Як сенатары дапамагали бедным памешчыкам

Французскае нашэсце 1812 года прынесла Беларусі не толькі шмат страт, але стала прычынай гаспадарчага заняпаду і нястач розных саслоўных станаў. Сам цар Аляксандр 1 у1821 годзе ўбачыў тут “массу нищих и невозможной хлеб”. Яго імператарская вялікасць загадаў вызначыць памеры дзяржаўнай дапамогі камітэту у складзе начальніка Генштаба, міністраў фінансаў і ўнутраных спраў. Беларускія губрнатары ў справаздачах ураду не шкадавалі чорных фарбаў, каб апісаць галечу краю. Водцы дваранства Магілёўскай і Віцебскай губерняў ад імя ўсяго мясцовага шляхецтва скардзіліся на рабаўніцтва французаў, бесперапынныя рэквізіцыі рускіх войскаў.

Выглядала так, што дваране вось-вось разыдуцца па свеце з жабрацкімі торбамі, парушыцца спрадвечная іх маёмасць, якая давала працу і харч прыгонным, а іх гаспадарам—філантрапічную занятасць. Тады цар накіраваў у Магілёўскую і Віцебскую губерні сенатара Д. Баранава, каб вызначыць сапраўднае становішча “гаротнікаў”. Высокі пасланец данёс з месца, што мясцовыя паны прыхоўваюць хлеб у чаканні высокіх цэнаў, вывозяць яго на продаж за мяжу або пераганяюць у спірт. Сенатар хуценька “открыл истинный источник нищеты белорусских крестьян” –іх укаранёную ляноту, п’янства і рабаўніцтва яўрэяў. Вынікі такога адкрыцця мелася разглядаць у Камітэце міністраў. І вось тут варта зазірнуць на пасяджэнне апошняга.

Выразна сутнасць справы выказаў адмірал М. С.Мардзвінаў, старшыня дэпартамента грамадзянскіх і духоўных спраў. У сваёй запісцы ад 3 красавіка 1823 г. ён пералічыў скаргі беларускіх маршалкаў дваранства адносна прычын гаспадарчага разладу, у выніку якіх «мелкопоместный дворянин и крестьянин в Белоруссии ныне оба равно голодны и скудны, хотя первому приказывают кормить последнего, по голоду товарища его». Асаблівую ўвагу ён надаваў царскаму указу ад 14 сакавіка 1822 г. аб стварэнні губернскіх харчовых камісій, якім загадвалася адбіраць у дзяржаўную апеку маёнткі паноў, вінаватых у некармленні сялян. Самай “возмутительной мерой” Мардзвінаў называў тое, што паноў абавязалі падпіскамі выконваць указ. Такім чынам,на думку адмірала, указ справакаваў непаслушэнства сялян, якія перасталі засяваць палеткі “в ожидании хлеба от помещика”, адмаўляліся працаваць на панскіх фальварках у надзеі, што “можно быть и без работы прокормленными от помещиков своих”. А што гэта калі не патуранне ляноце ?

Адмірал выводзіў беды з рэквізіцый рускіх войскаў, якім тутэйшыя памешчыкі “пожертвовали всеми запасами вполцены”, але доўга не атрымлівалі кампенсацыі. Беззваротнасць патрыятычных ахвераванняў на армію прымусіла высокароднае саслоў’е нават устрымацца ад лішніх хатніх расходаў, утрымліваць сялян “последним” ды й абцяжарваць спадчынныя маёнткі банкаўскімі даўгамі. Больш таго, царскія распараджэнні ўзбудзілі ў сялян памкненне да пераходу у казну дзеля вызвалення з-пад прыватнай залежнасці панам, “чтобы ничего не работать и ничего не сеять, но требовать себе пищи без работы”. А ўтаймоўваць разбэшчаных сялян царызму прыйдзецца з ужываннем нежаданых сродкаў—“войска, ядра и штыки”. Адмірал здзіўляўся “постыдным” намаганнем урада за бясцэнак прысвоіць спадчынную маёмасць памешчыкаў. Ён перасцерагаў, што канфіскацыі дадуць казне “обнищалые и пустынные” ўладанні, якія апынуцца “только бременем, а не обогащением для него”, бо патрэбуюць новых ахвераванняў і субсідый.

Адмірал абвінаваціў Баранава ў тым, што той сваімі ўласнымі распараджэннямі пайшоў супраць дваранства:“Ясно, что сенатор сей видел Белоруссию проездом только по большим дорогам из окна своей кареты”. Дзіва, што ведаць сапраўднае становішча можа толькі “местное начальство и всё совокупительно дворянство тамошнее”. У выніку адмірал раіў прыцягнуць Баранава да адказнасці за падман і нават расследваць ягоныя рэвізорскія дзеянні.

На бурным пасяджэнні Камітэта міністраў Баранаву давялося, абараняючыся, раскрыць некаторыя сакрэты. Ён заявіў, што ўсе яго ўчынкі ўхвалены самім Камітэтам, што сам цар прызнаў яго місію “как исполненную с отличным благоразумием и успехом, совершенно соответствующим цели правительства”. Абражаны сенатар з гонарам дадаваў, што ён самастойна раздаў 7.4 млн. руб. на дапамогу высокародным таварышам галодных сялян. Гэта ён вывеў армію з Віцебскай губерні, забараніў бясплатна браць абывацельскія фурманкі, сабраў 6 тыс. руб. добраахвотнай дапамогі. Але ён убачыў, што асаблівую нястачу і пагрозу пагібелі адчуваюць буйнапамесныя землеўладальнікі. Сярод такіх гаротнікаў аказаўся і маёнтак …самога Мардзвінава. Сенатар “не хотел верить, чтоб имение столь почтенного и богатого помещика могло иметь надобность в пособии для обсева полей и продовольствия крестьян”, але выдаў-такі адміралу 5 тысяч. Хаця гэтага ў пастанове ўрада не прадугледжвалася, але не было часу чакаць папярэдняга дазволу, і Баранаў “под личную и строжайшую ответственность” выдаў яшчэ мільён рублёў “гінучым” заможным асобам.

Канешне, пісаў Баранаў, указы “не то гласили”, але як адрозніць “действительно нуждающегося от прихотливого”, калі тыя ж губернскія харчовыя камісіі “не занимались делом”, не ведалі сапраўдных патрэб, наўмысна перабольшвалі дамаганні і “стеснительное положение белорусского края”. Больш таго, павятовыя маршалы не далі распісак у атрыманні асігнаванняў для маламаёмаснай шляхты, ні шнуравых кніг на рэвізію—прасцей кажучы, прысвоілі пазыкі. Таму сенатар раздаваў грошы “наудачу”.

Баранаў мог прыпыніць спагнанне падаткаў з мясцовых памешчыкаў. Але “достаточные российские дворяне”, якія мелі маёнткі ў неразладжаных губернях цэнтра імперыі, мусілі тады плаціць за вызваленых. І вось тут сенатар убачыў, што “большая часть помещиков, живущих вне Белоруссии”, кінулі сваіх сялян на Беларусі “на произвол судьбы”. Відаць, Мардзвінаву было чаго турбавацца, калі ён сам далучыўся да бядотных беларускіх таварышаў.

А Баранаў не мог паверыць у сапраўднасць вялікіх маштабаў голаду. Для доказу ён спаслаўся на дастатковы ураджай у палове маёнткаў Магілёўскай і Віцебскай губерняў, прывёў 100 тыс. руб. паштовага збору у Віцебскай губерні для прыкладу “несправедливо рассеянных слухов насчет всеобщего неурожая. Истинное изображение белорусского края”, на ягоную думку, заключалася ў тым, што ўсе звесткі аб ураджаях прадстаўляюцца самімі памешчыкамі. А паколькі яны “знают, что от представляемых правительству ведомостей зависит не только оставление или прощение недоимок и податей, но и ожидание всякого рода пособий, то урожаи хлеба представляютони в столь уменьшительном виде, что оный всякое вероятие превосходит”. Значыць, ілжывыя енкі і скаргі на голад мел зусім карыслівую мэту: з іхдапамогай атрымаць дзяржаўныя пазыкі для пагашэння ўласных прамарнатраўных даўгоў.

Калі міністры чыталі скаргі беларускіх памешчыкаў і слухалі “резоны Баранова, то чувствовали, сколь было невозможно жертвовать миллионами государственных доходов на пособие губерний, расстроенных не столько от вредного влияния погоды, сколько от разорения еврееями, от действия польских законов и от дурного управления самих помещиков”. Выйсце бачылася імі ў раздачы пазык пад заклад дваранскіх маёнткаў,”ибо без залога будет помещик ежегодно жаловаться на дурной неурожай и требовать все новых пособий”.

Але адбіць ахвоту да вымагання дзяржаўнай падтрымкі пагрозай канфіскацыі закладзеных уладанняў было рызыкоўным. Міністры не сумняваліся, што памешчыкі скіруюць банкаўскія пазыкі “в свою собственную пользу, а никак не на предмет, правительством педназначенный”, гэта значыць, на сапраўдную дапамогу сялянам. Закладзены маёнтак уладальнік ужо не лічыў сваім і таму, казаў Баранаў, “никакая бдительность не в состоянии отвратить, чтобы помещик полученный хлеб упореблял в пользу крестьян своих”. І хлеб і грошы ўсё роўна асядуць у дваранскіх кішэнях. Таму сенатар прасіў…вызваліць яго ад абавязкаў па вырашэнню далейшага лёсу харчовай дапамогі галадаючым таварышам на Беларусі.

Вораг знешні (французы), вораг хатні (яўрэі, папы-прапагандысты), празмерны экспарт хлеба, прыхоўванне хлебных лішкаў дзеля шзнімання цэнаў, непагадзь, сялянская лянота і сляпая даверлівасць злаўмысным чуткам—вось тыповыя тлумачэнні заняпаду панскай гаспадаркі і сялянскай галечы, з дапамогай якіх тагачасныя таварышы вымагалі дзяржаўныя субсідыі на падтрымку гаспадарчай сістэмы прымусовай працы, паразітычнага марнатраўства сродкаў.

Яўген Анішчанка

Кандыдат гістарычных навук

Беларуская мінуўшчына. 1995. № 3. С. 44-45