Крыніцы і аўтары атласа Мінскай губерні 1800 г.

 

Цэнтральна-беларускія землі, далучаныя да Расійскай імперыі па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай, паводле ўказа ад 3 мая 1795 г. склалі Мінскае намесніцтва, а з 9 кастрычніка 1796 г. апошняе было арганізавана ў губерню. Нованабыты абшар адразу стаў аб’ектам пільнай увагі царскіх улад, што рэалізоўвалася праз географа-статыстычнае апісанне тэрыторыі і яе картаграфаванне.

У мэтах падрыхтоўкі ўвядзення новай тэрытарыяльнай будовы адміністрацыі царскім загадам галоўнакамандуючаму акупацыйнымі войскамі М. Крачэтнікаву ад 8 снежня 1792 г. даручалася скласці “верную карту” з апісаннем далучаных зямель. Адпаведныя працы курыраваў генерал-маёр, камандзір рэзервовай брыгады Кіеўскага канегорскага палка і першы мінскі губернатар І. М. Няплюеў. Апошні ўсклаў выкананне праекта на былога чарнігаўскага губернскага землямера (потым мінскага, зволенага з пасады 11 мая 1795 г.), тытулярнага саветніка С. Т. Прарокава. Пад яго камандай першымі сталі працаваць чыны з Падольскай і Валынскай губерняў Кажэўнікаў, Мядведзеў і Елісееў.

Аснову апісання тэрыторыі склалі інструментальныя здымкі, якія выконваліся ўздоўж вялікіх дарог паводле настаўлення інжынер-генерал-маёра Кнорынга. Мясцовасць разбілі на 7 дыстанцый, унутры якіх здымкі праводзілі гарадніцкі землямер, прапаршчык Дзяканаў, берцынскі землямер Мікалай Троіцкі, чарнігаўскі –Міхаіл Сцепановіч, старадубаўскі—Мікалай Сакалоў, лахвіцкі—прапаршчык Якаў Хамянкоў, нежынскі—паручык Іван Лявіцкі-Рогаль, копыскі—Сямён Грачыха. Кожны землямер складаў на свій участак прыватны план у маштабе 5 вёрстаў у англійскім дзюйме (1:210000), якія затым зводзілі  ў генеральную карту або агульную губернскую карту 10-вёрстанага маштаба (1:420000). У якасці даведачнага суправаджэння да карт далучалася тэкставае альбо камеральнае апісанне тэрыторыі ў выглядзе каталога населеных пунктаў, іх уладальнікаў і з шырокім наборам сацыяльна-эканамічных даных—млыноў, корчмаў, вясковых двароў, ярмарак і г.д.

У справаздачах выканаўцаў фігуруе каля 8 тыс. паселішчаў, або 89 % ад пазнейшага ўліку. Запланаваны маштаб з-за нераўнамернасці запаўнення і гушчыні аб’ектаў картаграфавання не задаволіў найперш саміх стваральнікаў. З 22 ліпеня 1793 г. участковыя планы сталі рабіць у 2.5 вярсты (1:105000), а генеральную карту –у 5 вёрстаў. Да таго ж заказчыкі неаднаразова паскаралі выканаўцаў. Сцепановіч скардзіўся, што “ни одного дня не имеет роздуху” і працуе цэлымі начамі. Дзьяканаў карыстаўся вымяральным інструментам без магнітнага дзеяння і таму назначаў мерыдыян “по вешкам”, умоўна арыентуючы выявы. Прарокаў наносіў нагрузку карт (т.зв. сітуацыю) “по разпросам” жыхароў. Таму часта адно і тое ж паселішча атрымлівала рознае найменне. Здымшчыкі рэгулярна спасылаліся на мноста цяжкапераходных месцаў, што прыводзіла да недаўліку, прымушала праводзіць здымкі пераважна ўздоўж сухадольных дарог прама з фурманак. Бескантрольнаць палявых дзеянняў адпавядала ваена-аператыўным мэтам здымак. Да таго ж населеныя пункты занатоўваліся ў асноўным па вусных дэклярацыях землеўладальнікаў або іх упраўляючых пад прысягай. У тагачасным уліку тое лічылася дастаткова надзейным сродкам кантролю за дакладнасцю выяў.

Інструментальныя здымкі доўжыліся да лістапаа-снежня 1793 г. адзін з узораў 5-вёрстнай карты 1793 г. на Мінскі павет захоўваецца зараз у Нацыянальным архіве. Маюцца тут і чарнавыя спісы камеральнага апісання. Выніковыя матэрыялы пазней выкарымтоўваліся Генштабам пры арганізацыі губерні і стварэнні на яе Атласа, паводле царскага ўказа ад 29 сакавіка 1797 г. так з’яўляецца новы комплекс крыніц.

З 9 кастрычніка 1796 г. і да 9 студзеня 1797 г. праводзілася вымяжоўване гарадскіх выганаў і іх картаграфаванне. Па справаздачы 10 студзеня 1797 г. у Мінскай губернскай чарцёжнай мелася 13 гарадавых планаў у маштабе 50 сажняў (1:4200), а ў сакавіку 1798 г.—дадаткова на гарады Пінск, Мазыр, Рэчыца, Бабруйск, Ігумен, Барысаў. 8 жніўня 1797 г. у Экспедыцыю дамаводства быў адасланы план Агінскага канала (аўтар Худышаў) разам з выявамі сплаўных рэк для адміралцейтва. Практычна ўвесь 1797 г. вяліся здымкі паштовых дарог 10-сажнёвымі вяроўкамі, але без паказу сітуацыі. Плёнам згаданых прац стала стварэнне спецыяльных генеральных карт Мінскай губерні. У пачатку студзеня 1797 г. у чарцёжнай знаходзілася тры губернскія карты (5,10 і 20 вёрстаў). Да 20 ліпеня Кісялёў, Беспалаў і Матчын склалі 4 новыя генеральня карты, а да 19 кастрычніка дадалі да іх яшчэ 2 паштовыя і 3 генеральныя. Усе ўпамянутыя картагафічныя выявы з’яўяляліся арыгінальнымі творамі. Перапіска землямераў не мае ніякіх ўказанняў на выкарыстоўванне папярэдніх графічных помнікаў польскіх каморнікаў.

Мноства спецяльных карт і планаў, створаных па патрабаваннях роных спажыўцоў, спрабавала ўніфікаваць адміністрацыя Паўла 1, улюбёнага ў прускі парадак. Новы імператар утварыў асабістае Дэпо карт, куды ў мэтах цэнзуры і цэнтралізаванага кантролю за ўсімі картаграфічнымі праектамі ў хуткім часе запатрабавалі адпаведныя матэрыялы з месцаў.

23 студзеня 1797 г. імянным указам усім губернатарам даручалася скласці атласы губерняў паводле новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ў згданае Дэпо. 21 лютага ўпраўляючы Мінскай, Валынскай і Падольскай губ., генерал ад інфантэрыі А. А. Беклешоў спецыяльным ордэрам акрэсліў царскі загад. Упраўляючы патрабаваў “генеральную карту с разделенеим по номерам селений каждого владения» і з павятовымі алфавітнымі каталогамі двароў, паселішчаў, уладальнікаў «господской чиншевой шляхты, священнических, татарских, еврейских и обывателей порознь всякого состояния мужеского и женского пола», па-другое, паштовую карту губерні, па-трэцяе, гідраграфічную карту з апісаннем рэк і азёр для сапраўднага стацкага саветніка Я. Я. Сіверса.

У такім складзе апрацоўку атласа пачалі з 13 лістапада 1797 г. пад кіраўніцтвам ужо новага губернскага землямера, надворнага саветніка Льва Рыгоравіча Соіна. Пад яго камандай працавалі мінскі павятовы землямер Аўрам Дзіваў, пінскі—Васіль Матчын, барысаўскі—Пракоп Худышаў, бабруйскі—Кірыла Карнавухаў, слуцкі—Сямён Кобелеў, мазырскі—Аляксей Кучаргін,дзісенскі—Сямён Бяспалаў, вілейскі—Пётр Кулакоў, рэчыцкі –Іван Кісялёў. Курыраваў праект сам губернатар З. Р. Карнееў. Хутка працэс картаскладання перапынілі чарговай карэктывай.

Указам ад 28 студзеня 1798 г. цар запатрабаваў атлас у 2 экземплярах з адлюстраваннем межаў зямельных уладанняў з поўным і падрабязным апісаннем апошніх. Падрабязнасці праграмы выкладаліся ў спецыяльным “Начертании” чарговага канцлера імперыі А. Б. Куракіна. Дасюль даследчыкі карысталіся няпоўным тэкстам прадмовы дадзенага плана. Таму прывяду яе цалкам, у адпаведнасці з ордэрам З. Карнеева ад 15 красавіка 1798 г. Тлумачэнне мела тры ўмовы: першае, “чтоб описания были отделены от карт и переплетены в особых книгах в мере малого александрийского листа, другое, чтоб в самых картах больше было частных дач от общих уездных планов отвязанных и на поле или на другом месте изображенных, дабы тем они яснее и подробнее раскрывались, и третье, желательно бы было, чтоб к ланам уездных городов приложены были планы знаменитых в них строений”.

Соін рапартамі ад 20 лютага і 16 мая 1798 г. указаў на адсутнаць у чарцёжнай планаў зямельных уладанняў з-за агульнай неразмежаванасці губерні. У якасці адзінай спадручнай суцэльнай крыніцы ён называў губернскую карту здымак 1793 г. У выніку даводзілася праводзіць умоўныя або “антрельные” межы ўладанняў паводле даных рэвізіі падатковага насельніцтва за 1795 г. Адпаведны парадак апрацоўкі зыходных матэрыялаў вытрымліваўся паводле наказу З. Карнеева ад 18 мая 1798 г.

Пры гэтым усе працы пачыналі са складання планаў паветаў у 5-вёрстным маштабе, да якіх адначасова прыкладалі рэестр альбо алфавіты маёнткаў. Пры мностве населеных пунктаў губернатар патрабаваў планы ў 2.5 вярсты. На алфавітах і павятовых планах прадстаўлялі аднолькавыя нумары—для хуткасці і зручнасці карыстання. На падставе алфавітаў, паводле спецыяльнай формы на кожнае зямельнае ўладанне складалі эканамічнае апісанне павета ў выглядзе статыстычнай табліцы, або т.зв. рэмарак. Апошнія рассылалі ў ніжнія земскія суды і да гараднічых з патрабаваннем, “чтобы они в тех же описаниях в назначенных графах проставили число домов, монастырей, церквей и других строений, фабрик, заводов, мельниц и описали б все то, что требуется по оглавлению последней графы”. На назве апошняй дасланыя павятовыя апісанні і атрымалі надалей назву камяральных эканамічных заўваг.

Пасля адсылкі рэмарак землямеры рабілі белавыя варыянты генеральнай карты губерні, планаў паветаў і гарадоў з дэманстрацыяй сапраўднай і запраектаванай забудовы. Недастаўленыя звесткі запаўнялі з Тапаграфічнага апісання губерні, якое складалі праз апытанне прадвадзіцеляў дваранства. Такім чынам, адначасова ствараліся наступныя крыніцы: Атлас губерні ў складзе генеральнай карты, планаў паветаў і гарадоў. Атлас суправаджалі павятовыя эканамічныя заўвагі зямельных уладанняў. Нарэшце, на ўсюгуберню рабілі агульнае эканоміка-геаграфічнае або Тапаграфічнае апісанне.

Дадзены парадак парушыўся тым, што земскія суды і павятовыя выпраўнікі да чэрвеня 1798 г. прадставілі ў чарцёжную супярэчлівыя даныя, якія разыходзіліся з рэвізскімі звесткамі 1795 г. Землямеры ж не мелі часу да іх выпраўлення, бо ўсё лета займаліся тэрміновым межаваннем выганаў гарадоў, разбіўкай іх на кварталы і картаграфаваннем. Вядома, што ў ліпені 1798 г. Карнавухаў склаў план Нясвіжа і карту Дзісенскага павета, Кобелеў—план Давыд_Гарадка і паштовую карту губерні ў 20 вёрст, Бяспалаў—планы заштатных гарадоў Давыд-Гарадка, Нясвіжа, Докшыц, Пастаў, Васільеў—план Докшыц і Вілейскага павета, Кусакоў—план Рэчыцы і Бабруйска, Кучугін—план Мазыра.

У канцы верасня 1798 г. землямеры раз’ехаліся па паветах для асабістага ўдакладнення алфавітаў з рэмаркамі з дапамогай земскіх судоў. Матчын паведамляў з Пінскага павета, што з-за адсутнасці членаў судоў ён складаў камеральнае апісанне па даведках эканомаў і з падатковых квітанцый аб выплаце падушнога падатку (апісанне ён здаў 18.11.1798 г.). Кобелеў з-за адсутнасці членаў суда сам аб’яджаў памешчыкаў і рассылаў салдат у Слуцкім павеце. Кулакоў складаў апісанне Вілейскага павета з дапамогай ключ-войтаў. У такім жа становішчы апынуліся Дзіваў у Ігуменскім павеце і Карнавухаў—у Дзісенскім. У цэлым землямеры завяршылі палявую рэвізію зыходных матэрыялаў да канца лістапада 1798 г. Далейшая апрацоўка іх была пеоапынена люстрацыяй дзяржаўнай вёскі, і, як сцвярджаюць справаздачы, працы над атласам цягнуліся да 20 красавіка 1800 г.

Магчыма, хутка пасля апошняй даты ібыў адасланы разглядаемы Атлас, паколькі існуючы экземпляр датаваны 1800 г. Тым не менш маруднасць заключных прац можна растлумачыць шэрагам наступных абставін. 4 сакавіка 1799 г. генерал-пракурор, князь П. В. Лапухін папрасіў Соіна прадставіць “точно такой же” Атлас Мінскай губерні разам з генеральнай картай і Тапаграфічным апісаннем “для выправок о местоположении городов и селений, количества и качества земли, лесов и угодий”. 30 жніўня 1800 г. Соін атрымаў указ упраўляючага А. Розенберга “переписать” атлас з тапаграфічным апісаннем для асабістага службовага карыстання. 3 верасня 1800 г. губернскае праўленне распарадзілася аб тым, каб Соін пасля завяршэння Атдаса ў Дэпо карт склаў яго другі варыянт шляхам “переписки со сведений предыдущго, вместе с топографическим описанием губернии”. Яшчэ адну копію згаданага Атласа ў мінскай чарцёжнай пачалі рабіць для генерал-пракурора Сената Пю Х. Абальянінава паводле ўказа ад 5 сакавіка 1801 г. Відаць таму Соін не спяшаўся адсылаць першы варыянт Атласа.

Такім чынам, з 1797 г. да пачатку 1801 г. выконвалася 6 варыянтаў Атласа Мінскай губерні разам з статыстычнымі і географа-эканамічнымі дапаможнікамі—Тапаграфічным апісаннем губерні ў цэлым і павятовымі апісаннямі ў прыватнасці. Як відаць, розныя спажыўцы праяўлялі вострую патрэбу у такога роду інфармацыі. Прыведзеныя звесткі дазваляюць сцвярджаць, што ў аснове ўсяго тыражу картаграфічнай прадукцыі ляжалі адныя і тыя ж даныя 1798 г., якія практычна нязменна вандравалі з копіі ў копію. Апошняя акалічнасць спрыяла пэўнаму розначытанню зыходных крыніц, рабіла першапачатковыя звесткі супярэчлівымі і несупастаўнымі ў поўным аб’ёме. Таму неабходна асцярожна і крытычна падыходзіць да карыстання існуючымі экземплярамі Атласа Мінскай губерні.

Я. К. Анішчанка

Тэз. міжн. нав.-практ. канф. “Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы”, 1-2 снежня 1993 г. Частка 1. Мн., 1993. С. 127-132