Канец Статута Вялікага княства

Шэраг сучасных гісторыкаў так ибо інакш паўтараюць словы польскага асветніка Г. Калантая, які называў Статут Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) у рэдакцыі 1588 года самай дасканалай кнігай Еўропы. Яны бачаць у гэтым творы ўвасабленне прававой дзяржавы, рэлігійнай талерантннасці і розных свабод, якія адсутнічалі ў суседняй дэспатычнай Расіі, што вераломна насадзіла ў княстве свой рэакцыйны рэжым пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Між тым, нават у школьных падручніках стала аксіёмай, што ў княстве напярэдадні падзелаў панаваў не правапарадак, а грамадская анархія, якая штурхала краіну да палітычнага скону. У шляхецкім саслоў’і з 50-х гг. XVIIIст. апалагетыка Статута ўсё часцей змяняецца патрабаваннямі стварыць новы “Кодэкс справядлівасці” для рэгулявання зменлівых жыццёвых рэалій. Так кодэкс падрыхтаваў канцлер А. Замойскі, але сейм 1780 г. без абмеркавання адхіліў яго. У хуткім часе была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791 г., якая рабіла Рэч Паспалітую ўнітарнай дзржавай, ужо без падзелу на Карону і ВКЛ. Гэта патрабавала адзінага заканадаўства, што, у сваю чаргу, вяло да скасавання Статута. Паслы ад Кароны нават згаджаліся зрабіць уніфікацыю законаў на падставе і на ўзор Статута. Аднак паслы ад ВКЛ адмовіліся знішчаць унію, бо жадалі па ранейшаму незалежна валадарыць у сваёй правінцыі. Яны пакінулі сумесную камісію, але не зрабілі самастойнай заканадаўчай працы: па сутнасці, байкатавалі прагрэсіўну. Канстытуцыю 3 мая, якая ўводзіла апеку закона над сялянамі, бо баяліся прававога абмежавання ўціску прыгонных. Такім чынам, яшчэ да ўсталявання царскага панавання прадстаўнікі ВКЛ самі вырашылі, які твор перадавы і дасканалы—Статут 1588 года або Канстытуцыя 3 мая 1791 года. Больш таго, з дапамогай царскіх штыкоў ненавіснай для іх Расіі рэтраграды скасавалі тую Канстытуцыю і захавалі спарахнелы лад і замшэлае заканадаўства.

Пасля далучэння вялікакняжацкіх зямель да Расіі царыца Кацярына 11 ні разу адкрыта не прызнала Статут за правадзейную крыніцу, а толькі дазволіла перакласці яго для службовага карыстання сенацкімі чыноўнікамі. У 1773 годзе яна спыніла работу камісій па складанню новага Ўлажэння імперыі замест такога ж спарахнелага Улажэння імперыі 1649 года. Спробы беларускіх прадстаўнікоў ад шляхты і яўрэяў трапіць у склад тых камісій аказаліся марнымі. Жыхарам далучаных зямель дазволілі карыстацца ранейшымі правамі пры ўмове, калі яны не закранаюць самадзяржаўнай улады. Сам Статут дзейнічаў фіктыўна, бо ўсе судовыя органы павінны былі выконваць любы царскі ўказ, а руская адміністрацыя магла забараніць і перагледзіць любую пастанову мясцовых устаноў, прынятую ў адпаведнасці са Статутам.

Новы цар Павел 1 надзеў тогу прапольскага цара і ў 1797 годзе публічна прызнаў Статут з разлікам, што судаводства па статутавых правілах на далучаных землях таксама не парушыць яго самадзяржаў’я і неабмежаванай аніякім законам улады яго чыноўнікаў. Больш таго, цар узнавіў працы па кадыфікацыі  (сістэматызацыі дзеючага заканадаўства—Я. А.) імперыі ў створанай 16 снежня 1796 года сенацкай камісіі складання законаў. Таму Статут належала або цалкам уключыць у агульны звод, або скасаваць яго самастойнае існаванне. Стараннямі беларускага віцэ-губернатара Івана Захарава ў ліпені 1797 г. ў Сенат паступіла 15 кніг “польскіх законаў” разам са Статутам. Іх мелася злучыць у звод мясцовага права далучаных тэрыторый.

У тую сенацкую камісію ўваходзіла 48 членаў, у тым ліку і беларускія прадстаўнікі—Дабржанскі, Карпіловіч, Карніловіч, Браховіч. Апошні апынуўся там па асабістай заяве 18 снежня 1797 года. Яго залічылі пазаштатным перакладчыкам, перавёўшы з пасады калежскага рэгістратара Магілёўскага губернскага праўлення. У пачатку 1798 года прасіўся ў камісію і сакратар чавускага ніжняга земскага суда Пячора. Члены камісіі займаліся чым папала, толькі не справай, бо лічылі, што мясцовыя законы—“одно сплошное недоразумение”, а ў самадзяржаўнай краіне “все должно быть истинно русским”. Яны ніяк не маглі выблытацца з дылемы: Кацярына 11 дазволіла на далучаных землях выконваць суд на рускай, а Павел 1 –на польскай мовах, з-за чаго, казалі яны, “белорусские жители затрудняются от забвения правил производства польского и от долговременного неупотребления польского языка”.

Кадыфікатары Паўла 1 паспелі перакласці на рускую мову толькі адзін раздзел Статута. Новы імператар Аляксандр 1 адважыўся ўсталяваць абмежаваную (канстытуцыйную) манархію, правіць на падставе  “непременных законов” і распаўсюдзіць канстытуцыйны лад Каралеўства Польскага на падуладныя губерні. Гэта ўзрушыла як прыхільнікаў аднаўлення ўніі Кароны і ВКЛ для ўваскрашэння былой Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, так і іх праціўнікаў, якія не жадалі страты далучаных зямель і таго, каб канстытуцыйныя пераўтварэнні зыходзілі “от покоренных поляков”. У такіх абставінах Аляксандр 1 аднавіў кадыфікацыйныя працы для падрыхтоўкі агульнага зводу законаў імперыі пад кіраўніцтвам барона Г. А. Роземкампфа. 9 красавіка 1804 г. рэдактарам мясцовага звода далучаных зямель стаў Адам Паўстанскі, а перакладчыкамі Статута—адстаўны маёр Жукоўскі, Ёзаф Гарэгляд і Васіль Капецкі. У якасці навуковых экспертаў ім дапамагалі ад’юнкт Віленскага ўніверсітэта Ян Зноска і нехта Павел Іскозаў. Задачай ім паставілі стварыць збор “простейших чистейших истин человеческого разума и данных опыта” ў мэтах “всебщего счастья и благоденства всех”.

Такімі мэтамі належала займацца філосафам, а не заканадаўцам. Відаць, члены камісіі сапраўды разважалі над аджыўшым і супярэчлівым заканадаўствам ВКЛ і імперыі у пошуках вечных законаў жыцця. Бо толькі ў 1808 г. яны завяршылі пераклад Статута з польскага выдання 1786 г. пад наглядам обер-пракурора трэцяга дэпартамента Сената Івана Поснікава. З дазволу цара пераклад выдалі ў Вільна ў 1811г. з каментарыямі адносна  грамадзянскага і межавога працэсу. Выданне не адпавядала арыгіналу, як вядома, напісанаму на старабеларускай мове.

Паміж пецярбургскімі кіраўнікамі і вучонымі тлумачальнікамі з Вільні ўзніклі дыскусіі аб выпраўленні перакладу. Вырашылі звярнуцца да больш дасведчаных асоб. Імі аказаліся генерал-губернатары, якім у 1818 г. загадалі стварыць мясцовыя камітэты. Апошнія аднесліся да ўрадавай ініцыятывы як да службовагаабавязку і таму лайдачылі на пасяджэннях у агульных разважаннях аб законапарадку, маральнасці асобы, сродках выпраўлення нораваў праз тэатры і турмы. Гэтыя клубы чыноўных сімулянтаў закрылі толькі ў 1826 г.

У 1821 г. сам цар, а ў 1822 г. Дзяржсавет вырашылі выправіць Статут адпаведна першапачатковаму або старабеларускаму арыгіналу. Для гэтага ў маі 1822 года стварылі чарговую камісію, куды запраілі прафесара айчыннага права Віленскага ўніверсітэта Ігната Даніловіча, прафесара этыка-палітычнага факультэта Іяхіма Лелявеля, прафесара палітэканоміі Івана Лабойку і супрацоўніка ўніверсітэцкай бібліятэкі Казіміра Кантрыма. За 2 гады працы яны злічылі толькі 95 старонак выдання 1811 года, бо адмоўна ставіліся да беларускай мовы, да таго ж афіцыйна забароненай у справаводстве Рэчы Паспалітай з канца XVIIстагоддзя. Віленскія кадыфікатары спачувалі планам аднаўлення Рэчы Паспалітай, а некаторыя ўдзельнічалі ў масонскіх ложах і тайных таварыствах. Пасля забароны і тых і другіх 14 жніўня 1824 года быў распушчаны і згаданы камітэт. З 1828 года Камітэт Міністраў распачаў уласны пераклад Статута на рускую мову ў другім аддзяленні царскай канцлярыі, які завяршыў працу у 1832 годзе.

Афіцыйны пераклад Статута выконваўся ў час энергічнай падрыхтоўкі Поўнага зводу законаў імперыі, у які меркавался ўключыць і асобня зводы так званых прывілеяваных губерняў, меўшых дазвол на карыстанне мясцовым судаводствам і правамі. Таму па прапанове кіраўніка ўсяе кадфікацыі М. Спяранскага, 26 студзеня 1830 года цар паставіў на чале новай камісіі таго ж Даніловіча. Беларускі генерал-губернатар князь М. Хаванскі пастараўся ўціснуць туды у якасці знаўцаў і саветнікаў памешчыкаў Вакара, Рыка і Нітаслаўскага. Зразумела, што ад такіх “вучоных” нельга было чакаць карысці.

Даніловіч распачаў працу, калі ўжо блі канчаткова зацверджаны прынцыпы сістэматызацыі агульнаімперскага зводу. Здавалася, што дастаткова выключыць з мясцовага зводу ўсё недазволенае, а дзеючае права (Статут) уладкаваць па прынятай схеме. Таму Статут крамсалі на абрыўкі, якія прыстасоўвалі для тлумачэння ўжо рускага заканадаўства. Гэта быў абсурдны занятак, бо нормы правапрымянення Расіі і Рэчы Паспалітай шмат у чым не супадалі. Логіка патрабавала або захаваць лэласць Статута (гэта азначала прызнаць аўтаномію ВКЛ і беларускую мову), або абвясціць і тое і другое “исконно русским”, толькі сапсаваным паланізацыяй.

Статут ізноў трапіў у палітычныя цугі вялікадзяржаўнай палітыкі. Царскія кадыфікатары загадзя забаранілі “почитать в числе узаконений белорусскому краю дарованных» усе акты і канстытуцыі Рэчы Паспалітай пасля далучэння 1772 года. Гэта азначала, што крыніцай права на далучаных землях не магла быць Канстытуцыя 3 мая 1791 года , а Статут ВКЛ прызнаваўся толькі з часу адкрытага прызнання яго сілы Паўлам 1 у 1797 г. Значыць, з 1772 года і да гэтага часу законнымі маглі быць толькі царскій ўказы, у тым ліку і паўлаўскі давзол напрымяненне Статута. Але ж дазвол аднаго цара ў самадзяржаўнай краіне мог адмяніць любы яго наступнік. Даніловіч запярэчыў на гэта завай, што “Статут литовский действует во всех губерниях от Польши присоединенных со времени со времени установления онаго до настоящего времени. Яму заставалася толькіўключыць статутавыя артыкулы ў якасці дзеючага права ў склад агульнаімперскага заканадаўства. Але такі падыход пярэчыў палітычным інтарэсам бакоў: у Пецярбургу далучаны край цвёрда лісылі спрадвеку рускім, а ў Вільна—польскім. Абодва ніяк не прызнавалі самастойнага існавання беларускай мовы і народа.

Даніловіч дзейнічаў па навязанай схеме—у дзеючае права ён заносіў царскія акты, якія ў неабходных выпадках тлумачыў спасылкамі з заканадаўства Рэчы Паспалітай. Адсутнасць, як пісаў ён “предварительных исследований” вымушала яго карыстацца ўласнымі верагоднымі вывадамі. Іншага нельга было чакаць ад чалавека, які займаўся фактычна адзін сістэматызацыяй 200-гадовага заканадаўства. Спяранскі ж лічыў “польскае” заканадаўства казуістыкай і “изобртением полуученых стряпчих, ни для учёности, ни для простого здравого смысла непонятных”.

Падрыхтаваны таким чынам у 1834 годзе мясцовы звод вырашылі падвергнуць цэнзуры праз выкліканых месцаў экспертаў. Вызначыць іх ізноў даверылі генерал-губернатарам, якія старанна выкраслілі з рэкамендаваных спіскаў палітычна нядобранадзейных асоб. Так сярод экспертаў апынуўся віленкі губернскі прадвадзіцель дваранства Іосіф Горскі, выкладчык Маскоўскага ўніверсітэта, аўтар падручнікаў па межавому, грамадзянскаму і крымінальнаму праву А.Каравіцкі, рэгент галоўнага літоўскага суда Ф. Кукевіч. Працавалі яны да 10 красавіка 1835 года.

Эксперты ўжо не шукалі ў самай дасканалай кнізе Еўропы чыстых ісцін. Ім давялося разважаць над пытаннем, якое непасрэдна абумовіла скасаванне Статута—аб правамоцнасці дзеянняў межавых судоў, утвораных з царскага дазволу ў 1810 годзе. Гэтыя суды размяжоўвалі памешчцкія ўладанні на далучаных толькі пасля другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай землях у адпаведнасці з правіламі Статута. Менавіта пры іх садзеянні памешчыкі захапілі шмат дзяржаўных зямель і з дапамогай 10-гадовай статутавай даўнасці пераўтварылі ў сваю вечную ўласнасць. Вядома, што набытае яны і не збіраліся вяртаць. Царскі ўрад апынуўся на раздарожжы. Ён патураў умацаваннюі павелічэнню землеўладанняў польскіх памешчыкаў, якія зараз, у паўстанні 1830 года, праявілі сваю варожасць. Ва ўрадзе ж збіліся закрыць тыя шкодныя суды, каб вярнуць у казну зямельныя захопы. Але ж у такім разе належала пагасіць і незлічоныя даўгі на панскіх маёнтках, заблытаных арэндамі і эксдывізарскімі судамі (займаліся падзелам заняпалых уладанняў паміж крэдыторамі). Мноства сваіх зямель вяльможы раздалі ў арэнду дробнай шляхце. Падзяліць магнацкія ўладанні—азнаала таксама ўмацаваць пазіцыі шляхты, якая асабліва праявіла “мятежнический” дух у антырускім паўстанні 1830 года.

У гэтых абставінах царскія эксперты вырашылі не прызнаваць прысудаў межавых, эксдывізарскіх судоў, бо, казалі яны, польскія канстытуцыі не распаўсюджваюцца на Літву (землі другога і трэццяга падзелаў—Я. А.). якая “и поныне от оного (польскага ўплыву—Я. А.) освободиться желала б”. З падрыхтаванага Даніловічам мясцовага зводу выкінулі ўсе спасылкі на польска-літоўскае заканадаўства, якое пярэчыла царскім указам. Даніловічу за старанную працу выдалі 5 тыс. руб. і ордэн св. Ганны. Сам праект у студзені 1837 года адаслалі на рэвізію ў другое аддзяленне асабістай канцылярыі цара. Там ён і знік бяследна.

Зразумець жа прычыну непрязнасці ўрадавых колаў да падрыхтаванага зводу дапамагае запіска міністра дзяржмаёмасці  М. М. М. Мураў’ёва, накіраваная цару 22 снежня 1830 года. У тым лісце былы магілёўскі і гродзенскі губернатар разглядаў далучаныя землі як спрадвек рускія, дзе “народ русский, угнетённый, не пользуется никакими преимуществами”, якія Статут ВКЛ і канстытуцыі Рэчы Паспалітай далі “только нескольким тысячам польских” паноў. Паўстанне 1830 года пераканала яго “в совершенной преданности” сялян царскаму ўраду. Таму Мураў’ёў раіў супрацьпаставіць адданых сялян апазіцыйным панам і такім чынам назаўсёды выкараніць “польскую национальность”. Дзеля гэтага ён раіў адабраць маёмасць у каталіцкіх касцёлаў і кляштараў, пагалоўна перавесці ўніятаў у праваслаў’е (“ибо белорусские крестьяне по большей части еще столь невежественны, что мало постигают различие веры”) або забраць землі і ва ўніяцкай царквы, паўсюдна ўкараніць рускую мову, чыноўніцкія пасады запоўніць рускімі кадрымі за падвоенае жалаванне. Меркавалася зрабіць рускае землеўладанне пануючым, а званне рускага дваранства даваць толькі пры атрыманні чына тытулярнага саветніка асобам непадатковага стану.

У гэтых прапановах Статут аказваўся непрымальным, бо, як пісаў Мураў’ёў шэфу корпуса жандармаў А. Х. Бенкендорфу 12 верасня 1830 года, многія яго артыкулы патрабуюць “поступать по совести и христианским узаконениям”. Аднак у сваёй праграме татальнай русіфикацыі Мураў’ёў адамаўляў у міласэрнасці толькі каталіцкаму святарству, якое, на яго думку, заўсёды блытала веру з палітыкай і заўчасна падбухторвала сялян супраць улады.

Статут ён лічыў “нецельным и несовершенным” зводам палажэнняў, для тлумачэння якіх існавала цэлае саслоў’е адвакатаў і юрыстаў—гэтых “разносчиков ябед, тяжб, штрафов”. Ён абвяшчаў усе “польские законы и сеймовые конституции” супраціўнымі царскаму самадзяржаў’ю, бо яны былі створаны ў інтарэсах купкі вяльможаў для абмежавання каралеўскай улады і “для совершенного порабощения крестьян”. Судаводства, заснаванае па Статуту на спаборніцтве бакоў, было непрымальным з-за незалежнасці і беспакаранасці суддзяў. Цярпелі ад яго і сяляне, зусім адхіленыя тымі памешчыцкімі адвакатамі ад абароны сваіх інтарэсаў у судах, бо “неимение адвокатов чрезвычайно обременяет трудящихся и в особенности беднейших”…Увасабленнем панска-польскага драапежніцтва і неабароненасці беларускіх сялян ён лічыў межавыя, падкаморскія і эксдывізарскія суды. Апошнія называліся крыніцай разарэння заможных паноў і пагрозлівага павелічэння дробнай шляхты—гэтага апірышча ”свободы и мятежничества”.

Усё сказанае азначала адно—знішчыць згаданыя суды немагчыма без скасавання Статута ВКЛ, па нормах якога яны і дзейнічалі. І іх сапраўды скасавалі разам. Царызм вырашыў стаць адзіным абаронцам сялян ва ўсіх судах і ўстановах, каб татальным абрусеннем “слить на вечные времена” Беларусь з Расійскай імперыяй. Тое абрусенне павялі з усходнебеларускіх губерняў, як лічылася, раней за астатніх прызнаўшых выратавальнае дзеянне імперскіх парадкаў. Царскі ўказ ад 1 студзеня 1831 года прыпыніў у Віцебскай і Магілёўскай губернях дзейнасць Статута разам з падкаморскімі судамі і адпавядаючай ім наменклатурай харунжых, возных, каморнікаў. Замест іх з 26 лістапада 1834 года ўводзілася сістэма павятовых начальнікаў, пастаўленых да часу поўнага заняцця пасад надзейнымі грамадзянскімі асобамі. 30 кастрычніка 1831 года ў Віленскай, Мінскай і Гродзенскай губернях назаўсёды адмянялася выкарыстанне папярэдніх тытулаў і ўсе яны прыводзіліся ў адпаведнасць з чынаводствам Табеля аб рангах 1722 года.

Між тым, забараніць дваранскія сходы і замяніць усіх чыноўнікаў урадавымі назначэнцамі не ўяўлялася магчымым. Справы ліквідаваных судоў усё роўна траплялі ў рукі нядобранадзейных суддзяў. Ва ўрадзе вагаліся і збіраліся неяк захаваць сімбіёз мясцвага і агульнаімперскага права на тэрыторыях літоўскіх губерняў (Мінкая, Гродзенская і Віленская) у адрозненне ад уласна беларускіх (Віцебская і Магілёўская). Таму падрыхтаваны Даніловічам і добра абрэзаны ў царскіх кабінетах звод мясцовага права надрукавалі для службовага карыстання ў 1837 годзе ў 50-ці экземплярах. Яго ў 1838 годзе нават значала ухваліў сам Дзяржсавет у якасці чыноўнага буквара. А гэта азначала захоўванне прававых адметнасцяў у цэнтралізаванай імперыі ўжо з кадыфікаваным заканадаўствам, якое не цярпела ніякіх аўтаномій. І вось тут абрусіцелі наваліліся з усяе сілы. Мураў’ёў сцвярджаў, што сістэматызаваны звод “польскіх законаў” векавечыць польскі ўплыў,яго не зразумеюць суддзі, бо для гэтага іхтрэба навучыць рускай мове. Усяляк падкрэслівалася розніца паміж польскім і літоўскім правам, паколькі ўнія паміж Каронай і ВКЛ лічылася палітычным актам, які зараз гэтак жа лёгка не прызнаць.

26 чэрвеня 1840 года цар падпісаў знакаміты ўказ аб скасаванні дзейнасці Статута разам з межавымі судамі таксама ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях. З гэтага часу за ўсімі губернямі, што ахоплівалі тэрыторыю сучаснай Беларусі, замацавалася назва Паўночна-Заходні край.

Вось такі складаны лёс перажыў у дзвюх дзяржавах  Статут ВКЛ. Неабходна падкрэсліць, што ім не захапляліся задоўга да далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі нават у шляхецкім асяроддзі, якое грунтавала сваё панаванне на гэтым “дасканалым” творы. Менавіта з-за нежадання страчваць звыклыя правы і выключныя прывілеі, у пануючым саслоў’і ВКЛ адмаўляліся прывесці састарэлае заканадаўства ў адпаведнасць з часам. Трэба сказаць, што і дваранства Расіі з тымі ж мэтамі аберагала сваё спарахнелае заканадаўства 17 стагоддзя. І да царскага панавання, і ў яго час шляхта ВКЛ працівілася прагрэсіўным пераўтварэнням. Яе барацьба з царызмам вакол Статута была сваркай за тое, хто і як манапольна і больш вытанчана будзе валадарыць у краіне над прыгоннымі. Як відаць, трыумфаваў царызм.

Яўген Анішчанка

кандыдат гістарычных навук

Чырвоная Змена, 8 лютага 1996 г.