«Дзеці, станем мурам»

Пра вайну 1792 года, пасля якой настаў другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй, пастараліся забыць адразу ж. Калі пра яе ўспамінаюць зараз, то абавязкова як аб праяве вечнай агрэсіўнасці Расіі, што вераломна завалодала зусім безабароннай краінай з непадрыхтаваным войскам. Ці так гэта ?

Яшчэ ў 1780 годзе з Рэчы Паспалітай былі выведзены царскія войскі, якія некалі прысутнічалі тут для падтрымкі васальнай залежнасці (пратэктарату) дзяржавы ад Пецярбурга. Здавалася, што ніякая іншаземная ўзброеная сіла не перашкаджае ўмацаванню краіны. Сеймы і сеймікі праходзілі без умяшання і ўздзеяння замежных штыкоў. Краінай кіравала Пастаянная Рада, членаў якой выбіралі тайным галасаваннем на сейме. Хаця выбарамі маніпуліраваў рускі пасол, аднак, хто мог паверыць, што адзін чужынец здольны прыгнятаць  вольнаабранага караля, сеймы, усе мясцовыя ўлады і саслоўныя станы ? Але ж тады лічылі, што рускі пасол кіруе краінай, нібыта віцэ-кароль і менавіта ён перешкаджае пераменам у грамадстве.

І вось у 1788 г. ў Варшаве сабраўся Чатырохгадовы або Вялікі сейм. Падзеі на ім разгарнуліся нібы ў тэатры. 19 лістапада 1788 года прускі кароль паведаміў сеймавым паслам, што ён не будзе больш умешвацца ва ўнутраныя справы краіны, але і не дазволіць збліжэння з Расіяй. Ён выстаўляў сябе шчырым сябрам палякаў і запэўніваў, што падтрымае іх у выпадку знешняга замаху на незалежнасць. З “добразычліўцам” у 1790 г. заключылі абарончы саюз, што ўзмацніла антырускія настроі.

У нястрымным запале сейм адразу ж скасаваў рускі пратэктарат і звязаныя з ім Пастаянную Раду і ваенны дэпартамент. Як пісаў аўстрыйскі пасол у Варшаве, “людзі абдымаліся, жанчыны плакалі ад шчасця, дзеці скакалі і пляскалі ў далоні”. Упершыню за многа гадоў прадстаўнічы орган палякаў настаяў на сваім. Добра гэта ці дрэнна, але па сваёй волі і разуменню. У сейме пад бурныя воплескі галёркі былі пералічаны ўсе злоўжыванні рускіх акупантаў. З усіх канцоў дзяржавы сабралі цэлы натоўп калек без рук і ног, якіх дэманстравалі на публічных пасяджэннях. Там яны выстройваліся доўгай чарадой, прасілі міласціню і лілі слёзы аб тым, што былі пакалечаны царскімі генераламі ў час далёкай Барскай канфедэрацыі.

Абражаць рускага пасла О. М. Штакельберга стала амаль што модай і праявай патрыятызму. “Калі ён знаходзіўся ў таварыстве ці на балі, яго акружалі і, сорам сказаць, па-дзіцячаму крывілі яму морды. Калі ж пасол жадаў прайсці з пакоя ў пакой, то станавіліся ў дзвярах, павярнуўшыся да яго задам.” Кароль з акружэннем сталі ўвасабленнем здрадніцкага супрацоўніцтва з Расіяй. Аўтары шматлікіх ананімных лістоў называлі ворагам Айчыны кожнага, хто асмельваўся выступіць у абарону караля. “Сеймавая апазіцыя зусім ашалела: ”калі хто-небудзь з прыдворнай партыі браў голас, то яго тут жа заглушалі, перабыццам бівалі, здзекваліся і высмейвалі. Калі хтосьці толькі спрабаваў стрымаць пачуцці на сейме, схіляў да здаровага сэнсу альбо бараніў непапулярных людзей, апазіцыя тут жа распускала чуткі, быццам ён прадаўся за рублі”.

У гэтай атмасферы апантанасці і эйфарыі сейм аднадушна і без абмеркавання прыняў праект аб павелічэнні арміі Рэчы Паспалітай да 100 тыс. чал., практычна у пяць разоў. Прапанова была зроблена ў самы падыходзячы момант, на якт, ўласна, і разлічвалі. Самыя ліслівыя паслугачы караля ў адзін дзень пераўтварыліся ў заўзятых змагароў і паслядоўнікаў гэтай патрыятычнай справы. Вядомыя сваёй сквапнасцю і прадажнасцю сенатары пераўзыходзілі адзін аднаго ў клятвах, што ніколі, ніадкуль і ні ад каго не бралі хабару. Прыгажуні пад літаўры і трубы састрыгалі французскія фрызуры. Лавеласы мянялі фракі на нацыянальныя кунтушы. Яны адмаўляліся ад каштоўнасцяў і аддавалі дарагія ўбранні на любімую армію. Па краіне пакацілася хваля паказной самадданасці.

Разгарнулася нават цэлае спаборніцтва па патрыятычнай самаахвяранасці. Віленскі ваявода Міхаіл Радзівіл абяцаў выставіць за ўласны кошт да 1 мая 1790 г. легіён у 6210 чал. са шляхты і татар (два палкі пяхоты, полк артылерыі, брыгаду нарадовай кавалерыі і полк лёгкай кавалерыі). Але ўзамен ён прасіў шэфства над тым выдзелам і права назначэння афіцэраў ажно да генерала. Заява Радзівіла ўсіх здзівіла, бо гаварылі, што ён “ні жонцы сваёй у Вене не даваў сродкаў на існаванне, ні ўрачу, які 35 гадоў служыў у ягоным доме, не плаціў за службу пенсіі, мноству іншых пакрыўджаных не плаціў даўгоў.” Патрыятычны разлік магната быў досыць меркантыльны. Маючы абавязак трымаць 800 чал. асабістага надворнага войска, ён браўся паставіць 4 тыс. міліцыянтаў-ардынатаў з уласных падданых на дзяржаўнае ўтрыманне, каб такім чынам прысвоіць са скарбу 100 тыс. дукатаў (1.8 млн. польскіх злотых).

Гэткі ж разлік укладвалі ў свой патрыятызм і іншыя магнаты. Толькі Міхаіл Радзівіл і Станіслаў Патоцкі ўдвух маглі выставіць роўныя па колькасці ўсяму існуючаму войску 20 тыс. чал. Нават сам кароль не давяраў такім пражэкцёрам і казаў, што калі б так пайшло, то ўсё войска Рэчы Паспалітай трапіл б пад уладу “некалькіх сатрапаў”. Таму расчуленае сеймавае грамадства абмежавалася падзякай добразычліўцам. Віленскаму ваяводу вырашылі паставіць у зале ваеннай камісіі бюст, а яго імя ўвекавечыць у канстытуцыі.

У барацьбе за армію сейм падзяліўся на прыхільнікаў рускай і прускай арыентацыі. Як сведчыў вядомы Гуга Калантай, “кожны з ваюючых бакоў увёў бы чужаземныя войскі на сваю абарону”, каб толькі перамагчы і правесці ўласны план рэформ. Правадыр прапрускай партыі, генерал артылерыі, маршал літоўскай канфедэрацыі К. Н. Сапега атакаваў русістаў, указваючы на спусташэнні царскіх войскаў, якія не аплачвалі харчовых пабораў. “Прусакі” перамаглі: К. Радзівіл і камандуючы першай дывізіяй Вялікага княства Літоўскага генерал-лейтэнант Ёзаф Юдыцкі ў красавіку 1789 г. гасцявалі ў Фрыдрыха 11 і прыйшлі ў захапленне ад відовішчаў вымуштраванага прускага войска. Бачанае так спадабалася, што войска Рэчы Паспалітай вырашылі скласці на прускі ўзор. Сеймавыя маршалы (с. Малахоўскі і К. Н. Сапега) паспяшаліся 13 студзеня 1790 года абвясціць жыхарам ВКЛ, што нарэшце “Польшча вызвалена ад ярма (рускай—Я. А.) гарантыі на сваю незалежнасць, што Пастаянная Рада, як магістратура нямілая і небяспечная, ліквідавана, трывога ўнутраных непарадкаў заспакоена, абарона краю амаль забяспечана павелічэннем войска”, што прускі кароль абяцае ваенную дапамогу, бо без яе вольны народ “быў бы адзінокі, пакінуты толькі сваім сілам”. Папаўзлі нават чуткі, што войскі новага сябра здольны асліць Расію ажно да Інфлянт.

Але тут паўстала пытанне аб сродках.

Дзеля гэтага нават хацелі закласці ў генуэзскіх банках вінакурны і падымны падаткі. Падымны падатак у 5 злотых абыходзілі проста—некалькі хатніх труб злучалі ў адну, сем’і ссялялі, руйнавалі, абы толькі нічога не плаціць. А вялікі гетман княства Міхаіл Агінскі прапанаваў для ВКЛ штат у 20451 чал. войска (штаб з 26 чал. , у кавалерыі –9 тысяч, у пяхоце—10 тыс.) з выдачай кожнаму радавому па 229 злотых. Толькі казна пуставала, бо мясцовая шляхта ваяводстваў і паветаў здавён адмаўлялася абцяжарваць свае ўладанні ваеннымі пастоямі і новымі падаткамі. Прапанова ўвесці рэкруцкую павіннасць і ўтварыць з існуючага войска нешта рэгулярнае ўцягнула сейм у зацятую дыскусію. На гэты раз спатыкнуліся на камплектаванні штату—прымусіць да службы вольналюбівую шляхту ці прыгонных сялян ? Шляхта ў большасці прыгонных не мела і ніяк не жадала насіць рэкруцкага ярма. Рупар вольнага саслоў’я –вялікі каронны гетман К. Браніцкі –сцвярджаў, што лепшага войска, чым кавалерыя (прасцей --шляхта) няма з-за яе таннасці. Бо таварыш кавалерыі “сам сабе пан, сам сабе слуга, сам сябе экіпіруе і за 1200 злотых каня і шараговага (радавога) утрымае”, што ён не толькі сам па першаму закліку на абарону з’явіцца, а яшчэ і 10 да сябе падобных прывядзе. Браніцкі раіў даверыцца толькі шляхце, “народжанай у адвазе, і якая належнай шляхетнай амбіцыяй і мужнасцю польскай шаблі даўняе люстэрка і славу верне”. А пяхота, маўляў, “у сваім сэрцы стымулаў да мужнасці і адвагі не мае”. Яе, схільную да дэзерцірства, дастаткова ўзброіць сякерамі і рыдлёўкамі.

Тым не менш, 7 снежня 1789 г. сейм увёў рэкрутчыну, якую арганізаваў па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Пастаўка рэкрутаў здавалася на волю пана. Кожны селянін, які па пісьмоваму дазволу свайго памешчыка без крыміналу і дэзерцірства выслужваў 12 гадоў, атрымліваў вечную волю. Валадары дзяржаўных і духоўных маёнткаў ставілі рэкрута з 50 хат, шляхта—са 100. Хто не меў прыгонных або не жадаў ставіць іх, мог адкупіцца шляхам складкі. За рэкрута са шляхецкіх уладанняў давалі 2, а з дзяржаўных і духоўных—4 злотых. Вярбоўшчык браў 50 злотых. Такі танны спосаб набору спрыяў магнатам, якія мелі прыгонных і адкупляліся ад рэкруцкага абавязку або прадавалі сваіх сялян немаёмным уладальнікам. Замест годных рэкрутаў давалі хворых, калек, замежных дыэерціраў. а то і замежных купцоў.

Мечнік ВКЛ Міхаіл Клеафас Агінскі, адказны за вярбоўку у княстве харугваў пярэдняй варты і нарадовай кавалерыі, 16 студзеня і 14 красавіка 1789 г. загадаў 700 палявым ротмістрам набіраць рэкрутаў толькі з неаселых жыхароў каралеўскіх уладанняў і з розных валацугаў. Пад суровай карай ён забараніў чапаць памешчыцкіх сялян, рамеснікаў, фурманаў і замежных пасяленцаў. Кожны вярбоўшчык атрымліваў па 17500 злотых для набору харугвы нарадовай кавалерыі з 35 таварышаў і 35 шараговых. У загадзе ракаўскаму ротмістру Т. Барэцкаму харугва пярэдняй варты прадугледжвалася з 68 чал. (21 таварыш і 47 шараговых). У таварышы бралі толькі адну шляхту з коньмі і пад пісьмовай прысягай ахвотніка на выпадак яго вышуку пры дэзерцірстве.

Асаблівы клопат прынеслі таварышы, якія прыходзілі “агульна ўсе без грошай, адны гультаі і піякі” ў пошуках лёгкага заробку. У ліпені палову з іх адпусцілі зімаваць дахаты, хаця ніхто рэкрута ў харугвах “не бачыў” ! Агінскі нават адправіў адну неўкамплектаваную харугву з паручнікам Хлявінскім ахоўваць мяжу з Расіяй. Рэшткі загадаў набраць па дарозе. Аднак шараговыя разбягаліся, так што Агінскі мксіў паслаць на іх пошукі эканома з яўрэямі і цыганамі !

Як пісаў К. Празор, у пошуках наймітаў і дэзерціраў па Мінскаму ваяводству хадзілі купы рабаўнікоў. Асабліва выдзяляўся Завіша, якому “не перашкаджалі ні зіма, ні снегавыя завалы”. У пошуках ваяроў ён сабраў “з самых гультаёў” стральцоў, і тыя ўшчэнт разнеслі маёнтак Васкевічы. Палкоўнік К. Мураўскі быў паранены, калі пры пошуках ахвотнікаў завязаўся сапраўдны бой.

Драпежніцкія налёты пры наборах прывялі да таго, што з дзяржавы ў Прусію ўцякло 10 тыс. чал. і яшчэ столькі ж збегла ў Расійскую імперыю. А гэта было амаль што цэлае войска. Як пісаў выдатны сведка тых падзей Нямцэвіч, “рэкруцкія наборы былі складзены з валацугаў або людзей, узятых гвалтам”. Кожны набор планаваўся з 5860 чал. У 1789 г. першы набор даў у ВКЛ 11тыс. чал. –у асноўным “босыя, голыя і галодныя” людзі, на якіх не прадугледжваліся нават харчовыя запасы. У 1790 г. тры наборы ў княстве далі 2725 рэкрутаў. План ледзьве быў выкананы на 76 працэнтаў. У выніку 3 кастрычніка 1791 г. сейм вымушана абвясціў амністыю дэзерцірам і галоўныя надзеі ўсклаў на замежных (рускіх) уцекачоў. Давялося адступаць ад запректаванага штату, які прадугледжваў скласці літоўскае войска з 39 харугваў, у тым ліку—13 за кошт шэфаў. Усё літоўскае войска па штату 1789 г. налічвала 33740 чал., на якіх ішло 16 млн. злотых. З васьмі пяхотных палкоў толькі два мелі па два батальёны, а недакамплект у астатніх даходзіў да 7 тыс. чал. Харугву у княстве зменшылі да 99 адзінак.

Скарачэнне арміі дапамагло, як пісаў палкоўнік К. Ф. Грыгхсгейм, захаваць кволыя рэшткі, але і шмат каму буйна нажыцца. Адбывалася гэта так. На ваенныя патрэбы сейм увёў ахвяру 10-га гроша (10 працэнтаў) з даходаў і пад прысягай саміх уладальнікаў. Але і ад такой палёгкі шляхта не заваліла дзяржаву патрыятычнымі падарункамі. Як гаварылі тады, прысяг у Польшчы выконвалі столькі, што калі б выканалі хаця б адну, то ў Еўропе не было б мацнейшай дзяржавы. Даходы утойвалі, прымяншалі. У выніку тая ахвяра дала ў тры разы менш запланаванага. З гарадоў яе трэбавалі 5 разоў, а затым мазольную справу аддалі ў забыццё. З прадугледжаных сметай 40 млн. злотых на 87-тысячнае войска Рэчы Паспалітай хвалі шляхецкіх ахвяраў прынеслі ў скрб толькі 6 млн. У ВКЛ шляхта ахверавала толькі 1.5 млн. злотых з належных 3 мільёнаў, або палову належнага.

Пасля адмены сймам продажу ваенных чыноў і ўвядзення чынаводства па старшынству войска заразіла іншая хвароба. Служачыя брыгад нарадовай кавалерыі  баранілі сваю элітарнасць, калі таварыш прыраўноўваўся да жарунжага, шэф—да паручніка, харунжы—да капітана, паручнік—да палкоўніка, ротмістр—да генерал-маёра. Калі патрабавалася аддаць загад б каардынацыі кавалерыі і пяхоты, то паміж афіцэрамі пачыналіся сваркі аб падначаленасці, старшынстве і радавітасці. Афіцэры часцяком толькі лічыліся ў спісах, а на самой справе сядзелі па хатах. Паколькі паштовых экіпіравалі і трымалі на свой кошт пастаўшчыкі, то дзяржаўныя сродкі і патэнты асядалі ў руках тых, хто выстаўляў большую колькасць у таварыствы або кампаніі. Каб толькі не служыць, было дастакова паставіць сабе замену з двух паштовых і лічыцца або “савітым” (шчодрым) або “прытомным” (прысутным). Прынцып замены дазваляў пераходзіць з аднаго рангу у другі за пастаўку 4 коней (коштам у 1200 л.). З гэтай сумы 996 злотых пастаўшчык браў за экіпіроўку двух радавых, а 204 зл. проста прысвойваў. Здаралася, што армейскімі каньмі аралі і абраблялі свае палеткі, а радавыя вадзілі коней за удзілы. Крадзеж вайсковай касы набыў такія памеры, што камандуючы першай брыгадай нарадовай кавалерыі Мікалай Сулістроўскі 4 лістапада 1791 г. забараніў усім гарадам ВКЛ пазычаць грошы і тавары ў крэдыт жаўнерам,  абы толькі даўгі іх не разарылі і так кволы скарб войска.

На час трохгадовага рэфармавання літоўская армія ўтварыла сінекуру для казнакрадаў і цалкам была напоўнена сваркамі, “нястачай, крыўдай, голадам і нараканнямі”

[1] Pamietnik generala Jana Weyssenhofa. Warsz.1904.s. 13-14