Просім, пан генэрал

 

Як з’явілася канцэпцыя аб “добраахвотным уз’яднанні Беларусі з Расеяй”

Гэта было на схіле існавання Рэчы Паспалітай “народаў польскага і Вялікага княства Літоўскага”. У 1788 г. у Варшаве апачаўся Вялікі сойм, якіінамерыўся вывесці спарахнелую дзяржаву з палітыччнай агоніі і ціскоў замежнай, пераважна расейскай, залежнасці. Рэфарматары ўвянчалі шэраг рэформаў славутай Канстытуцыяй 3 мая 1791 году.

У прыватнасці, былі скасаваныя канфедэрацыі, наёмную шляхту пазбавілі права ўдзелу у сойміках. Канстытуцыя дэкляравала ўвядзенне прававой апекі над прыгоным сялянствам . эта быў недазволены замах на неабмежаваную ўладу прыгоннікаў, хоць ініцыятары рэформаў рабілі ўсё, каб прысяга новаму канстытуцыйнаму рэжыму мела ўсеагульную і шумную падтрымку.

Той жа сойм скасаваў царскі пратэктарат, ухвалены соймамі 1768 і 1775 гадоў, паводле якога Кацярына 11 сачыла за непарушнасцю важнейшых правоў шляхецкага стану. У адказ на гэта Кацярына 11 спешна завяршыла пераможную вайну з Турцыяй, каб скіраваць войскі на вяртанне сваіх канстытуцыйных правоў. Аднак, пісала яна, войскі трэба ўвесці так, “чтобы не от нас был первой выстрел”. Яна ўпэўнена разлічвала на абыякавасць і падтрымку беларускіх сялян, якія “поляков господ своих ненавидят”.

27 красавіка 1792 г. пяць магнатаў падпісалі ў Пецярбургу акт так званай Таргавіцкай канфедэрацыі, абвешчаны ў Таргавіцах толькі 14 траўня—у дзень уварвання царскага войска. Акт назваў соймавыя рашэнні дзяржаўным пераваротам:пятая частка паслоў сойму узурпавала волю “народу”. Дзеля вяртання страчаных шляхецкіх правоў таргавічане прасілі ўзброенае падтрымкі ў царыцы. І тая не прымусіла чакаць.

Кацярына 11 загадала падрыхтаваць да паходу на Беларусь больш чым 60-тысячную армію на чале з генерал-аншэфам М. Крачэтнікавым. Але пры двары вагаліся—калі ствараць саюзныя канфедэрацыі: да, ці пасля ўварвання царскіх войскаў? Вырашылі—да таго, каб прадэманстраваць, што канфедэрацыі “составляются добровольно шляхетством, угнетенным и лишенным прав своих и вольностей беззаконною и насильственною конституциею 3 мая , і каб інтэрвенцыю “можно было обьяснить просьбою о помощи со стороны народа”. Ужо 19 красавіка пад Гомелем Крачэтнікаў атрымаў 200 тыс. руб. на сакрэтныя выдаткі “к продовольствию прилепляющихся к конфедерации”.

24 красавіка Крачэтнікаў прыбыў у Полацк, дзе ўзначаліў 6 конных, 10 пяхотных, 5 казачых палкоў і Эстляндскі чатырохбатальённы корпус. Гэтую моц забяспечылі 10-дзённым запасам харчу і 2 тысячамі фурманак. Так рыхтавалася “добраахвотнае ўз’яднанне братніх народаў”.

Кіраўніцтва Генеральнай канфедэрацыяй у Вялікім княстве Літоўскім даверылі літоўскаму канцлеру Казіміру Сапегу. Той спрабаваў адкруціцца, патрабуючы, каб царскія войскі засланілі ягоныя маёнткі ад магчымае помсты патрыётаў. На месцах, у ваяводствах і паветах, канфедэрацыі даверылі ствараць генэралу Шыману Касакоўскаму. У дапамогу яму далі шэфаў або дарадцаў: Я. Рудніцкага, А. Снарскага, Б. Лакіса, Я. Корсака, Т. Прсецкага. Спісы шляхты, што падпісала антысоймавыя ўхвалы і запрашэнне Кацярыне 11, Крачэтнікаў трымаў пры сабе, каб “по вступлении моем с войсками в Польшу обьявить их в городских канцеляриях с утверждением печати согласно их узаконениям”. Усё павінна было выглядаць законна.

Але як ні высільваўся Касакоўскі, напачатку вольны народ ня надта ляпіўся вакол гэтае справы. Так 7 траўня Касакоўскі меў копію акту Браслаўскай канфедэрацыі, адпісаную толькі 59 ураднікамі і палкім рыцарствам павету.

Тым ня менш, ён запэўніваў, што шляхта павету “столь оказывает горячности, усердия и привязанности к России, что ныне уже готовы сесть на лошадей и начать дело”. Акт канфедэрацыі Полацкага ваяводства падпісалі толькі 70 ахвотнікаў, Аршанскага павету—65. Але пачатк быў пакладзены.

11 траўня Крачэтнікаў выступіў з авангардам на левы бераг Дзвіны і тут сустрэў 200 чал. шляхты. Генэрал растлумачыў, што царскія войскі ўвайшлі не «для разорения и угнетения поселян», а наадварот—каб быць «защитниками их вольности и охранителями от всяких угнетений». Як пісаў сам Крачэтнікаў, пасля ягонай прамовы “жители с совершенным спокойствием вышли и на другой день охотно” прынеслі прысягу. Затым генэрал разаслаў перад сабою маршалкаў намечаных канфедэрацый іншых месцаў. Яны меліся абвяшчаць, што царскія войскі выконваюць вызваленчую місію. Выбіраць на адказныя пасады загадвалася толькі пазначаным у спісе асобаў.

Тым часам войска ВКЛ проста панічна адступала і ўцякала. Калёна расейцаў графа Д. Мэліна паспяхова пераправілася цераз Друць, некалькімі стрэламі распужаўшы памежны пост. Сутычкі адбыліся пад вёскай Ласніца і пад Барысавым, дзе казакі пабілі 21 жаўнера. Мэлін з трыумфам паведамляў, што жыхары “тамошних селений оказывают ласку и доброхотство”. 13 траўня ў Чашніках сабралі навакольную шляхту. Тая падпісала прысягу, што граф вітаў некалькімі гарматнымі стрэламі. У той жа дзень у Халопенічах абвясцілі акт Аршанскай канфедэрацыі, а 17 траўня «польское дворянство с живейшим участием приняло покровительство России» ў Браславе. Праўда, дзеля гэтага з Рыгі тэрмінова прыбыў граф Плятар, які меў прамову пасля літургіі. За ім слова ўзяў граф Мануцы. Нарэшце, усе прысутныя 125 чал., як даносіў Плятар, “принеся благодарение богу, утвердили подпискою со всевозможной тишиною и с превеличайшей радостью и удовольствием” прысяжныя лісты.

20 траўня Крачэтнікаў высмтупіў з Ушачаў і тэрмінова разаслаў дробныя атрады, каб бараніць уладанні новых саюзнікаў, каб не дапусціць склікання паспалітага рушэння і абвяшчэння соймавай ухвалы аб апецы сялян—каб пазбегнуць “неустройств, могущих последовать между чернию от помянутаго разглашения”.

13 чэрвеня пасля некалькіх стрэлаў быў захоплены нясвіжскі замак. У здабычу трапіла 500 гармат, 1569 стрэльбаў, 277 цесакоў, 266 шабель, 26 бочак пораху. 29 афіцэраў і 803 жаўнеры каронных і радзівілаўскіх войскаў былі прыведзены да прысягі і адпушчаны на ўсе чатыры бакі.

Трывожныя весткі паступалі з Горадні, дзе на выпадак абароны папраўлялі старыя швэдзкія акопы. Пад Зэльвай Мэлін разбіў атрад з 22 чал., яшчэ 24 чалавекі ўзяў у палон. У Шчучыне Крачэтніккаў выдае загад, што за супраціў Генэральнай канфедэрацыі ВКЛ ён “употреблять будет войска”, а палонных накіруе у Цвер.

Хуткасць і грошы зрабілі сваю справу. За месяц пераможнага наступу на Беларусі Крачэтнікаў раздаў 117486 руб. 25 чэрвеня 317 чал. стварылі Менскую канфэдэрацыю. 30 чэрвеня 500 чал. Падпісалі акт Гарадзенскай канфедэрацыі. 8 ліпеня ў Берасці прысягнула 1400 чал.—пасля палону 38 супраціўленцаў з 5 гарматамі. 14 ліпеня трыумфатары занялі Берасце, дзе дарэмна с тараўся над фартэцыямі Я. Ясінскі, будучы кіраўнік паўстання 1794 году.

Паводле справаздачы Крачэтнікава, за час кампаніі ягоныя страты—ўсяго 23 забітых і 106 параненых. Свае войскі генэрал размясціў так: 3 палкі па лініі Берасце-Нараў, 3 палкі паміж Пінскам і Горадняй, 5 палкоў сталі на лініі Слуцак-Наваградак-Ліда-Вільня. Пасля гэтага ён паведаміў царыцы, што цяпер “в целой Литве не найдется таких, кои бы способны были предпринять что либо против покровительствуемой конфедерации”. Заставалася толькі злучыць генэральныя канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы.

Апошні акт гэтага дзейства адбыўся 31 жніўня ў касёле езуітаў у Берасці. На чале працэсіі ішоў біскуп І. Касакоўскі, за ім—маршалкі аб’яднанай канфедэрацыі: ад Кароны—граф С. Патоцкі, ад ВКЛ—А. Сапега. Пасля імшы маршалкі выказалі прачулыя падзякі, затым падпісалі акт аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Калія яны выйшлі з касцёлу, іх віталі 51 гарматным стрэлам. Пачаліся абдымкі, пацалункі. Расчулены граф Патоцкі пачаставаў трыумфатараў абедам. Пілі за здароў’е Кацярыны 11, за караля і канфедэрацыю, за расейскую і польскую арміі. Для ўзнагароды знаці з Масквы было выпісана 15 выяваў царыцы.

Апошні супраціў, трэці літоўскі пяхотны полк, быў раззброены 2 красавіка 1793 г.550 палонных разаслалі на ўкамплектаванне царскіх палкоў. Пачалося дызертырства са зняслаўленага літоўскага войска. У Горадні склікаўся новы сойм, які меўся ўзаконіць акупаваныя тэрыторыі за Расейскай імперыяй.

Так выглядае далучэнне беларускіх земляў ВКЛ да імпэрыі ў справаздачах Крачэтнікава царыцы. Расейскі царызм, які вінавацілі ў дэспатызме, гвалтаванні шляхецкіх соймікаў і свабод, выступіў дзейсным абаронцам бастыёнаў шляхецкай дэмакратыі. Кацярына 11 выкарыстала запрашэнне з выгадай для абодвух бакоў: імпэрыя павялічвалася на 250 тыс. км. кв., а шляхецкае саслоў’е захавала свае правы і прыгонную залежнасць сялянства. З гэтага часу і паўстала канцэпцыя аб “дабраахвотным уз’яднанні Беларусі з Расеяй”, а таксама –аб устойлівасці грамадзскага ладу толькі ва ўмовах унітарнай дзяржавы на чале з абсалютным манархам.

Яўген Анішчанка

Наша Ніва. 1994. № 7. С. 7