«Как поступить с завоеванным»
- Подробности
- Опубликовано: 28.05.2015 01:33
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 618
(трэці артыкул пра “добраахвотнае ўз’яднанне Беларусі з Расеяй”)
Пасля гарадзенскага сойму 1793 г. у складзе Рэчы Папалітай застаўся толькі заходні ўскрай сучаснабеларускіх земляў. Спробы захаваць незалежнымі ацалелыя рэшткі праз узброенае паўстанне 1794 г. пацярпелі няўдачу. Паўстанне супольна задушылі манархі Расеі, Прусіі й Аўстрыі.
Кацярына 11 сама загадала свайму галоўнакамандуючаму І. П. Салтыкову “искоренить бунт, не останавливаясь никакими уважениями к злодеям”. На сціслым абсягу Вялікага княства Літоўскага гэтую задачу вырашаў князь М. В. Рэпнін. Ён не цырымоніўся ў выбары сродкаў. У траўні 1794 г. ён параіў абвясціць маніфэст, у якім абяцаў канфіскаваць маёнткі за нежаданне карміць акупацыйныя войскі, “разграбление и сожжение домов”—за збройнае супраціўленне--”безмилосердно лишать жизни”, за ўтойванне зброі--“вешать на деревьях”. Але ў Пецярбургу вырашылі не дэкляраваць публічна такое абыходжанне з паўстанцамі, бо гэта “значило бы взбунтовать их еще более”. Праз нейкі час Рэпнін паспрабаваў нават апраўдацца, маўляў, ён хацеў выдаць ”обычную прокламацию”
Але царскія войскі да верасня 1794 г. менавіта бязлітасна расправіліся з паўстанцкімі пастарункамі. А напачатку кастрычніка Рэпнін піша царадворцам: “теперь все дело обсудить в ваших кабинетах как поступить с завоеванным”, і заяўляе, што ня здолее адным ваенным прымусам ні кіравацьзахопленым, ні ўтрымліваць яго. Ён просіцца на хатні спакой, а скоранаму польскаму каралю кажа, што някепска было б разам аддаліцца на блакітныя воды Італіі. Аднак Кацярыне быў даспадобы такі намеснік, і 5 верасня 1794 г. яна паслала яму павучанне—як абыйсціся з заваяваным.
У сваім лісце яна раіла абвясціць жыхарам ВКЛ, што “мы не яко победительница иго непокоренных оружием, но яко по непоколебимому милосердию даруем всем милосердие и прощение, чтоб почувствовали отраду по угнетениях ими претерпенных”. Галоўнае--каб “не возродилось в нем какого-либо возмущения и не давая им времени опомниться, ни собирать, ни соединять новыя противу нас способы”. А сродкі звычайныя, немудрагелістыя. Трэба кіраваць з дапамогай праўлення, складзенага “из лучших тамошних обывателей, которые бы влиянием и доверенностию от сограждан могли иметь власть над оными и на коих в соблюдении спокойствия более бы считать возможно было не токмо по образу мыслей, но и естественному желанию сохранить собственность”. Атрымаць жа ўладалюбных лёкаяў і пакорнасць астатніх жыхароў прадбачылася пад страхам канфіскацый. Царыца раіла маёнткі “закоснелых” ворагаў раздаць або прадаць тым, ”в коих верности и всегдашней благонамеренности не предстоит сомневаться”. Прасцей кажучы, гэткім чынам “наградить щедро и привязать их к власти и к правлению российскому”. У канфіскаваных уладаннях яна раіла прагнаць ненавісных упраўляючых ды эканомаў, паменшыць сялянскія павіннасці,“чем сердца народныя совершенно привлечь к себе можно”.
Рэпнін заняўся прапанаванай сартыроўкай, але хутка замарудзіў. Бо заўважыў, што калі працягваць спіс усіх злачыннікаў, то ”тут вышла бы поголовная перепись всей Литвы”. Каб не бударажыць край, ён вырашыў даверыцца ранейшым рабалепнікам, застрашаным пагрозай пазбаўлення прыгонных. Большасць не пажадала ні ўцякаць за мяжу, ні надзяваць жабрацкія торбы. На Рэпніна пасыпаліся запэўніванні ў вернападданстве, хадайніцтвы аб тым, што той ці іншы пан аб рэвалюцыі не ведаў, дома сядзеў ціха, а калі й падтрымаў, то пад прымусам і г.д. Натхнёны вынікамі, Рэпнін 25.12.1794 г. паведаміў у Пецярбург, што ў “Гродно вся Литва присягает”, а сход 2500 чал. шляхты просіць выказаць падзяку за”избавление от ига вероломных мятежников”і з гэтым запалам жадае прыпасці да ног сваёй паўночнай вызваліцелкі. Небяспека мінула, пісаў ён, бо скораныя ”остались с одними кулаками”. Але некаторыя паспрабавалі махаць кулакамі пры вызначэнні дэпутацыі да царыцы на чале з літоўскім маршалкам Людвікам Тышкевічам. Тады ягоную вернападданую прамову аб сардэчнай удзячнасці «всей Литвы».скарацілі й выкінулі некаторыя выразы, як гаварыў Рэпнін, “путем совещаний». У дэпутацыю ўвайшло 20 асобаў знаці, якія 10.03.1795 г. па чарзе прыклаліся да царскай рукі, а затым заняліся галоўнай справай—захаваннем уласных маёнткаў ад пагрозы канфіскацый, рэабілітацыяй сваякоў і сяброў.
Калі саноўная Літва спрытна выгнула сваю вернападданую спіну перад Кацярынай, то інакш атрымалася з сквапнымі саўдзельнікамі апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Кацярына 11 душыла паўстанне супольна з венцаносцамі Прусіі і Аўстрыі. Пры тым кожны карнік імкнуўся акупаваць сваімі войскамі як мага больш чужой зямлі. Натуральна, што гэта разахвоціла іх ваяўнічы спрыт і грызню ў вызначэнні, так сказаць, вызвольнага ўкладу. Прусія захапіла Кракаўскае ваяводства, але Аўстрыя патрабавала аддаць сталіцу—Кракаў. Таленавіты А. Сувораў заняў Прагу й Варшаву, што ўзнесла Кацярыну на ролю гаспадыні становішча й дазволіла ёй дыктаваць свае ўмовы. Яшчэ 25.11.1794 г. пецярбургскі двор вызначыў мяжу свайго набытку па лініі р. Буг—р. Свіслач—далей па Нёману да старапрускай мяжы ў Жамойці. Гэтую мяжу вырашылі трымаць у сакрэце й не саступаць нікому. Але Кацярына 11 прызнавалася, што падзел праходзіў у спрэчках аб роўнасці доляў супольнага захопу. Таму яна згаджалася ўвайсці ў змову з тым, хто “окажется ближайшим к моим видам”. Суседам аказаўся прускі кароль, вядомы сваёй сквапнасцю. Расейскі канцлер А. Безбародка разлічваў, што для Расеі “еще и далее можно выторговать”, калі даць Прусіі 40 тыс. штыхоў на працяг вайны з Францыяй.
Між тым Фрыдрых-Вільгельм кінуў французскі ваенны тэатр і, узмацніўшы свае акупацыйныя войскі, рашуча патрабаваў кампенсаваць землямі Рэчы Паспалітай панесеныя страты. Урэшце тройка ўрэгулявала тэрытарыяльныя сваркі дагаворам 24.11.1795 г.: Расея аддала Прусіі Варшаву й беластоцкія землі, вывеўшы свае войскі ў Курляндыю і беларускія губэрні. У выніку прускія й расейскія войскі прыйшлі ў непасрэднае сутыкненне. Папаўзлі чуткі аб магчымай вайне агрэсіўных суседзяў.
Каб залагодзіць суседа, Кацярына 11 прызначыла 20.03.1795 г. на пасаду літоўскага губэрнатара былога пасла ў Берліне, брыгаднага генэрал-маёра, сапраўднага камергера двара Мікалая Пятровіча Паніна. Дыпляматычныя сувязі й новая пасада пасланца павінны былі абнадзеіць у памяркоўным зыходзе.
Але Панін не спяшаўся займаць губэрнатарскую пасаду, бо сваю задачу бачыў у іншым. Ён спрытна нанёс на карту расейскую сухадольную мяжу, якую 18.12.1795 г. прадставіў фаварыту Кацярыны П. А. Зубаву. Адначасова ўзніклі цяжкасці з вызначэннем лёсу даўгоў польскага караля (33 млн. злотых або 3.3. млн. расейскіх рублёў золатам), якія ўдзельнікі падзелу пагадзіліся ліквідаваць супольна. Але ж скасоўваць іх даводзілася з падаткаў захопленых земляў і ў адпаведнасці з падатковымі магчымасцямі тэрыторый, прапарцыянальна плошчы анэксій. Нарэшце, трыумфальны А. Сувораў паведаміў, што пад час вайны з паўстанцамі ён страціў 1231783 руб. і прасіў выдаць яму 1941201 руб. звонкай манетай, ды яшчэ 4800 тыс. папяровымі асыгнацыямі на аплату харчовых паставак і кантрыбуцый. У Пецярбургу пакпілі з яго “невероятных” дамаганняў і назвалі іх празмернымі й невыканальнымі. Бо ўвесь гадавы даход Расеі, які цалкам спажываўся арміяй, складаў толькі 810 тыс. руб. золатам і срэбрам. Аднаго дзяржаўнага доўга Расея мела 4 млн., а павержаны польскі кароль патрабаваў з былога літоўскага скарбу 4.5 млн. злотых (450 тыс. расейскай звонкай манетай). Рэпнін пагаджаўся выдаць з гэтага скарбу толькі 750 тыс. злотых. Разлічваць на былыя каралеўскія ўладанні не прыходзілася, бо іх кінуліся расцягваць набліжаныя да Кацярыны і іх мясцовыя паслугачы. Перакласці на Прусію хаця б частку вялізных каралеўскіх даўгоў азначала саступіць на яе карысць і адпаведную тэрыторыю. Вось тут землі гарадзенскай каралеўскай эканоміі й апынуліся прадметам працяглага гандлю.
Паводле дамоўленасці, вывад царскіх войскаў з Беласточчыны завяршыўся 16.01.1796 г. Іх размясцілі па лініі: злучэнне р. Нараўкі з р. Нараў (кут Гарадзенскага павета й Берасцейскага ваяводства)—мястэчка Гарадок (Гродак, Грудок)—вёска Кундзіна—мястэчка Кузніца—па р. Ласосна і Нёману да старапрускай мяжы. Расейскі бок разлічваў утрымацца на гэтай лініі, бо якраз у гэты момант (20 студзеня) урачыста абвяшчаў у Горадні аб “вечным” далучэнні Літвы да імпэрыі. Чарговыя ўрачыстасці з набажэнствамі й гарматнымі выбухамі разносілі па наваколлі грукат сардэц, якія гэтак святкавалі сваё паяднанне з пецярбургскай гаспадыняй.
Расея намагалася замацавацца на лініі стаяння сваіх войскаў—па рацэ Ласосна і прыкрыць Горадню кавалкам зямлі на паўмілю (3.7 км.) ніжэй горада па р. Нёман. Першы прускі камісар, генэрал-паручнік Фаўрот, наадварот, “крайне упорно отклонялся от границы по р. Ласосне”, аспрэчваў нёманскія выспы , патрабаваў правесці мяжу па р. Свіслач (блізу 25км. углыб расейскіх вызначэнняў), аддаць прадмесце Горадні на левым беразе Нёмана, дзеля чаго выносіў мяжу “на 3 мили выше Гродна” па р. Свіслач. Яму не саступілі. Быў вызначаны новы склад памежнай камісіі: ад Расеі—М. Рэпнін, М. Панін, А. Якаўлеў, ад Прусіі—А. Генрык, С. Штэйн, А. Вэттэр. У гэтым складзе камісары сабраліся 9 лютага на гарадзенскай кватэры М. Паніна, дзе адразу дамовіліся правесці сухадольную мяжу простай лініяй ад р. Буг да мястэчка Гарадок.
Такім чынам расейскія камісары адступіліся ад кавалку зямлі паміж р. Нараўка і мястэчкам Нараў. Мяжу правялі па р. Ласосна, але тут ізноў успыхнулі спрэчкі. Расейскі бок патрабаваў правесці мяжу на паўмілю ніжэй Горадні, а прускі—на паўмілю вышэй, “чтоб взять гродненский форштат”. На прускія дамаганні Рэпнін адказаў, што прадмесце або фарштат—частка Горадні, бо “даже самым городом в древности почитался, как видно из древних привилеев”. Ён патрабаваў правесці мяжу па левабярэжжы Нёмана, каб такім чынам прысвоіць саму раку з яе выспамі. Але, як пісаў Рэпнін, “ сие сказано в конце разговора”. Вырашылі звадкі ўлагодзіць на месцы, шляхам рэкагнасціроўкі і картаграфавання. Да канца лютага бакі вялі апісанне мяжы па лініі Буг—вёска Грыбаўцы—Нёман—Паланга. Працы выконваліся раздзельна, а Рэпнін па-ранейшаму трымаў у сакрэце інструкцыю аб сухадольнай мяжы.
Узаемападазронасць ізноў перарасла ў пагрозу вайны. У красавіку з’явіліся чуткі аб змове Агінскіх на апанаваных Аўстрыяй землях і аб тым, што Сувораў вядзе 30 тыс. войска супраць Прусіі на дапамогу Аўстрыі. Застрашаныя расейскі й прускі бакі спешна заняліся высвятленнем справы і абмяняліся спісамі змоўшчыкаў. У іх нерат трапіла толькі 8 асобаў. Трывога мінула й адначасова паскорыла памежнае пагадненне. 15 траўня была праведзена мяжа ад буга да р. Ласосна, а 21 чэрвеня камісары падпісалі праект размежавання разам з пратаколамі. Канчатковы акт ад 2 ліпеня змяшчаў абавязкі супольнага карыстання Нёманам, перадачы выспаў таму, да чыйго берага яны бліжэй і захаваў нязменнай старапрускую мяжу ў Жамойці. Горадня з прадмесцем засталася за Расеяй. Так званую спецыфікацыю нёманскага адрэзку падпісалі 13 жніўня.
Агульная расейска-пруская дамова усёй мяжы была падпісана 30 верасня 1796 г. Яна прадугледжвала выкапаць прамы роў на адрэзку сухадольнай мяжы паміж р. Ласосна і Бугам. Распачаць працы плянавалася з 12.05.1797 г. адначасова 4-ма партыямі на чале з афіцэрамі-маёрамі Бальвілерам, Штэйнам, капітанам Адэркасам, апручнікам Экенам. Камісіі выдалі 600 рыдлёвак, 132 ламы ё кіркі, 100 сякер, а разам з выдаткамі на наём работнікаў—1785 руб.
Вось так, у святле малавядомых фактаў, душыцелі паўстання 1794 г. расхапілі рэшткі Рэчы Паспалітай. Гэтак жа гвалтоўна, сквапна й адвольна яны размеркавалі заходні абсяг сучаснай Беларусі паміж сабой. Магчыма ўжо тады царызм мог назаўсёды апанаваць беластоцкую акругу. Але гэта зробіць Аляксандр 1 праз гандаль з Напалеонам. Відавочна, што пры апошнім падзеле Рэчы Паспалітай Расея замацавалася на акупаваных землях не на падставе гістарычнага спадкаемства. Толькі пры барацьбе за Горадню з Прусіяй расейскі бок прыцягнуў адпаведныя доказы правоў на гарадское наваколле. Але на тым адбілася прага прыбыткаў з гарадзенскага староства й рачнога гандлю на Нёмане. Як бы ні розніліся спосабы падзелаў Рэчы Паспалітай, але толькі адзін бок нема маўчаў у валтузні яго абаронцаў і вызваліцеляў. Гэта быў сапраўдны народ. Нямы люд не запляміў сябе й сваіх нашчадкаў.
Яўген Анішчанка
Наша Ніва. 1995. № 2. С. 6-7