Танцуючы сейм

Яўген АНІШЧАНКА,

кандыдат гістарычных навук

Танцуючы сейм

Апошняе стагоддзе існавання Рэчы Паспалітай, у якой афіцыйна аб’ядноўваліся “народы польскі і літоўскі” з сучаснымі беларускімі землямі, прынята лічыць заняпадам дэмакратыі і амаль што фатальным сконам рэспублікі.

Мабыць, гэта і слушна, калі ўлічыць, што краінай правіў кароль, якога выбірала шляхта на сейміках (сходах) ваяводстваў і паветаў. Раз-пораз венцаносны абраннік звяртаўся да шляхетных галоў параіцца ды папрасіць помачы. Манарх нібы раіўся з народам, які адзіна ўвасабляла слаўнае рыцарства шматлікіх засценкаў і ваколіц. Ганарлівая сваёй традыцыйнай роляй калектыўнага радцы і супольнага кіраўніка дзяржавай, шляхта стварала асобны стан, якому было адведзена пачэснае месца ў агульнадзяржаўным сейме — шляхецкія паслы складалі выбарную ўладу нароўні з каралём і сенатам. Кожны шляхцюк, які меў дэпутацкія паўнамоцтвы і голас на сейміку, карыстаўся гэтым спаўна для дэманстрацыі сваёй выключнай ролі і асобы. Яму было дастаткова крыкнуць: “Не дазвалям” — або: “Няма згоды”, — каб спыніліся сеймавыя абрады і марным стаў сам сход з яго агульнымі рашэннямі. У выніку злоўжывання гэтым правам вета сеймікі і сеймы зрываліся, а міжпартыйнай барацьбой з выгадай карысталіся памежныя суседзі для замацавання свайго дамінавання ў знясіленай краіне праз надзейных крэатур(крэатура з лац.—стаўленік, паслухмяны выканаўца).

(стр. 215) Асабліва выгадала з такой сітуацыі і ладу царская Расія, якая ў 1717 г. дамаглася сваёй пратэкцыі над дзеючымі парадкамі Рэчы Паспалітай, а ў 1764 г. узвяла на трон залежнага Станіслава Панятоўскага. Разлік на пецярбургскую гарантыю (апеку) дазваляў брацці-шляхце ўхіляцца ад падаткаў на ўтрыманне ўласнага рэгулярнага войска. Апошняе не перавышала 30 тыс. чал., тады як Расія да канца стагоддзя муштравала да 300 тыс. рэкрутаў у захопніцкіх войнах. Шляхта прызвычаілася служыць пры панскіх дварах і ўзнімала ваяўнічыя енкі тады, калі чужаземцы забываліся плаціць за розныя паборы і пераходы. Зрэшты, царскія войскі пакінулі Рэч Паспалітую ў 1780 г. пасля таго, як Расія дабілася юрыдычнага замацавання сваёй пратэкцыі над існуючым ладам Рэчы Паспалітай у трактатах 1768 і 1775 гг.

Здавалася, што зараз аніякая іншаземная ўзброеная моц не перашкаджае нармальнаму жыццю, патрэбным пераменам. Бо сеймы і сеймікі праходзілі без атачэння замежных штыкоў. Здавалася, што зараз ніхто не мог заявіць аб незаконнасці таго ці іншага шляхецкага сходу, аб парушэнні вольнага галасавання пад уціскам чужынскай зброі. Бо краінай кіравала Пастаянная рада на чале з каралём, членаў якой выбіралі тайным галасаваннем праз кожныя два гады. Праўда, разам з каралём гэта быў орган васальна залежнай дзяржавы. Імператрыца Кацярына II уплывала на яго рашэнні скрытнай раздачай грошай надзейным хаўруснікам, а тыя марнавалі час на высвятленні патрыятычнай карысці ўласных рашэнняў і асабістай лаяльнасці да хлебасольнай рукі. Пры такой сістэме і далечыні Пецярбурга лічылі, што рускі пасол у Варшаве кіруе краінай нароўні з каралём і радай, нібыта віцэ-кароль, што менавіта ён перашкаджае належным зменам, што гэта ён ахоўвае бязладдзе і так званую анархію. Тады проста верылі, што адзін чужынец здольны прыгнятаць і трымаць у няволі вольнаабранага караля, сейм, суды і мясцовыя ўрады. Адзін з сучаснікаў тлумачыў, што “Пецярбург стаў нашай сталіцай, а Варшава — сталічным горадам расійскай губерні, дзе толькі пад ветлівымі тытуламі ўсё вяршыла Масква — так губернатар называўся паслом, маскоўскі ўрад — гарантыяй, губернская ўлада — Пастаяннай радай, а яе старшыня — каралём”. Праўда, сам кароль заспакойваў сябе філасофіяй пакутніка, прыкаванага да варштату лёсу, якому “не належыць вешацца, а патрэбна дзейнічаць, пакуль дух з цела не выйдзе” (I). Як бы там ні гаварылі і тлумачылі, але ясна, што розныя ўрады і ўраднікі былі паўсюдна скарумпаваны. Таму шкодніка шукалі за мяжой, а косны лад выводзілі з чужаземнай падрыўной працы і ўплываў.

(стр.216) Гэтай веры спадарожнічала з канца 17-га стагоддзя ўстойлівая ўпэўненасць аб дасканаласці існуючага ладу, аб шкоднасці ўсялякіх перамен без агульнашляхецкай згоды, а тым больш навязаных прымусам ці звонку. Замах на агульнапрынятае дазваляў ствараць у яго абарону канфедэрацыі. Існуючая дзяржаўная будова задоўга да расійскага пратэктарата была замацавана сістэмай Кардынальных правоў, якія лічыліся канстытуцыйнымі нормамі, фундаментальнымі і нязменнымі. Любыя замахі на іх адзінства прыраўноўваліся да дзяржаўнай здрады. Якраз гэтыя канстытуцыйныя нормы з часу пастаўлення на трон С. Панятоўскага абавязвалася ахоўваць у недатыкальнасці Расія. Сеймавая ўстава 1768 г. прама гаварыла, што “ўсе гэтыя Кардынальныя правы ніколі, нікім, ні канфедэрацыяй, ні пад час бескаралеўя не могуць быць адменены і парушаны, а кожны, хто супраць гэтых правоў або супраць хаця б аднаго з іх выступіць, той за непрыяцеля Айчыны павінен лічыцца і ў гэтай якасці павінен быць пакараны”.

Нядзіўна, што любыя намаганні да кардынальных рэформ, нават абмежавання прынцыпаў элекцыі (вольнага выбару), адзінагалосся і права вета, заносіліся ў склад дзяржаўных злачынстваў, а нязгодныя змагаліся з парушальнікамі пры дапамозе канфедэрацый. Праўда і тое, што канфедэрацыі дазвалялі абыходзіць прынцып адзінагалосся, але толькі на час свайго існавання. Таму сеймы імкнуліся, так сказаць, сканфедэравацца, завязацца “вузлом вольнай канфедэрацыі”, каб абмінуць косныя абрадавыя працэдуры. Але ж канфедэрацыі ствараліся варагуючымі партыямі, а зацятая варажба паміж імі за лідэрства, пасады, за звычай ці супраць навінаў расколвала супольнасць і марнавала надзеі на пазітыўныя зрухі. Словам, канфедэрацыі былі ўзаемнявострай зброяй. 3 часам усё больш усведамлялі не іх карысць, а згубнасць і небяспеку, асабліва з погляду на расійскую апеку як на ярмо няволі, з якога паходзяць усе заганы і немагчымасць рэформ (2). Акрамя гэтага простага тлумачэння балючым было і разуменне таго, што, як казаў французскі асветнік Габрыэль Маблі, “без клопатаў і рэвалюцыі застаялая Рэч Паспалітая будзе падзелена” канчаткова (3). Гэта ж усведамляла і шляхта Мінскага ваяводства, якая 20 жніўня 1788 г. запісала ў сеймікавай ухвале, што “ўнутраныя нязгоды і абыякавасць прычыніліся да адрыву ад Рэчы Паспалітай (у 1772 г. — Я. А.) найлепшых і найкарыснейшых правінцый” (4).

На такім гістарычным скрыжаванні апынуўся чарговы вальны сейм 1788 г., празваны чатырохгадовым ці Вялікім. Мясцовыя сеймікі адгукнуліся на універсал аб яго скліканні традыцыйнай рашучасцю да публічных ахвяр у згодзе з пасламі ад іншых (стр. 217) эемляў, але ў такіх памерах, каб яны “не спустошылі” шляхецкіх маёнткаў, каб яны адрасаваліся толькі на запісаныя ў дэпутацкіх інструкцыях мэты.

У большасці інструкцыі трымаліся пэўных стандартаў, з якіх варта прывесці некаторыя. Ухвала сейміка Мазырскага павета ад 18 жніўня 1788 г. патрабавала ад паслоў (стражніка Яна Аскеркі і падкаморага Канстанціна Яленскага) дабівацца ў Варшаве павелічэння войска, на што прызначаліся даходы з платы чыноўнікаў і маёнткаў скасаванага ордэна езуітаў, узнавіць праз кожныя тры гады перапіс шляхты для складання выбарчых спісаў, ураўняць мытныя зборы ў Кароне і Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ), увесці адзіны курс замежнай і мясцовай манеты, стварыць пагранічную камісію з Кіеўскім ваяводствам і трымаць у Мазыры асобны полк для барацьбы з памежнымі наездамі, узнагароджваць толькі тых урадавых асоб, якія дбаюць аб агульным дабры і гэтым заслужылі павагу (5). Праз год, 16 лістапада 1789 г., новая інструкцыя таго ж павета ўжо на імя маршалка Мацвея Казіміра Аскеркі і судовага старасты Яна Яленскага загадвала пасланцам прыстаць да сканфедэраванага сейма так, каб усе варшаўскія паслы “з гэтага часу саміх сябе на час не ўмацоўвалі праціўным правам”. Яны меліся ўнікаць пагражаючых вайной знешнепалітычных захадаў, захаваць “усе прарэгатывы” і сеймавыя абрады паводле звычаю. Ім наказвалася забараніць тайнае галасаванне, увесці “роўнасць заканадаўства ва ўсіх правінцыях без выключэння і аднастайна спрасціць іх”, не дапушчаць гараджан да заканадаўчых прац і “шкодныя для правінцыі літоўскай” (ВКЛ) новаўвядзенні для сялян і ў судаводстве, не разлучаць каронны і літоўскі скарб (казну), вярнуць карысны ддя адукацыі шляхецкай моладзі ордэн езуітаў, ухваліць павелічэнне арміі без шкоды “для свабод і вольнасці народа”, скасаваць цяжкі скурны падатак і наогул вылучыць шляхту з-пад ападаткавання.

На падобных забараняльных “не” грунтаваліся і іншыя наказы, прадстаўляць якія ў Варшаву спачатку з’ехалася 170 паслоў. Дэпутацкія інструкцыі не пакідалі надзеі на адважныя і хуткія пераўтварэнні спарахнелага ладу. Яны вызвалялі пасланцоў ад маркотнай заканадаўчай працы і дазвалялі бавіць час на простую дэмагогію і сталічныя пацехі. Прадстаўнікі “літоўскай правінцыі” прыбылі на сеймавы форум з напамінам аб сваёй старажытнай асобнасці. Да прыкладу, інструкцыя Мінскага ваяводства ад 20 жніўня 1788 г. патрабавала раздзяліць касы Кароны і ВКЛ, перанесці вышук збеглых сялян у суд той правінцыі, адкуль яны выйшлі, адчыніць у Вільні навучэльню для 12 бедных шляхцюкоў (6). Гэтыя захады пярэчылі уніфікацыі кіравання, (стр. 218) якое бачылася на шляху ўмацавання каралеўскай улады і цэнтральнай адміністрацыі. Аднак спробы цэнтралізацыі ўлады здавён лічыліся памкненнямі да абсалютызму, да неабмежаванай манархіі з раўназначным пры гэтым абмежаваннем шляхецкіх вольнасцяў. Таму самае лёгкае, на што маглі адважыцца пасланцы, дык гэта вызваліцца з путаў інструкцый і абвясціць сябе прадстаўнікамі не пэўнага ваяводства, а ўсяго шляхецтва ці народа. Гэтую адвагу сцярпелі з тым разлікам, каб толькі да шляхецкіх прэрагатыў не былі дапушчаны іншыя грамадскія станы.

Сейм пачаўся 6 кастрычніка 1788 г. як грандыёзнае відовішча. Варшаву наваднілі армады абозаў з харчам, разнамоўныя купцы, вераніцы шыкоўных паяздоў знаці з прыслугай (7). Літоўскі магнат Кароль Радзівіл наладзіў вялікі баль у гонар 200-годдзя уніі Кароны і ВКЛ, на які пусціў каля 2 млн. злотых. Кожны сеймавы пасол атрымаў па 4 білеты, так што разам на вяселлі прысутнічала каля 4 тыс. гасцей. Яны мясцілісяза такім вялізным сталом, што з канца ў канец не бачылі твараў. Але ўсе дзівіліся з аздобы цэнтральнага стала— прыборамі, зробленымі з золата і срэбра і ўпрыгожанымі родавым гербам саноўнага князя. Паміж свецкімі ўцехамі і сеймавым жыццём знікла розніца.

Аматары гістарычных падзей атрымалі госцевыя запрашэнні на галерэі сеймавай залы, каб адтуль з пашанай унікаць дэклямацыям аратараў і захапляцца музыкай іх прамоваў. 3 разліку на гэтую даверлівую і ласую галёрку гаварыліся палкія і нудныя красамоўствы. Розумам прысутных завалодваў якраз той, хто, нібы на клавікордах, гуляў на экзальтыраваных пачуццях і іх распальваў. Самы гучны рэзананс і гул адабрэння адразу выклікалі прызывы да суверэнітэту, да скасавання пецярбургскай гарантыі. Дырыжыравала гэтым аркестрам прапруская партыя (князь А. Чартарыскі, Патоцкія, М.К.Агінскі, К.Н.Сапега і інш.), якія разлічвалі абаперціся на прускага манарха Фрыдрыха Вільгельма для правядзення ўласных рэформ і нават за кошт саступкі таму Гданьска і Торуня выгадаць у былога захопніка карысны гандлёвы дагавор. Фрыдрых карыстаўся момантам і распальваў антырускія настроі. Ён афіцыйна паведаміў сеймуючым, што акажа ім збройную падтрымку, што не будзе больш умешвацца ў іх самастойныя чыннасці, але не дазволіць збліжэння з Расіяй. Ён заклікаў “праўдзівых патрыётаў і добрых польскіх абывацеляў прыстаць да агульных дзействаў для прадухілення няшчасцяў, пагражаючых іх Айчыне”. Ён абяцаў уласныя штыкі ў выпадку знешняга замаху на “незалежнасць, вольнасць і бяспеку Польшчы”. (стр. 219) Пруская ,нота, зачытаная на сейме 13 кастрьічніка, выклікала вялізны запал. Бо ўпершыню да сеймуючых звярталіся як да носьбітаў незалежнай краіны. Дзесяцігоддзі маўклівага падпарадкавання і прыхаванай нянавісці выбухнулі антырускімі дэманстрацыямі.

Асабліва шумнага водца “прусакі” атрымалі ў асобе князя Казіміра Нестара Сапегі — адзінага сына мсціслаўскага ваяводзіца і каралеўскай фаварыткі Ізабэлы Браніцкай. Сапернікі не шкадавалі брудных слоў аб ім, а ён сам нібы спецыяльна выстаўляў свой амбіцыёзны нораў. Езуіта Вутрына бянтэжыла яго слабасць да жаночага полу, бо Сапега не саромеўся цалаваць грудзі кабетам на вачах маці і пляваць пад ногі сваіх суседзяў у салонах. Аскетычныя мімозы моршчыліся ад яго бясконцых начных оргій, пасля якіх п’яны забаўнік са “страшным і брыдкім тварам” прыбываў на сеймавыя пасяджэнні. Тут ён з бляскам выказваў свой аратарскі талент, за што атрымаў назву “польскага Цыцэрона”. Ён смела атакоўваў замежную дыпламатыю і казаў, што Францыя зрабіла б лепш, калі б плаціла даўгі і не давала парадаў, аб якіх яе не просяць. Худы, як гліст, з аголенай галавой, ён неяк завітаў на баль у нацыянальным кунтушы, а потым не пашкадаваў двух мундзіраў з уласнага гардэроба на карысць арміі. Гэты агітатар вольнасці ад расійскага ярма патрабаваў выставіць супраць вулічнай чэрні кавалерыю, калі гарады сталі патрабаваць свабод і месца ў сейме (7).

Разам з памяркоўным Станіславам Малахоўскім яго выбралі маршалкам (кіраўніком) сейма, і прусакі павялі масіраваную атаку на сістэму, утвораную пад апекай Расіі ў 1775 г. (Пастаянную раду, ваенны дэпартамент). Як сведчыў адзін сведка, С. Малахоўскі “нам голас прадастаўляў, а другі адбіраў”. Сярод агульнага тлуму загучалі галасы аб тым, што канстытуцыя 1776 г. “няясная і адкрытая для свавольнага тлумачэння каму дагадна”, што рада пры каралі — зброя тыраніі і дэспатызму. Вялікае натхненне сустрэла прапанова павялічыць войска амаль у 5 разоў — да 100 тыс. чал. I хаця асцярожны кароль казаў, што такая колькасць не па сілах бюджэту, які здольны ўтрымаць ледзьве 40—60 тыс., але паслухаліся голасу: “Вызначым спачатку 100 тысяч, а спосабы ўтрымання знойдуцца”. 20 кастрычніка 1788 г. пры адным супраціўным голасе сейм ухваліў гэты праект.

Ашаломлены кароль падтрымаў агульны парыў. Узрушаныя адзінствам паслы атачылі яго трон і цалавалі па чарзе руку яго вялікасці. Між тым С.Панятоўскі апынуўся перад рызыкай:. пастанова замахнулася на прынцыповую ўмову трактата з Расіяй і магла справакаваць яе на чарговую агрэсію. Але яе ўжо не баяліся»; бо спяшаліся скарыстаць момант вайны Расіі з Турцыяй (ст. 220) і Швецыяй. Закрычалі голас жмудскага пасла Горскага — маўляў, хто пойдзе насуперак агульнай згодзе, той маскаль, вораг Айчыны, а вось пры такім войску нас будзе паважаць уся Ёўропа. Наспела чарга і за ваенным дэпартаментам, пры якім, як казаў К.Сапега, “вольны ўрад у адзінаўладдзе ператворыцца”. 8 лістапада 1788 г. пагрозлівы дэпартамент быў скасаваны і заменены сеймавай вайсковай камісіяй. Гэтак сейм аказаўся камандуючым папяровай арміі. Аднак апазіцыя з радасці патрабавала вывесці рускія правіянцкія магазіны і прадоўжыць на неакрэслены час сеймавыя абрады.

Рускі пасол, тлусты і абжорлівы О.М.Штакельберг, патрабаваў ад караля стрымаць сейм, але той не хацеў канфрантацыі з уласным народам. 6 лістапада Штакельберг зачытаў ноту Кацярыны II, дзе яна з жалем адступіла ад прыязні з Рэччу Паспалітай. Няпэўнасць яе звароту была настолькі з выклікам, а посвіст ненавіснага бізуна такім балючым, што разгневаныя настойвалі абвясціць вайну Расіі. Лагодныя парады караля патанулі ў крыках, што ён змовіўся з Пецярбургам “уціснуць волю народа”.

О.Штакельберг стаў аб’ектам агульнай знявагі, як быццам бы 100 тысячнае войска стаяла ўжо за дзвярыма ў гатоўнасці. Па словах самога караля, рускі пасол меў натуру “старой, дакучлівай і раўнівай какеткі, задаволенай ад роспуску чутак і звадак. Ён пастаянна ўмешваўся ў кожную справу, як чалавек становішча і знаўца літаратуры прагнуў усюды і ва ўсім вызначыцца, жадаў, каб яго шанавалі не толькі магутным, але і наймілейшым” (8). Абражаць гэтага носьбіта, як казаў К.Сапега, “нявольніцтва ад замежнай дзяржавы”, стала модай. “Калі ён знаходзіўся ў таварыстве ці на балі, яго акружалі і, сорам сказаць — па- дзіцячаму крывілі яму морды. Калі ж пасол хацеў прайсці з пакоя ў пакой, то станавіліся да яго ў дзвярах задам”. Кароль з прыдворным акружэннем увасаблялі марыянетачны хаўрус. Аўтары шматлікіх ананімных лістоў і сатырычных памфлетаў называлі ворагам Айчыны кожнага, хто асмельваўся выступіць у абарону караля. “Сеймавая апазіцыя зусім ашалела: калі хто- небудзь з прыдворнай партыі браў голас, то яго тут жа заглушалі, перабівалі, здзекаваліся і высмейвалі. Калі хтосьці толькі спрабаваў стрымаць пачуцці на сейме, схіляў да здаровага сэнсу альбо бараніў непапулярных людзей, апазіцыя тут жа распушчала чуткі, быццам ён прадаўся за (рускія. — Я. А.) рублі” (9).

Апазіцыя старанна і наўмысна падсоўвала застрашальныя весткі з Валыні, дзе нібыта Расія праз уніяцкіх папоў, стараабрадцаў і правіянцкіх фурманоў падбухторвае сялян да непаслушэнства, да разні паноў, каб з дапамогай іх бунту адарваць (стр. 222) | украінскія землі. У сейме пад бурныя воплескі галёркі былі ўваскрэшаны ўсе здзекі рускіх акупантаў напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай. 3 усіх канцоў дзяржавы сабралі цэлы натоўп калек без рук і ног, якіх дэманстравалі на публічных пасяджэннях. Там яны выстройваліся доўгай чарадой, просячы міластыню, і пад расчуленыя гневы галёркі лілі слёзы пра тое, і што былі пакалечаны царскімі генераламі ў мінулую Барскую канфедэрацыю пры змаганні за святую каталіцкую веру.

У нястрымным запале сейм 20 кастрычніка 1788 г. большасцю ў 15 галасоў падпарадкаваў армію ўласнай камісіі, а каралю пакінуў адну гвардыю і права подпісу пад патэнтамі на афіцэрскія пасады. Ухваленне вайсковага праекта ў адзін дзень пераўтварыла самых ліслівых рэгалістаў (прыхільнікаў каралеўскай партыі) і рэнегатаў у самых шчырых патрыётаў. Як сведчыў сучаснік, усюды “людзі абдымаліся, жанчыны плакалі ад шчасця, дзеці скакалі і пляскалі ў далоні”. Дзіва што! Упершыню прадстаўнічы орган настаяў на сваім, браўся вырашаць інтарэсы Айчыны па свайму разуменню і волі. Вядомыя сваёй сквапнасцю і прадажнасцю сенатары пераўзыходзілі адзін аднаго ў клятвах, што ніколі, ніадкуль і ні ад каго не бралі хабару. Па краіне пакацілася хваля паказной самаадданасці, разгарнулася цэлае спаборніцтва па патрыятычнай самаахвярнасці. Сам кароль саступіў даходы з Брэсцкай і Гродзенскай эканомій на агульную справу. Сталічныя прыгажуні пад літаўры і трубы састрыгалі французскія фрызуры, лавеласы мянялі фракі на кунтушы. Яны адмаўляліся ад каштоўнасцей іаддавалі дарагія ўбранствы на любімую армію.

Віленскі ваявода Міхаіл Радзівіл абяцаў на ўласны кошт выставіць легіён у 6210 чалавек са шляхты і татар, але ўзамен прасіў пасаду шэфа над тым выдзелам, з правам назначэння афіцэраў ажно да генерала. Яго заява ўсіх здзівіла, бо злыя языкі гаварылі, што ён “ні жонцы сваёй у Вене не даваў сродкаў на існаванне, ні ўрачу, які 35 год служыў яму, не плаціў за службу пенсіі, ні мноству іншых пакрыўджаных не аплочваў даўгі”. Аднак магнат меў уласныя разлікі: ён браўся паставіць тысячы міліцыянтаў-ардынатаў з уласных падданых на дзяржаўнае ўтрыманне, каб такім шляхам прысвоіць са скарбу каля 1,8 млн.злотых. Падобныя планы выношвалі і іншыя магнаты, якім забаранялася трымаць уласнадворныя войскі звыш 200 чал. Сам кароль не давяраў гэткім пражэкцёрам і казаў, што калі б так пайшло, то ўсё войска Рэчы Паспалітай трапіла б пад уладу "некалькіх сатрапаў”. Таму расчулены сейм вырашыў увекавечыць імя Радзівіла ў канстытуцыі, а ў зале ваеннай камісіі паставіць яго бюст.

(стр. 222)Убарацьбе за армію сейм раскалоўся па прынцыпе знешняй

арыентацыі. Як казаў вядомы асветнік і радыкал Гуга Калантай, “кожны з ваюючых бакоў увёў бы чужаземныя войскі на сваю абарону”, каб толькі перамагчы і правесці ўласны план рэформ. Перамаглі прусакі: К. Радзівіл і камандуючы першай дывізіяй ВКЛ генерал-лейтэнант Ёзаф Юдыцкі ў красавіку 1789 г. гасцявалі ў Фрыдрыха і прыйшлі ў захапленне ад вышкаленага прускага строю. Бачанае так спадабалася, што запланаванае ўласнае войска рашылі скласці на прускі манер. Сеймавыя ;маршалы паспяшаліся ў студзені 1790 г. абвясціць жыхарам ВКЛ, што нарэшце “Польшча вызвалена ад ярма” рускай гарантыі, што Пастаянная рада, як “магістратура нямілая і  небяспечная, ліквідавана”, што абарона краю “амаль забяспечана павелічэннем войска, што народ ужо не адзінокі і не пакінуты ўласным сілам”, бо прускі кароль гатовы вырушыць на дапамогу (10). Гаварылі, што войскі новага сябра здольны асіліць варожую Расію ажно да Інфлянт.

Але тут паўстала пытанне аб сродках, паколькі мясцовая шляхта ў ваяводствах і паветах адмаўлялася абцяжарваць свае ўладанні ваеннымі паборамі, пастоямі і падаткамі. Радзівіл раіў генерал-ад’ютанту караля Патоцкаму не браць падаткаў да той пары, пакуль іх не выберуць старосты і яўрэі. Вялікі гетман ВКЛ Міхаіл Казімір Агінскі прапанаваў для літоўскай правінцыі штат у 20 541 чал. войска з выдачай кожнаму радавому (паштоваму) па 229 злотых. Прапановы ўвесці рэкруцкую павіннасць і ўтварыць з існуючага войска нешта рэгулярнае ўцягнула сейм у зацятую дыскусію. Найбольш спрачаліся пра тое, з каго набіраць і камплектаваць шарэнгі — прымусіць да абавязковай службы вольналюбівую шляхту ці прыгонных сялян? I што рабіць з тою шляхтай, якая не мела прыгонных? У болыпасці шляхта сялян не мела і ніяк не жадала насіць рэкруцкага ярма. Рупар шляхты, вялікі каронны гетман Ксаверы Браніцкі сцвярджаў, што лепшага войска, чымсьці кавалерыя (чытай — шляхта), няма з-за яе таннасці. Бо таварыш кавалерыі “сам сабе пан, сам сабе слуга, сам сябе экіпіруе і за 200 злотых каня і шаранговага ўтрымае”, што ён не толькі сам па першым закліку на абарону з’явіцца, а яшчэ і 10 сабе падобных прывядзе. Браніцкі раіў даверыцца толькі шляхце, “народжанай у адвазе і якая належнай шляхетнай амбіцыяй і мужнасцю польскай шаблі даўняе люстэрка і славу верне” (11). А пяхота, маўляў, “у сваім сэрцы стымулаў ды мужнасці і адвагі не мае”. Яе, схільную да дэзерцірства, дастаткова ўзброіць сякерамі ды рыдлёўкамі.

Тым не менш 7 снежня 1789 г. сейм увёў рэкрутчыну, якую арганізаваў па тэрытарыяльным прынцыпе. Пастаўка рэкрутаў здавалася на волю паноў. А каб зацікавіць іх да ахвоты, то набор, падмацавалі грашыма. Селяніну, які без крыміналу і злачынстваў (стр. 223) выслужваў 12 год, абяцалі вечную волю. Валадары дзяржаўных і духоўных маёнткаў ставілі рэкрута з 60 хат, а шляхта-паны — са 100. Хто не меў прыгонных або не жадаў іх ставіць, мог адкупіцца шляхам складкі. За рэкрута з шляхецкіх уладанняў давалі 2, з дзяржаўных і духоўных — 4 злотыя. Вярбоўшчык браў 60 злотых. Такі спосаб набору стымуляваў падман і злоўжыванні: замест рэкрутаў давалі хворых, калек, замежных дээерціраў, нават купцоў. Магнаты проста адкупляліся ад абавязкуабо прадавалі сваіх падданых вярбоўшчыкам і немаёмным уладальнікам.

Разам з гандлем людзьмі расквітнела простае рабаўніцтва. У пошуках наймітаў і дэзерціраў па Мінскім ваяводстве хадзілі купы рабаўнікоў. Асабліва выдзяляўся Завіша, якому “не перашкаджалі ні зіма, ні снегавыя завалы”. У пошуках ваяроў ён сабраў гультаёў-стральцоў, і тыя ўшчэнт разнеслі маёнтак Васкевічы. ПалкоўнікКарл Мураўскі быў паранены, калі пры пошуках ахвотнікаў завязаўся сапраўдны бой. Мінскі канюшы Ігнаці Ратынскі ў канцы снежня 1791 г. “выбіраў кантрыбуцыю пад выглядам чыншаў”, гойсаў па мястэчкуІвянец “і ў кожным доме страляў з пісталетаў” (НАРБ, ф. 1739, воп. 1, спр. 23, л. 44 адв.-45)  Такія налёты пры наборы прывялі да таго, што ў Прусію ўцякло ці не 10 тыс. чалавек і столькі ж выбегла ў суседнія беларускія губерні.

А гэта было амаль цэлае войска. Як занатаваў выдатны сведка тых падзей У. Нямцэвіч, “рэкруцкія паборы былі складзены з валацугаў або людзей, узятых гвалтам” (12). У харугвы пярэдняй варты ВКЛ, як прызнаваў адказны за іх камплектаванне мечнік Міхаіл Клеафас Агінскі, прыходзілі “агульна ўсе без грошай адныя гультаі і піякі”. Аматары лёгкага заробку бралі плату, нават не бываючы ў лінейным войску, седзячы па хатах, а рэкрутаў у харугвах ніхто “ніводнага не бачыў” (13). Першы набор у ВКЛ даў у 1789 г. прыкладна 11 тыс. босых, голых і галодных людзей. У 1790 г. тры наборы прынеслі ўжо ледзьве725 рэкрутаў, а войска нагадвала прахадны двор і сінекуру для казнакрадаў.

Пад час рэфармавання літоўскае войска было напоўнена “сваркамі, нястачай, голадам і нараканнямі”. Служачыя брыгад нарадовай кавалерыі баранілі сваю элітарнасць, калі таварыш прыраўноўваўся да харужага, шэф — да паручніка, харужы — да капітана, паручнік — да палкоўніка, ротмістр — да генерал- маёра! Калі патрабавалася скаардынаваць кавалерыю і пяхоту,то паміж афіцэрамі пачыналіся сваркі аб падначаленасці, старшынстве і радавітасці. Афіцэры часцяком толькі лічыліся ў спісах, а на справе сядзелі па хатах. Крадзеж вайсковай касы набыў такія памеры, што камандуючы першай брыгадай нарадовай кавалерыі Мікалай Сулістроўскі 4 лістапада 1791 г.забараніў усім гарадам ВКЛ пазычаць грошы і тавары ў крэдыт жаўнерам — абы толькі даўгі іх не разарылі і так шчуплы (стр. 224) вайсковы скарб. Віленскі арсенал меў толькі некалькі годных гармат і то падораных каралём. У ім гучней стралялі бутэлькі шампанскага, а гарматы ўжываліся “для віватаў”. У 8-м пяхотным палку пад шэфствам К.Радзівіла або цешыліся мундзірамі, або прайгравалі грошы і марнавалі час на пустых забавах. Абавязкаў і дысцыпліны там нібыта не існавала. “Большая частка ўраднікаў доўга не магла зразумець дасланыя сеймам нямецкія правілы муштры”. Самі рэвізоры, што праводзілі інспекцыю, “сцяміць не маглі, што ім даручана”. К.Радзівіл у час паверкі свайго палка “нічога не бачыў, нічога не зрабіў і, так нічога не сказаўшы, паехаў. Большая частка ўраднікаў тых ніколі не бачыла сваіх падначаленых, адкуль і вынікала, што пры першай небяспецы панове брыгадзіры, віцэ- брыгадзіры бессаромна сядзелі дома, а некалькі малодшых афіцэраў кіравалі палкамі як маглі”.

Давялося сейму адступіць і ад запраектаваных штатаў, бо з васьмі пяхотных палкоў літоўскай арміі толькі два мелі па два камплектных батальёны, а недакамплект у астатніх даходзіў да 7 тыс. чал. Сейм быў вымушаны адмяніць продаж ваенных чыноў, увесці чынаводства па старшынству, абвясціць амністыю дэзерцірам. Скарачэнне штатаў зберагло рэшткі, але гэта не зрабіла іх баяздольнымі. Бо не існавала наладжанай сістэмы харчовага і правіянцкага забеспячэння, а шляхта ўпарта супраціўлялася бясплатна сілкаваць армію.

Тады сейм рашыў абкласці ўладанні шляхты, царквы і дзяржавы падаткам у выглядзе добраахвотнай ахвяры. 6 красавіка 1789 г. ён загадаў абвясціць з усіх царкоўных амвонаў універсал аб суцэльнай люстрацыі (рэвізіі) існуючых уладанняў дзеля іх дакладанага абкладання. Шляхта кожнага ваяводства іпавета мелася выбраць трох рэвізораў, якім даручалася сабраць ад саміх гаспадароў звесткі аб іх прыбытках і колькасці падуладных насельнікаў. Падатак вызначаўся з колькасці дымоў або дамоў. За комін лічыўся жылы дом з гаспадарчымі пабудовамі. Калі ў хаце жыло некалькі гаспадароў, якія выконвалі павіннасці з самастойных надзелаў, то яны плацілі паасобна. За дым лічылася ўсё, што сапраўды дымілася і курылася — нават жыллё беззямельных халупнікаў, агароднікаў, якія не мелі ўласнай гаспадаркі, а існавалі з найму па суседзях. Сюды ж адносіліся панскія фальваркі і нават яўрэйскія корчмы. Няцяжка здагадацца, што паны не надта спяшаліся залічваць свае фальваркі да падаткавых спісаў. Да ўсяго, падымны падатак збіраўся па старых тарыфах (спісах), якія не адпавядаді рэчаіснасці. Абвяшчалася, што вынікі люстрацыі не будуць зменены на будучыя 20 год. У дзяржаўных староствах самы хуткі (стр. 225) спосаб атрымання грошай знайшлі ў продажы лясоў. Але каб не спустошыць маёнткі масавай вырубкай лесу, дровы дазвалялася вывозіць толькі з дазволу камісараў (14).

1 ліпеня 1789 г. сейм запатрабаваў звесткі аб даходах з пасеваў усялякага збожжа і ўсяго, што бралі пры продажы ўладанняў з рук у рукі. Гэты падатак называўся ахвярай дзесятага гроша (10% з даходаў) на войска, бо вызначаўся з 10 корцаў пасеваў або з трох бочак і 8 гарцаў збожжа на камісійную меру ў літоўскай правінцыі. Гэты засеў належала паказаць добраахвотна і пад прысягай за апошнія тры гады, а калі не было рэестраў — то і за два гады. Падманшчыкам прыгразілі падвоеным штрафам на працягу наступных чатырох гадоў (16). Пастанова не гаварыла прама, што пасевы вызначаюцца менавіта з панскіх фальваркаў, а таму валадары смела пераклалі ўласны абавязак на сялянскія надзелы. Разлік паслоў на чыстасардэчнае сумленне сваіх выбраннікаў стварыў шмат палёгак для падману дзяржавы. Як тады гаварылі, добраахвотных прысяг у Польшчы выконвалі столькі разоў, што калі б папраўдзе выканалі хоць бы адну, то не было б у свеце іншай квітнеючай і непераможнай краіны. Даходы ўтойвалі, прымяншалі. На момант люстрацыі не вялося рэгулярнага ўліку продажу маёнткаў. Запісы часта здзяйсняліся ў суседніх ваяводствах, і патрабаваўся час на праверку іх характару. Падымны падатак — усяго 5 злотых з курнай сядзібы — абыходзілі надта проста: некалькі комінаў злучалі ў адну трубу, сем’і ссялялі, хаты руйнавалі, сялян хавалі. Усё тое — абы толькі не плаціць.

Заклапочаны ненадзейнасцю звестак і маруднасцю пры іх зборы, скарбовы ўрад літоўскай правінцыі 6 ліпеня 1789 г. паклапаціўся, каб валадары паказвалі “стан кожнай вёскі і месца (горада) з іх павіннасцямі і данінамі”, занатоўваючы адначасова правы сялян і мяшчан, усе спрэчкі і скаргі паміж уладальнікамі і падданымі на маёнткі разам з іх прывілеямі, межамі і гістарычнымі довадамі. Гэтая мера гарантавала бакі ў захаванні іх старадаўніх правоў і справядлівае іх вырашэнне вызначанымі камісарамі. Аднак у сапраўднасці гэта падахвоціла падданых скардзіцца на працяглы ўціск і парушэнні даўніны рознымі ўраднікамі і старастамі. Па сутнасці сейм справакаваў прыгонных скардзіцца на сваіх прыгнятальнікаў з надазяй на пакаранне вінаватых і справядлівае задавальненне сваіх крыўд. У выніку да краіне пакаціліся хваляванні жыхароў прыватнаўласніцкіх мястэчак за атрыманне вольнасцяў, а сейму даводзілася скіроўваць рэгулярныя войскі для іх замірэння. У самім сейме ўсё выразней загучалі патрабаванні дапусціць мяшчан у склад пасольскай улады, побач з шляхецкімі пасламі. А гэта быў ужо (стр. 226) заклік да сацыяльнай роўнасці. Гэта ўжо адштурхала “рэвалюцыйны” сейм ад падтрымкі на месцах, дзе паслам строга наказвалі не парушаць саслоўных перагародак, дзе не ведалі вякамі, каб на пасольскай лаўцы побач з шляхціцам сядзеў сярмяжны падданы. Таму з месцаў сталі дзівіцца надта радыкальным замахам выбраннікаў, знявазе інструкцый, і паступова выспела патрэба перавыбараў. Са свайго боку сеймавыя радыкалы прагнулі неадкладных перамен, калі сутыкаліся з кансерватыўным холадам пасланцоў ад ваяводстваў. І яны падтрымалі перавыбары, але з такім разлікам, каб атрымаць новых паслоў у сваю падтрымку на аснове папраўленай працэдуры сеймікаў.

Напружанасць у грамадстве ўзрастала, і разам з тым сам сейм зацягваўся перад блытанінай нечакана ўзніклых і стагоддзямі нявырашаных праблем. Самая натхняльная мара, 100-тысячнае войска, усё яшчэ мроілася ў галовах, а не маршыравала стройнымі радамі на манеўрах, якія ўпершыню былі праведзены пад Мінскам улетку 1790 года. Ганарлівая сваім рыцарскім мінулым і гераічнымі продкамі вольналюбівая шляхта не заваліла дзяржаву падарункамі на пажаданую армію. З прадугледжаных каштарысам 40 млн. злотых на 87-тысячнае войска хвалі шляхецкай ахвяры прынеслі ў скарб толькі 6 млн. У ВКЛ шляхта ахвяравала ледзьве 1.5 млн. злотых з патрэбных 3 млн., або палову належнага. Але і гэтаму не верылі, бо казалі, што грошы недзе раскрадаюцца, што зашмат паглынае асабісты двор караля, што за мяжу ідзе аж 100 млн. злотых для аплаты бессэнсоўных каралеўскіх даўгоў. Таму вырашылі пусціць у продаж дзяржаўныя маёнткі і нават хацелі закласці ў генуэзскіх банках вінакурны і падымны падаткі. З гарадоў ахвяру патрабавалі ажно 5 разоў, а затым гэтак “мазольную справу” зусім пасунулі ў глыбокую скрыню і паціху забыліся. Калі дым сеймавай апантанасці стаў рассейвацца, аказалася, што варшаўскія пасланцы апынуліся або перад уласным авантурызмам, або перад сцяной гэтак жа паўсюднага крывадушша і клятваадступніцтва. Ужо ўвесь снежань 1789 г. сейм прысвяціў высвятленню гэтага непаразумення з шляхетным народам, яго замшэлымі маральнымі прыкрасцямі і абыякавасцю. Тагачасны асветнік і лекар чалавечых заганаў Станіслаў Сташыц раіў спыніць дарэмныя спрэчкі вакол прысягі, бо апошнія “ў Польшчы не паказваюць праўды, а толькі ганьбяць душу. Беспакаранасць пераўтварыла прысягу у пустую фармальнасць”,--казаў ён (16). Тады прагучалі галасы, каб прыклад сумленнасці падаў сам сейм, а асабліва таму, каб змыць падазрэнні ў лабіраванні на карысць чужаземнага ўплыву. Тады думалі, што непачцівасць уласнага народа да кіруючага органа дзяржавы (стар. 227) паходзіць з практыкі ўціскаў аўтарытарнай Расіі, неўласцівай для “вольнай” Польшчы.Дык далоў тады ўсе сляды працяглай і ганебнай залежнасці ! 20 снежня 1788 г. кожны сеймавы дэпутат урачыста ўчыніў прысягу на тым, што “замежных пенсій не  браў і браць не буду”.

Узаемацалаванням і братанням не было канца. Гэта на час замірыла варагуючыя партыі, сцішыла ўзаемападазронасць, што дазволіла 19 студзеня 1789 г. скасаваць Пастаянную раду 120 галасамі (11-супраць, 62 устрымаліся). Нарэшце быў звалены самы агідны звер айчыннай няволі. Апазіцыя трыумфавала, бо ўсе сеймуючыя разам ператварыліся ў шчырых патрыётаў, бо канчаткова была скасавана ўся сістэма, створаная рускай гарантыяй, бо сейм фактычна забіраў усю паўнату улады ў свае рукі. Увесь дэпутацкі корпус быў запрошаны на кожнадзённыя асамблеі ў палацах знакамітых саноўнікаў, дзе сталі гнуліся ад адмысловых страў, заморскіх напояў, дзе балявалі і скакалі да ранку. Як казаў англійскі пасол Уільям Даніэль Хайлес, сейм нагадваў “танцуючы і вялікі карнавал” (17). К. Радзівіл патрабаваў вынесці з сеймавай залы крэсла Штакельберга. Званы бернардынскага касцёла абвясцілі сваім громам аб пахаванні рускай апекі. Сейм рабіўся адзінаўладным гаспадаром дзяржавы. Кароль мусіў памясціцца ў пакойчыку за тронам, каб увесь час цярпець дакучлівыя заканадаўчыя працэдуры новага ўсемагутнага кіраўніка краіны.

Здавалася, што нарэшце дзяржава выбілася на шлях вольнасці і суверэнітэту, што перад кіруючым форумам адчыніліся прасторныя дзверы да самастойных дзеянняў, што наспеў час для канструктыўнай працы, да прадукцыйных і так даўно жаданых радыкальных рэформ…

Літаратура і крыніцы:

  1. Zamojski A. Ostatni krol Polski. Warsz., 1994. S. 284
  2. Laszewski R. Sejm polski w latach 1764-1793. Warsz. 1973. S. 161
  3. Zamojski A. Ostatni krol...S. 227
  4. НГАБ, ф. 1727, воп. 1, спр. 11, л. 188 адв.
  5. Там жа, ф. 1728, спр. 25, л. 992-993
  6. Там жа, ф. 1769, спр. 11, л. 183-190 адв.
  7. Maksimowicz K. Stosunek opinji publicznej do Kazimierza Nestora Sapiegi w poezyi okolicznosciowej Sejmu czteroleniego\\Wiek Oswiecenia.Warsz, 1992. S. 192-198
  8. Zamojski A. Ostatni krol...S. 274
  9. Kalinka W. Sejm czteroletni. Lwow,1884. T. 1. S. 252-253
  10. НГАБ, ф. 1757, спр. 12, л. 173 адв.
  11. Rostworowski E. Z dziejow genezy Targowicy\\Przeglad Historyczny.1954. T.45. Z. 1. S. 16

12 Kalinka W. Sejm czteroletni...S.582, Ratajczyk K.L.Wojsko i obronnosc Rzeczypospolitey 1788-1792/ Warsz.,1975. S.713

  1. РДВГА, ф. ВПА, спр. 2726, Ч. 6. Л. 27 адв.
  2. НГАРБ, ф. 1705, спр. 71, л. 641-643, 651, 679
  3. Там жа, л. 779
  4. Kalinka W. Sejm czteroletni…С. 313
  5. Skawronek I.S. Wielka chwila narodowych dziejow. Warsz., 1991. S. 25

Маладосць. 1999. № 10. С. 214-228