МІЖКАНФЕСІЙНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў БЕЛАРУСІ НАПЯРЭДАДНІ ПЕРШАГА ПАДЗЕЛУ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Я. К АНІШЧАНКА

МІЖКАНФЕСІЙНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў БЕЛАРУСІ НАПЯРЭДАДНІ ПЕРШАГА ПАДЗЕЛУ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Гады, якія папярэднічалі далучэнню Беларусі да Расійскай імперыі (1772), усё яшчэ нярэдка разглядаюцца скрозь прызму штучнага аб- вастрэння царызмам становішча дэсідэнтаў (некаталікоў) у Рэчы Паспалітай, што прывяло да рэлігійнай вайны ў гэтай дзяржаве і, як вынік, яе падзелу. Гэта вынікае з погляду аб несумяшчальнасці рэжымаў Рэчы Паспалітай і царскай Расіі. Рэч Паспалітая (у тым ліку і Вялікае княства Літоўскае) уяўляецца апірышчам дэмакратыі і рэлігійнай свабоды, а Расію бачаць увасабленнем вечнай агрэсіі, татальнага дэспатызму і праследавання ўсяго нярускага, неправаслаўнага. Пры такім падыходзе далучэнне 1772 г. выглядае як пераход беларусаў ад становішча рэлігійнай талерантнасці да агульнай веранецярпімасці.

Для доказу такіх адмысловых параўнанняў патрабуюцца не схала- стычныя разважанні, а канкрэтна-гістарычныя даследаванні. Між тым у айчыннай літаратуры не існуе фактычна абгрунтаванага асвятлення сапраўднага становішча канфесій менавіта напярэдадні 1772 г. 3 мэтай запоўніць частку гэтага прагалу аўтар артыкула сістэматызаваў шэраг малавядомых звестак аб узаемаадносінах канфесій Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) у 60-я гады XVIII ст. У артыкуле прыводзяцца даныя, якія характарызуюць узровень талерантнасці толькі ў міжканфесійных чыненнях. Пры гэтым разглядаюцца падзеі і звесткі, якія рэгістраваліся ў земскіх і гродскіх судах княства, бо звычайна вырашаліся яны ў межах духоўнай юрысдыкцыі. Апеляцыя да свецкіх устаноў вельмі паказальная для вызначэння ўдзелу тых органаў у рэгуляванні становішча канфесій, якім дзяржава здаўна абяцала свабоду культу і вызнанняў. Разгледзім судовыя працэсы канфесій з захаваннем тагачаснай тэрміналогіі і яе тлумачэннем у неабходных выпадках.

Галоўным клопатам каталіцкага духавенства ў судах былі фінансава-маёмасныя справы, якія на першы погляд не маюць дачынення да пытання веры і сумлення. Так, з 1744 да 1764 г. гродзенскія ксяндзы- францысканы рабавалі фальварак Панемунь гродзенскай калегіі езуітаў. У 1762 г. гродзенскія ксяндзы-кармеліты пазбавілі тамашні кляштар базіліянаў чыншу з вёскі Басі[2].

У жніўні 1767г. уніяцкі архіепіскап Ясон Смаржэўскі скардзіўся на сялян полацкай калегіі езуітаў, якія захапілі валокі з нядаўца аселымі гаспадарамі, а чатырох сялян з вёскі Крыплава «хто абухом, хто калом, (стр.52) хто пастронкамі мардавалі». Двойчы ў ліпені 1769 г. слугі езуітаў з дваровай чэляддзю, гайдукамі, мноствам сялян «атакавалі» вёску Кушлікі, дзе зруйнавалі дзве хаты, парубілі сохі, бароны, звезлі ў палон двух сялян[4].

Вуснамі свайго рэктара Базыля Галаўчыца пінскай калегія езуітаў вінаваціла служыцеляў капітулы, якія 13 ліпеня 1767 г. наслалі ўборскіх сялян са зброяй на вёску Замошша, яны там захапілі валоў і людзей пабілі. 4 жніўня находнікі так збілі ў замойскай рудні млынара, што той тыдзень не мог апрытомнець. Затым ужо Галаўчыц арыштаваў капітульнага эканома, захапіў на рацэ Уборць перавоз і 7 сялян. 31 снежня 1770 Т. рэктар пінскай калегіі езуітаў Мікалай Трамбіцкі вінаваціў эканома віленскай капітулы, які наслаў з мястэчка Астрашынка і ўборскай воласці сялян з казакамі. Наезнікі ўначы захапілі і звезлі дзве сялянскія сям’і. У адказ 25 лютага 1771 г. уборскі эканом з дапамогай сялян абрабаваў езуіцкую вёску Замошша[6].

Гвалт чыніўся не толькі ўнутры пануючай каталіцкай канфесіі, але пашыраўся і з яе экспансіяй. У такіх абставінах нават місіянерстваў краі, дзе шляхта была гатова «жыць і памерці ў веры евятой каталіцкай»,аказвалася рызыкоўным і патрабавала перасцярогі[8], справілі яны місію і ў яўрэйскай школе мястэчка Беліца Лідскага павета 7 лютага 1768 г. Як запэўнілі скарбнік княства Антон Важынскі, косаўскі стараста Стэфан Будкевіч, мсціслаўскі падстолі Дамінік Ляхоўскі, чэшнік Ян Тадэвуш Пратасевіч, вількамірскі ротмістр Антон Каплеўскі, разам з 6 спіскоўцамі, ксяндзы дзейнічалі раз у тыдзень, «суровасці не ўжывалі, гвалтоўных сродкаў і жыдоў аніяк не спакушалі» да пераходу ў каталіцызм. Ашмянскі чэшнік Ян Хмялеўскі на чале 7 спіскоўцаў даў місіянерам удзячнае заручэнне за прыстойны перавод «з кацэрства (іудзейства) да прававернасці жыдоў» мястэчка Далістаў паміж 8кастрычніка і 6 лістапада 1768 г. Мабыць, і сапраўды акаталічванне яўрэяў было непрымусовым, але падазронай выглядае парука ўрадавых чыноў, а не саміх яўрэяў. Выразна адносіны да місіянераў праявіліся ў петрыкаўскім здарэнні.

Згодна волі графоў Хадкевічаў, віленскага біскупа Зяньковіча і міт- рапаліта Грабніцкага, у Петрыкаў 1 лютага 1761 г. прыбыла місія на чале са старэйшым рэктарам «кожнадзейскага закону» дамініканаў Ваўрынцом Аблачынскім. Да 20 лютага місіянеры «без крыўд, гвалтаў і прымусаў як яўрэяў, так і дэзунітаў (так называлі тады праваслаўных вернікаў. Аўтар артыкула далей карыстаецца гэтым тэрмінам.—А. Я.) у каталіцызм па іх уласнай волі навярнулі». 22 лютага пад час працэсіі ў поле да новага крыжа, пастаўленага ў адзнаку поспеху місіі, Аблачынскі сказаў двум прысутным праваслаўным папам, што не жадае крыўдзіць ні іх асоб, ні іх святынь. Відаць, словы гучалі інакш, бо тыя папы хутка пабеглі ў мястэчка. Калі працэсія вярталася для набажэнства ў парафіяльным касцёле, то мяшчане-дэзуніты яе «тумултам (з вялікім шумам) атачылі, называючы паганствам, па шчоках білі і з кіямі па рынку ганялі». Пры нападзенні пацярпелі ксёндз-бернардын, прэсвітэр, жонка капельмайстра, два чэляднікі петрыкаўскага эканома. Сялянку з вёскі Грабаў паранілі ў галаву, «людзей нясучых касцёль- ныя харугвы білі, харугвы з рук вырывалі і тапталі ў багну пасярод вуліцы ў прысутнасці нявернага яўрэйства, тое агіднае богу і веры бачыўшае, каламі парубілі абразы святых Паўла і каралевіча Казіміра, св. Езафа, св. Маткі і цудатворнага Антонія і крыжы разбілі».

(стр. 54) Ледзьве працэсія мінула касцёл, як сталі па ўсіх дэзуніцкіх цэрквах 23 званіць і склікаць на гвалт яшчэ большы натоўп. Пры касцёле адбыўся новы напад са стрэльбамі, каламі, дрогамі. У такім свеце выглядае петрыкаўскае здарэнне з заявы маршалка мазырскага павета Рафала, багрымовіцкага старасты Антона і шэмбеляна Яна Аскеркаў, смаленскага каноніка і петрыкаўскага ксяндза Тамаша, падкаморага Міхаіла Яленскіх, афіцыяла (вышэйшы чын) пінскай і тураўскай дыяцэзій Тадэвуша Зарускага, петрыкаўскага каменданта Антона Яхімовіча, кажангародскага дэкана Якуба Чарнігаўскага, каноніка (член калегіі) тураўскай  дыяцэзіі Якуба СяЛецкага[10]. Злачынствы праваслаўнага духавенства былі ў наступным.

4 студзеня 1762 г. Кунцэвіч «публічна, у прысутнасці дэзунітаў і ка- талікоў» абвянчаў у прачыскай царкве каталічку з вёскі .Міхалькі са «схізматыкам» з вёскі Богава. 19 абывацеляў Мазырскага павета на чале з маршалкам Рафалам Алаізам, земскім суддзёй Міхаілам Лянкевічамі, гродскім суддзей Янам Араноўскім, навагрудскім каштэлянам Мацвеем Казімірам, падстолім Адамам Лянкевічамі, каштэлянам Багуславам, смаленскім стольнікам Мікалаем Аскеркамі, краўчым Езафам Паўлам Жудро, гараднічым Казімірам Русецкім, скарбнікам Дамінікам Абуховічам папоўнілі спіс злачынстваў праваслаўнага кліра. Падпісанты выказалі абурэнне ад «вялікіх дзёрзкасцяў дэзунітаў, чаго ва ўсёй Еўропе нідзе не практыкавана». А менавіта тым, што насуперак дзяржаўнай забароне яны адрамантавалі свае цэрквы ў Мазыры, Якімовічах, Кошыцах, што яны «вялікія каталікам засмучэнні не толькі навяртанню з дэзуніі не па-хрысціянску ўчынкамі процідзеюць, але і самое духавенства (каталіцкае.— А. Я.) мучаць, як гэта здарылася пад час місіі ў Петрыкаве, калі дамінікан-місіянераў, ідучых з публічнай працэсіяй праз месца, дэзуніты неміласэрна дрогамі білі, харугвы і абразы ў багну патапталі, і калі б не жыды выратавалі ксяндзоў, то шмат крыві было б разліта». Кунцэвіча асабіста папракалі за абразу яснагорскіх ксяндзоў-базіліянаў, аднаго з якіх ён ударыў. Усіх дэзунітаў абвінавацілі за перавод у праваслаўе 87 чалавек абодвух полаў. У лік тых «апастатаў» трапілі: сялянка з вёскі Слабодка, дзве жанчыны з вёскі Рубня, 4 селяніна вёскі Казловічы, 9 сялян з вёскі Шуечы, (стр. 55) 23 уніяты з вёскі Скрыгалава, дзве уніяткі з вёскі Шчокатава, 34 жанчыны з Мазыра, 12 чалавек з весак Ясеньшчына і Перкі[12]. Паміж праваслаўнымі свяшчэннаслужыцелямі і базіліянскімі чарняцамі разгарнулася так званая хатняя вайна за душы паствы.

8 лютага 1763г. праваслаўны ігумен асвяціў у пінскай брацкай царкве шлюб дэзуніткі Кацярыны Родзіч з уніятам Міхасём Сталярчуком. Аднак ляшчынскія айцы перабрачылі той шлюб і прымусілі жанчыну прыняць веру мужа. Затым базіліянскія афіцыялы і прэсвітэры злавілі ігумена і на чале вялікай грамады, узброенай кіямі, шаблямі, каламі, яго «лаялі, ганьбілі, абражалі, за плечы, бараду і галаву дзёргалі, білі кулакамі, валасы з барады і галавы вырваўшы, ледзь жывога адпусцілі». Адначасова і на праваслаўных манахаў паклалі свае пратэстуючыя лісты інстыгатар (судовы даглядальнік) пінскай уніяцкай кансісторыі Антон Базылеўскі з афіцыялам Тадэвушам Зарускім. Яны сцвярджалі, што, стаўшы ў 1759г. ігумнам, Яворскі выказаў перад міністрамі ВКЛстаранні пашырыць на дэзунітаў «правы, толькі уніятам служачых» і тымі намаганнямі «ўсім чарняцам і дэзунітам дарогу пратоптваў». Ігуменнасуперак сану «фіялетавае сукно і біскупскі крыж на залатым ланцужкупублічна насіў і на лістах ужываў урад афіцыяльства тураўскага і давыд-гарадокскага», чагоне рабілі яго папярэднікі, пасвячаў замежных папоў, праз самавольныя шлюбы, хрысціны, споведзі «уніятаў абраду каталіцкага рознымі сродкамі шмат да апастазіі дэзуніцкай прывёў».

З ліку тых злачынстваў былі названыперавод у праваслаўе 6 сем’яў з Пінска, 3— з вёскі Плешчыцы, 5 — з ваколіцы Дзіковічы, 2 — з ваколіцы (стр. 56) Гарбачова. Для чынення трэбаў паслаў ігумен у Дзяковічы манахаў, якія 14 жніўня 1761 г. сабралі «шляхту схізматыкаў» і з іх дапамогай напалі на уніяцкую царкву ў ваколіцы Міцьковічы. Там наезнікі срэбра з абразоў паздзіралі, еўхарыстыю па корчмах і другіх непрыстойных месцах насілі». Затым ігумен распачаў набажэнствы ў Стадолах і іншых прыватных маёнтках. 5 мая 1762 г. па ягонаму ўласнаму загаду ва ўласным доме быў забіты прэсвітэр Гардыян Кажушкевіч, які пратэставаў на чыненні шлюбаў у мястэчках Каралін, Валасовічах, вёсках Парасі і інш. 10 лістапада 1763 г. ігумен у чарговы раз асвяціў шлюб, а маладых амаль тыдзень хаваў ад праследавання ў сваім манастыры, «за што не раз ад сваіх дэзунітаў быў абвінавачаны», відаць, падазраваўшых яго ў сквапных намерах. Праз некалькі дзён разасланыя ім чарняцы сабралі пінскіх мяшчан, якія з вялікім вэрхалам наехалі на ляшчынскі кляштар і там чынілі розныя прыкрасці. Адначасова праваслаўныя манахі справілі шлюб у Караліне, а сам ігумен пабіў у брацкай царкве уніята Міхася Шчэрбачэніча.

Паводле заявы пачэпаўскага прэсвітэра Ежы Рабановіча, 14 студзеня 1764 г. манах Лаўрэнцій Шыпнеўскі з 5 парабкамі завітаў у хату Міхася Прахаровіча ў ваколіцы Дзяковічы. Там ён выпіў з кансісторскім пісарам і ксяндзом ляшчынскага кляштара Сялуцкім. Калі апошні сказаў чарняцу: «А ці знічтожыў барадзішча?» — то Шыпнеўскі ўдарыў таго ў твар. Успыхнула бойка. Праз каторы час павятовы генерал (урадавы чын) аглядаў пабітага параха (святара) вяляціцкай царквы Г. Кажушкевіча[14]:

Тыя падзеі сам Ц. Булгак апісаў інакш. Ён скардзіўся ўжо на ваяводу Адама і каштэляна Міхаіла Агінскіх. Апошнія змовіліся з падканцлерам і пінскім судовым старастам Антонам Гіраздзецкім, пінскім намеснікам Дыянісіям Любастанскім, ігуменам Ф. Яворскім, капланам (святаром) Тэадорам Рожкам, дыяканам Л. Шыпнеўскім. Гэты хаўрус патўраў быццам бы «усім дэзунітам брацкага пінскага манастыра, мяшчанам пінскім і каралінскім». Паводле заявы Ц. Булгака, памерлы Таламец належаў да даўняй базіліянскай царквы ў загорскай парафіі. Перад смерцю нябожчык нібыта горача пажадаў прыняць уніяцкі абрад і сваё цела распарадзіў пахаваць пры калаінскай царкве ляшчынскага кляштара базыліянаў. Аб тым сваім жаданні ён паведаміў жаўнеру надворнай міліцыі Яну Недбайлоўскаму і папрасіў таго паклікаць для споведзі ксяндза з Лешчы. Жаўнер выканаў просьбу і вярнуўся з каралінскім ксяндзом Панцеляймонам Каткоўскім у суправаджэнні (стр.57) харугвы жаўнераў Агінскага, Але тыя госці аказаліся непажаданымі.

Жонка нябожчыка Таламца не пусціла іх у хату. Прыбыўшы ксёндз нагадаў Мікіцісе аб волі памерлага. Жанчына ў адказ ударыла ксяндза ў твар, «кроў пусціла і мала што не задушыла». Тут прыспеў праваслаўны святар Тэадор Рэшка з дыяканам Шыпнеўскім на чале вялікай грамады пінскіх і каралінскіх мяцічан. Яны сталі Каткоўскага «лаяць, кіямі, дрогамі па галаве і плячах лупіць— палец на руцэ перабілі, сукно парвалі, сарвалі з нябожчыка крыж, які на зямлі тапталі». Рэшка прытым крычаў: «Гэта чорт з ім гаворыць»,-— і тым крыжом калаціў уніяцкага ксяндза. Рашучыя на ўсё дэзуніты ажно да 18 красавіка з кіямі сцераглі цела нябожчыка, якое потым патаемна пахавалі ў фёдараўскай царкве. Распаленыя бакі доўга не маглі супакоіцца, бо 17 ліпеня 1766 г. I. Булгак скардзіўся на прымушэнне пінскіх мяшчан плаціць падаткі і грамадскія складкі. Невядома, з якой нагоды, але 14 чэрвеня 1771 г. па загаду пінскага гараднічага Франца Галоўкі тутэйшыя мя- шчане схапілі селяніна пінскіх базіліянаў. Палоннага разлажылі на зямлі і адсыпалі 200 бічоў[16]. Прыніжанае становішча праваслаўя стала зачэпкай для рускага ўмяшання ў абарону адзінаверцаў. Менавіта ў Слуцку 18—21 сакавіка 1767 г. паўстала дэсідэнцкая канфедэрацыя. Як вынікае з успамінаў ананімнага сведкі, у Слуцк прыбыло 800 дэсідэнтаў «пры вялікай колькасці маскоўскіх грэнадзёраў»[18].

Судовыя запісы Мсціслаўскага ваяводства дазваляюць пашырыць і ўдакладніць гэты мартыралог талерантнасці ў княстве. Так, з 1758 г. земскі суддзя Клімянцей Глінка, гродскі суддзя Ёзаф Дашкевіч, валчаскі стараста Георгій Ілініч, гродскі рэгент Міхаіл Таптыга, мечнікі Езаф і Віктар Пашыцы, генерал Даніэль Дуплеўскі неаднойчы чынілі ўзброеныя наезды на шляхецкую ваколіцу Ельня. У 1765 г. яны пакалечылі тут пад час набажэнства двух шляхціцаў. Праз два гады Пашыцы ў атачэнні «маскалёў» зруйнавалі фундушавую царкву Асмалоўскіх і Падабедаў[20]. Ва ўсіх здарэннях (стр. 59) каталіцкі прабошч абапіраўся на падтрымку дзяржаўных ураднікаў староства і вельмі часта — на уніяцкіх святароў.

Адносіны да святынь той жа крычаўскан адміністрацыі дэманструе наступны выпадак. Як сведчыў смаленскі каморнік Езаф Піятроўскі, крычаўскі стараста і генерал Ежы Вандалін Мнішка з дапамогай упраў- ляючых староствам — аршанскага падкаморага Юзафа Свадкоўскага і Ежы Абуховіча вырашыў выжыць яго з уласнага ўладання, калі скаржнік паехаў па справах у Мінскае ваяводства. Яны захапілі ў заклад сям’ю каморніка. Затым бацьку выклікалі ілжывымі лістамі і, «зневажаючы боскую святыню, атакавалі» прама ў крычаўскім касцёле. Пацярпелага «адзіна пратэкцыя бога абараніла». Але ўсявышні апекаваў крыўдзіцеляў, бо Піятроўскага надалей чакалі шматлікія засады на трактах, створаныя жаўнерамі і сялянамі.

Прывёдзеныя архіўныя матэрыялы паказваюць, што напярэдадні 1772 г. у Вялікім княстве Літоўскім не існавала рэлігійнай талерантнасці. Маёмасныя справы каталіцкае духавенства і манаства нават у межах сваёй юрысдыкцыі вырашала гвалтам і самасудам. Барацьба вялася не проста за зямлю, прыгонных, а за сферы трэбных чыненняў і душпастарскіх паслуг. Прычым ваяўнічыя ксяндзы распраўляліся са сваімі праціўнікамі часцей з дапамогай фальваркавых слугаў або падбухтораных уласных прыгонных. Гэта, несумненна, укараняла сярод працоўных-прыхаджан рэлігійны фанатызм і знявагу да чалавечага жыцця.

Як сведчаць справы з місіямі дамініканаў, экспансія каталіцкай веры сярод іншавернікаў-іудзеяў патрабавала спецыяльных заручэнняў у непрымусовым характары тых чыненняў. Аднак існуючая літаратура аб становішчы яўрэяў у Рэчы Паспалітай прымушае з недаверам паставіцца да сцвярджэнняў аб прыстойным абліччы місіянерства.

Люстэркам распаўсюджанай веранецярпімасці ў княстве выступае ўціск праваслаўнай абшчыны. Пінскія, мазырскія і крычаўскія падзеі сведчаць, што уніяцкае духавенства выступала саюзнікам каталіцкага кліра ў праследаванні праваслаўных святароў, захопе іх святынь, пазбаўленні і права і магчымасці свабоды культу. У гэтых умовах праваслаўнае духавенства само нярэдка прыбягала да гвалтоўнай абароны свайго выключнага становішча, часам прыбліжавага да вынішчэння.

У згаданых падзеях дзяржаўная адміністрацыя Вялікага княства Лі- тоўскага звычайна выступала на баку каталіцка-уніяцкага духавенства ў праследаванні іх іншаверцаў, прычым з ужываннем войскаў. Гэта і стварала спрыяльныя ўмовы для ўмяшальніцтва царскай Расіі ў рэгуляванне веравызнавальных пытанняў дзеля ўласных палітычных мэтаў.

Інстытут гісторыі АН Беларусі

Резюме

На основе малоизвестных архивных записей демонстрируются взаимоотношення основных конфесснй Великого княжества Литовского в 60-е годы XVIII в. В обстановке общей веронетерпимости православная община подвергалась особой дискриминации со стороны католическо-униатского клира при поддержкс светских властей.

Весці АН Беларусі. Сер. гуман. навук. 1995. № 3. С. 51-59


[2]Там жа, ф. 1710, спр. 23, л. 270, 593, ф. 1722, спр. 116, л. 1263, 1298

[4]Там жа, ф. 1728, спр. 14, л. 1256 адв., спр. 16, л. 62, 68, 69, 80, 104

[6]Там жа, ф. 1733, спр. 48, л. 773-775, спр. 49, л. 220, 222

[8] Там жа, ф, 1774, спр. 4, л. 70, 83, 86

[10]Там жа, л, 530, 545, 988

[12]Там жа, ф. 1733, спр. 43, л. 105—111, с. 47, л. 4 адв.

[14] Там жа, л. 65, 84, спр. 44, л. 492, 554, 595, 639 адв.

[16]Там жа, ф. 1727,спр.14,л.352-352 адв., 368

[18] НА РБ, ф. 1727, спр. 14, л. 1246 адв.; РДАСА, ф. 12, спр. 139, л. 644

[20] Там жа, ф. 1729, спр. 77, л. 378—876, 579