Пакінуць у маўчанні
- Подробности
- Опубликовано: 28.05.2015 06:44
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 676
Зараз больш-менш дакладна вядома, як на пачатку Х1Х стагоддзя беларускія ўніаты сталі праваслаўнымі. Між тым мы слаба або мала ўяўляем, як жа царскія ўлады ставіліся да гэтых вернікаў пад час далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі пры першым падзеле Рэчы Паспалітай.
Кацярына 11, узышоўшы на рускі сталец у 1762 г., адразу паставіла за мэту замацаваць манаполію праваслаў’я ў Рэчы Паспалітай. Дзейнічаць давялося з аглядкай на каталіцкія дзяржавы. Залежны ад Расіі кароль Станіслаў Панятоўскі вагаўся паміж патрыятычнымі абавязкамі і паслухмянасцю Пецярбургу. Складаную задачу вырашаў у Варшаве і рускі пасол М. В. Рапнін, які меўся стварыць тут уплывовую партыю рускіх партызанаў. Большасць пануючых станаў федэрацыі вызнавалі каталіцтва. Кіраўніку знешняй палітыкі Расіі М. І. Паніну давялося шукаць паслугачоў сярод нешматлікіх вернікаў-некаталікоў—так званых дысідэнтаў. У гэты шэраг траплялі і ўніяты. Аднак уніяты не фігуравалі ў спісах дысідэнцкіх канфедэрацый. Чаму так здарылася, дазваляе зразумець сакрэтная інструкцыя, дасланая Паніным Рапніну 14 жніўня 1767 г.
У запісцы Панін адразу вылучае на першы план дысідэнцкую справу “не для распространения в Польше нашей и протестантских вер, но для приобретения оным себе чрез посредство наших единоверных и протестантов единожды навсегда твердой и надежной партии с законным правом участвовать во всех польских делах”. Дамагчыся такога ўплыву належала па просьбе рэспублікі аб рускай гарантыі на цэласць яе канстытуцыі і формы кіравання. За галоўную мэту Пецярбург ставіў прысвоіць “себе в вечные времена” такі ўплыў і замацаваць яго заканадаўча, стаць адзіным ахоўнікам дысідэнтаў як “слабейшей части в будущем правительстве польском”, якія будуць трымацца ва ўладзе толькі дзякуючы царскаму заступніцтву. Галоўнае—абапірацца на пастаянна пакрыўджаную меньшасць, каб мець магчымасць заўсёды ўмешвацца ў іх абарону. Галоўнае і тое, каб мець канстытуцыйнае права на такую апеку незалежна ад хістанняў караля, яго прыдворных (так званую фамілію Чартарыскіх), ненадзейных магнацкіх груповак.
Панін прадбачыў, што падтрымка пратэстанцкіх рэлігій абмяжуе ўладу духавенства, сваім распаўсюджваннем можа вывесці “легко поляков во всем из невежества и довести еще и до учреждения новых порядков”, шкодных Расіі, створыць для апошняй непатрэбнага саперніка. А тады ўжо не маюць значэння ні злосць за перанесенае, ні ўдзячнасць за паслугу і дапамогу. Аднак, пісаў Панін, не трэба дамагацца празмернага пашырэння і праваслаў’я, бо тады адзінавернікі змогуць “сами собою независимо от нас в республике опираться и разделить правление ее”. Бо пашырэнне выгод розных вер у Рэчы Паспалітай узмоцніць і так частыя і вялікія ўцёкі падданых Расіі. Хваляванні выклікаў і лёс памежных правінцый, аднолькавымі “правом и обычаями с Польшею отлагающихся” або звязанымі.
Панін разважае над прапановамі польскага караля аб тым, як уладкаваць дысідэнцкую справу. Кароль найперш згаджаўся даць крэсла сенатара беларускаму праваслаўнаму епіскапу Г. Каніскаму. Панін тут жа адзначыў, што гэтага заслугоўваюць і ўніяцкія біскупы, паколькі роўнасць павінна прасцірацца на ўсіх вернікаў. Такая перспектыва была не да спадобы Кацярыне 11, якая патрабавала, каб дамаганні талеранцыі не распаўсюджваліся на ўніятаў, каб пра ўніятаў “на будущем сейме и в новом трактате совершенно умолчено было чтоб для того, что…их по справедливости инако почитать не можем, как отщепенцев нашей веры, отнюдь к католицкой прямо не присоединившихся, которые были первым орудием всему угнетению греческой веры”. Гэты прынцыповы пункт расійскай праграмы сфармуляваны досыць ясна і выразна. Панін толькі дадае, што “только бы шуму с польской стороны соответствено не было..”
У якасці саступкі кароль прасіў заканадаўча замацаваць у будучай канстытуцыі Рэчы Паспалітай, якую збіралася апекаваць Расія, пануючае становішча каталіцтва. Панін пагадзіўся, але раіў Рапніну гэтую прапанову паставіць “в цену податливости полков на полное восстановление диссидентов”. Ён раіў сказаць шэфам дысідэнцкіх канфедэрацый, што наданне ккаталіцкай веры характара выключнай не выгадна Кацярыне 11 з наступных меркаванняў. Гэтае найменне не належыць рускай імператрыцы, якая апякуе розныя веры згодна з урачыстымі трактамі. Больш таго, пісаў Панін, такое найменне не вынікае з фундаментальных законаў Рэчы Паспалітай, “где напротив точно поставлена католиеская религия наравне с другими”.На думку Паніна, статус пануючай веры каталіцтва атрымала самавольна. Ды і зараз “поляки мнят” хітрасцю атрымаць тое, што інакш атрымаць не могуць, што “самовластным присвоением религии своей качеств господствующей хотят они избавиться одолжения”, гэта значыць царскай апекі і згоды Кацярыны 11 на юрыдчнае прызнанне дзяржаўнасці каталіцтва ў будучай канстытуцыі дзяржавы. Панін адмаўляўся ад такой перспектывы, бо гаворка ішла аб запісе гэтай формулы ў склад кардынальных правоў рэспублікі, якія Расія абавязвалася захоўваць і не парушаць. Таму ён прасіў рэкамендаваць палякам-каталікам не зачароўвацца “мнимой победов” і лічыць, што яны абдурылі Расію дзеля “приведения к безопастности своей религии”.
Калі шэфы прарускіх канфедэрацый задаволяцца дасягнутым і не пажадаюць далей быць “полезными орудиями дел наших”, то будуць вымушаны трымаць рускія войскі за свой кошт або бясплатна. Панін пагражаў і большым—рэпрэсіямі на тых магнатаў, якія “под маскою угождающих” волі Кацярыны 11 стануць перешкаджаць рэалізацыі задуманага ёю. Так званыя палякі ставіліся перад дылемай—або цалкам пагадзіцца на ўзнаўленне законна належнага дысідэнтам права роўнасці ці “в противном случае довести нас до исполнения всего того собственно наашими способами и силами без всякого их в успехе одолжения…хотя б силою”. Аднак Панін разумеў, што такія застрашальныя і прэвентыўныя сродкі не скораць усіх лёгкадумных і безадказных за лёс Айчыны, а толькі выключуць умяшальніцтва іншых замежных заступнікаў, пераўтвораць канфлікт у міжнародны. А гэта шкодзіла адзінаўладнаму гаспадаранню Расіі ў Польшчы. Таму Панін вельмі разлічваў на падатлівасць каралеўскага атачэння з-за боязі наступстваў крывавай завірухі, паколькі, як ён пісаў, усе Чартарыскія ўжо прызналі справядлівасць дамаганняў Пецярбурга.
Закранае Панін уніятаў і пры абмеркаванні пытання аб увядзенні пакарання за адступніцтва ад пануючай (каталіцкай) рэлігіі. Ён не згаджаўся з падобнай прапановай караля, бо “издревле уже позволено было униатам переходить к нашей религии, право, которое при нынешних обстоятельствах надобно стараться возобновить”. Але ён раіў Рапніну замоўчваць гэты пункт да часу, паколькі зараз царскі ўрад не ставіць мэтай узнавіць усе ранейшыя перавагі праваслаўнай царквы, бо разлічвае захаваць “перед глазами публики непорочность наших намерений, касающихся до нашей собственной веры”. Цалкам пагаджаўся Панін на прапанову караля ўвесці ў сейм Рэчы Паспалітай дакладна вызначаную колькасць паслоў-дысідэнтаў, каб прадухіліць гвалты і абмежаванні з боку прававерных каталікоў-дэпутатаў. А вось патрабаванне караля пакінуць у нерушы адступіўшыя на ўнію чатыры епархіі (акрамя аднае Магілёўскай на чале з памянутым Каніскім) “не повстречало бы с нашей стороны препятствий, но в рассуждении не навесть себе и королю польскому новых и напрасных хлопот, всего лучше будет оставить их со всею униею как на сейме, так и в будущем трактате в полном и непркосновенном молчании яко секту, которая ни в тех, ни в других законах прямо соединенною считаться не может”.
Я знарок вылучыў вось гэтыя фармулёўкі агромністай панінскай інструкцыі, бо яны ўяўляюць тэарэтычны грунт у пазіцыі і самой Кацярыны 11, і яе прыдворнага атачэння ў рэлізацыі дысідэнцкай справы. Як ажыццяўлялася запланаванае—гэта ўжо іншая рэч. Але чытач можа заўважыць, што кіраўніцтва Расіі пры стварэнні дысідэнцкіх канфедэрацый загадзя, разважліва , з улікам пэўных акалічнасцей выключыла беларускіх уніятаў з ліку тых вернікаў, якім дабівалася палітычнага і юрыдычнага раўнапраў’я ў Рэчы Паспалітай. На той момант прамежкавае становіша ўніятаў паміж каталіцтвам і праваслаў’ем сталася прыдатным для хісткай палітыкі, разлічанай на такое развіццё падзей, калі б, пісаў сам Панін, прарускія палітычныя партызаны сваім супрацівам прымусілі Кацярыну 11 “в 24 часа” скарыстаць свае войскі. Царскі ўрад разлічваў на паслужлівасць сваіх новых сяброў, а не на гвалт уласных войскаў. Войскі будуць ужыты на перавод памянутых адшчапенцаў да веры продкаў увесну 1794 года, і толькі паўстанне Касцюшкі адцягне іх ад ажыццяўлення масавай акцыі. Гэтыя войскі з поспехам будуць скарыстаныя пазней.
Яўген Анішчанка
кандыдат гістарычных навук
Культура, 20-26 сакавіка 1996 г. С. 7