Вандроўка імператрыцы

 

Усе начальнікі ва ўсе часы вельмі любяць свой народ: выступаюць ад яго імя, дзень і ноч клапоцяцца аб ягоным дабрабыце і г.д.

Здаецца, зусім нядаўна вяскоўцы дэманстравалі высокім гасцям свае ўзорныя фермы, а імклівыя кавалькады чорных лімузінаў горача віталі загадзя сабраныя шарэнгі працоўных на гарадскіх вуліцах. Але, як сведчаць дасюль маўклівыя архіўныя крыніцы, папярэднікі сучасных народалюбцаў XVIIIст. гэткім жа чынам наведвалі масы, толькі што не на “Волгах”, а ў карэтах. Вандроўнікі ўлюбёна глядзелі на падданых праз завешаныя акенцы, а апошнія запэўнівалі сустракаючых у тым, што за шторамі сядзіць абавязкова важная і надта лёсавызначальная асоба. З асаблівай помпай і загадкавасцю тыя паходы ў народ адбываліся дзякуючы руплівым заўзятым службістам.

Менавіта на гэтай арэне дзейнасці праявіў сябе першы генерал-губернатар Магілёўскага і Полацкага намесніцтваўЗ. Р. Чарнышоў, які меўся падрыхтаваць у маі 1780 г. наведванне Беларусі самой царыцай Кацярынай 11. Па ягоных рапартах царыца была пераканана, што тутэйшы “край большею частию плодоносный, а этот народ (беларусы—Я.А.) вовсе не так беден и по отзыву…они довольно трудолюбивы”. Невядома адкуль, але Кацярына аддавала належнае характару беларуса, бо гаварыла, што “где только начнут его трогать, он нигде не поддается”. Відаць, паўночная Смірамідавырашыла ўласна пераканацца ў сапраўднасці суцяшальных данясенняў свайго намесніка, які абавязкова “все улучшения припишет себе”. Чарнышоў жа разлічваў не толькі на цярплівасць беларусаў, бо яшчэ за 4 месяцы да ад’езду царыцы з Пецярбурга распланаваў царскую паездку ў наступных дэталях.

4 студзеня 1780 года ён уласнаручна склаў падрабязны цырыманіял або расклад сусрэчы венцаноснай асобы. Сустракаць прадбачылася поезд з 13 карэт, 84 калясак і 15 падверхаў, які цягнула 456 коней. За гербавай карэтай, запрэжанай 10 коньмі, ішла карэта пад ложак і яшчэ 5—пад гардэроб. Світа мелася перасекчы 259 вёрстаў і 16 станцый, на якіх ставілася 258 заменных коней. Царскі маршрут быў разбіты такім чынам, каб паштовыя станцыі адстаялі адна ад адной на 15-18 вёрстаў (16-19 км.). Кожны паштовы дом тутэйшыя памешчыкі меліся забяспечыць 50 чвэрцямі вуголля і 50 сажнямі бярозавых дроў. Пры кожным двары ўтвараліся напоўненыя лёдам скляпы для захавання напіткаў і харчавання. З. Чарнышоў папярэджваў мясцовых чыноўнікаў, каб прабегі паміж станцыямі былі ачышчаны нават ад надзвычайных кур’ераў—крый божа іх прымуць за неналежных асоб або яны паласуюцца на адборныя прыпасы!

Начавалі падарожнікі пад аховай ротнага каравула, узброенага музыкай, сцягамі і барабанамі. Каб забяспечыць вандроўнікам цішыню днём, а вяселле ўначы, на месцы сцягнулі 8 палкоў—Новатроіцкі кірасірскі, Ямбургскі карабінерны, Лейбкірасірскі, Валагодскі мушкецёрскі, СанктПецярбургскі пяхотны, Беларускі егерскі, ды й яшчэ 2 грэнадзёрскія выдзелы. Аднак той фізічнай і музычнай моцы не хапіла для забеспячэння, і З. Чарнышоў распарадзіўся трымаць на фарпостах дадаткова  250 украінскіх казакоў. Барабанны бой ракватараваных войскаў узмацняла гарматная пальба, дзеля чаго нарыхтавалі 50 пудоў пораху.

Каля рагатак і перавозаў на губернскай граніцы царскі поезд сустракалі сам губернатар, брыгадны генерал-маёр, губернскі і павятовы прадвадзіцелі дваранства з 24 лепшымі дваранамі, а таксама губернскі каморнік і мытны наглядчык. На мяжы кожнага павета іх змянялі павятовы суддзя з заседацелямі, капітан-спраўнік, гараднічы з эскадронам палявой каманды. Пасля губернскай мяжы вышэйшыя чыны (губернатар, прадвадзіцелі дваранства) стрымгалоў скакалі на конях да бліжэйшай паштовай станцыі, каб паспець стаць поруч з віцэ-губернатарам, губернскім паштмайстрам на чале 12 паштовых і зноў-такі—24 дваран. Тут жа выстройвалася ганаровая каманда вайскоўцаў—обер-афіцэр, 2 унтэр-афіцэры, 2 капралы, 20 радавых. Губернскія чыны лёталі паміж прыпынкамі так, каб не трапіць на вочы гасцям і тым пераканаць іх у сваёй усюдыіснасці. Да таго ж З. Чарнышоў выказаў пажаданне, каб дастойныя памешчыкі на сустрэчах былі “в польских платьях”. Надта ж яму карцела выставіць беларускі край толькі што заваяванай польскай правінцыяй, яшчэ неабруселай хац б вонкава.

Пры ўездзе ў горад будаваліся трыумфальныя вароты, перад каторымі гарадскі магістрат (галава горада з 12 лепшымі мяшчанамі) вітаў уязджаючых пад гукі труб і літаўраў. Далей, за аркай, абапал вуліцы стаялі яўрэі на чале з кагальнымі старшынямі і камендантам. Потым ішлі шарэнгі цэхавых гараджан са сваімі сцягамі і барабанамі. Ля прысутных месцаў у адну лінію выстройваліся прыказныя служачыя. Духавенства прадстаўлялася каля манастыроў у поўным убранстве і з крыжамі. Пры начальніцкіх палацах ставілася па адной грэнадзёрскай роце таксама са сцягамі і музыкай. Тут жа 2 афіцэры і 8 коннікаў на чале з капраламі чакалі неадкладных распараджэнняў у якасці ардынарцаў. Штатныя каманды акружалі саборы, дзе поўніўся звычайны люд. Гарнізонныя каманды прыбіраліся без пудры, а вартаўнікі сіаялі без зброі—на ўсялякі выпадак.

Да згаданага цырыманіялу З. Чарнышоў дадаў спецыяльнае “Генеральнае назіранне”, у якім патрабаваў усюды зачыніць крамы, уязджаючых сустракаць няспыннымі гарматнымі стрэламі і звонам. Ад карэты да ўваходу у галоўны гарадскі палац царыцу віталі трубы на вежах. Па ўсіх паселішчах на шляху царскага поезда ставіўся народ абапал вуліц, чыста вымеценых і ўсыпаных аерам. Начлежныя дамы асвятляліся ўсю ноч. Паміж населенымі пунктамі ў непрыдатных месцах растаўлялася па 30 чалавек з вяроўкамі і крукамі—для бурлацкай працы. Усялякім разявам сурова забаранялася набліжацца да царскай карэты пад пагрозай “жестокого наказания” і навогул “отнюдь нигде народу и мальчикам не бегать”. На час высокага падарожжа З. Чарнышоў закрыў губернскія граніцы і дазволіў прапусціць на сустрэчу з Кацярынай толькі 4 жонкі замежных польскіх вяльмож, 6 надзейныхмагнатаў ды 10 ксяндзоў. Вельмі зразумелым выглядае і наступны загад намесніка. Ён патрабаваў неадкладна, да 1 мая, завяршыць крымінальныя справы, каб “нигде колодники под стражею не содержались”,  і адначасова ўнесці ўсе грашовыя і хлебныя нядоімкі. Хоць і пыл у вочы, а паспрабуй, знайці недахопы !

Загадзя распісаны парадак вандравання быў цалкам вытрыманы. Неабходна толькі дадаць, што, акрамя 19 тыс. руб, ахвераваных на карысць беларускіх праваслаўных святынь, Кацярына не забылася пакінуць тут і 54 свае партрэты. Кожны з іх каштаваў 7 руб. 50 кап. Кошт за такі каштоўны падарунак мелася выдаткаваць з даходаў губерняў будучага 1781 года.

Вельмі ж чыноўнікі, саноўнікі і начальнікі ўсіх часоў любяць свій народ. І не ступі без іхніх раскладаў, і не дыхні на іх выявы…

Яўген Анішчанка

Чырвоная Змена. 2 лютага 1993 г.