Мяжа яўрэйскай аседласці

Да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) яўрэі былі нецярпімай нацыяй у Расіі. Пагарда да іх вынікала са старадаўняга погляду як на забойцаў Хрыста. Тым самы яны як бы асудзілі сябе на ролю злачыннага і шкоднага для прававерных хрысціян народа. Дыскрымінацыю ўмацоўвала знакамітая мяжа аседласці, вызначаная ў выглядзе тэрыторыі, якую менавіта яўрэям забаранялася пакідаць без урадавага дазволу. У яе ўваходзілі Полацкая, Магілёўская, Мінская, Гродзенская і іншыя губерні, утвораныя пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Прынята лічыць, што прававыя абмежаванні для яўрэяў інспірыравала маскоўскае купецтва, якое ў 1790 г. паскардзілася ўраду на завоз яўрэямі кантрабандных тавараў, абрэзаных манет і патрабавала выключыць іх як несумленных канкурэнтаў з гандлю ў цэнтры Расіі. 23 снежня 1791 г. царскі ўрад забараніў яўрэям запіс у купецтва і мяшчанства рускіх гарадоў і партоў, акрамя беларускіх губерняў, Екацярынаслаўскай і Таўрычаскай абласцей. У 1794 г. абмежаванні пашырылі, а з часу канчатковага вызначэння ў 1853 г. мяжа аседласці ахапіла ўжо 15заходніх губерняў імперыі. Праіснавала яна да адмены яе Часовым урадам 2 красавіка 1917 г. Між тым, новыя архіўныя крыніцы дазваляюць больш паглыблена і ўсебакова прааналізаваць пачатковы або вызначальны этап урадавай палітыкі па ўвядзенню мяжы аседласці.

Пад час стварэння Полацкай і Магілёўскай губерняў царскі ўрад абяцаў захаваць ранейшыя маёмасныя правы і свабоду культа розным салоўным станам далучаных беларускіх зямель. Для яўрэяў не зрабілі выключэння. Маніфест 11 жніўня 1772 г. не выключыў іх “из всеобщей милости” чалавекалюбівай манархіні Кацярыны 11 карыстацца набытымі выгодамі і свабодамі, падараванымі ўсім жыхарам. Больш таго, яўрэі захавалі грамадскую адасобленасць: вырашаць духоўныя справы сваімі суддзямі, іх арганізавалі ў кагалы згодна з пажаданнямі ўласнай дэпутацкай камісіі.

Указам ад 17 кастрычніка 1776 г. ад падушных падаткаў вызвалілі так званых перахрышчэнцаў—тых, хто адмовіўся ад іудаізму. Вядома, што такіх неафітаў у Магілеўскай губерні да 1782 г. набралася 7 чал. У той жа губерні ў 1776 г. з Прапойскага староства вылучылі фальварак Даўжанскі (з 200 сялянскімі хатамі і 2550 дзесяцінамі зямлі), які здалі ў 8-гадовую арэнду браслаўскаму купцу Якаву Гіршы для завядзення авечага заводу. У 1788 г. купец памёр, паспеўшы завесці 796 айчынных і 471 замежную пароду авечак і бараноў, 24 прадзільныя станы, навучыць 13 майстроў, за што нават атрымаў залаты медаль Пецярбургскага Вольнага эканамічнага таварыства. Аднак гэты эксперымент не меў працягу, бо яшчэ 22 лютага 1784 г. урад забараніў яўрэям купляць, прадаваць і наогул мець прыгонных сялян, а фабрыкі і заводы дазвалялася трымаць толькі купцам першых трох гільдый. Прамысловаць узялі ў свае рукі дзяржава, лваране і купцы-хрысціяне. Усе разам яны не цярпелі канкурэнтаў-іншаверцаў.

Мала шанцаў даў яўрэям і ўрадавы дазвол ад 7 студзеня 1779 г. на запіс у купецтва і мяшчанства новаствораных Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў. Да канца 1785 г. дазвол скарысталі 11760 яўрэяў-мужчын. Усяго 44 працэнты іх агульнай колькасці. Запіс не прывёў і да колькаснай перавагі яўрэяў—яны склалі толькі каля 30 % гараджан. Выгоды мелі пераважна купцы, бо менавіта іх вызвалілі ад падушнага падатку і бралі 1 % з абвешчанага “по совести” капіталу.

Уласна той дазвол вынікаў з урадавага жадання павялічыць даходы казны не за кошт аднаго дзяржаўнага сялянства, рэзка скарочанага з-за царскіх падараванняў рускім саноўнікам і чыноўнікам. У верасні 1779 г. канцлер імперыі граф А. Безбародка рэкамендаваў узбагаціць казну за кошт ускосных крыніц: шляхам высечкі і вывазу лясоў, завядзення мануфактур, вылчэння 2 % з купецкага капіталу, дадатковага выпуску папяровых грошай (асігнацый) пад заклад памешчыцкіх сялян у спецыяльных дваранскіх банках, увядзення дзяржаўнай манаполіі на продаж алкаголю. Вытворчасцю і продажам напояў (правам прапінацыі) карысталіся жыхары прывілеяваных гарадоў і мястэчкаў. Прапінацыя лічылася включнай прарэгатывай беларускай шляхты. Менавіта дваранскія сходы беларускіх губерняў у 1781 г. пажадалі забараніць гараджанам вінакурэнне, якім “дворянству делается подрыв в продаже вина” і сялянства церпіць галечу ад росту хлебных цэн. І гэта тады, калі яўрэі толькі пачалі запісвацца ў гарады.

Сенацкая камісія на чале з генерал-пракурорам А. Вяземскім вырашыла забраць у казну даходы тых гарадоў, якія мелі старадаўнія гандлёва-прамысловыя прывілеі. Немаёмных і незапісаных жыхароў прадугледжвалася перасяліць у прадмесці на спецыяльна адведзеныя выганы, дзе забараняўся вольны гандаль. Паколькі зараз не некалькі беларускіх гарадоў, а ўсе павятовыя цэнтры маглі атрымаць пераважную частку прыбыткаў з прапінацыі, то вакол яе і загарэлася зацятая барацьба. Гарадскія ўлады вырашылі яе на сваю карысць за кошт яўрэяў.

19 жніўня 1778 года полацкія губернскія ўлады падпарадкавалі яўрэяў суду магістратаў, але загадалі разбіраць спрэчкі ў прысутнасці павераных ад кагалаў. Магістраты адразу ж забралі сабе прапінацыйны водкуп і забаранілі яўрэям свабодны продаж тавараў на рынках. Уладныя вярхі дабіліся і таго, каб яўрэі не трапілі ў склад гарадскога самакіравання. У многалюдных гарадах да выбараў бургамістраў і ратманаў у лік дазволеных 100 кандыдатаў увайшлі яўрэі, а ў астатніх—па колькасці запісаных у абывацельскія кнігі. Цэнзавыя абмежаванні адразу адсеклі ад ыбараў большасць яўрэяў, бо яны пражывалі пераважна ў паветах (вёсках) і толькі фармальна былі занесены ў гарадскія спісы. У выніку яўрэі не атрымалі роўнага прадстаўніцтва з іншымі грамадзянамі ў выбарных органах. Да прыкладу, па выбарах 1784 г. ў Магілёўскай губерні на адказных і кіруючых пасадах аказалася толькі 27 яўрэяў, а ў Полацкай—усяго 5 чалавек.

Кагалы адразу засыпалі ўлады скаргамі на прадузятасць магістрататў, дзе яны, не маючы сваіх прадстаўнікоў і роўнага голасу, церпяць “крайнейшее разорение и обиды”: іх выганяюць на будаўнічыя работы, хапаюць і пад прымусам хрысцяць дзяцей, адбіраюць купленыя за кошт агульнакагальных складак землі пад бажніцы, школы, могілкі, багадзельні, лазні, займаюць сядзібы чыноўнікамі і воінскімі камандамі. Ад імя ўсяго яўрэйскага грамадства губерні полацкі кагал 27 кастрычніка 1781 г. прасіў губернатара вызваліць яўрэяў на 10 год ад прымусовага пастою і гарадскіх абавязкаў, дакументальна замацаваць за імі набытыя землі і дазволіць ім вольны продаж, адвесці для яўрэяў спецыяльныя кварталы або слабоды, растэрмінаваць спагнанне кагальных даўгоў, вызваліць адюрысдыкцыі “польских судов, ибо мы тех обрядов к диалекту латынскаго да и польского высокого стилю не знаем, патронов (адвакатау) же дорого нанимать не в силах, да и достать еврею трудно, из-за чего разоряемся пенями, штрафами” т.д.

Магістраты адхілілі гістарычную абгрунтаванасць яўрэйскіх прэтэнзій. Магілёўскі губернскі магістрат раіў навогул забараніць яўрэям вінакурэнне ў гарадах, выселіць іх з вёсак у гарады, “чем будут побуждаемы нерадивые и тунеядцы к трудолюбию, а развратные и ратсочительные своего имения исправятся”, дапусціць да выбараў там, дзе іх маецца больш, чым хрысціянаў.

Уціск і здек “сограждан” чыніла і дваранства. Павятовыя суды не дапускалі яўрэйскіх дэпутатаў на свае пасяджэнні, выдавалі дакрэты па адных вусных заявах памешчыкаў, выклікалі яўрэяў у сваю прысутнасць па суботах і святых, вымагалі даўгі, навязвалі вытворчасць напояў і адвольныя адпускныя цэны. Памешчыкі прагнулі замацаваць вінную манаполію за сабой, бо лічылі, што гарады займаюцца кантрабандным гандлем, неашчадна расходуюць палову ураджая краю, чым «отвлекают крестьян от работ» і ўвогуле нясуць сялянам нястачу і голад.

Пакрыўджаныя беларускія кагалы запрасілі ў царскага ўрада заступніцтва. Аднак Сенат 3 мая 1783 г. зноў аддаў вінакурэнне ў гарадах у распараджэнне магістратаў, а ў вёсках—на волю памешчыкаў. Старанныя царскія служкі паказалі на месцах кемлівасць. 29 верасня 1783 г. беларускі намеснік П. Пасек абвясціў кожнага памешчыка, які здасць вінакурэнне купцу, мешчаніну або яўрэю “ослушником” царскага слова. 23 кастрычніка полацкі, а 15 лістапада магілёўскі губернатары забаранілі вінакурэнне ва ўсіх паветах нават па кантрактах з дваранамі ! Апошнія яўна пацярпелі страты ад залішняга ўмяшальніцтва заўзятых адміністратараў у свае вотчынныя правы. Губернскія ўлады апраўдаліся тым, што забароны тычыліся толькі асоб не дваранскага звання і толькі часова –“чтоб не навести большой хлебу дороговизны” з-за двухгадовага неўраджаю.

Тады беларускія кагалы не сцярпелі і паслалі ў Пецярбург сваіх хадайнікаў—віцебскага купца Цалку Файбішовіча і полацкага купца Абрама Есялевіча. Як упаўнаважаных іх пусцілі на сенацкі сход 11 лістапада 1785 г. Там яны прасілі дапусціць яўрэяў у існуючыя суды ў роўнай колькасці з хрысціянамі, не ўмешвацца ў кагальныя раскладкі падаткаў, кампенсаваць страты за адабраныя будынкі і землі, дазволіць вінакурэнне па існуючых цэнах або здаць ім хаця б продаж напояў без водкупу. Сенат 4 студзеня і 7 мая 1786 г. адмовіў ім у апошнім пункце. Ён патрабаваў “безобидно” разабраць справы са знесенымі яўрэйскімі сядзібамі, не прымушаць яўрэяў “безвременно” высяляць у гарады, дазволіў самастойна збіраць кагальныя зборы. Ён адмовіўся ствараць асобныя суды для яўрэяў, загадаў дапускаць іх да прысягі ў судах губерняў, дазволіў памешчыкам здаваць вінакурні і корчмы ў арэнду, але так, каб сяляне “не вдавались в развратную жизнь и не отвлекались” ад паншчыны.

Звадкі паміж магістратамі і памешчыкамі вакол прапінацыі так бы і засталіся ўнутранай справай беларускіх губерняў, калі б не адбыўся адначасова рост адмоўнага гандлёвага балансу Расійскай імперыі ды дэфіцыту бюджэта. Вынікалі яны з агульнай галечы, марнатраўства сродкаў на захопніцкія войны, утрыманства разбухлай адміністрацыі, шчодрай раздачы беззваротных пазык дваранам. Недахоп золата і срэбра пакрывалі займамі ў замежных банках ды так, што да смерці Кацярыны 11 (1796 г.) знешні доўг Расіі дасягнуў фактычнага даходу дзяржавы (41-43 млн. руб.). Дэфіцыт бюджэту пакрывалі бесперапынным выпускам папяровых асігнацый. Звонкая манета знікала з абарачэння і разам з асігнацыямі рабілася ласункам для фальшываманетчыкаў. Забарона ўвоза-вывазу звонкай манеты ў 1780, 1781 і 1791 гг. вяла да скаргаў рускіх купцоў і банкіраў на падзенне вексельнага курса грошай, страты з-за няўлічанага завозу замежных тавараў і падробленых асігнацый.

Каб прыпыніць кантрабанду, 8 кастрычніка 1780 г. урад забараніў увоз у Расію асігнацый, у 1782 г. увёў новы мытны тарыф і стварыў на мяжы беларускіх губерняў Полацкую, Будзілаўскую і Талачынскую мытні. Але тавары праз Беларусь прапускаліся бяспошлінна, што спрыяла росквіту тут кантрабанды. Следства ў 1782 г. Полацкай мытні па даносу пісара бешанковіцкай дыстанцыі І. Папова не выявіла памераў утоенага завозу замежных тавараў. Іх рускія купцы правозілі без дэклярацый, кляймення. Прыходна-расходныя кнігі валяліся пад сталамі і лаўкамі “как попало”. Але даносчыка назвалі вар’ятам і прагналі са службы. Тут распачалося следства над адстаўным каханцам Кацярыны 11 С. Зорычам, які патаемна правёз у свой Шклоў каля 80 тыс. фальшывых асігнацый і частку іх ні то хаваў, ні то вырабляў на кватэры купца Ноткі Хаймовіча. Паколькі яўрэяі актыўна займаліся пасрэдніцтвам у замежным гандлі, то яны трапілі ў эпіцэнтр пошуку зломыснікаў. І закруцілася…

У 1784 г. урад заняўся рэвізіяй стану збораў на талачынскай мытні, што было даручана саветніку мытных спраў  магілёўскай казённай палаты М. Чарняеву пад наглядам самога генерал-пракурора Сената А. Вяземскага. Чарняеў пачаў актыўную лоўлю кантрабандыстаў: рабіў засады на дарогах, нечаканыя налёты на корчмы яўрэяў-арандатараў у панскіх маёнтках. Аднак мытнікаў затрымлівалі, спайвалі або сустракалі “многолюдно с кольем и цепами”. Неяк адзін з мытнікаў В. Кузняцоў заспеў дваровага княгіні К. Дашкавай , які вёз у скрыні грошы купцу Лейбе. Ці былі яны падробленымі—невядома, але Дашкава «удивилась», адкуль яе ўпраўляючы узяў звыш 9 тыс. руб., каб купіць у знакамітага Р. Пацёмкіна 150 сялян. На ўніклівых мытнікаў насунуліся грозныя хмары, калі ў 1785 г. рэвізія не выявіла значных недахопаў у мытных зборах.

На пачатку 1788 г. копыскі памешчык Х. Жукоўскі данёс А. Вяземскаму, што чыны талачынскай мытні ўтойваюць склад і вагу завозімых тавараў, крадуць “9 частей” утоеных мытных збораў, на якія купляюць маёнткі, цагляныя дамы, што амбары і гумны памежных паноў, у тым ліку і царадворцаў, “наполнены французскою водкою и другими потаенно провезенными товарами”. 6 лістапада 1788 г. назіральнік будзілаўскай дыстанцыі паручык І. Дэстэрлаву заспеў 18 коп некляймёнага палатна ў лаўцы віцебскага купца ГерцаляАбрамовіча пад час кірмашу ў мястэчку Астроўна. Ён паставіў варту і папрасіў сененскага земскага выпраўніка м. Вайцахоўскага дапамагчы зрабіць павальны ператрус усіх гандляроў. Але тут наскочыў натоўп са 100 яўрэяў, які адбіў тавар. Глазаміцкі купец Ісак Якубовіч і сененскі равін Абрам Есялевіч сабралі ад адзінапляменнікаў 400 руб., 5 пудоў кавы, 3 галоўкі цукру. Усё гэта далі Вайцахоўскаму. Які вызваліў ад канфіскацыі ўсіх крамнікаў, у тым ліку і рускіх гандляроў. Выпраўніка Дэстэрлаву назвалі “плутом, бунтовщиком и конфедератом”. Бакі пасекліся шаблямі.

Пасля працяглага следства Сенат пакараў вінаватых чыноў вымовамі, мізэрнымі штрафамі, а двух яўрэяў загадаў высекчы плёткамі ў прысутнасці тых, хто даваў хабар сененскаму выпраўніку. Следства ўцягвала ў сваю арбіту ўсё больш і больш звязаных кругавой парукай і хцівай змовай шляхцічаў, яўрэяў, чыноўнікаў. Але ні кадравыя змены, ні ўстрашэнне нагляду не спынялі казнакрадства на мытнях. У тым жа 1788 годзе сенацкая камісія ў складзе графаў А. Варанцова, Х. Мініха, П. Саймонава, князя М. Юсупава занялася пошукам сродкаў на выкараненне мытных злоўжыванняў, прадухілення абясцэньвання асігнацый. Доўга ламаць галаву не давялося. Маскоўскія купцы падалі скаргу і ўсе беды звалілі на яўрэяў. Апошнія паспрабавалі неяк абараніцца. У кастрычніку 1789 г. магілёўскі купец Берка Лейбовіч, бабінавецкі купец Гешэль Нахмановіч і магілёўскі кагальны школьнік Шалом Юдовіч чыстасардэчна прызналіся намесніку П. Пасеку, што выменялі ў пецярбургскага аптэкара-немца 8 тыс. асігнацый. З той сумы 700 руб. У якасці фальшывых былі затрыманы ў Маскве пры магілёўскім купцы Вольфу Мойшавічу. 29 кастрычніка 1789 г. Кацярына 11 загадала Пасеку знайсці фальшываманетчыкаў, “осторожно, чтоб осмотрелись: не скрывается ли в Шклове или где подобное воровское гнездо, которое надобно открыть и истребить”. Спробы беларускіх яўрэяў адвесці падазрэнні не ўдаліся. Маскоўскі граданачальнік П. Яропкін тут жа западозрыў, што яўрэйскія гандляры сакрэтна выменьваюць у Расіі імперыялы і высылаюць іх за мяжу ды і навогул яны пры тым абмене “платят в отягощение другим превосходнее”.

Пасек учыніў у беларускіх губернях вышук “сомнительных” асігнацый, якіх сабралі ажно 7 тыс. руб. Магілёўскі губернатар м. Энгельгардт з дапамогай вышэйназваных даносчыкаў зрабіў нечаканы налёт на амбары і лаўкі шклоўскіх яўрэяў, але “ничего подозрительного и сомнительного не заметил”. Засаромленага служаку тут жа пазбавілі пасады, аднак канцлер А. Безбародка ўсё роўна настойваў шукаць “гнездо в Шклове или в Польше около границы.” Пошукі не мелі канца, а хрысціяне-купцы сталі патрабаваць вярнуць арыштаваныя грошы, каб не спыняць гандаль і не несці далейшых страт.

У чэрвені 1790 г. сенатары І. Ялагін, П. Завадоўскі, М. Юсупаў нарэшце натрапілі на вытокі. Злачыннае гняздо найшлі на кватэры зяця Г. Нахмановіча—Н. Хаймовіча, дзе калісьці Зорычавы фальшываманетчыкі хавалі сакрэты свайго “штукарства”. “Может статься, --пісалі сенатары Кацярыне 11, --что оные инструменты достались в их руки, а они (яурэі—Я. А.) по врожденной к плутовству склонности оными воспользовались”. І царскія ўлады сталі на звычайны шлях адміністрацыйных забаронаў пры вырашэнні складаных эканамічных пытанняў.

26 чэрвеня 1789 г. царыца падпісала вельмі важны ўказ. У ім гаварылася, што абясцэньванне рускіх асігнацый і дэфіцыт дзяржбюджэта вынікаюць з бяспошліннага або “потаенного” завозу замежных тавараў праз сухапутныя (беларускія ) мытні “к великому ущербу таможенных доходов и к сильному подрыву всех при портах и в других городах империи нашей торгующих купцов”. Каб абараніць інтарэсы купцоў і самой казны, з 10 верасня 1789 г. забараняўся імпарт палатняных тавараў і напояў, акрамя венгерскіх він. Бяспошлінна дазвалялася завозіць толькі сельскагаспадарчыя прадукты  і то гэта было выключна “для “родившихся около Малороссии и белорусских наместничеств в польских местах купцов”. Каб прадухіліць подкуп мытнай варты, даносчыкам абяцалі аддаваць усе выяўленыя і канфіскаваныя імі тавары кантрабандыстаў. У кожным горадзе імперыі намячалася два разы ў год рабіць негалосны вобыск гасціных двароў, лавак і ярмарак з кляйменнем тавараў.

Усё гэта патрабавала безліч сумленных рэвізораў, чаго якраз не было і не прадбачылася пры перспектыве ўсеагульнай канфіскацыі тавараў і спынення гандлю. 21 ліпеня 1789 г. царыца загадала ўчыніць ператрус і арышт забароненых тавараў у Маскве і гарадах імперыі. Аказалася, што ў маскоўскае купецтва запісаліся толькі два магілёўскія яўрэяі і кёнісбергскі купец. Дык ці варта тады штогод дыбіць усю Расію ? Маскоўскія купцы, карыстаючыся момантам, патрабавалі ўвогуле забараніць усім яўрэям гасцяванне і пражыванне ў Расіі, бо тыя ўсё роўна вядуць дэмпінгавы гандаль забароненым таварам пад ілжывымі імёнамі. 22 чэрвеня 1790 г. царыца загадала П. Пасеку не дапускаць на пасады і выбарчыя сходы дваран і мяшчан беларускіх гарадоў асоб, замешаных у кантрабандзе. Знамянальна, што пад гэтую забарону трапіў і такі “крымінальны” тавар, як кнігі. Тым жа загадам Кацярына 11 папракнула Пасека за тое, што ён па просьбе магілёўскага губернскага кагала прапусціў  праз талачынскую мытню яўрэйскія духоўныя кнігі. Яна пісала, што “судя по знатному числу в Белоруссии еврейского народа, удобнее дозволить учредить там типографию с надлежащим наблюдением для подобных заведений”.

Нарэшце, 23 снежня 1791 г. паследаваў знакаміты ўказ аб забароне яўрэям запісвацца ў грамадзянства гарадоў Расіі. Яны маглі пражываць толькі ў межах беларускіх і іншых заходніх губерняў імперыі. Так усталявалася мяжа аседласці. Такім чынам вырашаліся ў той час складаныя грамадскія праблемы. Яны садзейнічалі з’яўленню новых, а яўрэі заставаліся апошнім крайнім і ў далейшым.

Яўген Анішчанка

кандыдат гістарычных навук

Чырвоная Змена. 14 жніўня 1996 г. С.