Звычайны гандаль (аб дзейнасці пагранічных камісій паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай імперыяй у першай палове XVIII ст.)

Розныя школы гісторыкаў у варунках палітычнай кан’юнктуры ўжо даўно вырашаюць складанае пытанне: якая ўлада больш талерантна клапацілася аб прыгнечаным і падуладным насельніцтве Беларусі—выбарна-каралеўская Рэчы Паспалітай або цэнтралізавана-самаўладная Расійскай імперыі. Пры непазбежнай прадузятасці, абмежаванай крыніцамі пэўнага ідэалагічна-канфесіянальнага паходжання, многія гісторыкі фактычна паўтараюць і аднаўляюць узаемныя абвінавачванні абедзьвюх дзяржаў у веранецярпімасці, нехрысціянскім абыходжанні з прыгоннымі, парушэннях натуральных правоў асобы, дыпламатычных пагадненняў і г.д.

Справа ўладкавання міжнародных адносін на глебе і ў мэтах абгрунтавання выключна сваіх спрадвечных правоў на беларускія землі набыла практычнае значэнне на рыштаваннях асветніцкіх ідэй XVIII ст., пры ўмацаванні пануючых рэлігій за кошт падпарадкавання іншавернікаў (дысідэнтаў у Рэчы Паспалітай, старавераў—у Расійскай імперыі). Пад наступам пераважна пагранічных уладальнікаў і дзеля дэманстрацыі дыпламатычнага міралюбства, суседнія ўлады у 1723 г. дамовіліся стварыць сумесныя пагранічныя каімсіі ў складзе трох членаў з кожнага боку. Камісары мелі задачу рэгістраваць і рэгуляваць узаемныя крыўды з нагоды наездаў,захопаў зямлі, маёмасці, дакументаў, падданых. Расійскі бок пры гэтым адкрыта праследваў мэты кампенсаваць матэрыяльныя страты ад уцёкаў падаткаплацельшчыкаў і рэкрутаў.

Адваротны бок паслядоўна аздабляў свае карыслівыя разлікі на рабочыя рукі гнаных чужынцаў уласнай верацярпімасцю і гасціннасцю. Магнаты заахвочвалі ўцекачоў падаткавымі льготамі для каланізацыі ўладанняў, вывозілі находнікаў углыб тэрыторыі, камплектавалі ўцекачамі прыватныя войскі, прадавалі іх назад як рэкрутаў і патуралі кантрабандзе бежанцаў. Разбой на межах не стрымалі ні ўтвораныя ў 1730 г. узброеныя кардоны, ні ўвядзенне з 1739 г. санітарна-пашпартнага рэжыму. Шляхта Вялікага княства Літоўскага, прыхільная да рэгіянальнага самакіравання, ігнаравала пагрозлівыя каралеўскія ўніверсалы аб нетрыманні і вяртанні ўцекачоў.

Асаблівы росквіт тэрытарыяльных спрэчак прыпадае на 30-50-я гг. XVIII ст., на час адзяржаўлення царквы ў Расійскай імперыі (ганенняў старавераў), барацьбы магнацкіх партый ВКЛ за шляхецкія галасы пры дынастычных крызісах. Жаўнеры навагрудскага ваяводы гетмана Радзівіла высочвалі патокі бежанцаў і гвалтоўна вывозілі апошніх з уладанняў сапернікаў, што задавальняла каралеўскую і расійскую адміністрацыю. Вайсковыя наезды суправаджаліся крывавымі бойкамі і стваралі тую анархію, якую царызм выкарыстоўваў для стварэння ўласнай шпіёнскай сеткі сярод незадаволенай маламаёмнай шляхты.

Толькі Аўгуст 111 універсалам ад 4.01.1755 г. распарадзіўся выбраць на надыходзячых сейміках спецыяльных пагранічных камісараў. Усе прэтэнзіі расійскага боку прадугледжвалася разбіраць праз земскія і гродскія суды. Аднак судовы шлях рэгулявання спрэчак сарвалі ўласны эгаізм магнатаў, пастаянныя зрывы сеймікаў, бяссілле каралёў, выканаўчая валакіта, распаўсюджанасць хабарніцтва, царскія грошы на падтрыманне стану безуладдзя. Дзвінская камісія, створаная ў 1744 г., зафіксавала, што з 1710 г. кошт правозу тавараў па Заходняй Дзвіне вырас у 5 разоў. Звышстатутавыя пошліны на мытнях практычна пераўтварыліся ў хабар.

Рускі бок у мэтах гандлёвага балансу ўтрымліваў вываз звонкай манеты за мяжу. Адміністратары буйных уладанняў,асабліва князя Чартарыскага, карысталіся транзітным становішчам, канфіскоўвалі тавары расійскіх купцоў у кошт доўга, няволілі гандляроў. Тое выклікала хранічную ўзаемную запазычанасць паміж шклоўскімі яўрэямі і расійскімі купцамі. На працягу 1745-1747 гг. сумесная камісія ў Татарску ацаніла доўг шклоўскіх яўрэяў у 66347 руб., а іх кантрагентаў—у 62447 руб. Чартарыжскі адмовіўся адказваць за пазыкі яўрэяў, як людзей вольных, хуценька змяніўшы упраўляючых. Руская ж улада жорстка спаганяла запазычанасць сваіх падданых з дапамогай кругавой адказнасці з усіх мяшчан пэўных гарадоў. Меркантыльна-сквапны Чартарыжскі паяднаўся з палітычнымі відамі царызму: яму выплацілі з казны 2 тыс. руб. ды адарылі каштоўным футрам, якое выпусцілі за мяжу пад ахоўнай граматай.

Канчатковае абагульненне сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій царскі ўрад зрабіў пасля ўзвядзення на трон паслухмянага С. Панятоўскага.

Звычайны гандаль (аб дзейнасці пагранічных камісій паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай імперыяй у першай палове XVIII ст.)//Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы). Тэз. дакл. і паведамл.Усебеларуская канф. гісторыкаў. Мн. 3-5 лютага 1993 года. Мн., 1993. С. 125-127