Народжаны рабалепнічаць (пра сейм 1793 г. у Гродна)

Яўген АНІШЧАНКА

OGENSADSERVITUTEMNOTA*( Народжаныя рабалепстваваць (лац.).)

У маі 1792 г. у мястэчку Таргавіца (цяпер Украіна) была абвешчана Таргавіцкая канфедэрацыя, удзельнікі якой — Станіслаў Шчэсны Патоцкі, Ян Клеманс Браніцкі — папрасілі расійскую імператрыцу Кацярыну II увесці на тэрыторыю Рэчы Паспалітай войскі, каб з іх дапамогай скасаваць пазітыўныя рэформы Чатырохгадовага (Вялікага) сейма (1788—1792 гг.), у тым ліку і Канстытуцыю 3 мая 1791 г. Расійскія войскі вярнулі да ўлады прыхільнікаў феадальнага ладу. Аднак Расійская імперыя не хацела кіраваць аднымі штыкамі, а ўмацаваць яе пратэктарат над Рэччу Паспалітай, які быў устаноўлены ў 1768 г., мог толькі сейм гэтай дзяржавы. У гэты час Расія не мела тут надзейных прыхільнікаў. Менавіта таму дзяржаўцы Кацярыны II вырашылі не звяртаць увагі на цэласнасць рэспублікі, а разам з Прусіяй прыступіць да яе падзелу.

На Дзяржаўным савеце пры імператрыцы Кацярыне II 13 снежня 1792 г. канцлер Расійскай імперыі Аляксандр Безбародка далучаемыя землі ВКЛ назваў “сущим достоянием России”, куды меркавалася ўвесці дадатковыя войскі для разгону “скопищ недовольных”. Ён таксама раіў загадзя сакрэтна дамовіцца з Прусіяй, каб тая не дала “убежища противным полякам в землях своих”. Войска Рэчы Паспалітай прадугледжвалася расфарміраваць “под видом трудности в прокормлении армии нашей”. На гэтым жа савеце Кацярына II уласнаручна вызначыла будучую мяжу імперыі па лініі Паста- вы—СтоўбцыНясвіж і далей да Вышгарада. Яна меркавала пакінуць рэшткі Рэчы Паспалітай у якасці буфера паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй, каб стрымліваць экспансіянісцкія апетыты гэтых краін і каб Рэч Паспалітая “не могла, однако же, сама собою беспокоить их”1.

Праз тыдзень, 19 снежня 1792 г., Кацярына II загадала свайму ўраду распачаць перамовы з Прусіяй пра падзел Рэчы Паспалітай. Яна заявіла, што ў ВКЛ належыць “занять... земли издревле России принадлежащая, ... народы общаго с россиянами происхождения и нам единоверные, которые останутся в вечном владении нашем и должны быть уступлены сеймом республики польской и утверждены взаимным ручательством союзных нам держав австрийской и прусской”2. 2 студзеня 1793 г. імператрыца для рэалізацыі гэтай задумы прызначыла паслом у Варшаву графа Якава Іагана Сіверса, якому прадпісала “внушить полякам надежду поправить настоящий их жребий” праз новую канстытуцыю. Інтэрвенцыя сумесна з Прусіяй супраць Рэчы Паспалітай Кацярыну II не палохала. Наадварот, гаварыла яна, такая саюзная акцыя “отвратит вовсе нарекание, которое могли б нам учинить поляки, что мы оному первые зачинщики были”3. 1 лютага 1793 г. Кацярына II падпісала Маніфест аб далучэнні навечна да Расійскай імперыі вызначанага абшару і загадала абавязкова абвясціць яго 7 красавіка — на пачатку сумеснай расійска- прускай інтэрвенцыі.

Перад кіраўніцтвам Рэчы Паспалітай паўстала цяжкая задача — склікаць сейм, пры тым, што кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і Таргавіцкая канфедэрацыя былі скампраметаваны праследаваннем праціўнікаў Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Таму Кацярына II загадала Я.Сіверсу аднавіць скасаваны Вялікім сеймам Пастаянны савет пры каралю, а самога яго прывезці сілком у Гродна. Тым часам Прусія паспяшалася ўвесці ў Польшчу войскі, каб загадзя заняць вызначаныя для інтэрвенцыі землі.

Гэта так абурыла лідэраў Таргавіцкай канфедэрацыі, што яны адмовіліся склікаць сейм і пачалі прасіць імператрыцу ўтаймаваць свайго нахабнага саюзніка. Станіслаў Аўгуст па дарозе ў Гродна заплакаў, калі даведаўся пра падзел дзяржавы. Падскарбій літоўскі Міхал Клеафас Агінскі, які ехаў з каралём, параіў яму не сумаваць, а супрацоўнічаць з Кацярынай II, каб тая дазволіла сейму самастойна ўладкаваць ацалелую Рэч Паспалітую на падставе Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Агінскі спадзяваўся, што прыехаўшых на сейм паслоў можна заклікаць супраціўляцца падзелу, а калі паабяцаць каралеўскі трон рускаму вялікаму князю Кан- станціну, то “Польшча будзе вечна зліта з Расіяй”4. Такім чынам, ён меркаваў зрабіць на сейме мірную рэвалюцыю, а дакладней — ліквідаваць абрыдлую Таргавіцкую канфедэрацыю. Кароль прыбыў у Гродна 22 красавіка, яго віталі салютам з 51 гарматы. Ёнадразу пагадзіўся садзейнічаць Расіі і Прусіі, калі яны аплоцяць 1ЗЗ млн. злотых даўгоў і дадуць прыстойную пенсію як яму, так і яго прыдворным. 6 мая С.А.Панятоўскі прызначыў выбарчыя сеймікі шляхты на 27 мая 1793 г., адкрыццё сейма — на 17 чэрвеня. Ён забараніў выбіраць пасламі на сейм тых, хто яшчэ не прысягнуў Таргавіцкай канфедэрацыі, і пазбавіў пасад усіх, хто паспеў набыць мяшчанскае званне і ўдзельнічаў у Вялікім сейме5.

4 чэрвеня Кацярына II выслала Я.Сіверсу праект дагавора (трактата) Расійскай імперыі з Рэччу Паспалітай і заявіла, што на сейме “не нужно будет заниматься никаким другим делом, кроме поспешного окончания известных нашего и берлинского дворов притязаний”. Як толькі збярэцца сейм, трэба патрабаваць ад яго “не внемля никаким другим предложениям, которыя возмогли бы произвесть напрасную медленность, чтобы назначена была от онаго обыкновенная делегация для вступления с Вами в переговоры. На оных старайтесь одержать сполна все статьи, в нашем проекте предписанныя”. Пасля ўхвалення трактата з Расіяй і Прусіяй Я.Сіверсу дазвалялася сейм “или вовсе распустить и созвать новый, или отсрочить на некоторое время, дабы при вторичном собрании онаго головы, несколько успокоенные от хлопот и огорчений, каковые естественным образом должны они претерпеть по причине жертв и трат, от них вынужденных, успели ос­мотреться в новом их положении и тем вяцше с здравым разсудком и зрелым размышлением могли приступить к столь важному делу, каково есть учреждение будущаго жребия и спокойствия целаго государства”6. Пры гэтым Я.Сіверс павінен быў абараняць членаўТаргавіцкай канфедэрацыі ад праследаванняў сеймам за іх супрацоўніцтва з Расіяй.

Па шэрагу прычын да нас не дайшлі пастановы ўсіх выбарчых шляхецкіх сеймікаў. А прыкладна каля паловы сеймікаў ВКЛ ухіліліся ад выбараў паслоў7. Дакладна вядомы персанальны спіс 12 сенатараў і 135 паслоў, якія з’ехаліся ў Гродна на адкрыццё сейма Рэчы Паспалітай. ВКЛ прадстаўлялі 60 паслоў8

Сейм пачаўся 21 чэрвеня і праходзіў у Каралеўскім палацы. 3 самага пачатку выявілася нежаданне многіх паслоў працаваць пад кантролем Таргавіцкай канфедэрацыі. Яны патрабавалі публічнасці стр. 16 сесій і вываду чужаземных войскаў. Але Я.Сіверс выгнаў з пасольскай залы пабочных асоб і праз закулісныя махінацыі навязаў у якасці сеймавага маршалка (старшыні) кароннага чашніка Станіслава Балінскага.

Актыўнае супраціўленне паслы прадэманстравалі пры вызначэнні складу і паўнамоцтваў дэпутацыі на перамовы з Расіяй і Прусіяй для заключэння з імі трактатаў. 2 ліпеня сейм амаль што адзінагалосна заявіў, што не дапусціць падзелу рэспублікі, аднак патрабаваў вывесці толькі прускія войскі. Большасць паслоў пагадзілася ўступіць у перамовы з Расіяй з разлікам, што навязаныя ўмовы падзелу “час можа перамяніць” і тым самым ачысціцца іх сумленне. Бурна апладзіравалі прамоўцам, якія заклікалі паслоў разам з імі добраахвотна ехаць у Сібір за супраціўленне расійскай агрэсіі9. 12 ліпеня сейм паслаў да Я.Сіверса дэлегацыю ў складзе 38 чалавек (ад ВКЛ — 15) на чале з віленскім біскупам Ігнатам Масальскім без права падпісваць трактаты. У адказ Я.Сіверс патрабаваў ад дэлегацыі ўсіх паўнамоцтваў і для запалохвання арыштаваў 5 паслоў і секвестраваў маёнткі вялікага маршалка ВКЛ Людвіка Тышкевіча і графа Міхала Казіміра Агінскага.

Пасля гэтага сейм 74 галасамі (супраць 59) даручыў дэлегацыі заключыць дагавор з Расіяй нават без абмеркавання пытанняў арганізацыі новага ладу дзяржавы.

Дагавор з Расійскай імперыяй выносіўся на абмеркаванне сейма два разы і заўсёды сустракаў абструкцыю. Сутнасць спрэчак відаць з наступных палажэнняў праекта інструкцыі для дэлегацыі. Калі, паводле праекта, Расія і Рэч Паспалітая аб’ядноўваліся “навекі ў адно неразрыўнае цела", то дэлегацыя павінна была абараняць дзяржаўную незадежнасць Рэчы Паспалітай у існуючых межах. Праект дазваляў дэлегацыі дамаўляцца пра задавальненне крыўд абывацеляў ад чужаземных войскаў.Дэлегацыя патрабавала сабе права вырашаць пытанне пра тып манет (серабром або золатам) пры вызначэнні кампенсацыі за пераходы рускіх войскаў. Сеймавыя паслы пры гэтым дамагаліся ўзнагарод і за пастаянны вайсковы пастой у краі. Трэці пункт праекта прадугледжваў заключэнне справядлівага гандлёвага дагавору паміж дзяржавамі шляхам ліквідацыі мытных пошлін або ўвядзення прыдатнага транзітнага збору. Дэлегацыя і сейм аднолькава дамагаліся пры гэтым асобнага ўтрымання і рамонту дарог і замкаў. Наступны пункт прадугледжваў падобны дагавор пад апекай Расіі з Прусіяй. Дэлегацыя і сейм таксама ставілі ўмову вываду прускіх войскаў. Нарэшце, у інструкцыі гаварылася, што калі паслы пастановяць што-небудзь звыш прадпісанага “на шкоду цэласнасці меж і грамадскага дабрабыту, то такі ўклад сейм палічыць несапраўдным, прызнае іх здраднікамі Айчыны і прыцягне да сеймавага суду jпакарання”10.

Аказанае супраціўленне раззлавала Кацярыну 11 і яна параіла Я.Сіверсу пакінуць сейм. Аднак расійскі пасол назваў сейм прыдатным “фортепиано”, бо, маўляў, ён ведае, на якую клавішу трэба націснуць, каб атрымаць згоду, і што большасць сціхне пры адным посвісце бізуна. Так яно і адбылося. Сеймавая дэлегацыя 22ліпеня 1793 г, падпісала вечны дагавор з Расіяй, у якім добраахвотна саступіла ўжо захопленыя Расіяй і Прусіяй землі, адраклася ад усіх правоў і прэтэнзій на іх ды яшчэ вызваліла ўласных жыхароў ад падданства Рзчы Паспалітай11. 17 жніўня дагавор паступіу на ратыфікацыю сейма. 8 паслоў, у тым ліку ковенскі стольнік Юзаф Кімбар, абвінаваціілі караля і ‘чэлядзь Сіверса ў здрадзе, подласці душы, якая штурхае Айчыну ў бездань, што ў слепаце не азіраецца на суд грамадскасці; якая кожнамувынесе справядлівы прысуд"12. У зале пачаўся  тлум, бо перад подпісам нехта выкраў стала пісца. Кароль падаў сваё. Тут цэханавецкі падкаморы Ян Шыдлоўскі назваў крыніцыай гвалту не Расію і яе пасла, а ўсю шляхту ілакейскіх дэпутатаў13. І тым не менш 53 галасамі супраць 20 трактат з Расіяй ст р. 17 быў ухвалены. Прамоўцы гаварылі, што саступілі сіле з-за пустой дзяржаўнай казны, каб пазбегнуць грамадзянскай вайны і што “ўсе няшчасці ўпадуць на абставіны і будуць ім прыпісаны”14.

Між тым прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II патрабаваў сабе частку зямель Рэчы Паспапітай, пры гэтым прыгразіў Расіі, што не будзе змагацца з рэвалюцыйнай Францыяй. 27жніўня ўжо Я.Сіверс патрабаваў ад сейма прыняць прускія патрабаванні. Абураныя паслы нават збілі валынскага пасла Адама Падгорскага за ўнясенне такой прапановы на сесію. Тады Я.Сіверс зноў арыштаваў 4 паслоў і на падставе чутак пра быццам бы замах на караля атачыў замак 4 батальёнамі. У адказ у пасольскай зале дружна закрычалі, што сярод іх няма ніводнай душы, якая б асмелілася падняць руку на бацьку нацыі, і... гэтакжа адзінадушна ратыфікавалі дагавор з Прусіяй.

Сейм прыступіў да распрацоўкі новай формы кіравання краінай і рэвізіі спраў Таргавіцкай канфедэрацыі. Па прапанове Міхала Клеафаса Агінскага спецыяльная камісія збіралася стварыць дзяржаўны лад пераважна на падставе Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Аднак тут успыхнулі спрэчкі вакол прымушэння арміі і шляхты адначасова прысягаць Канстытуцыі 3 мая і Таргавіцкай канфедэрацыі. 3 200 таргавіцкіх пастаноў сейм скасаваў толькі 20. 15 верасня 1793 г. Таргавіцкую канфедэрацыю ўвогуле ліквідавалі. А каб не сарваць сейм голасам пратэсту, ліквідаваную канфедэрацыю назвалі Гродзенскай, якую ўзначалілі Фердынанд Масчынскі і Казімір Рачынскі. Прускі манарх выкарыстаў момант і падаў новаму ўраду праект гандлёвага дагавору Прусіі з Рэччу Паспалітай. Па сутнасці, гэта быў драпежніцкі дагавор, згодна якому Прусія забірала вялікую частку мытных даходаў. На гэты шантаж сейм вырашыў адказаць маўчаннем. 23 верасня Я.Сіверс рассадзіў на пасольскіх лаўках сваіх афіцэраў і загадаў прынесці сейму віна, харчу і сена для начлегу. 10 кастрычніка сеймавае маўчанне было расцэнена за згоду, і прускі дагавор быў прыняты разам з прапановай ашмянскага пасла Юзафа Кульвіца пра стварэнне камісіі па “ліквідацыі літоўскага войска”.

Каб змыць з сябе ганьбу перад нашчадкамі, сейм 11 кастрычніка патрабаваў ад Я.Сіверса аплаціць пастой уведзеных войскаў, даўгі рэспублікі і зняць секвестр з тых, хто пагадзіўся з умовамі Прусіі і Расіі. Сейм нават заклікаў абывацеляў да паспалітага рушэння. Здзіўлены Я.Сіверс адказаў, што яго армія мае загад разганяць усякія ўзброеныя групоўкі. Тады сейм паслаў да Кацярыны II Станіслава Шчэснага Патоцкага са скаргай на Я.Сіверса і просьбай не крыўдзіць сваіх новых суайчыннікаў. Кацярына II пры словах аб Айчыне гнеўна тупнула нагой і крыкнула Патоцкаму: “Туттвая радзіма”15.

14 кастрычніка 1793 г.  стр. 18 Кацярына IIпрыслала у Г родна абарончы дагавор Расіі з Рэччу Паспалілітай, які дазваляў ёй свабодна размяшчаць свае войскі ў Рэчы Паспалітай, а рэспубліка абяцала не рабіць ніякіх перамен у форме дзяржаўнага ладу без папярэдняй згоды з Расіяй. Сейм ухваліў і гэтыя ўмовы за абяцанне, што расійскія войскі будуць харчавацца на саюзнай зямлі за плату. Я.Сіверс жа не меў грошай на падобныя разлікі і гаварыў, што ў саюзніка харч нельга вымагаць. За гэтымі меркантыльнымі размовамі ў сейма не засталося часу на пазітыўныя дзяржаўныя справы.

Паміж 16 і 21 кастрычніка сейм без абмеркавання прыняў асновы канстытуцыйнай будовы ацалелай Рэчы Паспалітай, якая захавала ранейшы падзел дзяржавы на Карону і ВКЛ16. Рэспубліка падзялялася на 8 ваяводстваў, кожнае складалася з 3 паветаў ці зямель. Падзел ВКЛ на ваяводствы разглядаўся на апошняй сесіі і не быў прыняты. У якасці нязменных правоў сеймам абвяшчаліся выбарнасць караля, панаванне каталіцтва і уніяцтва, зямянскія суды без права ўдзелу ў іх немаёмаснай шляхты. Мяшчане трацілі атрыманыя на Вялікім сейме шляхецкія правы і дарадчы голас на сеймах. Ствараўся аднапалатны сейм, які склікаўся праз 4 гады з абраннем у яго па 6 паслоў ад кожнага ваяводства. Паміж сеймамі ўладу ажыццяўляла Пастаянная рада пры каралю з 24 асоб. У ваяводствах выканаўчай уладай з’яўляліся парадкавыя камісіі, куды сеймікі выбіралі па 12 камісараў з кожнага павета17.

У апошні дзень пасяджэння, 23 лістапада 1793 г., сейм ухваліўажно 112 розных пастаноў, напрыклад, рашэнне даць сенацкае крэсла уніяцкаму мітрапаліту, сплаціць даўгі дома Радзівілаў, якіх набралася каля 1,5 млн. злотых і г. д.

Я.Сіверс пакідаў распушчаны сейм з пачуццём агіды да яго дэпутатаў. Ён пісаў, што “в этом несчастном крае... честность может быть скрывается где-нибудь в крестьянских хатах, но я того мнения, что она очень далека от королевского двора, сейма и всего панского общества”18. Гэта красамоўная ацэнка рабоце апошняга сейма Рэчы Паспалітай з улікам таго, што падобную характарыстку заслугоўваюць усе ўдзельнікі гэтай гульні ў палітычнае “фартэпіяна”. Сама Кацярына II не жадала звязваць сябе прававымі абавязкамі з вынікамі ганебнага і непапулярнага дзейства ў Гродна. Таму яна 17 студзеня 1794 г. нават забараніла друкаваць пастановы Гродзенскага сейма.

Рэч Паспалітая вярталася да становішчя якое было да Вялікага сейма. У сапраўдных пагрыётаў меўся шанц прадоўжыць рэформы гэтага сейма, але ўжо шляхам узброенай барацьбы. Наперадзе было паўстанне Тадэвуша Касцюшкі.

1                    Архіў знешняй палітыкі Расійскай імперыі (АЗПРІ). Ф. 5, спр. 588, ч. 1, арк. 18 адв. — 23, 28.

2                    АЗПРІ. Ф. 5, спр. 588, ч. 1, арк. 35—36; спр. 589, арк. 39 адв.

3                    Сборник Русского Императорского историчес­кого общества. Т. 47. СПб., 1883. С. 473.

4Pamiеtniki Michala Ogihskiego о Polsce i polakach od roku 1788 az do konca roku 1815. T. 1. Poznan, 1870. S. 35-36.

5Trеbicki A. Opisanie sejmu ekstraordynaryjnego podzialowego roku 1793 w Grodnie. W-wa, 1967. C. 49.

6АЗПРІ. Ф. 80, спр. 1491, арк. 33 адв.

7                    Kadziela L. Miedzy zdrada a sluzba'Rzeczy- pospolitej. W-wa, 1993. S. 94; Костомаров Н.И. Последние годы Речи Посполитой. СПб., 1870. С. 813; Иловайский Д. Гродненский сейм 1793, последний сейм Речи Посполитой. М., 1870. С. 111.

8                    Гінет Л. Апошні сейм Рэчы Паспалітай / Архівы і справаводства. 1999. № 6. С. 7—11.

9                    Olszewski Н. О sejmie grodziehskim 1793 roku i wydawnictwie jego diariusza // Parlamentaryzm i prawodawstwo przez wieki. W-wa — Krakow, 1999.

S. 94; Smolenski W. Ze studiow nad historya sejmu grodzienskiego z r. 1793 // Przeglqd Historyczny. 1909. T. 8. Z. 2. S. 200; Trabicki A. Opisanie sejmu ekstraordynaryjnego podziatowego roku 1793 w Grodnie. S. 128—130.

10                 АЗПРІ. Ф. 80, cnp. 1511, арк. 196—201.

11Volumina Legum (VL). T. 10. Poznan, 1952. S. 11, 16, 17, 23; Гінет Л. Апошні сейм Рэчы Паспалітай.С. 44.

12                 Гінет Л. Апошні сейм Рэчы Паспалітай. С. 46.

13                 Zamojski A. Ostatni krol Polski. W-wa, 1994. S. 411.

14                 Гінет Л. Апошні сейм Рэчы Паспалітай. С. 47.

15                 VL. Т. 10. S. 110—113; Wasicki J. Konfederacia targowicka i ostatni sejm Rzeczypospolitej z 1793 r. Poznan, 1952. S. 81—95; Kadziela L. Miedzy zdrada a sluzba Rzeczypospolitej. S. 239, 240, 253, 258, 266.

16                 Malec J. Sejm grodzienski 1793 roku a unia polsko-litewska // Parlament, prawo, ludzi. W-wa, 1996, S. 150, 152.

17                 Wasicki J. Konfederacia targowicka i ostatni sejm Rzeczypospolitej z 1793 r. S. 82; Kadziela L. Miedzy zdrada a sluzba Rzeczypospolitej. S. 43, 332, 336, 350.

18                 Kadziela L. Opcja grodzienska // Kwartalnik Historyczny. 1991. T. 98. Z. 1. S. 34; Костомаров Н.И. Последние годы Речи Посполитой. С. 629.

Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 8 (52). С. 12—18