Дынабургскі праект[вызвалення сялян]

 

Увашэсце на трон Аляксандра 1 адзначылася афіцыйным спыненнем раздачы дзяржаўных сялян у прыватныя рукі (1801 г.), дазволам памешчыкам адпушчаць сваіх сялян за выкуп у саслоў’е так званых “вольных хлебапашцаў”(1803 г.), наданнем асабістай волі сялянам прыбалтыйскіх губерняў (1816—1819 гг.), што мела мэтаю скасаванне прыгоннага права. Пры вызваленні сяляне заставаліся без зямлі, якую яны мусілі арандаваць у ранейшых памешчыкаў на “добраахвотных умовах”. Дваране атрымалі магчымасць апрацоўваць палеткі сіламі батракоў і пазбаўляць арандатараў зямлі пры нядоімках, за няхайнае гаспадаранне, проста за звычайна непаслушэнства.

Прыбалтыйскае новаўвядзенне сталася ўзорам вырашэння сялянскага пытання, асабліва пасля таго, як у 1815 г. цар выказаў пажаданне распаўсюдзіць канстытуцыю Царства Польскага на ўсе падуладныя губерні імперыі. Увосень 1817 г. па Пецярбургу папаўзлі чуткі, што цар мае намер пераехаць у Варшаву, выдаць адтуль маніфест аб вызваленні памешчыцкіх сялян, каб узбунтаваць іх супраць дваран і тым самым прымусіць апошніх пагадзіцца з аддзяленнем ад Расіі “польскіх правінцый” (земляў, у 1772—1795 гг. далучаных да імперыі). Пагалоскі мелі і іншы сэнс: паланафільскі цар быццам бы жадае далучыць заходнія губерні да Царства Польскага, дзе ўведзена канстытуцыя і грамадзянская роўнасць, падбухторыць рускіх сялян да разні сваіх памешчыкаў, каб схіліць кансерватыўнае дваранства да добраахвотнага скасавання прыгоннага права.

Ідэя панславізму, федэратыўнага яднання славянскіх тэрыторый на глебе рэспубліканскіх парадкаў з перспектывай канстытуцыйнага абмежавання манархіі і знішчэння прыгонніцтва надзвычай занепакоіла шмат каго. Сярод народалюбцаў модным стала апранацца ў сярмягі, займацца благачыннасцю, распаўсюджваць лакастэрскія школы сумеснага навучання, вывучаць славянскія старажытнасці, фальклор і побыт вяскоўцаў і сароміць шляхту за сацыяльны эгаізм і рабаўладальніцтва. У самаўладнай дзяржаве валоданне грамадзянскімі правамі залежала ад міласцяў вярхоўнай улады. Лічылася, як казаў М. К. Агінскі, дастатковым “аднаго росчырку пяра”, каб усе пайшлі за воляй аднае асобы, як бараны. Таму ўладальнікі прыгонных вельмі непакоіліся перспектывай парушэння сваіх старадаўніх саслоўных правоў.

У гэтых абставінах губерні, утвораныя па выніках трох падзелаў Рэчы Паспалітай, сталі выпрабавальным полем для разнастайных захадаў царызму і мясцовага шляхецтва.

Свае палемічныя здольнасці згаданыя палітычныя лагеры выпрабавалі ў 1817 г. пад час дваранскіх сходаў Віленскай губерні. Шэраг павятовых нарад прайшлі тутака пад панегірыкі ў адрас Т. Касцюшкі і цара, якія нечакана сталі паплечнікамі ў справе “зліцця ў адзіны народ” паноў са свамі нявольнікамі. Шляхта дружным хорам запела Лазара ліберальнаму дэспату. З дэпутацкіх амвонаў загучала палымяная агітацыя за добраахвотнае самадрачэнне ад прымусовай працы згалечаных сялян, дзе патрабавалася “паказаць свету прыклад” чалавекалюбства. Агульнагубернскі сход у Вільні 22 снежня 1817 г. набыў характар амаль што рэвалюцыйнага канвента. Упіцкі маршал Шыман Завіша нават казаў, што “мы (шляхта—Я. А.) ..працу…(сялян—Я. А.) ацэньваць будзем, а ён працаваць павінен. Мы ў раскошных дамах заўжды жыць будзем, а яны ў хаце ад апошняй нястачы спачываць”. Таму дамо жа селяніну “там праўдзівую свабоду”[2]. Затым віленскі сход, дзе, як лічыцца, сядзела ці не палова масонаў, паглядзеў у бок, далёкі ад сацыяльнай роўнасці. У рэзалюцыі яўрэйскае карчэмства і шынкарства былі названы “галоўнай прычынай няшчаснага быту рольнікаў”. А значыць, усе шляхецкія намаганні палепшыць сялянскую долю стануць дарэмнымі і безпаспяховымі без папярэдняга высялення яўрэяў з вёсак. Прычым апошнім адмаўлялі нават у праве сяліцца ў прывілеяваных мястэчках…дзеля “аздаблення і ўшанавання дамоў божых”[4]. Гэтая акалічнасць раскалола сход, бо балюча закранала інтарэсы малазямельных уладальнікаў і тых, хто не меў прыгонных. Між тым вызваліцелі склікалі камітэт, з якога вылучылі 7 асобаў (К. Плятар, А. і К. Буйніцкія, Клачкоўскі, А. Могль, Р. Лабунскі, В. Папоў) для напісання Устава на ўзор курляндскіх і ліфляндскіх памешчыкаў.

Адзін з варыянтаў вызваленчага акту лічыў несправядлівым вызваляць сялян з зямлёй без урадавай узнагароды памешчыкам за страту рабочых рук. Аўтар раіў даць сялянам адзінае права пераходу паміж панамі “без посягательства на собственность” апошніх[6]. Справа зноў не скранулася з месца.

Ініцыятыўны камітэт 19 студзеня 1822 г. распрацаваў чарговы праект і папрасіў дазволу разгледзець яго на сходзе на працягу паўгода з умовай, каб адсутных дэпутатаў лічыць за згодных

[2] Там жа, С. 72

[4] НГАБ, ф. 1503, воп. 1, спр. 302, л. 60

[6] Moscicki H. Sprawa…..S. 93

[7] НГАБ, ф. 1503, спр. 302, л. 73