Казырная карта пецярбургскага двара

У XVIIIст. і ў Расійскай імперыі, і ў Рэчы Паспалітай адбываліся аналагічныя працэсы. З аднаго боку—пашырэнне прыгонніцтва, з другога –распаўсюджванне асветніцтва. Пануючыя саслоў’і абедзвюх дзяржаў выхваляліся сваёй талерантнасцю, прязнасцю да натуральных правоў асобы. Разам з тым бакі вінавацілі адзін аднаго ў негуманным абыходжанні з падуладным насельніцтвам, у веранецярпімасці, уціску дысідэнтаў. Асабліва вострыя спрэчкі ўзнікалі ў сувязі з уцёкамі расійскіх падданых у Рэч Паспалітую і звязанымі з імі пагранічнымі інцыдэнтамі.

На глебу шырокай дыпламатыі пытанне пра расійскіх уцекачоў было пастаўлена адразу пасля заканчэння Паўночнай вайны (1700-1721). Узнялі яго рускія памешчыкі-афіцэры, якія пасля вяртання дамоў знайшлі свае маёнткі спустошанымі, без прыгонных, а за іх трэба было плаціць дзяржаўныя падаткі. І дзяржава таксама несла страты, бо ўцякалі рэкруты. Пасля дамоўленасці ў снежні 1723 г. Пецярбург і Варшава вырашылі стварыць тры пагранічныя камісіі “для исследования обид”. Расійская калегія замежных спраў даручыла сваім камісарам занатаваць крыўды, неадкладна распачаць пошук уцекачоў і вярнуць іх, а таксама дабіцца кампенсацый за разарэнні ад узброеных наездаў суседзяў. Польскі кароль у сваю чаргу неаднаразова пасылаў у Вялікае княства Літоўскае пагрозлівыя ўніверсалы, патрабуючы ад службовых асобаў не прымаць і вяртаць уцекачоў. Але мясцовая шляхта, прыхільная да федэратыўнай самастойнасці і незалежнасці, ігнаравала тыя патрабаванні.

Тады ў чэрвені 1730 г. расійскі бок вырашыў спыніць міграцыю пры дапамозе сілы. На мяжы былі створаны ўзброеныя заставы. З 1739 г. прапускны рэжым на іх ажыццяўляўся толькі па пашпартах, а тых, хто накіроўваўся ў Рэч Паспалітую, трымалі на 6-тыднёвым санітарным каранціне. Тым не менш, камісары канстатавалі, што расійскія падданыя ўсё ж пераходзяць мяжу, бо іх вабілі падаткавыя льготы, а таксама вольнасці ў Княстве. Уплывовыя і заможныя магнаты ў ВКЛ прымалі ўцекачоў, каб паказаць сваю прыхільнасць да верацярпімасці і дзеля абвінавачвання расійскіх уладаў у адваротным, а яшчэ патрбны былі і танныя рабочыя рукі.

Калі ж пагранічныя каманды наведвалі маёнткі Княства для рэгістрацыі і лоўлі ўцекачоў, то звычайна адбываліся бойкі. Так, накіраваны ў 1750 г. у бок пскоўскай мяжы ротмістр Полацкага ваяводства М. Гайкоўскі ва ўладаннях графа Агінскага знайшоў “скопление разбойников, кои ничем больше не промышляют, как только одним мошенничеством и воровством и не только сами крадут, но и других себе подобных укрывают и как слышно, то они в волости госпожи Огинской…собираются и, собравши артели, деньги вскладку збирают в презент госпоже.., от которой берут позволение и за границу на разбой ходят”.

Пскоўскі секунд-маёр Снавідаў застрашваў урад памерамі ўцёкаў, калі “столько теперь умножилось в Польше беглецов, что и умещать уже им на своих землях негде, то многие природных своих крестьян в чужие маетности отпускают, и на те места российских поселяют, другие ж, которые имели только одной земли по малому числу и сами пахали, ныне от содержания беглецов здешних разбогатясь получаемыми от них доходами, приумножили земель и имеют те маетности, да и жиды по нескольку у себя в услуженьи держат».

На пачатку 1755 г. кароль аб’явіў уцекачоў злачынцамі, “которые укрываются для разбоев и воровской добычи”. Адказным асобам Княства даручалася абраць на шляхецкіх сойміках пагранічных камісараў, якія павінны былі не радзей двух разоў у год з’язджацца на чатырохтыднёвыя сустрэчы з расійскімі прадстаўнікамі. Прэтэнзіі апошніх мелася разбіраць у земскіх і гродскіх судах, а выкрытых уцекачоў прадпісвалася вывозіць пад узброенай вартай віленскага ваяводы, гетмана, князя М. Радзівіла. У Пецярбургу з незадаволенасцю адзначылі, што выдачы падлягалі толькі “воры и воинские дезертиры” і запатрабавалі выдаць “всех простых беглецов доныне в Польше и Литве живущих”. Аднак на гэты ціск”министерство литовское отговорилось о том озлоблением на себя всего шляхетства и чтоб замешательства между оным оттого не произошло.

Расейская ваенная калегія ў адказ прыгразіла, што если беглых …в два года выдано не будет, то для забрания онх, яко собственных своих природных подданых, имеют быть из России отправлены туда нарочныя винския команды”. Пагроза не падзейнічала, а судовы парадак рэгулявання пагранічных спрэчак у хуткім часе і ўвогуле не выконваўся. Пагранічны суддзя Полацкага ваяводства А. Гласко, напрыклад, паведамляў, што канцлер княства А. Чартарыжскі не тоькі сам утрымлівае ўцекачоў, але і не фінансуе ўтрыманне суддзяў, паколькі шляхта абрала іх самавольна, “а не его королевского величества указом”. Мясцовыя магнаты (К. Плятар, К. Гільзен і інш.) таксама не падпарадкоўваліся суддзям з прычыны “неполучения” каралеўскага ўніверсалу на стварэнне пагранічных судоў. Спецыяльны рэвізор застаў, палкоўнік кранштацкага гарнізона Дз. Паноў меркаваў, што суседзі наўмысна адцягваюць стварэнне судоў да генеральнага сойма Кароны і Княства, каб іх “вовсе уничтожить, отчего бы способнее могли они ловольствоваться от российских беглецов собираемыми доходами”. Начальнік смаленскай пагранічнай камісіі, палкоўнік Друцка-Сакалінскі з горыччу лічыў, што калі “беглых судами доходить, то разве на каждом съезде об одном беглом человеке одно определение получить можно и то чрез столько позвов и чрез декреты им по окончанию скоро привести невозможно”. Ён пісаў, што нават тыя, хто добраахвотна хацеў вярнуцца, затрымліваліся з дапамогай калектыўнага закладніцтва: аддаваліся на парукі аднавяскоўцам, высяляліся ў далёкія вотчыны і г.д. Пошукі іх былі бесэнсоўнымі, бо ад дробнай шляхты ўцекачы пераходзілі “на жительство и под закрытие знатных вельмож”.

Барацьбу шляхты за рабочыя рукі ўцекачоў расійскія камісары спрытна выкарыстоўвалі дзеля стварэння своеасаблівай карэспандэнцкай сеткі для ўліку прыхаваных магнатамі выхадцаў. Сутыкненні паміж шляхтай абвастрыліся. Царскія рэскрыпты абвяшчаліся толькі па нешматлікіх прыходах. Дасланыя ў 1758 г. у гродзенскую камісію 100 тыс. руб. аселі ў кішэнях 16-ці магнатаў, сярод якіх –Л. Аскерка, М. Сапега, А. Чартарыжскі, А. Сапега. Яны нават павялічылі свае патрабаванні, бо з надыходам элекцыйнага сойма склалі “рускую партыю”.

План новага кіраўніка ваеннай калегіі З. Чарнышова ў пачатку 60-х гг. аб “генеральном выборе” ўцекачоў сіламі ваенных каманд, па 100 чал. кожная, прыйшлося адкласці. У 1765 г. пастаўленаму на сталец з дапамогай рускіх штыкоў С. Панятоўскаму была прадастаўлена ведамасць аб “бежавших в Польшу русских” у колькасці 29877 чал., якіх з 1700 г. утрымлівалі 168 мясцовых землеўладальнікаў. Прычым, па падліках пагранічных камісій, палова ўцекачоў тулілася ва ўладаннях 15-ці асобаў: Пацэя, Радзівіла, Агінскага, Галынскіх …

Справаздача грунтавалася толькі на зафіксаваных выпадках уцёкаў. Гэта дазволіла рускаму боку пашыраць тэрыторыі, на якіх маглі пасяляцца ўцекачы. Памеры міграцыйнага руху сталі асновай для абгрунтавання тэрытарыяльных прэтэнзій Расіі, калі дыпламатычна рыхтаваўся першы падзел Рэчы Паспалітай. У чэрвені 1772 г. царскі ўрад прад’явіў сваю крыўду суседняй дзяржаве—мільён дзесяцін “лутчей и плодоноснейшей земли, которая насильственно удерживается польской стороной с 1523 г”. У прэтэнзіі сцвярджалася, што гэтыя “древние российские посессии со времени унии” былі заселены «по большей части малороссийскими поддаными, обольщенными от польского шляхетства», што дзяржаўныя ўладанні, ды й самі каралеўскія эканоміі, былі каланізаваны “российскими поддаными беглыми”.

Першапачатковую лічбу расійскіх уцекачоў у 30 тыс. чал. цяпер ужо знешнепалітычнае кіраўніцтва Расіі павялічыла да 300 тыс., відаць, згодна з колішнімі жаданнямі цара Аляксея Міхайлавіча і парыярха Нікана перасяліць у Расію менавіта такую колькасць беларусаў. Кацярына 11 прад’явіла гэту казырную карту, дадаўшы, што расійскія памешчыкі “с подговоренных российских подданых, чему есть доказательства”, панеслі страт на мільён рублёў. Фактычна Рэчы Паспалітай прапаноўвалася альбо выплаціць кантрыбуцыю ў такіх памерах, альбо кампенсаваць яе землямі. Пры хранічным фінансавым дэфіцыце аслаўленай каралеўскай уладзе заставалася ісці на тэрытарыяльныя ўступкі. Між тым, Кацярына 11 згаджалася адмовіцца ад прэтэнзій, “предоставляя себе потом дать точное означение своей доли”. Прасцей кажучы, спачатку захаплю, а потым вызначу памеры анексіі “к империи земель законно принадлежащих”.

Анексія беларускай часткі земляў Расійскай імперыяй як “исконе русских” выконвалася ў 1772 г. на падставе тагачаснага права, якое ўлічвала працэсы каланізацыі абшараў уцекачамі-мігрантамі. Натуральнае права людзей на свабоду перамяшчэння  выкарыстоўвалася дварамі і шляхецка-дваранскімі саслоў’ямі і Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай дзеля дыпламатычнага гандлю людзьмі і тэрыторыямі. Тыя, каго імкнуліся затрымаць санітарнымі кардонамі і падаткавымі льготамі, аказваліся заложнікамі крывадушнай палітыкі.

Яўген Анішчанка

Спадчына. 1992. № 6. С. 59-61