Храм Абручніка і вакол яго

Гэтая дзівосная эпапея распачалася ў ліпені 1780 г., калі Кацярына 11 распарадзілася ўзвесці ў Магілёве храм св. Ёзафа Абручніка пад наглядам канцлера імперыі графа Аляксандра Безбародкі.

Непасрэднае “смотрение” за будоўляй выконвала магілёўская казённая палата (старшыня віцэ-губернатар Герасім Чэрамісінаў, дырэктар Андрэй Вяроўкін, саветнік Мікалай Ванклярскі, губернскі казначэ й Пётр Каўбасаў, асэсары Сцяпан Цэханавецкі і Фама Мурашэвіч). Палата адразу закасала рукавы і выправіла Вяроўкіна у Маскву шукаць годных майстроў. Тамтэйшыя падрадчыкі загнулі цану. Іх дамаганням уступілі і Кацярына 11 19 ліпеня 1781 г. загадала адпускаць на будоўлю звыш 29 тыс. руб. замест першапачатковай сумы штогод па 14250 руб.

Намаганнямі беларускага намесніка З. Чарнышова ўвесь падрад здалі пецярбургскаму купцу Пятру Чыраеву, які меў 110 тыс. уласнага капіталу, а ў Магілёве набыў 4 дамы і 2 лаўкі. Фармальнасці дамовы бакі падпісалі 4 студзеня 1782 г. на суму 93438 руб. на 4 гады пад паручыцельствам стацкага саветніка, старшыні 2-га дэпартамента магілёўскага верхняга земскага суда Антона Валяр’янавіча Макавецкага, пецярбургскіх купцоў Аляксандра Кукушкіна, Цімафея Леснікова і Фёдара Мурашэўскага. Макавецкі застрахаваў будоўлю пад залог уласных 1218 прыгонных. Чыраеў адразу атрымаў 77850 руб. задатку.

У канцы жніўня 1782 г. Безбародка прысылае ў Магілёў архітэктара Франца Нобеля. Той узяўся паставіць 14 калон дарычнага ордэну з белага дзікага (часанага) каменю насуперак кантракту з той нагодай, што яны ўдвая танней за цагляныя…Парады майстра каштавалі 8860 руб. замест 455, хаця было ясна, што тыя калоны “не простоят и одной зимы без повреждения штукатуры, будучи без разстояния сканелованы”. Але ўмяшаўся Мурашэўскі, які абяцаў паставіць калоны за 938 руб. без усялякага для сябе прыбытку. Царыца належна ацаніла гэтакую ахвярнасць, і Мурашэўскаму 4 жніўня 1782 г. выдалі кантракт.

Ледзьве ўдзельнікі будоўлі выцерлі першы працоўны пот пасля размеркавання роляў і грошай, як Чыраеў забіў трывогу. Ён заявіў, што атрымаў тольку палову асігнаванняў, што не можа працягваць працу, бо мае 20 тыс. нядоімкі па піцейнаму водкупу з-за затрымак тых сродкаў палатай, што перарасодваў уласных 16 тыс. на ўзвядзенне вучэльні і ўціхамірвальнага дому. Новы намеснік Пётр Пасек у кастрычніку 1784 г. загадаў архітэктару зрабіць пераразлік, унесці піцейныя нядоімкі купца з рэштак 35588 руб. будаўнічай сумы. Падата запэўніла начальства, што выдала купцу 20 тыс., абавязаўшы яго завяршыць працу да лета 1785 г.

Чыраеў вытарашчыў вочы, якія ніколі не бачылі тых грошай, бо палата на справе аддала грошы надворнаму саветніку Міхаілу Мурашэўскаму, сябру Чыраева па піцейнаму водкупу. Чыраеў кінуўся  да праезджых сенатараў А. Нарышкіна і А. Варанцова з хадайніцтвам вярнуць яму 76 тыс. руб. страт разам з даўгамі іншых асоб, у тым ліку і Пасека. Сенатары павезлі скаргу да Безбародкі, а Чыраеў тым часам абвясціў страйк да тых пор, пакуль яму не вернуць выдаткі.

Члены казённай  палаты на пасяджэннях 10 і 16 верасня 1785 г. рашылі выдаваць купцу грошы “смотря по работе”. Ды толькі праца стаяла, бо паўгода чакалі глобус на царкоўны купал ад тульскіх падрадчыкаў Гіндзіна і Масленнікава. Прайшло і лета. Мурашэўскі, пасланы Чыраевым па жалезныя краты, ваконныя пераплёты, пазалочаныя шары і дошкі, нібы дым згінуў у глыбі Расіі. З ім зніклі і грошы. Тады палата прыгразіла паручыцелям, што скасуе кантракт і сама завершыць будоўлю. Напалоханы пагрозай арышту закладзеных пад будаўніцтва маёнткаў, Макавецкі закідаў Сенат маленнямі вызваліць з-пад залогу хаця б 4 вёскі, каб прадаць іх і кампенсаваць страты.

Гэта пагражала Чыраеву зусім застацца без паручыцеляў і весці будоўлю цалкам за ўласны кошт. У Сенат паляцелі адчайныя енкі аб купецкім жабрацтве. Бо ён спустошыў свой капітал пасля загаду новага архітэктара Зэйдлера ўзвысіць фасад, вырыць катлаван пад царкву, правесці вадасцёк праз вуліцу і класці ў калоны жалезныя звязкі з просвамі. Стратныя пераробкі павялічыў той жа Нобель, які 12 ліпеня 1784 г. з дазволу Безбародкі зрабіў падлогу цаглянаю, бо “от сырости пола мрамор испортится и глянец исчезнет”, што жалезным дзвярам “подобает быть в погребах, а в церквах неприлично”, што жалезныя кроквы небяспечныя, што ў ваконцах купала ўсё трэба зрабіць драўляным з медным пакрыццём самога купала. Пасек, адсылаючы гэтыя прапановы Безбародку, нават раіў падлогу зрабіць дубоваю. З усім гэтым пагадзілася Кацярына 11. 5 студзеня 1785 г. чарговы архітэктар Барэлі дадаў яшчэ страт на 8 тыс. руб. загадам зламаць агароджу. Віцэ-губернатар прыпыніў будоўлю вучэльні і ўціхамірвальнага дому.

Давялося апраўдвацца. Барэлі адказаў, што зламаў толькі 3сажні (2.1. м.) агароджы з-за пагрозы “размытия водой стены” казённай палаты. Рабочыя ўсё лета лайдачылі і зрабілі адно 3 вакны з 10-ці. Працавалі толькі пяць тынкоўшчыкаў—“простые, кои не умели зделать ни триглифов, ни полос в колоннах”. Да таго ж яны рабілі простую тынкоўку, якую тут жа распісвалі фарбамі. А пра тульскія рэчы, маўляў, Чыраеў адныя “басни распустил”. Барэлі прасіў аддаць яму грошы, каб набыць дровы і свечы для ўласнай катэры.

Звадкі бакоў прынялі такі абарот, што ў ліпені 1785 г. Чыраева хацелі забіць ні то М. Шыпнеўскі, ні то гараднічы Аляксей Кралеўскі. Здарэнне перадалі на разгляд павятовага суда, а потым генерал-пракурора Сената. А. Вяземск рашэннем ад 28мая 1786 г. загадаў не валаводзіцца са следствам, бо “смотрение за всем было слабое, а строение и совсем без фундамента”. Кацярына 11 аддала будоўлю на рэвізію, бо “без рэвизии сумнительно приводить сие строение к окончанию, дабы оное по худой ево прочности преждевременно не развалилось и людям не могло причинить бедствия”.

Удзельнікі не горш за клопаты пра будову узвялі муры ў абарону ўласнага гонару. У чэрвені 1786 г. Чыраеў піша, што Мурашэўскі “растащил его имение и корыстуется его деньгами”. Казённая палата сцвярджае, што купец—невычэрпны валакітчык і кепскі падрадчык. Умовы кантракта, маўляў, не выканаў Чыраеў “по недосмотру поручителей”. Значыць, апошніх трэба прымусці дабудоўваць царкву за ўласныя сродкі. 13 чэрвеня палата секвестравала маёмасць паручыцеляў. Чыраева пасадзілі за краты і забаранілі навогул дапускаць яго да падрадаў. Ад такога рашэння паручыцелі залілі слязьмі свае скаргі ў Сенат. Павераны Макавецкага кватэрмайстар лейбгвардзейскага палка Восіп Падчашынскі назваў палату крыніцай бедстваў, чыны якой прагнуць ухіліцца ад адказнасці.

31 жніўня 1786 г. маскоўскія сенатары вырашылі “взыскать с кого следовать будет”, дзеля чаго разгледзець законнасць усіх прэтэнзій. 2 верасня Кацярына 11 прызначыла рэвізію на чале са стацкім саветінкам з экспедыцыі аб дзяржаўных даходах Львом Ялагіным. У дапамогу яму далі майстра Людвіка Брыля (з канторы будаўніцтва дамоў і садоў), архітэктара надворнага саветніка Пятра Патона, калежскага сакратара Мікалая Краснога і сенацкага рэгістратара Дзмітрыя Мятліна. На 18 вазах яны прыбылі ў Магілёў.

Дарэмна Чыраеў даказваў, што ўзводзіў уціхамірвальны дом “из единого усердия”, што ўсе будаўнічыя матэрыялы “растащены каждым, кому понадобится”, што да гэтага часу архітэктара “ниотколь не было, а собственно оное (будаўніцтва) оставалось без всякого начала при праздности всех мастеровых людей и каменного дела работников” “единственно ни чему другому, как только по поводу отыскиваемых долгов моих”. Будаўніцтва ён назваў прымусам, Пасека—уланым ганіцелем, якому аддаў апошнія грошы для аплаты даўгоў. Каб не было сумневу адносна ягонай стараннасці, ён прыклаў падрады на ўзвядзенне купала, заключаныя са старшынёй слясарнага цэха Пятром Бутонам і вяземскім купцом П. Зеувым.

Сваё зключэнне Ялагін падаў 1 снежня 1786 г. У ім даводзіў, што акрамя разваленай агарожы заспеў царкоўны будынак у цэласці. Ён абвінаваціў казённую палату у парушэнні ўмоў кантракта і ў тым, што яна прыхавала 17623 руб. на ўзвядзенне калон. На яго думку, уся праца звялася “единой только переписки, седовательно, той остановки и быть не могло”. Ялагін раіў вылічыць з купца 6570 руб. за цагляныя калоны. Парушэнні выявіліся ў наступным. Царква была ўзведзена на аршын і 8 вяршкоў (1 м. 8 см.). Унутраныя калоны пастаўлены на цокалі, а не на базе. У трапезнай адсутнічалі дзве нішы. Два дамы для прычту паставілі не ў завулку, а насупраць царквы. Акрамя цокаля, лесвіц і ўваходаў усё зрабілі з цэглы. 14 пярэдніх калон зрабілі не паводле плана, а па асобнай запісцы. Трубы вывелі звонку, зямлю з-пад падмурка не вывезлі, а засыпалі ёю канал,з-за чаго і з’явілася цеча. Аднак падмурак не размыла..

Мудрагелістае заключэнне Ялагіна Сенат разблытваў ажно на чатырох пасяджэннях. Урэшце ўсю віну ўсклалі на Барэлі і ў многіх выпадках на казённую палату, з чыноў якой спагналі 645 руб. штрафу. Чыраеву адмовілі ў прэтэнзіях на 23 тыс. руб., бо ён перарасходваў толькі 4893 руб. Усе затрымкі аднеслі да яго “оплошности и нерадения” і празмерныя дамагацельствы па завышаных цэнах на матэрыялы. Паколькі палата склала кантракт гэтак жа “двоемысленно”, то штрафы вырашылі раскласці паміж вінаватымі. Зразумела, сярод апошніх не аказалася саноўных асоб. Будоўлю пакінулі пад апеку Чыраева і ранейшых яго паручыцеляў пры ўмове лепшага дагляду. Маёнтак Макавецкага вызваліл з-пад арышту.

Пасля гэтага палата стала чакаць архітэктара і вырашыла выдаць грошы таму, у каго будуць куплены матэрыялы і хто закончыць працы.

13 мая 1787 г. Чыраеў заключыў дамову на вытворчасць мармуру з іераманахам мсціслаўскага манастыра Якавам Леташынскім і мсціслаўскім шляхцічам Сцяпанам Пракаповічам. Замест архітэктара мармур сведчыў і знайшоў “худым” асэсар палаты Вісарыён Паўлаў. Тады Чыраеў дамовіўся з селянінам графа П. Паніна, да якога пацяклі і грошы. У сваю чаргу палата абняславіла прадстаўленыя абразы. У прыватнасці, ікону св. Стэфана на меднай дошцы сведчылі В. Паўлаў, адстаўны падпаручык Міхаіл Браховіч і памешчык Цімафей Сілініч. Гэтыя мастацтвазнаўцы знайшлі, што абраз “без пропорции и не только не подходит на итальянскую живопись, но и простой живописной работе ни мало не соотвествует”. Як ні пярэчыў Чыраеў на гэтую экспертызу, але сенатары параілі яму ўстрымацца “от ослушания правительству” і завяршыць будову хаця б да пачатку 1788 года.

Новы, 1788 год распачаўся тым, што Кралеўскі пасадзіў у уціхамірвальн дом майстроў. Астатнія, як пісаў Чыраеў, ад страху разбегліся, а “тех, хто вновь придет, тех бьют”. Яго зноў у адной кашулі кінулі ў турму. Адтуль ён настрачыў царыцы скаргу алоўкам на простай паперы. Кацярына 11 выправіла спецыяльнага кур’ера вызваляць пакутлівую душу. Пасек мусіў апраўдвацца тым, што Чыраеў чыніць “бесчинства и ложныя соплетения, всем грозится, наносит несносныя досады и оскорбления, понося грубым образом честь невинных людей, употребляя такие ругательства, что сама благопристойность воспрещает изъяснить слова его, рассеивает по улицам злословие и ложь и никому, кроме Сената, не повинуется”.

Сябра Чыраева Ц. Леснікоў абвінаваціў таго ў прысваенні 5 тыс. руб. Макавецкі рашуча забараніў выдаваць купцу грошы як банкруту і папрасіў палату ўзяць дабудоўлю на сваю рызыку. Тая на пачатку 1789 г. паведаміла, што царква развальваецца, што вапна стала непрыдатнай, што 1120 пудоў алебастру “в великом множестве растаскивается солдатами” гараднічага Кралеўскага, з хлева выцягнуты ўсе матэрыялы няведама кім, дошкі пагнілі. Салдат пасадзілі пад каравул. У адказ “каравул” закрычаў гараднічы, які назваў тую заяву хлуснёй. Скаргі Чыраева Сенат пакінуў без увагі. Пошукі архітэктара ў Маскве і Пецярбургу завяршыліся тым, што толькі 6 кастрычніка 1789 г. Безбародка прыслаў нейкага Мінеласа, які паспеў паставіць на купал глобус і крыж. 4 снежня палата сама ўзялася за будоўлю, бо Чыраеў закінуў справы і вёў адны “затейныя жалобы”. Чыраеў ізноў трапіў у турму, дзе прасядзеў да ліпеня 1791 года.

Аднак замест працы палата занялася спрактыкаванай папяровай пісанінай, бо жадала за рэшткі грошай пабудаваць упершуючаргу уціхармівальны дом. 24 красавіка 1791 г. Сенат нават надумаў прадаць каменную вучэльню, каб узяць належныя сродкі на пагашэнне нядоімак. Занепакоены Макавецкі патрабаваў выдаць яму грошы з піцейнага подкупу. Але ж тады рабілася немагчымым скасаваць тыя нядоімкі. Толькі ў верасні 1792 г. Пасек надумаў, што немагчыма спагнаць грошы з членаў палаты з-за мізэрнасці іх платы. Ён раіў шукаць сродкі ў іншым месцы. Сенат загадаў спагнаць іх з членаў палаты і Чыраева. Апошні ізноў паскардзіўся, што грошай яму не выдаюць і няма чым завяршыць пабудову. На двары стаяў жнівень 1793 года. З будаўнічай пляцоўкі толькі-толькі вывезлі зямлю..

Бюракратычны калаўрот настолькі задурыў галовы начальства, што яны шукалі розныя зачэпкі, каб пазбавіцца ад гэтае мазольнай справы. У студзені 1793 года шляхціч Франц Маўчынскі папракнуў Чыраева ў атэізме. Магілёўскі губернатар Сяргей Вязьмецінаў, маючы абавязак “блюсти и охранять”, асабіста дапытаў даносчыка. Высветлілася, што хулу на Бога купец узвёў у хаце шляхціча Івана Антукевіча ў прысутнасці рэгістратара К. Яснапольскага, яўрэя Нахіма Вульфавіча і маладзіцы Разаліі Казырскай. На вячэры яны гутарылі аб арышце вядомага рускага асветніка і масона М. Новікава. Тады Чыраеў і сказаў: “Дурак Новиков, если б ему (купцу—Е. А) человек тридцать, то вся бы Россия затрепетала. Но по сему его сигналу никто голос не подалк партии его пристать, все умолкли. А Мовчинский, не стерпя сего, сказал, что таких умеют пребирать кнутом”. Давялося суразмоўцам даведацца, колькі вёрстаў ад Магілёва да Масквы. Перад светлымі вачыма генерал-пракурора Сената Н. Вульфавіч удакладніў, што Чыраеў часта называў Антукевіча масонам (“ты и масон и беден, какое ето масонство, ежели б я был масоном, то вспомошестововал бы таким, как ты”). Калі ж Чыраеў сказаў, што масонаў хутка выганяць з Расіі, то Антукевіч адказаў, што выдаляць не масонаў, а мартыністаў. Нехта з уплывовых царадворцаў назваў данос як учынены “по злобе” на купца.Спецыялістаў у адценнях масонства адпусцілі з падпіскай трымаць язык за зубамі.

Пасля гэтага справа з будаўніцтвам царквы св. Ёзафа Абручніка знікае з кругаверці аматараў ласавацца лёгкімі грамшыма. Толькі кароткі час яна праляжала ў нябыце. Напачатку 1797 г. ўжо новы цар Павел 1 пусціў яе па новаму кругу, бо занёс сякеру апалаў на матчына атачэнне, якое спрычынілася да таго будаўніцтва.

Яўген Анішчанка,

Кандыдат гістарычных навук

Культура. 2-8 жніўня 1995 г. С. 5, 8