Дарадца Агінскага
- Подробности
- Опубликовано: 28.05.2015 07:01
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 678
У жыцці славутага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага маецца шмат малавядомых старонак, якія ён сарамліва абмінуў у сваіх успамінах. Да прыкладу, ён удзельнічаў у працы гродзенскага сейма 1793 года ў якасці вялікага літоўскага падскарбія. Каб уратаваць Рэч Паспалітую ад падзелу паміж Прусіяй і Расіяй, Агінскі ўвайшоў у склад сеймавай дэпутацыі, якая 22 ліпеня саступіла частку беларускіх зямель пад вечнае панаванне царскай Расіі. Узамен Кацярына 11 дазволіла ўладкаваць ацалелую тэрыторыю. Агінскі нават прапанаваў адпаведны праект новай Канстытуцыі. Перамовы вяліся праз расійскага пасла графа Якава Сіверса. Менавіта з ім Агінскі вёў перапіску на французскай мове, якая дапамагае зазірнуць за шырмы здрадніцкага сейма. Гэта вельмі каштоўныя дакументы, і іх зместам мы зараз карыстаемся дзякуючы перакладу спадарыні Людмілы Варанковай.
Адзін з лістоў Сіверс даслаў Агінскаму 14 ліпеня 1793 года літаратальна за два дні да сваёй пагрозы вайны за адхіленне жаданых крэатур у склад сеймавай дэпутацыі. “Я напісаў два тыдні назад пану генералу-аншэфу (неразборліва—Я. А.) у Вільна просьбу, каб скарб Літвы прадставіў звесткі аб тым, дзе знаходзяцца землі маршалка Людвіка Тышкевіча. Вышэйпамянёны скарб адмовіўся іх даваць без вышэйшага дазволу. Таму прашу Вас, Ваша светласць, загадаць гэтым гаспадарам не ствараць у будучым цяжкасцяў у падобным выпадку, бо пан можа паставіць вартавых да скарбу і не выпушчаць членаў скарбу да той пары, пакуль не будуць задаволены такія простыя патрабаванні і якія скарб здольны задаволіць без турботы. Я прашу Вашу светласць даслаць да мяне належны загад, які я адпраўлю з пасланцам. Баюся, што хутка мне спатрэбіцца спіс асоб, выпрабоўваючых маю цярпівасць і забываючых аб сваёй Радзіме. Спадзяюся, што Ваша светласць лічыцца з тым, што адбываецца ў дэпутацыі”[2].
Гаворка вялася аб выдатках на дзяржаўныя органы і армію. Пры дзяржаўных даходах у 6.3 мільёна злотых адны даўгі караля дасягалі 33 мільёнаў. Кацярына 11 абавязалася сплаціць толькі тры мільёны з дзесяцімільёнага доўгу Рэчы Паспалітай у галандскіх банках. Літоўскі скарб ацэньваўся ў 2.3 мільёны злотых, тады як войску патрабавалася 4 мільёны. Тут з,явіліся прапановы прадаць каралеўскія эканоміі (уладанні), але гэта азначала пусціць яго вялікасць з жабрацкай торбай. Тады надумалі задаволіць караля з мытных даходаў. І вось Сіверс 29 жніўня тлумачыць Агінскаму, што “абставіны прымусілі мяне жадаць, каб выплата даходаў караля была прыпынена, на шчасце, перасталі існаваць. Я прашу Вашу светласць загадаць скарбу Літвы выплаціць Яго Вялікасці усе без выключэння нядоімкі, якія яму належаць да 1 верасня. Паколькі вылічэнне рахункаў мытні дагэтуль выконвалася толькі ў сярэдзіне кастрычніка, тады скарб можа аплаціць каралю некаторыя рахункі, каб вывесці яго са складанага становішча ў адносінах да скарачэння ўтрымання. Лічу таксама сваім абавязкам паведаміць Вашай светласці, што пан (неразборліва—Я. А.) збіраецца заняцца цывільным спісам (штатам утрымання грамадзскіх уладаў—Я. А.) і хутка прызначыць камісію, каб улагодзіць справу з каралеўскімі даўгамі. Належыць спыніць аплату, якая раней выконвалася ў верасні. Я буду вельмі ўдзячны Вашай светласці, калі яна паведаміць мне аб суме, якая вернецца каралю у якасці нядоімак”[4]. Літоўскі скарб быў вінаваты войску 1.3 мільёны злотых. Афіцэры ўжо хваляваліся з-за скарачэння. Гэтыя справы сталі такой балючай і валакітнай праблемай, што 1 снежня 1793 года Сіверс даводзіў літоўскаму падскарбію наступнае: “Разважаючы навогул над становішча рэспублікі і ў прыватнасці аб вычарпанні скарбу і патрэбнасці, каб скарачэнне ў абодвух войсках (польскім і літоўскім—Я. А.), дакрэтаванае дзяржавамі і сабранымі на сейме, рабілася як мага хутчэй, я лічу сваім абавязкам прасіць Вашу светласць загадаць скарбу, старшынёй якога Ваша светласць з,яўляецца, не выплачваць аніякага жалавання арміі да той пары, пакуль Пастаянны савет (пры каралі—Я. А.) не вырашыць, якой брыгадзе або палку патрэбна заплаціць, каб выканаць вышэйназванае скарачэнне. У той жа час я павінен прасіць Вашу светласць паскорыць, наколькі гэта ў Вашай уладзе, законным шляхам платы, якія запазычыў скарб. Гэта сапраўдная паслуга, якая будзе аказана няшчаснай Айчыне (!), лёс якойхвалюе маё сэрца”
[2] Там жа, л. 18 адв.
[4] Там жа, л. 13
[5] Там жа, л. 6