Мінскія масоны
- Подробности
- Опубликовано: 17.08.2015 16:49
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 1587
Мінскія масоны
Заканспіраванай і загадкавай была дзейнасць “вольных муляроў” Мінска. Толькі ў 1828 г. спецыяльны камітэт на чале з губернатарам В. І. Гяцэвічам падсумаваў вынікі сваіх двухгадовых вышукаў па Мінскай губерні. Ён паведаміў вялікаму князю Канстанціну аб існаванні ў Мінску ложаў “Паўночная паходня” або “Паўночны факел” (7 заснавальнікаў, 63 ганаровыя і 146 радавых членаў), “Гара Табар” (4 фундатары, усяго 31 член).
“Паўднёвы факел” існаваў з 5.06.1816 г. і перад закрыццём яго узначальваў адстаўны маёр войска Вялікага княства Літоўскага Дамінік Манюшка. Варштат аб’яднаў адъютанта цэсарэвіча Аляксандра Вейса, мінскага губернатара Казіміра Сулістроўскага разам з яго сакратаром Вінцэнтам Фрыбасам, маршалка губернскага дваранства Міхаіла Зяновіча і яго наступніка Леана Ашторпа, віленскага маршалка Яна Аскерку. Сярод вайскоўцаў масонаў былі ад’ютант генерала Гурко І. Бястжаў, палкоўнік Павел Сцяпанаў, экс-палкоўнік Чэслаў Манюшка, харунжы Казімір Манюшка. “Артыстамі музыкі” слылі тут Міхаіл Фрэйс, Людвік Стравінскі, Іосіф лазінскі. Мінскую гімназію прадстаўлялі яе прафесар І. Чачот і Вікенцій Станкевіч, Цыпрыян Беліковіч, настаўнік музыкі Аўгуст Дрозд. У ганаровых членах былі сенатар, польскі міністр, магістр “Вялікага Усходу” Станіслаў Костка-Патоцкі, вялікі майстар і генерал-інспектар польскай кавалерыі Аляксандр Ражнецкі, літоўскі абозны Аляксандр Пацэй, стацкі саветнік Людвік Плятар, банкі Ян Нофак, рускі генерал Іван Пейкер і інш.
“Гару табар”заснавалі ў 1821 г. і старшынстваваў у ёй віцэ-губернатар Людвік Камінскі. Царскія ўлады занепакоіла тое, што, як пісаў князь Д. І. Лабанаў-Растоўскі, “небольшое число злоумышленников под видом просвещения, правил нравственности и человеколюбия и проч.”, пажадалі нізрынуць “устои”. Далікатныя абставіны выкрывае паведамленне намеснік ў Польшчы М. Навасільцава да графа і генерал-ад’ютанта І. І. Дзібіча. У 1823 г. Навасільцаў акрэсліў дзейнасць Патрыятычнага саюза Варшавы як небяспечную для Расійскай імперыі, бо той саюз распаўсюдзіў сваю дзейнасць і на далучаныя да імперыі землі пад выглядам масонскіх ложаў.
Саюз кіраваўся праз Вярхоўны капітул і «видимаго начальника», якому падпарадкоўваліся ложы дзвюх ступеняў (разрадаў) з «явными и сокровенными» кіраўнікамі. Уласна ложамі першай ступені (таксама “гмінамі”) верхаводзілі “достопочтенные”, а ложамі другога разраду -- «предводители или проводники» Гэтыя ложы намячалася стварыць на ўсіх далучаных землях. Арганізоўваліся яны без абрадаў, на кватэрах, “даже прі трубках” з забаронай пісьмовых зносін. Як пісаў Новасільцаў, муляры для віду абавязваліся дапамагаць адзін аднаму праслаўляць знакамітых Айчыны мужоў. Але ж сапраўднай мэтай была падрыхтоўка да ўзброенага злучэння падзеленых зямель Рэчы Паспалітай у адно цэлае і пад адной канстытуцыяй. Праўда, паміж польскімі і літоўскімі сябрамі не назіралася згоды. Старыя масоны пажадалі застацца пры звыклай канспіратыўнай арганізацыі і абмежаваць сваю дзейнасць тэрыторыяй старадаўняй Айчыны. Новыя масоны памкнуліся пашырыць “электарат” і прагнулі пад больш легальнымі формамі сабраць “все части бывшей Польши”. Раскол адбыўся ў 1819 г. і падзяліў варштаты на тых, хто спрабаваў узнавіць Рэч Паспалітую самастойна, і тых, хто жадаў выканаць гэта праз цеснае супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі.
Фіяска наступіла з гэтак жа сакрэтнымі хаўтурамі нябачнага ідэальнага храма. Дыпломы, патэнты на ўзвядзенне ў ступені, мовы братоў, пячаткіпрыходна-расходныя кнігі і іншы рыштунак лож, паводле акта мінскага паліцмайстра Тызенгаўза, павятовага страпчага Семянкевіча, чыноўніка асобых даручэнняў Будзько ад 21.07.1839 г., былі спалены “по вырытии ямы внизу под горою при улице идущей около еврейских кладбищ на Ляховку”.
Я. К. Анішчанка
Памяць. Мінск. Кн.1. С.411-412