ПЕРАДУМОВЫ ГЕНЕРАЛЬНАГА МЕЖАВАННЯ ЎСХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Я. К. Анішчанка

ПЕРАДУМОВЫ ГЕНЕРАЛЬНАГА МЕЖАВАННЯ ЎСХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Пасля далучэння ў 1772 г. усходнебеларускіх зямель да Расійскай імперыі царызм настойліва імкнуўся дакументальна абгрунтаваць сваю вялікадзяржаўную палітыку і «вызваленчую» місію.

Маніфестам 16 жніўня 1772 г. новая ўлада адкрыта заявіла аб сваёй мэце «присоединить на вечныя времена» тэрыторыі ў якасці зямель, «...к империи... издревле законно принадлежащих»(1). 3 гэтай нагоды расійскаму паслу ў Варшаве барону О. Штакельбергу даручалася вывезці ўПецярбург архіў адпаведных гістарычных крыніц. Спачатку ў сакавіку 1773 г. з замежнай калегіі ў Сенат паступілі 19 кніг «польских законов и конституций»(2). 19 верасня 1773 г. пасол даслаў Статут Вялікага княства Літоўскага, надрукаваны ў Вільні ў 1693 г., «Корпус о важнейших чинах» (1609 г.), сеймавыя пастановы і канстытуцыі 1766— 1767 гг. і шэраг іншых заканадаўчых актаў XVII — XVI11 стст.(3) Аднак да 1777 г. Статут ляжаў без перакладу, (стар. 105) а пасла па-ранейшаму непакоілі патрабаваннем новых дакументаў на «беларускія губерні (4).

3-за недахопу заканадаўчых матэрыялаў царскі ўрад проста пацвердзіў усе папярэднія саслоўныя правы мясцовага дваранства. Умовай захавання шляхецкіх правоў на нерухомую маёмасць стала вернападданая прысяга.

У казну адбіраліся дзяржаўныя ўладанні Рэчы Паспалітай, а таксама маёнткі асоб, якія адмовіліся прынесці прысягу на вернасць Кацярыне II. За кошт канфіскаваных і секвестраваных зямель ажыццяўляліся падараванні рускім памешчыкам і чыноўнікам. Зямельныя падараванні рабіліся на аснове вечнаспадчыннага права або аддаваліся ў неабмежаваную прыватную ўласнасць. Аднак новыя землеўласнікі імкнуліся перадаваць маёнткі ў адміністрацыю і арэнду мясцовай шляхце. Абсентыізм рускіх памешчыкаў аказаўся цесна звязаны з лёсам і поспехамі ў русіфікацыі землеўладання. Зямельная раздача патрабавала дакументальна-прававой і геадызічнай легалізацыі. Апошнюю акцыю царызм і намагаўся ажыццявіць праз Генеральнае межаванне.

Першапачаткова пытанне аб межаванні далучанай тэрыторыі паставіў царскі намеснік, беларускі генерал-губернатар 3. Г. Чарнышоў у рапарце ад 30 чэрвеня 1776 г., з прычыны спроб мясцовай шляхты «присовокупить к вечистым вотчинам» падараваныя рускім асобам дзяржаўныя ўладанні5. Зварот намесніка разглядаўся на агульным сходзе дэпартаментаў Сената 28 кастрычніка 1776 г.6 Сенатары палічылі неабходным прытрымлівацца «полюбовных разводов» межаў паміж дзяржаўнымі і прыватнаспадчыннымі ўладаннямі праз роўнае прадстаўніцтва бакоў.

Хутка паступілі новыя прэтэнзіі шляхціцаў на секвестраваную маёмасць. Напрыклад, сакратар полацкага земскага суда А. Хелхоўскі адлічваў свае спадчынныя правы на дзве службы і 90 сялян маёнтка Клімаўшчына з 1630 года з дапамогай копіі незасведчанай і непадпісанай граматы7. На падставе падобных прыкладаў 3. Г. Чарнышоў у канцы 1777 г. быў вымушаны зноў дакладваць аб захопах казённых маёнткаў сумежнымі ўладальнікамі8. Захопнікі, як пісаў намеснік, у карыслівых мэтах не зберагалі, а знішчалі зямельную дакументацыю. Гэта пагражала беззваротнай стратай часткі дзяржаўнай маёмасці, якая пакрывалася тэрмінам 10-гадовай земскай альбо статутнай даўнасці ўладання. Царскія падараванні (стар. 106) выконваліся без дакладнага вызначэння межаў на мясцовасці, што ў сваю чаргу садзейнічала росту зямельных захопаў, межавых канфліктаў, няўстойлівасці прававога становішча самога рускага землеўладання. Скарачэнне дзяржаўнага зямельнага фонду адмоўна адбівалася на землекарыстанні і плацежаздольнасці сялян.

Многія адабраныя ў казну маёнткі былі закладзены ўрадам і каралямі Рэчы Паспалітай за значныя сумы грошай прыватным асобам. Таму поспеху русіфікацыі землеўладання перашкаджалі не толькі фальсіфікаваныя судовыя прэтэнзіі з боку папярэдніх пасэсараў дзяржаўных уладанняў, але і пагроза выкупу запазычанай маёмасці. Прадстаўнікі царскай адміністрацыі адмаўляліся адказваць за палітыку і даўгі папярэдняй улады, ад якой, як пісаў пскоўскі губернатар М. Н. Крачэтнікаў у жніўні 1772 г., тутэйшыя сяляне «...только озлобление или угнетение претерпели»9.

Названия абставіны прымусілі 3. Г. Чарнышова хадайнічаць перад царыцай аб увядзенні рэжыму запаведнасці і недатыкальнасці дзяржаўных маёнткаў, падараваных на працягу 1772—1777 гг. Кацярына II зацвердзіла прапанову свайго намесніка ўказам ад 22 снежня 1777 г. з той умовай, каб «во все оставшиеся вакантными староства до Генерального межевания никто ни в какую часть тех пожалованных, на аренду отданных и в казне еще оставшихся имений не вступался и позывов на суды не чинил». Наяўныя судовыя іскі абвяшчаліся нядзейснымі. Аднак не забаранялася «получившим в вечное и потомственное владение полюбовно разводиться или просить в судебных местах справедливых, ясных и верных документов о принадлежащих им дачах»10. Такім чынам, запаведны указ 1777 г. ахопліваў усе дзяржаўныя ўладанні як ужо перададзеныя ў прыватныя рукі, так і прызначаныя да раздачы.

Асаблівы клопат урада аб прававым абгрунтаванн і дакументальным забеспячэнні зямельных падараванняў быў прадыктаваны размахам выкананых раздач. Да 1777 г. рускім памешчыкам перайшло 65,6% усіх сялян мужчынскага полу, падараваных на працягу 1772- 1798 гг.11 Гэта значыць, што ўказ 1777 г. ахопліваў статусам юрыдычнай недатыкальнасці больш паловы дзяржаўнага сялянства. Паводле матэрыялаў самога межавання да пачатку 80-гадоў XVIII ст. фактычна трэцяя частка падараваных сялян і зямлі належала буйным рускім уласнікам12. (стар.107) Сацыяльна-палітычны змест аграрнай палітыкі царызму зводзіўся да насаджэння буйнога рускага памешчыцкага землеўладання ў якасці сваёй галоўнай сацыяльнай апоры. Новая група ўласнікаў стваралася ў якасці процівагі тым мясцовым і польскім латыфундыстам, якія адыгралі апазіцыйную ролю ў час першага падзелу Рэчы Паспалітай і працяглы час адмаўляліся прынесці вернападданую прысягу. Нельга выключыць, што на прыкладзе надання маяратнага права ўладанням самога 3. Г. Чарнышова ў 1774 г.13 падобны ахоўны курс вызначаўся і адносна ўсіх астатніх падараваных маёнткаў. Генеральнае межаванне мела мэтай геадэзійна зама- цаваць землеўладанне рускіх памешчыкаў з дакладнай фіксацыяй памераў падараванняў у натуры і на планава- дакументальным матэрыяле. Межаваннем ствараўся той апісальна-графічны матэрыял, які ў руках новага ўрада і ўласнікаў павінен быў выступаць у якасці юрыдычнай дакументацыі на зямлю.

20 жніўня 1778 г. з адабрэння царыцы рэжым апаведнасці быў распаўсюджаны на маёнткі царквы(14). Акцыя адпавядае тагачаснаму курсу царызму на палітычны саюз з каталіцкай царквой. Уладанні езуітаў сталі разглядацца ў якасці «пожалованных от ея императорского величества». Сенацкім указам ад 10 ліпеня 1785 г. новаму генерал- губернатару П. Б. Пасеку даручалася адхіляць прэтэнзіі фундатараў, якія падаравалі свае маёнткі каталіцкай царкве15. Уладанні апошняй у цэлым былі абяўлены публічнай маемасцю і сталі ахоўвацца «согласно с узаконениями о казенных имениях». Беспаспяховую спробу параўнаць уладанні уніяцкага духавенства з каталіцкімі пад пратэктаратам царскага урада ў 1786 г. зрабіў беларускі уніяцкі архіепіскап I. Лісоўскі16. Такім чынам, на час Генеральнага межавання зямельныя ўладанні каталіцкагадухавенства былі фактычна прыраўнаваны да дзяржаўнай маёмасці. Тым самым царызм мог кантраляваць землеўладанне каталіцкай царквы і праводзіць у будучым секулярызацыйныя мерапрыемствы.

Паўторна пытанне аб межаванні было паднята па ініцыятыве мясцовай шляхты ў час падарожжа Кацярыны II на Беларусь у маі 1780 г.17 Тады ж межавая экспедыцыя Сената пачала збор дакументальных звестак па гісторыі мясцовай метралогіі і вызначэнню захаванасці зямельна- межавых актаў. Адпаведныя даведкі збіраліся праз (стар. 108) верхнія земскія суды, казённыя палаты, духоўныя кансісторыі, павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства.

У час абмеркавання сенацкага звароту члены полацкага верхняга земскага суда адзначылі, што яны не ведаюць, «сколько в которой даче мерою земли находится»18. Члены магілёўскага верхняга земскага суда спаслаліся на нізкі ўзровень захаванасці пазямельнай дакументацыі, а таксама на сваё няведанне рэальных адзінак вымярэння зямельнай плошчы. Імі адзначалася стракатасць акладных зямельных адзінак у выглядзе «землицы, службы или обрубы, жеребьи, сохи, уволоки, лошади». Галоўную прычыну такога становішча з зямельным улікам члены абодвух судоў бачылі ў характары папярэдніх каралеўскіх падараванняў, выкананых без дакладнай рэгістрацыі памераў зямлі, без выразнай фіксацыі межаў і сумежных уладальнікаў. Галоўны недахоп зямельнага ўліку, на думку суддзяў, заключаўся ў тым, што прывілеем 1569 г. былі зацверджаны ў вечнаспадчынную ўласнасць раней падараваныя і выслужаныя маёнткі. Пацвярджэнні ж 1607 і 1633 гг. ліквідавалі «необходимость наследования вы­служенных дач, обывателям жалованных». Такім чынам, карэнны недахоп дакументальнай асновы зямельнага ўліку карэспандэнты Сената не без падставы звязвалі з манапольным і прывілеяваным становішчам прыватнаўласніцкага землеўладання, слабасцю цэнтральнай улады, якая была няздольна ажыццявіць нават улік уласна дзяржаўнай маёмасці.

Гэта выразна падкрэслівалі даныя па метралогіі. Напрыклад, адсутнічала адзінства паказанняў у вызначэнні памераў галоўнай зямельнай адзінкі — валокі. Па сведчанню членаў судоў, на тэрыторыі ўсходняй Беларусі існавалі дзве валокі: простая (літоўская) якая вымяралася локцямі і раўнялася 19 дзес. 650 саж., і «королевская», у тры разы большая19. Адзначаліся валокі і ў чатыры разы большыя за літоўскую. Такія супярэчнасці карэспандэнты тлумачылі прынцыпамі адводу і вымярэння зямлі каралеўскімі рэвізорамі ў працэсе валочнай рэформы XVI—XVII стст. У прыватнасці, плошча каралеўскай валокі атрымлівалася ў тры разы большай за літоўскую ў выніку таго, што рэвізорамі «на три змены поля по одной уволоке давалось». Службы як від акладных адзінак, па сведчаннях суддзяў, адрозніваліся складам сялянскіх гаспадарак: па 8 і нават па 40—50 двароў. Адзначалася, што службы «никакой меры в себе не имеют»20.

(стар.109) Абагульняючы меркаванні судоў, 3. Г. Чарнышоў у сваім заключэнні ад 27 верасня 1780 г. рэкамендаваў правесці вымярэнне ўсіх зямельных адзінак у рускіх дзесяцінах. Пры вырашэнні зямельных спрэчак ён прапаноўваў абапірацца не на дакументы, а на паказанні старажылаў, а ў лепшым выпадку — на статутную 10-гадовую даўнасць. Апошнюю ён абмяжоўваў двума гадамі да і двума гадамі пасля 1772 г. Такое меркаванне тлумачылася імкненнем лічыць сапраўдным толькі такое ўладанне, якое было зацверджана новай уладай у час прынясення вернападданай прысягі. Самую ж даўнасць меркавалася распаўсюдзіць толькі напрыватнаўласніцкія землі.

Праекты інструкцый каморнікам і межавой канторы абмяркоўваліся на месцах у снежні — сакавіку 1782 г., калі прадстаўнікі мясцовага дваранства прыйшлі да высновы, што межавыя правілы «владельцам выгодны и полезны». Дэпутаты полацкага верхняга земскага суда выказалі ад імя шляхты надзею на тое, што яны з зямельнымі магнатамі «поравняться могут». Дзеля гэтага прапаноўвалася падзяліць спрэчныя ўчасткі прапарцыянальна плошчы, якая знаходзіцца ў бясспрэчным уладанні.

3 той жа мэтай прапаноўвалася таксама кааптаваць у склад прысутнасці межавой канторы выбраных прадстаўнікоў ад мясцовага шляхецтва. Апошніх меркавалася надзяліць правамі, аднолькавымі з правамі членаў прысутнасці. Такім шляхам мясцовае дваранства спадзявалася кантраляваць працэс межавання і вырашэння спрэчак.

Межавая экспедыцыя Сената падала свой канчатковы даклад на імя Кацярыны II у канцы красавіка 1782 г., у якім прапаноўваліся два варыянты вырашэння зямельных спрэчак. Першы вынікаў з прапановы 3. Г. Чарнышо- ва, другі прадугледжваў адлічваць даўнасць землеўладання з 1767 г. Больш мэтазгодным экспедыцыя лічыла апошні варыянт. У аснове дадзенай перавагі знаходзілася імкненне прыстасаваць даўнасць уладання да запаведнага ўказа 1777 г. і захаваць у недатыкальнасці ўсе канфіскаваныя і секвестраваныя маёнткі.

Сенацкая экспедыцыя цалкам адхіліла намер беларускай шляхты кааптаваць сваіх прадстаўнікоў у склад прысутнасці межавой канторы, бо, як адзначалася ў дакладзе, межаванне з’яўляецца «делом государственным» і будзе выконвацца па расійскіх законах, без папярэдніх («польских») дакументаў пазямельнага ўліку21. Больш таго, (стар.110) paнейшыя зямельна-межавыя дакументы аб’яўляліся фальсіфікаванымі і незаслугоўваючымі даверу. 3-за пагрозы абеззямелення сялянства і зніжэння яго плацежаздольнасці экспедыцыя прапанавала размеркаваць спрэчныя зямельныя ўчасткі па ліку рэвізкіх душ, «нежели б по числу бесспорно владеемых земель или б пополам»22. У дадзеным выпадку прадугледжвалася, што ўраўняльныя падзелы будуць суправаджацца «разными вымыслами и обманом» з боку памешчыкаў у адносінах да сялян. Улічвалася пры гэтым і тое, што зямельныя падзелы будуць нявыгаднымі дробнай шляхце, якая памерамі сваіх гаспадарак мала чым адрознівалася ад сялян.

Межавая экспедыцыя Сената дзейнічала ў поўнай адпаведнасці з палітыкай асветнага абсалютызму, калі дэманстравала сваю заклапочанасць землезабеспячэннем і плацежаздольнасцю сялянства ў час межавання. Сенацкія чыноўнікі як прадстаўнікі моцнай цэнтральнай улады адхілілі ўдзел мясцовай шляхты ў працэсе межавых мерапрыемстваў. У гэтым адбілася імкненне царызму поўнасцю кантраляваць маючае адбыцца землеўпарадкаванне беларускай вёскі. Непасрэдныя выканаўцы межавых здымак нацэльваліся на добрасумленную рэгістрацыюфактычнага землеўладання. Судовымі функцыямі яны надзяляліся толькі на выпадак вырашэння межавых спрэчак. Пытанне аб правамоцтве спрэчак унутры абмежаваных уладанняў выносілася ў агульнаграмадскае судаводства, у якім Сенат быў вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй. Гэта адкрывала перад царызмам шырокія магчымасці па мабілізацыі і пераразмеркаванню прыватнаўласніцкага землеўладання.

Даклад межавой экспедыцыі і праекты правіл межавання Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў былі зацверджаны Кацярынай II 6 кастрычніка 1782 г. 7 кастрычніка Сенат вынес пастанову аб правядзенні Генеральнага межавання ў Беларусі пачынаючы з вясны 1783 г. сіламі Смаленскай межавой канторы23. 11 кастрычніка была зацверджана ўся дапаможная дакументацыя (узоры межавога журнала, паверачных пісьмаў і г. д.).

Праект інструкцыі каморнікам складаўся з 22 раздзелаў (119 пунктаў) і фактычна паўтараў структуру і змест агульнадзяржаўнай інструкцыі 1765 г. аб Генеральным межаванні ў імперыі24. Галоўнай мэтай межавання абвяшчалася дасягненне міжсаслоўнага адзінства дваранства на падставе «справедливых» адводаў зямель (стар. 111) самімі ж землеўладальнікамі. Галоўную ўвагу праект накіроўваў на прававую рэгламентацыю непасрэднага працэсу межавання.

Паводле інструкцыі, спрэчныя пагранічныя зямельныя ўчасткі падзяляліся па ліку рэвізскіх альбо мужчынскага полу душ. Дзеля гэтага ўводзілася стандартная норма зямельнай забяспечанасці ў памеры 8 дзес. для прыватнаўласніцкіх і 15 дзес. для дзяржаўных сялян. Каб прадухіліць уплыў спрэчак на тэмпы межавання, дадзеныя нормы клаліся ў аснову прымушэння ўладальнікаў да бесперашкодных зямельных адводаў і дакладнага вызначэння межаў на 1767 г. Гэтыя ж нормы служылі разліковай базай пры вызначэнні зямельных дамаганняў царызму пры супраціўленні шляхты. У прыватнасці, зямельныя захопы, недаказаныя сведкамі і судовымі іскамі пасля 1767 г., абкладваліся штрафам з разліку 50 кап. за адну аспрэчаную дзесяціну25. Спрэчная зямля падзялялася прапарцыянальна колькасці рэвізскіх сялян паміж бакамі, якія спрачаліся, а лішкі канфіскоўваліся ў казну. Раз- мяркоўваліся не толькі спрэчныя ўчасткі, але і сумежныя з імі землі.

Інструкцыя патрабавала «во всех местах пашенную землю, перелог и что лесом поросло по пашне, также сенные покосы и лесные угодья изчислять в десятины» з разліку: у адной дзесяціне 2400 кв. саж. (80X30 саж.). Вымераная ў дзесяцінах зямельная плошча пераводзілася ў валокі «к разрешению споров» з разліку: у валоцы 19 дзес. 2010 кв. саж.26 Дзесяцінны падлік прымяняўся ў даведачных мэтах і не адхіляў існуючыя зямельна-акладныя адзінкі. Да ворнай зямлі адносіліся аблогі, ялавіны і ўсе тыя ўгоддзі, якія «к хлебопашеству способны». 3-за гэтай акалічнасці перабольшвалася плошча штогадовай, рэальна апрацоўваемай зямлі. Каморнікам заканадаўча забаранялася адмяраць пад сядзібы, гуменнікі, канаплянікі, выганы і агароды «сверх положенной по числу мужеска полу голов пропорции». Другімі словамі, сядзібы і выганы ў памер фактычна не ўключаліся, а іх плошча выводзілася з памераў ворыва.

Інструкцыя ўводзіла дзяржаўную пошліну за прыкладанне пячаці да копій планавых дакументаў, якія выдавался на рукі ўладальнікам. Пошлінны збор быў галоўным сродкам пакрыцця межавых расходаў. За адну абмежаваную дзесяціну ўводзіўся пошлінны збор у памеры трох капеек. Пусткі, якія не мелі ўладальнікаў, (стар. 112) патрабавалася здаць у наём. Межаванне танна абыходзілася памешчыцкаму саслоўю, бо адпаведныя плацяжы падлягалі ўнясенню пры выплаце падушнага падатку, г. зн. яны проста перакладваліся на плечы сялянства.

Межавое заканадаўства адмяніла правамоцтва землеўладання тых асоб, «кому недвижимыми имениями пользоваться и кто в том права по законам не имеет». Дадзенае патрабаванне мела мэтай ачышчэнне дваранскай карпарацыі ад землеўладальнікаў, якія фармальна-юрыдычна прэтэндавалі на прывілеяванае становішча. Да дадзенай катэгорыі асоб заканадаўства царызму XVIII ст. адносіла купцоў, мяшчан і шляхту, якая не была зацверджана ў дваранскім званні.

Нарэшце, межавая інструкцыя анулявала правадзейнасць усіх папярэдніх Генеральнаму межаванню дакументальных крыніц землеўладання. Планава-дакументальны матэрыял самога межавання абвяшчаўся адзінай прававой падставай зямельнай уласнасці. Гэта фармулявалася наступным чынам: «после межевания всеми землями владеть по тем уже данным ім (ўласнікам.Я. А.) планам и книгам межевым» і што «все прежния грамоты, привилегии и другия крепости и всякия приурочивания со всем сим уничтожаются»28. Такім чынам прадухіляліся прэтэнзіі папярэдніх пасэсараў на дзяржаўную маёмасць, якую яны раней трымалі і якая зараз была падаравана рускім памешчыкам. Адначасова ўрад пазбягаў неабходнасці пагашэння і выплаты дзяржаўнай запазычанасці, якая ўзнікла ў выніку перадачы папярэдняй каралеўскай уладай старостваў у прыватныя рукі. Пасля заканчэння межавання царызм указам ад 30 красавіка 1786 г. забараняў «без высочайшего повеления» узбуджаць судовыя іскі адносна «в вечность пожалованных, на аренду и посмерть отданных имениев», паколькі, гаварылася ва ўказе, «речь идет о имениях, кои в действительном владении уже, а не о тех, кои ничем не доказаны»29.

Такім чынам, Генеральное межаванне мела мэтай стварыць дакументальную аснову землеўладання, выкарыстоўваючы якую царызм імкнуўся легалізаваць свае вярхоўныя правы на далучаную тэрыторыю. У выніку дадзенага мерапрыемства замацоўваўся фактычны стан саслоўнага землеўпарадкавання, афармлялася недатыкальнасць зямельных падараванняў рускім памешчыкам і чыноўнікам. У гэтым сэнсе межаванне з’яўлялася неад’емнай часткай (стар. 113) палітыкі русіфікацыі далучанай тэрыторыі Беларусі. Працэс, арганізацыя, колькасныя вынікі і матэрыялы межа- ванн патрабуюць спецыяльнага даследавання.

  1. Полное собрание законов Российской империи. 1-е собр. (ПСЗРИ, 1). Спб, 1830. Т. 19. № 13850.

2                    ЦДАСА, ф. 248, воп, 64, спр. 5608, арк. 229.

3                    Там жа, воп. 45, спр. 3933, арк. 454—456, 814, 850.*

4                    Там жа, воп. 64, с, 5609, арк. 61.

5                    Там жа, спр. 5639, арк. 120.

6                    Там жа, арк. 124.

7.    Там жа, арк. 125.

8                    Там жа, воп. 85, спр. 6907, арк. 7 ад.

9                    ЦДГА БССР, ф. 3267, воп. 1, спр. 52, арк. 11 ад.

10                 ЦДАСА, ф. 248, воп. 85, спр. 6907, арк. 7.

11                 ЦДГА БССР, ф. 3219, воп. 1, спр. 129, арк. 111 — 121.

12                 ЦДГА СССР, ф. 1350, воп. 312, спр. 48—51,94—97.

13                 ПСЗРИ, 1. Спб , 1830. Т. 19. № 14117.

14                 ЦДГА БССР, ф. 3310, воп. 2, спр. 1, арк. 265.

15                 Там жа, воп. I, спр. 123, арк. 92.

16                 Там жа, арк. 91; воп. 2, спр. 24, арк. 33.

,7 С а п ун о в А. П. Пребывание императрицы Екатерины И в Полоцке // Полоцко-Витеоская старина. Витебск, 1916. Вып. 3. С. 67.

18                 ЦДАСА, ф. 248, воп. 85, спр. 6907, арк. 18 ад.

19                 Там жа, арк. 22.

20.  Там жа.

21                 Там жа, арк. 115.

22                 Там жа, арк. 117.

23                 Там жа, арк. 120 ад.

24                 ПСЗРИ, 1. Спб, 1830. Т 19. № 12659.

25                 ЦДАСА, ф. 248, воп. 85, спр. 6907, арк. 167.

26                 Там жа, арк. 182 ад.

27                 Там жа, арк. 180 ад.

28                 Там жа, арк. 210.

29                 ЦДГА БССР, ф. 3310, воп. 2, спр. 24, арк. 33 ад.

Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., Навука і тэхніка. 1992. С. 104-113