.
У пабудаванай пад самаўладнага ўладыку сённяшняй палітычнай сістэме немагчыма ясна вызначыць, хто ўнутры яе нясе адказнасць за перыядычныя правалы і няўдачы бягучай палітыкі. Урад прадстаўляе сабой групу чыноўнікаў, пастаўленых паслухмяна выконваць волю прэзідэнта, прычым кожны з іх не мае адносін да фарміравання высноў дзяржаўнай палітыкі ў даверанай яго апецы сферы. Ды і сам прэзідэнт не хоча рэгулярна распісвацца ў некампетэнтнасці агульнага курса і ставіць на кон сваю рэпутацыю. Гэты калаўрот выгадны практычна ўсім цяперашнім лялькаводам палітычнага тэатра: ён рэабілітуе за ўсё і ўладарных, і безуладных асоб і стаячага быццам бы па-над раздорамі прэзідэнта. Трэба прызнаць такую мадэль не проста антыдэмакратычнай, але цалкам нягоднай з пункту гледжання інтарэсаў краіны, пагражаючай яе цэласнасці і стабільнасці. Сістэма, здольная пахіснуцца ад дробязнага збою ў працы выканаўчай улады, нетрывалая па вызначэнні.
Нарэшце, што застаецца ад недатыкальнасці прэзідэнта і ці павінен ён захаваць яе пасля сваёй адстаўкі?
На гэтае пытанне Канстытуцыя проста не адказвае. У выніку недатыкальнасць прэзідэнта атаясамляецца з яго фактычнай непадсуднасцю так, калі б ён сапраўды быў "вышэй за Бога". І ён гэтым не проста злоўжывае. Вось прыклад. Прэзідэнт не так даўно некалькі разоў публічна абазваў усю апазіцыю — а гэта прыкладна 20—25% афіцыйна прызнаных выбаршчыкаў — адмарозкамі. Нідзе і ніколі ні адзін кіраўнік краіны не дазваляў сабе так ставіцца да сваіх грамадзян і суайчыннікаў. Гэтую абразу з боку "гаранта Канстытуцыі" апазіцыя сцярпела, а апляваныя іх выбаршчыкі і прыхільнікі, відаць, праглынулі разам з соплямі.
Захаваць за прэзідэнтам такую недатыкальнасць да канца жыцця азначае загадзя дараваць не толькі дзеючаму, але і будучаму прэзідэнтам любыя грахі, уключаючы і крымінальныя злачынствы. Усё гэта груба парушае канстытуцыйны прынцып адносна правоў і свабод грамадзян. Трэба зрабіць юрыдычна магчымымі следчыя дзеянні ў адносінах да прэзідэнта. Далейшае — кампетэнцыя парламента і розных судоў. Належыць давесці да канца расследаванне адносна дзеючага прэзідэнта парламенцкай камісіі 1999 года на чале з Віктарам Ганчаром. Што да недатыкальнасці прэзідэнта пасля яго адстаўкі, то, стаўшы звычайным грамадзянінам, ён не павінен мець ніякага імунітэту перад Законам. Усе роўныя перад Законам і судом.
Усё гэта ў сукупнасці сведчыць пра неабходнасць змены канстытуцыйнай будовы дзяржавы літаральна адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Такая змена можа прадухіліць крызіс улады, паколькі ён непазбежны, і дазволіць выйсці з яго. Першым пунктам перадвыбарчай кампаніі будучага прэтэндэнта ў прэзідэнты і першым яго пераможным актам павінна стаць змена канстытуцыйнай будовы краіны. Іншае будзе ад лукавага.
Нам як паветра патрэбны салідны звод цвёрдых правілаў і агульнаабавязковых нормаў, гарантуючых дзеяздольнасць дзяржаўнага арганізма, свабоднае і годнае развіццё асобы і інстытутаў грамадскага таварыства.
Яўген АНІШЧАНКА, кандыдат гістарычных навук, член грамадскай ініцыятывы "Інстытут гістарычнай памяці".