Канец прахаднога двара

(Трэці падзел Рэчы Паспалітай)

Гродна, 1793 год. Станіслаў Панятоўскі—апошні кароль Рэчы Паспалітай склікаў сюды сейм для ратыфікацыі другога падзелу дзяржавы паміж Прусіяй і Расіяй. Шмат паслоў кіраваліся думкай, што карысна трымаць краіну на становішчы прахаднога двара, а залежнасць патрэбна для раўнавагі агрэсіўных суседзяў. Маўляў, дастаткова абаперціся на замежныя штыкі, каб адначасова карыстацца сваркамі агрэсараў за уплыў у дзяржаве для рэалізацыі ўласных рэформ і не дапусціць узурпацыі ўлады процілеглай партыяй.

На такіх меркаваннях будаваўся разлік захаваць рэшткі, або тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы. А каб пазбегнуць канчатковага падзелу яе—здацца на волю рускай манархіні Кацярыны 11. Для гэтага сейм упаўнаважыў спецыяльную дэлягацыю  падпісаць з Пецярбургам вечны мір узамен за дазвол самастойна ўладкаваць ацалелае. Дзеля гэтага 22 дэлегаты ад імя  “ўсяго польскага народа” саступілі царскай Расіі  навечна, без звароту, без прэтэнзій усе землі на ўсход ад лініі Друя—Навагрудак—Пінск (умоўна).

Як ні абураліся сеймавыя дэпутаты, але яны ўхвалілі адпаведны дагавор і з Прусіяй. Сорам і роспач ахапіў іх, калі Кацярына 11 забараніла канстытуцыйныя рэформы сейма, а ўсю ўладу у Вялікім княстве Літоўскім даверыла клану Касакоўскіх. Адзін з іх падпісваў да таго ж спамянуты дагавор. Касакоўскія пачалі пераслед, так бы мовіць, незалежнікаў і праціўнікаў. Увесь гродзенскі хаўрус ахапіў жах за адказнасць гвалту. Рашучыя незалежнікі на чале з 33-гадовым палкоўнікам Я. Ясінскім пажадалі захапіць уладу, каб пакараць “мечам” або шыбеніцай здраднікаў. Каб уцалець і змыць грахі, некаторыя члены гродзенскай дэлегацыі—да прыкладу, славуты Міхаіл Клеафас Агінскі, магнат Міхаіл Радзівіл—рашылі непасрэдна ўзначаліць паўстанне. Іншыя рашылі падтрымаць якабінцаў, каб захаваць панаванне з боязі грамадскай помсты (расправы) за непатрыятызм. Абедзве плыні выдатка паразумеліся. 23 красавіка 1794 г. яны захапілі Вільна, абвясцілі сябн самаўладным урадам і адразу павесілі Ш. Касакоўскага.

Адбылася звычайная палацавая рэвалюцыя—адна гродзенская хеўра скінула ва ўладзе другую, найбольш агідную. Каб паўсюдна атрымаць давер і падтрымку, паўстанцкая рада абвясціла папулярныя лозунгі вольнасці, роўнасці і незалежнасці. Нязгодным са сваёй уладай яна паабяцала тэрор і рэпрэсіі па прынцыпу: “Хто не з намі, той супраць нас”. Натуральна, у Пецярбургу абурыліся такім учынкам сваіх ранейшых “вечных” сяброў і вырашылі пакараць іх як “предателей и изменников своему Отечеству”.

7 і 13 жніўня 1794 г. пасля вынішчэння ў ВКЛ галоўных сіл паўстання галоўнакамандуючы царскімі войскамі князь. М. Рапнін атрымаў царскі загад неадкладна выгнаць інсургентаў за мяжу, за раку Нёман, на прускія штыкі. Найбольш заўзяты гэтым планам фаварыт Кацярыны 11 П. Зубаў нават марыў “в пять маршей дойти до самого Парижа прежде прочих войск (Прусіі і саюзнікаў—Я. А.) и увенчать возстановление (французскай –Я. А.) монархии”. Рапнін схапіўся за галаву. Яго ўразіла, як у Пецярбургу “все здесь почитается легким и повелевается везде вперед идти, всех гнать и бить”. Які-такі марш, калі з наяўных 12 тыс. штыкоў і шабель 3 тысячы кінуты на атрад С. Грабоўскага, які нечакана ўварваўся ў Мінскую губерню !

Які-такі марш, калі атрады так знясілены бесперапыннымі пераходамі па змардаванай зямлі, што “сами жнут и молотят” хлеб ! Кінуць гэтыя войскі нават на Варшаву—значыць агаліць і абяззброіць тыл. А «здешние жители  (на апанаванай беларускай зямлі—Я. А.)ежели еще не бунтуют, то из стража, а коль скоро войск наших не видят, столь немедленно уже и готовы приступить к бунту». Рапнін вымушаны тлумачыць ваеннаму міністру П. Салтыкову, што “раздел некоторой части земли и совершенное уничтожение целого государства суть две вещи весьма разные”, што трэба “не занять, а так сказать, задавить войсками часть приобретения нам желаемого и сделать то как можно скорее, не ожидая неверного разрешения дел под Варшавою”. Ён ізноў паўтарае, што ў паўстанні мае справу ”с общим народным мятежом”, што шляхта і мужыкі ”при движении войск все покорны и ласковы, а по миновании их те же самые люди опять за бунт принимаются, скопляются в лесах и впадения делают, где слабые команды находят..и которых, следственно, выгнать перед собою нельзя, а всегда они будут оставаться в спине войска, выдавая себя за спокойных обывателей”.

Таму ён рашыўся перадаць каманду каму іншаму. Апантаныя вызваліцелі ў Пецярбургу замаркоціліся яго рэзонамі і задумаліся, як разам задушыць войскамі набытае і заняць Варшаву, апярэдзіўшы прускага манарха. Канцлер А. Безбародка думаў, што лепш даць Фрыдрыху 40 тыс. рускіх штыкоў на працяг вайны з Францыяй, а тым часам паціху замацаваць за сабой захопленае. Прытым узнік варыянт захавання рэштак Рэчы Паспалітай у якасці буфера з Прусіяй. Безбародка разважыў план непрыдатным, бо пісаў Кацярыне 11 наступнае.

Найперш, «поляки со всех соседей самые неверные иболее всех питают к нам сильную и непримиримую ненависть», бо французскія ідэі так укараніліся сярод іх, што яны “при первом удобном случае учредят по их основам правление» ў незалежнай краіне. Лозунгі ж свабоды і роўнасці выклічуць “разврат в соседях”. Мець арганізаваную на такіх небяспечных пачатках Польшчу шкодна, бо “мы имеем прилежащие к Польше губернии (беларускія—Я. А), языком обычаем с нею сходные, откуда зараза легко разпостраниться может далее (углыб Расіі—Я. А.). Пагубные же следствия таковаго толкования неизстребимы”. Далей аказвалася, што «держать правление какое нам угодно бессмысленно среди народа непостоянного». Гэта адно знясіліць Расію ў рэкрутах, і ў грашах.Таму, пісаў ён, няма іншага выйсця, акрамя “самого уничтожения республики польской разделением ея земель между тремя воюющими державами”. Пры выбары лепшага з горшага выгадней прысвоіць 100 тыс. кв. вёрстаў (114 тыс. кв. км.) з двумя мільёнамі насельнікаў. У выніку, заключаў ён, “получим знатное число народа греческого исповедания, в унию обращенного, и, конечно, легко имеющего возвратиться в соединение с нашею церковью при одинаком языке.” Дастаткова толькі нагадаць таму народу, што ён  спрадвек праваслаўны, рускі, роднасны моваю і звычаем з жыхарамі ўнутранай Расіі.

Такім чынам, адзінаўладна гаспадарыць у ацалелай Польшчы не шанціла. Рапніна пакінулі пры камандзе, а ў дапамогу яму прыслалі камергера двара М Паніна. Апошні некалі быў паслом у Берліне. Яму пад вялікім сакрэтам загадалі паставіць войскі на Беласточчыне і пад іх аховай правесці рускую мяжу набыцця па лініі р. Буг—р. Нёман—далей па старапрускай мяжы ў Жамойці, “чтоб не дать захватить чего из оной пруссаками или цезарцами”. Сам Рапнін ухваліў гэты план, бо гаварыў, што цэзарцы «далеки еще по несчастию от своих расчетов и конец дела не так близок, а прежде точного уже решения дел конечно вперед не сунутся».

Ды толькі Фрыдрыха не ўдалося правесці на мякіне. Ён спешна кінуў ваяваць Францыю, заняў сваімі войскамі Кракаўскае ваяводства і скіраваў іх на Варшаву. Паміж захопнікамі разгарэліся сваркі адносна ўраўноўвання доляў акупацыі. Як пісаў Рапнін, за пасаду галоўнакамандуючага саюзнымі войскамі “завелись несогласия между нашими генералами”. Лаўры трыумфатара меціў прысвоіць прынц К. Насау-Зіген, які адвёў генерал-паручніку Ферзену і генералу Майнштэйну 2 сутак на захоп Варшавы. Кацярына 11 супакоіла Рапніна тым, што ніколі не даверыць сваіх войскаў прынцу, ўпэўненая, што ён более “на стороне прусской, нежели на нашей”. У выніку таленавіты Сувораў першым уварваўся ў прадмесце Варшавы, а Кацярына стала гаспадыняй становішча, што дазволіла ёй дыктаваць свае ўмовы падзелу.

16 кастрычніка яна загадала “Костюшку, злого и весьма опасного якобинца, избегая всякой опаски, …чтобы по дороге не знали, кого везут, ..ночью тайным образом” даставіць у Пецярбург. Караля яна загадала трымаць у ізаляцыі і сказаць яму адкрыта, што ”раздел Польши уже непременно решен”, каб ён не квапіўся надзеямі на знешнюю дапамогу.

На пачатку красавіка 1795 г. прускія войскі наблізіліся да сваёй старой мяжы і такім чынам прыйшлі ў непасрэднае сутыкненне з рускімі. У Пецярбург тут жа пацяклі весткі аб таемных прыгатаваннях цэзарцаў, якія робяць умацаванні быццам бы “против могущих быть мятежей от их польских подданых”, а на справе –для вайны з Расіяй. Казалі таксама, што саюзная Аўстрыя прытуліла мяцежнага Агінскага і той рыхтуе чарговую дыверсію. Гэта прыспешыла міралюбівыя пагадненні. 10 студзеня 1795 г. Кацярына 11 параіла Рапніну “снестись с Веной и Берлином о будущем жребии Польши”. Яна мала сумнявалася “о соглашении сих дворов со мною о необходимости уничтожения прежнего политического бытия сего государства, столь предусмотрела трудности и распри, кои воспоследовали между ими по поводу уделов, каждым из них присвояемых”. Каб замірволіць спрэчкі, яна “положила себе правила, основанные на естественной справедливости, на совершенном безпристрастии и на той государственной пользе, котоая побуждает меня пещись сколь возможно о сохранении равновесия в приращении могущества и сил государств, к моему уделу прилеглых”.

Яна “определила себе ЗАРАНЕЕ”, што калі ўсе трое венцаносцаў не дамовяцца ладам “никак вступать в точныя и положительныя условия и обязательства», тады яна змовіцца з тым, хто ”в требованиях и желаниях своих окажется ближайшим к собственным моим видам и намерениям». Як на гора, ближэйшым суседам аказаўся спрытны Фрыдрых, які патрабаваў вывесці рускія войскі з Беласточчыны, здаць яму прадмесце Гродна на левым беразе Нёмана. Кацярына 11 18 чэрвеня 1795 г. назвала берлінскія дамаганні нахабствам, бо “победами оружия российского приобрели мы право раполагать оными областями по лучшему для пользы России усмотрению нашему. Сквапнага Фрыдрыха яна ўпікала ў тым, што ён не здолеў сам задушыць паўстаннне на сваёй долі і толькі поспехі рускай зброі “спасли области его от нашествия их. Вместо благодарности начал он отвергать все, что от нас к лучшему спокойствию и к совершенному дружественному окончанию дел польских меж тремя соседственными дворами определено”. Ён нават наважыўся “согласиться с общими врагами и изменить нам, присоединив постановления в пользу французов». Во як !

Але Кацярына загадала пакінуць Беласточчыну, папярэдне зняўшы яе на тапаграфічныя карты па ўсяму адрэзку ад Буга да вусця р. Нараў, каб “лучшее сведение иметь о той земле, в которой вести войну принуждены будем !”. Прадбачылася нарыхтаваць 220 тыс. чвэрцяў мукі і круп для гэтай вайны. Царскія войскі пакінулі Беласточчыну 16 студзеня 1796 г., размясціліся па лініі: злучэнне р. Нараўка з р. Нараў—мястэчка Гарадок—вёска Кудзіна—мястэчка Кузніца—па р. Ласосна і далей па Нёману. Царскія генералы мелі загад стаяць тут сцяной. Але прускі бок упарта адхіляўся ад р. Ласосна, аспрэчваў нёманскія выспы, патрабаваў правесці раздзяляльную мяжу па р. Свіслач—блізу 25 км. углыб расійскай долі.

Пасля зацятых звадак бакі рашылі не ваяваць. Рапнін і Панін адступіліся ад спрэчнага кавалка, але не саступілі гродзенскага прадмесця. Бо Рапнін даказваў на нарадах, што фаршатат—частка Гродна і “даже самым городом в древности почитался, как видно из древних привилеев”. На тым і паладзілі. 30 верасня 1796 г. была падпісана дамова, па якой Гродна з прадмесцем засталіся за Расіяй. Дэмаркацыю агульнай мяжы бакі дамовіліся распачаць 12 мая 1797 г. Рэч Паспалітая знікла, перастала быць прахадным дваром. Так вось адбылося трэцяе і апошняе “уз’яднанне” заходнебеларускіх зямель з царскай Расіяй.

Што тут добраахвотнага—няхай мяркуе чытач. Аднак я заўважу наступнае. Існуе дактрына аб тым, што Рэч Паспалітая ўяўляла перад сваім сконам анархічны лад, прыдатны для замежнай агрэсіі. Тэрмін Рэч Паспалітая пераводзяць словам рэспубліка і нібыта свабодна-дэмакратычную краіну проціпастаўляюць ваяўніча-агрэсіўным суседзям, у першую чаргу Расіі. А вось сама Кацярына 11 казала, што пры такім ладзе “только негодяи чувствуют себя хорошо, потому что набивают карманы и никто их не наказывает”. Яна мела рацыю, бо народнымі падаткамі і рускімі рублямі кішэні набівала купка вяльможаў, якія адным росчыркам пяра, ад імя ўсяго польскага і літоўскага народаў, у якасці сеймавых дэпутатаў тых народаў аддавалі (прадавалі) каханую Айчыну і любыя народы то аднаму, то другому наезніку, а потым крывадушна енчылі на чужаземную дэспатыю, галасілі з вераломнага гвалту чужынцаў. І ўсё тое—у імя захавання свайго самаўладства пры любым рэжыме, пад шыльдай модных ідэй і лозунгаў.

Менавіта супраць такіх перараджэнцаў хацеў скіраваць тэрор і сацыяльную помсту у паўстанні 1794г. якабінец Ясінскі. Гэта ён заявіў, што дастаткова павесіць 100 здраднікаў, каб зрабіць шчаслівымі 6 мільёнаў. Яму хопіць 10-тысячнага войска, каб “цудаў нарабіць”. Тады ў імя незалежнасці і волі павесілі некалькіх саноўнікаў. Большасць паноўнай Літвы так гэтым напалохалася, так жахнулася відам шыбеніц, што палічыла неўласцівым для “сапраўднага паляка” брудзіць рукі ў крыві сваіх здрадлівых суайчыннікаў. Застаршаная прывідам французскай Вандэі гэтая знаць не дала Ясінскаму патрэбных касінераў, каб ён нарабіў грамадскіх цудаў. Таму літоўскае панства не працівілася выратавальнаму для сябе дзеянню штыкоў царскай Расіі.

Аднак у 1902 г. такі ж аднадумца Ясінскага заявіць:”Дайте нам организацию революционеров, и мы перевернем..”. А можа хопіць варочаць у імя цудоўнай будучыні, выступаць ад імя ўсяго народа, узбуйняць і аб’ядноўваць па праву гістарычнага падабенства? Няхай народы гэта робяць самі.

Яўген Анішчанка

Кандыдат гістарычных навук

Голас Радзімы. 5 снежня 1996 г. С. 5