МАЛАВЯДОМЫЯ КРЫНІЦЫ ПРА «ВІЛЕНСКУЮ АСАЦЫЯЦЫЮ» 1797 ГОДА

Я. К. Анішчанка,

дацэнт Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва, кандыдат гістарычных навук

Малавядомыя крыніцы пра «Віленскую асацыяцыю» 1797 года

Самае буйное і значнае ўзброенае супраціўленне тэрытарыяльнаму расчля­ненню Рэчы Паспалітай, як вядома, адбылося ў 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Кас­цюшкі і тады ж яно завяршылася паражэннем.

Наступная спроба паўстання была прадпрынята ў 1797 г. у выглядзе канспі­ратыўнай змовы, якая ў літаратуры атрымала назву «Віленская асацыяцыя». Пра яе коратка першым упамянуў ва «Успамінах» К. Цяцерскі [1], а затым — некаторыя даследчыкі гісторыі рэвалюцыйнага і вызваленчага руху ХІХ ст. [2; 3]. Упершыню ж пра ініцыятараў стварэння гэтай змовы, яе арганізацыйную структуру і некаторыя праграмныя палажэнні напісалі М. Кукель і А. Мілер [4; 5]. Кукель знаходзіў вытокі асацыяцыі ў 1796 г. у выглядзе збору сродкаў на стварэнне знакамітых легіёнаў у еўрапейскай эміграцыі, а рэальнае стварэнне канспіратыўнай сеткі пачынае з восені таго ж года, з паездкі ў Вільню львоўскага эмісара — ксяндза A. Дуброўскага [4, c. 261—262]. Дасягненні польскай гістарыяграфіі абагуліў у артыкуле С. Таляронак, які імкнуўся ў згаданым гістарычным сюжэце выявіць праявы «беларускай ідэі». Гісторык пераказаў некаторыя палажэнні асацыяцыі («Акта Віленскага паўстання» і «Артыкулаў членаў асацыяцыі»), але без усякіх крыніцазнаўчых падстаў адмовіў у рэальнасці самой паўстанцкай змовы [6, с. 88—89].

Тым не менш, для разумення асаблівасцей і адметнасцей гэтай канспіратыў­най асацыяцыі ў ланцугу вызваленчай барацьбы пасля паўстання 1794 г. у да­следчыцкай літаратуры яўна не хапае публікацыі праграмных дакументаў змовы. Даследчыкі не займаліся пошукам падрыхтоўчых матэрыялаў асацыяцыі 1797 г., з якіх можна было б меркаваць пра сапраўднасць саміх дакументаў і рэальныя мэты іх аўтараў.

У Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у фондзе 204 сярод да­нясенняў літоўскага генерал-губернатара М. Рапніна канцлеру А. Безбародка маюцца «Акт паўстання ў Вільні», датаваны 27 жніўня 1797 г., а таксама «Ар­тыкулы, адобраныя асацыяцыяй» і «Артыкулы для членаў асацыяцыі». Два апошнія дакументы падпісаны 12/23 лютага 1797 г. Аднак, зыходзячы з іх зместу, можна меркаваць, што «Артыкулы для членаў асацыяцыі» з’яўляюцца чарнавым варыянтам папярэдняй крыніцы. Усе дакументы на французскай мове. Яны завяршаюцца прыпіскай з пералічэннем літар і розных знакаў, якія не расшыфраваны. Яшчэ ніжэй ідзе тэкст, перакладзены з французскай мовы на польскую, наступнага зместу: «Не турбуйцеся, мадам, бо толькі дурань слаба любіць сем рэчаў, што ў свеце славяцца фігі, персікі, абрыкосы, добра выпечаны хлеб і светлае віно» [7, арк. 76адв.].

Сярод архіўных папер маецца ліст дырэктара літоўскай пошты І. Фрызеля за 22 верасня 1797 г., які паведамляе, што «сын Юдыцкага» піша з Неапаля пра ўласную здольнасць вызваліць «общество от ига, под коим ныне стонет» і што ў Гродна быў затрыманы Цяцерскі, у каўняры якога знайшлі «Акт паўстання» [7, арк. 73]. Рапнін, які ахарактарызаваў Фрызеля чалавекам, якому «кочки горами кажутся», 7 кастрычніка паведаміў пра завяршэнне ўласнага следства «глупого в Литве заговора», у якім не выявілася ўдзелу знатных асоб, а таму тут «все тихо и опасаться нечего» [7, арк. 6, 8].

Аператыўнасць у раскрыцці гаворыць не пра малазначнасць змовы, а пра яе нерэалізаваны пачатак. Таму важна ведаць пра ідэйныя і арганізацыйныя пастулаты паўстанцкай змовы 1797 г., якой улады перашкодзілі распаўсюдзіцца на прасторы былога ВКЛ.

Архіўныя дакументы перакладзены на беларускую мову Лявонам Казыра, за што публікатар выказвае яму шчырую падзяку. Дакументы друкуюцца ў паслядоўнасці іх месцазнаходжання сярод крыніц.

№ 1. Акт паўстання ў Вільні

Хаця сілы грамадзян, закаваных у кайданы больш моцнымі грамадзянамі, якія іх акружаюць, не могуць выявіцца ва ўсім сваім аб’ёме, тым не менш кожны абавязаны рабіць усё, што ён можа. І не было такога моманту, калі, стогнучы пад іншаземным рабствам, мы не думалі б пра аднаўленне нашых законаў, прывілеяў, свабоды, дадзеных ад нараджэння кожнаму чалавеку. Уздыхаючы пасля такога моманту, мы мацнеем ад надзеі, што навязанае нам ярмо аднойчы аслабне і нашы дабрачынныя грамадзяне змогуць выкарыстаць такія сродкі, каб вярнуць назад нашы правы і нашу свабоду. Гэта тое, што мы просім у Бога. Наша надзея пры падтрымцы Бога, кіраўніцтва, зброі і ідэй святлейшай французскай рэспублікі (неразборліва — Я. А.), і росквіт натхняе нас на тое, што разам з паляпшэннем нашай долі, якую ў нас раней адабралі, мы зможам разлічваць на магчымасць дзейнічаць. Мы абавязкова выкарыстаем сродкі, якія на гэты час маем. Абапіраючыся на тое, што сказана вышэй, і на народнае прадстаўніцтва пры апякунстве святлейшай рэспублікі як у Парыжы, так і ў Мілане, мы падпісваем гэты акт нашага паўстання, зроблены па мадэлі таго, што адбылося ў 1794 годзе, і, даўшы клятву па прадпісанай форме, пачынаем наша пасяджэнне пад старшынствам грамадзян.

27 жніўня 1797 года.

РДАСА. Ф. 204. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 75.

№ 2. Артыкулы, адобраныя асацыяцыяй

1. Вядзенне пратакола пасяджэнняў давяраецца грамадзянскай асобе. 2. Кож­ны, хто ўступае ў асацыяцыю, ахвяруе як мінімум 3 злотыя. 3. Людзі, адказныя за касу, павінны зарэгістраваць у пратаколе грашовыя паступленні і расходы. 4. Каса, утвораная з ахвяраванняў, разлічана на падтрымку сувязі (адпраўка неабходных людзей будзе вызначацца пэўнай колькасцю); пры гэтым не павінна быць забыта падтрымка абяздоленых і праследуемых асоб. 5. Пасяджэнні будуць адбывацца не часцей як 1 раз у 15 дзён. Пры надзвычайнай неабходнасці, пра якую можа паведаміць кожны член асацыяцыі, час правядзення пасяджэння па дамоўленасці можа быць прызначаны ў апошнюю гадзіну. 6. Кожны член павінен выкарыстоўваць у таварыстве ўмоўныя знакі, а іншыя павінны ўмець адказваць на іх. Гэтыя знакі павінны быць непрыкметнымі і пры неабходнасці яны могуць быць заменены асацыяцыяй. 7. Колькасць пярвічнай арганізацыі не павінна перавышаць 15 асоб. 8. Малаістотнае рашэнне павінна праводзіцца чатырма, а самае важнае — пяццю (асобамі — Я. А.). 9. Старшынства будзе змяняцца ў залежнасці ад парадку подпісаў. 10. Кожны член можа належыць максімум да трох арганізацый. Пры гэ­тым пытанне аб далучэнні да той ці іншай арганізацыі будзе вырашацца большасцю галасоў. 11. Да членаў, якія належаць больш чым да адной арганізацыі, будуць прымяняцца асобныя прадпісанні. 12. Уступленне ў асацыяцыю — адкрытае для асоб любога грамадскага стану, якія вылучаюцца сваёй добрапрыстойнасцю і мужнасцю. Кожны член, які далучае да ўдзелу ў асацыяцыі іншую асобу, павінен ведаць склад думак і характар гэтай асобы, перад тым як даверыцца ёй. Калі добрапрыстойнасць гэтай асобы не выклікае сумненняў і правераны яе духоўныя сілы, то неабходна сам-насам уручыць гэтай асобе акт паўстання, прыняць клятву, узяць подпіс і дзейнічаць пры гэтым з усёй асцярожнасцю. 13. Кожны член павінен паведамляць пра ўсё толькі той асобе, якая прывяла яго ў таварыства і, адпаведна, у асацыяцыю. 14. Кожны член будзе ўважліва сачыць за тым, каб нідзе не ўтвараліся фальшывыя таварыствы, якія ён пазнае па паролях і знаках, аб чым ён паведаміць у вышэйшую інстанцыю. 15. Калі дзесьці ўтворыцца суполка, якая ў чымсьці будзе адрознівацца ад нашых арганізацый, але па духу і мэтах яна будзе блізкая нам, тады неабходна пра гэта паведаміць кіраўніцтву з тым, каб наша асацыяцыя аб’ядналася з гэтай суполкай. 16. Абавязак і справа гонару і жыцця кожнага члена — нікому, нават таму, хто прыняў яго ў асацыяцыю, не расказваць пра асобу, якая далучыла яго да арганізацыі, і не публікаваць ніякіх звестак пра асацыяцыю. 17. Кожны член павінен мець копію гэтых артыкулаў, перапісаных уласнаручна, разам з дадзенай клятвай, тэкст якой наступны: Я бяру ў сведкі Бога, чыя справядлівасць выяўляецца праз пакаранне здраднікаў, і даю гэтую клятву ясна ўсведамляючы, што ніхто не прымушае мяне да гэтага, а я сам імкнуся да такога ўчынку. Маё ўступленне ў арганізацыю не мае на мэце ніякай карыслівай зацікаўленасці і ніякай асабістай нянавісці. Я не здраджу па слабасці ні ў якім разе ні асобным сябрам, ні — тым больш — усёй арганізацыі. Я зберагу тайну да поспеху або да таго моманту, калі смерць спыніць нашу справу. У выпадку маёй здрады, акрамя пакарання Госпада, да якога я цяпер звяртаюся, няхай на мяне ляжа нянавісць і помста народа. І дапаможа мне Бог.

Артыкулы для членаў асацыяцыі

1. Абавязак і справа гонару і жыцця кожнага члена — нікому, нават таму, хто прыняў яго ў асацыяцыю, не расказваць пра асобу, якая далучыла яго да арганізацыі, і не публікаваць ніякіх звестак пра асацыяцыю. 2. Кожны член аса­цыяцыі абавязаны кантактаваць толькі з той асобай, якая прыняла яго ў асацыяцыю і, адпаведна, гэтак далей. 3. Кожны, хто ўступае ў асацыяцыю, павінен ахвяраваць як мінімум 3 злотыя. Гэтыя грошы разлічаны для адпраўкі неабходных людзей і для падтрымкі няшчасных і прыгнечаных асоб, вядомых сваёй цвёрдасцю духа. 4. Кожны член асацыяцыі можа ўвесці ў асацыяцыю не больш як тры асобы і аплаціць адпаведную суму, калі тыя не ў стане самі зрабіць гэтага. 5. У асацыяцыю можна прымаць асоб любога грамадскага стану, якія вылучаюцца сваёй добрапрыстойнасцю і мужнасцю. 6. Кожны член, прымаючы ў асацыяцыю іншую асобу, павінен ведаць склад думак і характар гэтай асобы. Калі добрапрыстойнасць асобы не выклікае сумненняў і праверана цвёрдасць яе духу, тады неабходна сам-насам уручыць ёй акт паўстання, прыняць клятву, узяць подпіс і дзейнічаць пры гэтым з усёй асцярожнасцю. 8. У сваіх зносінах з асобамі, якіх ён далучыў да арганізацыі, а таксама з тым, хто яго самога прыняў у асацыяцыю, кожны член павінен, асабліва ў грамадскіх месцах, карыстацца ўмоўнымі знакамі. 9. Кожны член будзе ўважліва сачыць, каб нідзе не ўтвараліся іншыя таварыствы, будзе вывучаць іх і паведамляць таму, хто яго прыняў у асацыяцыю. 10. Кожны член павінен мець копію гэтых артыкулаў, перапісаных уласнаручна, разам з дадзенай клятвай з тым, каб штодня іх чытаць. Тэкст клятвы той жа самы (глядзі пункт 17 — Я. А.): я, такі-та, уступіў у асацыяцыю і даў клятву…

12/23 лютага 1797 г.

РДАСА. Ф. 204. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 76.

Літаратура і крыніцы

1.            Ciecierski, Ks. Pamiętnik. — Lwów, 1865.

2.            Limanowski, B. Historia demokracji polskiej w epoce porozbiorowej. — Zurych, 1901.

3.            Askenazy, S. Lukasinski. — Warszawa, 1929. — T. 1.

4.            Kukiel, M. Proby powstancze po trzecim rozbiórze. — Kraków, 1917.

5.            Miller, A. Pierwsza porozbiórowa konspiracya Litewska. — Kraków, 1936.

6.            Таляронак, С. В. Тайныя таварыствы ў Літве і на Беларусі ў канцы ХVIII ст. Вілен­ская асацыяцыя 1796—1797 гг. // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. — 1992. — № 5—6.

7.            РДАСА. Ф. 204. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 76адв.

Артыкул паступіў у рэдакцыю 02.08.2010

Беларускі археаграфічны штогоднік. Мн.2011. Т. 12. С. 215-218.