З чаго пачаць ?

З чаго пачаць?

Народная Воля, 3 кастрычнiка 2012 г. 

А.Лукашэнка неаднойчы запэўніваў, што яго сыны “наеліся” ўлады, і катэгарычна адмятаў нават думкі пра перадачу ім сваёй пасады ў спадчыну. Але пры гэтым ён ні разу не сказаў, што яму самому абрыдла цяжкая прэзідэнцкая ноша і што ён, як некалі Ельцын, гатовы пакінуць свой пост датэрмінова.

Паколькі цяперашняя Канстытуцыя не абмяжоўвае тэрміну на пасадзе прэзідэнта, то А.Лукашэнка, як я разумею, легальна разлічвае на пажыццёвае праўленне колькі яму ўздумаецца часу, што робіць эфемернымі ўсякія там выбары. У любым выпадку такія выбары робяцца простым апытаннем (плебісцытам) з адрэпеціраванай і загадзя вызначанай канцоўкай.

Сутнасць справы ў канстытуцыйным парадку, які ўстанавіў практычна неабмежаваную ўладу прэзідэнта, які стаіць над усімі веткамі ўлады і грамадствам не кантралюецца. Па цяперашняй Канстытуцыі ўлада прэзідэнта абсалютная, па тыпу самадзяржаўнай, бо ў яго руках сканцэнтраваны ўсе ніткі кіравання краінай і назначэнні на ключавыя пасады чыноўнікаў.

Калі і як сыдзе А.Лукашэнка — добраахвотна ці з-за наменклатурнай змовы, гэта не пазбавіць аўтаматычна Беларусь ад дыктату глупства. Бо ён заўжды знаходзіў каля свайго карміла чэргі дачаснікаў, якія ў любым выпадку прыкрыюцца кругавой адказнасцю. Яны дружна перакладуць асабістую адказнасць на свайго правадыра і яшчэ з вялікім абурэннем будуць патрабаваць не пераходзіць на асобы і не парушаць агульных правоў чалавека. Яны тут жа ператвораць любога ліберала ў турэмшчыка свабоды.

Калі цяперашняга прэзідента зменіць другі пераемнік, нават праз “усенародныя” выбары, то, пры нязменнасці Канстытуцыі, у яго руках апынецца ранейшы паслухмяны апарат выканаўцаў, які так жа, як і зараз, можа быць запушчаны для рэпрэсій і застрашэння праціўнікаў. Гэта зброя помсты і праследавання апанентаў будзе задзейнічана ў поўным аб’ёме ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, якая падпарадкоўвае правіцелю ўсе судовыя і сілавыя структуры. Калі не памяняць ўладныя ролі ў Канстытуцыі, то пры новаабраным прэзідэнце турэмныя нары толькі зменяць сваіх сядзельцаў.

Практычна ўсе мінулыя выбары паказваюць, што кандыдаты ў сваіх праграмах нічога не гавораць пра Канстытуцыю і яе змену. Пакуль мы не чулі заяў пра гатоўнасць прэтэндэнтаў на царскі трон ад царскіх паўнамоцтваў адмовіцца, роўна як і абяцанняў пасля перамогі ініцыіраваць змену самой Канстытуцыі. У гэтай любові да казачнага адміністрацыйнага рэсурсу праціўнікі ўлады нічым не адрозніваюцца ад яе прыхільнікаў і адэптаў. Проста пераможца на выбарах акажацца чарговым легальным дыктатарам у сілу атрыманых па Канстытуцыі паўнамоцтваў з іх цудоўнай сілай. Таму мы зноў апынемся пад уладай новага дэспата-дэмагога, як бы ён ні называўся — “правадыр”, “бацька”, “народны манарх” або “адзіны лідар аб’яднаных сіл”.

Не сумнявайцеся, А.Лукашэнко ўстае і кладзецца спаць у страху ад таго, што ім жа самім выбудаванае самаўладдзе ў руках пераможцы гэтак жа бязлітасна абрынецца на яго і яго бліжэйшае атачэнне. Няўжо праз тыя ж суды, турмы, люстрацыі кадраў помста зноў паглыне краіну і працягнуцца расправы над учарашнімі прыгнятальнікамі і крыўдзіцелямі?

Вось чаму лозунгі некаторых апазіцыянераў — “Беларусь без Лукашенкі” і “За чэсныя выбары без Лукашенкі” хоць і гучаць звонка, не азначаюць адмовы ад аўтарытарнай улады, не нясуць сапраўдных і прынцыповых перамен. Скажам прама: любая праграма, якая не прадугледжвае рэформы Канстытуцыі як прыярытэта, з’яўляецца не чым іншым, як толькі імкненнем яе аўтараў захапіць уладу і нешта ў ёй паправіць. Нам трэба мяняць не людзей ва ўладзе, а яе механізм і правілы яе функцыянавання. Нельга ігнараваць выбары ў “палатку” як орган, які нічога не вырашае і хлусіць, ірвацца на выбары ў прэзідэнты як орган усемагутны і цудоўны. Гэта крывадушная тактыка. Нельга захоўваць становішча, пры якім Канстытуцыя застаецца калыскай новых аўтарытарных правіцеляў.

Адносіны да Канстытуцыі — галоўны крытэрый, які паказвае стаўленне прэтэндэнта на ўладу да беларускага самадзяржаўя. Нельга гуляць адразу дзве ролі — быць з рэжымам і па-за ім адначасова.

Ці можна зламаць гэтае замкнёнае і быццам бы безнадзейнае кола? З чаго пачаць?

Трэба пачаць з арганізацыі ў інтэрнэце рэферэндуму вакол варыянтаў Канстытуцыі краіны. Для гэтага неабходна прапанаваць грамадству на абмеркаванне два шляхі, дзве мадэлі грамадскага ладу — з пасадай прэзідэнта і без яго. Для вызначэння грамадскіх прыярытэтаў трэба:

1. Арганізаваць пастаянна дзейнічаючы “круглы стол” (форум) па сферах палітыкі і напрамках будучай перебудовы.

2. З кола арганізатараў выдзеліць аўтарытэтных дзеячаў, а яшчэ лепей — спецыялістаў, якія будуць курыраваць правядзенне апытанняў-галасаванняў па канкрэтных накірунках рэформы, што мае адбыцца.

3. Распрацаваць працэдуры віртуальнага рэферэндуму, якія ўключаюць верыфікацыю кожнага ўдзельніка галасавання. Для гэтага можна прымяніць рэгістрацыю з дапамогай мабільнага тэлефона, сканіраванне пашпарта, нумара страхавога поліса ці іншага пасведчання. Тэхнічнаму камітэту акрэсліць правілы абмеркавання і аховы форуму ад зубаскалаў, пустабрэхаў і рознага роду правакатараў.

4. Правесці электроннае галасаванне па складзе экспертнага савета, здольнага абагульніць варыянты і прыняць кампрамісны праект Канстытуцыі.

5. Стварыць грамадскі Трыбунал для вызначэння і разгляду прававых механізмаў пакарання ўсіх адказных за згвалтаванне канстытуцыйных правоў грамадзян. Выбары такога Трыбунала правесці зноў жа не кулуарна, а адкрытым галасаваннем з кола спецыялістаў.

6. Зрабіць гэты Трыбунал пастаянна дзеючым вышэйшым рабочым органам з рэальным удзелам прысяжных засядацеляў побач са звычайнымі правапрымяняльнымі структурамі, якія не маюць або страцілі давер у насельніцтва, да выбрання сапраўды прадстаўнічага народнага парламента і перадачы яму паўнамоцтваў на вынясенне канчатковага прысуду.

7. Прапанаваць існуючым партыям дакладна размежавацца ці аб’яднацца па галоўным пытанні рэферэндуму — прэзідэнцкая ці парламенцкая рэспубліка, з прэзідэнтам ці без яго. Калі большасць выкажацца за мадыфікацыю прэзідэнцкага кіравання, тады правесці рэйтынгавае галасаванне аб адзіным лідары і яго камандзе на будучыя выбары прэзідэнта. Калі ж большасць адхіліць пасаду прэзідэнта, тады шляхам таго ж апытання высветліць адносіны да прававой спадчыны правячага рэжыму: адрынуць яе як неправамоцную з ясна вызначанага тэрміну (да прыкладу — з 1996 г.), у тым ліку і ў сферы міжнародных абавязацельстваў краіны, пакінуць у сіле або падвергнуць выбарачнай рэвізіі, таксама з пэўнага тэрміну.

Каб пачаць перабудову, трэба згуртавацца вакол зразумелага плана дзеянняў. Патрэбны рух, які ставіць сваёй мэтай не ўдзел у выбарах для прапаганды партыйных лозунгаў, а карэннае пераўтварэнне краіны. Гэта магчыма зрабіць у рамках працы над праектам канстытуцыйнай рэформы. Вакол ідэй новай Канстытуцыі абавязкова сфарміруецца канцэпцыя палітычнай рэформы і механізмаў яе рэалізацыі.

Такая працэдура грамадскага рэферэндуму, на мой погляд, адкрые легітымны шлях для звароту Беларусі на рэйкі прававой дзяржавы.

Яўген Канстанцінавіч АНІШЧАНКА,

кандыдат

гістарычных навук.

Мінск.