Трыумфальная місія генерала Крачэтнікава
- Подробности
- Опубликовано: 28.05.2015 02:02
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 723
Альбо як наменклатура Вялікага княства Літоўскага далучала цэнтральнабеларускія землі да Расійскай імперыі
На схіле свайго існавання Рэч Паспалітая трымалася кансерватызмам грамадска-палітычнага ладу, які ў асяроддзі адзінаўладна пануючага шляхецкага саслоў’я лічыўся дасканалым, патрабуючым толькі нязначнай карэктуры. Яшчэ канстытуцыя 1669 г. наогул забараніла ўсялякія змены ў рэспубліцы “народаў польскага і Вялікага княства Літоўскага” і абавязала дзяржаўныя сеймы не дапускаць аніякіх навін у існуючых адносінах.
Але вось Вялікі сейм 1788-1792 гг. паспрабаваў вывесці дзяржаву з палітычнай агоніі і ціскоў замежнай залежнасці на шлях памяркоўных рэформ. Рэфарматары з выгадай карысталіся занятасцю Расіі ў вайне са Швецыяй і Турцыяй, адсутнасцю (з 1780 г.) расійскіх войскаў. Каралеўскае акружэнне патаемна падрыхтавала Канстытуцыю 3 мая 1791 г., якую прапанавалі сеймючым паслам ад ваяводстваў і паветаў. Тыя прагаласавалі аднагалосна.
Канстытуцыя скасавала вольны выбар караля шляхецкімі пасламі і ўвяла спадчыннасць трона, вызваліла паслоў аддэпутацкіх наказаў і абвясціла іх прадстаўнікамі нацыі. Яна ж пазбавіла выбарчых правоў немаёмную шляхту, скасавала канфедэрацыі (ваенна-палітычныя саюзы шляхты), надала прадстаўнікам каралеўскіх гарадоў права адарадчагаголасу, а мяшчанам—асабістую недатыкальнасць і права набыцця зямельнай уласнасці.
Канстытуцыя ліквідавала падзел дзяржавы на Карону і ВКЛ, назваўшы яе “панствам польскім”. Яна дэкляравала пераход прыгонных пад прававую абарону дзяржавы.
Дэклярацыі Вялікага сейма аказаліся замахам на векавечныя правы шляхецкага саслоў’я, якія сеймы 1768 і 1775 гг. аддалі пад апеку Кацярыны 11. Апошняя мела легальнае права на ўмяшанне, але толькі пасля пераможнага міру з Турцыяй 9 студзеня 1792 г. вызваліла належныя сілыю
Войскі трэба было ўвесці так, каб “не от нас был первой выстрел”, а ўсё выглядала як добраахвотнае запрашэнне з боку незадаволеных і надзейных саюзнікаў-хаўруснікаў. Пры тым Кацярына ўпэўнена лічыла, што “черный народ …нам единоверный ..поляков господ своих ненавидит”. Дзеля інтэрвенцыі выкарысталі апазіцыю сейму.
27 красавіка 1792 г. пяць магнатаў падпісалі ў Пецярбургу акт так званай Таргавіцкай канфедэрацыі, у якім абвясцілі сеймавыя ўхвалы узурпацыяй волі нацыі, насаджэннем дэспатызму і ганенняў. Для рэстаўрацыі скасаваных шляхецкіх вольнасцей яны апелявалі за падтрымкай да царыцы. Тая зараз ужо не чакала..
Кацярына загадала падрыхтаваць да паходу больш за 60-тысячнае войска на чале з генерал-аншэфам, сенатарам, былым пскоўскім губернатарам Міхаілам Нікітавічам Крачэтнікавым. Пры двары толькі вагаліся: ствараць саюзныя канфедэрацыі перад альбо пасля інтэрвенцыі царскіх войскаў ? Вырашылі што загадзя—каб прадэманстраваць, што яны “составляются добровольно шляхетством, угнетенным и лищенным прав своих и вольностей беззаконною и насильственною конституциею 3 мая” і каб інтэрвенцыю “можно было обьяснить просьбою о помощи со стороны народа”. 19 красавіка па дарозе “в Белоруссии при Гомеле” Крачэтнікаў атрымаў 200 тыс. руб. на сакрэтныя выдаткі “к продовольствию прилепляющихся к конфедерации”.
23 красавіка генерал прыбыў у Полацк, дзе ўзначаліў 6 конных, 10 пяхотных, 5 казачых палкоў і Эстляндскі егерскі корпус. Тую моц забяспечылі 10-дзённым запасам правіянту і фуражу і паганятымі пры 2 тысячах фурманак, набранымі ў беларускіх губернях. Кіраваць генеральнай канфедэрацыяй ВКЛ даверылі літоўскаму канцлеру Казіміру Сапегу.
Баючыся помсты, Сапега спачатку адмаўляўся, патрабаваў, каб ягоныя маёнткі ахоўвалі царскія войскі. Хісткага маршалка нават думалі замяніць. У ваяводствах і паветах ВКЛ канфедэрацыі збіраў генерал Шыман Касакоўскі. Спісы шляхты, якая падпісвала антысеймавыя адозвы, Крачэтнікаў трымаў пры сабе, каб “по вступлении моем с войсками в Польшу обьявить оные в городских канцеляриях с утверждением печати согласно их узаконениям”.
Ужо 7 мая Касакоўскі даў копію акта браслаўскай канфедэрацыі, падпісаную 59 ураднікамі, дыгнітарамі (тагачасная наменклатура) і рыцарствам павета. Касакоўскі запэўніваў, што шляхта павета “столь оказывает горячности, усердия и привязанности к России, что ныне уже готовы сесть на лошадей и начать дело”. Акт канфедэрацыі Полацкага ваяводства падпісалі 70 чалавек. Пад актам шляхетнага народа Аршанскага павета стаяла 65 подпісаў. Гэтага аказалася дастаткова.
11 мая Крачэтнікаў рушыў авангард на левы бераг Дзвіны, дзе сустрэў 200 шляхцічаў. Генерал выступіў перад імі і абверг чуткі, што быццам бы царскія войскі наступаюць “для разорения и угнетения поселян”, заявіўшы, што яны ідуць “защитниками их вольности и охранителями от всяких угнетений”. Пасля той прамовы “жители с совершенным спокойствием вышли”, а на другі дзень ахвотна прынеслі прысягу. Затым Крачэтнікаў разаслаў перад сабой маршалкаў намечаных канфедэрацый. Яны меліся выбіраць на адказныя пасады толькі пазначаных у спісах асоб і абвяшчаць, што царскія войскі выконваюць вываленчую місію.
20 мая Крачэтнікаў выйшаў з Ушач і тэрмінова разаслаў атрады, каб не дапусціць склікання паспалітага рушання (агульнага апалчэння) і распаўсюджвання сеймавай ухвалы адносна абароны сялян. 13 чэрвеня пасля некалькіх стрэлаў паў Нясвіжскі замак. У здабычу трапіла 500 гармат, 1569 стрэльб, 277 цесакоў, 266 шабель, 26 бочак пораху. У той жа час 29 афіцэраў і 803 жаўнеры каронных і радзівілаўскіх войск прывялі да прысягі і адпусцілі дамоў.
Пагроза, хуткасць, грошы зрабілі сваё. За месяц наступу было выдаткавана 117486 руб. На тыя грошы 25 чэрвеня 317 чал. знаці і шляхты стварылі Мінскую канфедэрацыю. 30 чэрвеня 500 чал. падпісалі акт гродзнскай, а 6 ліпеня пачалі злучацца шляхцічы іншых месцаў. 8 ліпеня з дапамогай паручніка Нарбута і падпалкоўніка Аленіна саюзныя войскі прынялі падпіскі 1400 чал. у Брэсце пасля палону 300 супраціўленцаў з 5 гарматамі. Мясцовых дызерціраў Крачэтнікаў адсылаў у сканфедэраваныя палкі.
14 ліпеня трумфатары занялі Брэст, страціўшы за час кампаніі толькі 26 забітых і 106 параненых. Свае войскі Крачэтнікаў размясціў так: на лініі Брэст-Нараў сталі 3 палкі, яшчэ 3 палкі –паміж Пінскам і Гродна, 5 палкоў—па лініі Слуцк—Навагрудак—Ліда—Вільна. Штаб генерал паставіў у Лабуні на беласточчыне. Хутка галоўнакамандуючы рапартаваў царыцы, што “в целой Литве не найдется таких, кои бы способны были предпринять что либо против покровительствуемой конфедерации”.
Апошнюю адкрылі 31 жніўня ў касцёле езуітаў Брэста. Паводле адпіскі Крачэтнікава, урачыстасць выглядала так. На чале працэсіі ішоў епіскап Касакоўскі, за ім ступалі маршалкі аб’яднанай канфедэрацыі: ад Кароны—граф Патоцкі, ад ВКЛ—Сапега. Два шляхцічы неслі перад імі трохаршынныя драўляныя жэзлы. Пашану аказваў эскадрон лёгкаконнага палка з трубамі. Пасля імшы пасярод касцёла паставілі стол з крыжам, за якім прамаўлялі абодва маршалкі. Пасля іх падзякі Богу і зброі выказвалі па два прадстаўнікі ад Кароны і ВКЛ—на польскай мове. Затым маршалкі падпісалі акт канфедэрацыі Рэчы Паспалітай, праўда, яшчэ без караля.
Калі пілі за здароў’е Кацярыны 11, то гарматы стралялі 51 раз,за здароў’е караля і канфедэрацыі—31, за рускую і польскую армію—31 раз. Для ўзнагароды знаці з Масквы выпісалі 15 партрэтаў царыцы. А як жа !
Апошнія супраціўленцы—трэці літоўскі пяхотны полк—былі раззброены 2 красавіка 1793 года. 550 палонных жаўнераў разаслалі на ўкамплектаванне рускіх палкоў. У Гродна склікаўся сейм дзяржавы, які меўся ўзаконіць акупіраваны абшар за Расіскай імперыяй.
Менавіта так выглядае далучэнне цэнтральнабеларускіх зямель ВКЛ ў данясеннях Крачэтнікава. Менавіта так рускі царызм аказаўся апошнім абаронцам шляхецтва Рэчы Паспалітай. Праз канфедэрацыйныя акты запрашэння царскіхштыкоў шляхецкае саслоў’е ВКЛ ў цэлым захоўвала прыгонную залежнасць беларускага сялянства—галоўны падмурак свайго панавання. У гэтых адносінах погляды царскіх сатрапаў нічым не адрозніваліся ад змагароў за вольнасць, цэласнасць і незалежнасць краіны. У прыватнасці, Т. Ваўжэцкі, паплечнік Т. Касцюшкі і актывіст паўстання 1794 г. супраць расійскай акупацыі, гаварыў, што павадыры паўстання “соглашались лучше на опастность ее (Рэчы Паспалітай—Я. А.) упадка, нежели дать волю черни и после видеть плачевные последствия”.
Уласна Кацярына 11 скарыстала згаданую сітуацыю ў вялікадзяржаўных мэтах, бо місія Крачэтнікава значна пашырыла імперыю. З гэтага часу і паўстала тэорыя аб уз’яднанні беларускіх зямель з Расіяй, а таксама аб устойлівасці грамадскага ладу толькі ва ўмовах цэнтралізаванай дзяржавы на чале з абсалютным манархам.
Яўген Анішчанка
кандыдат гістарычныхнавук
Народная газета. 29 чэрвеня—1 ліпеня 1996 г. С. 10