Ваеннае забеспячэнне Расіяй другога падзелу Рэчы Паспалітай
- Подробности
- Опубликовано: 11.06.2015 05:17
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 766
Ваеннае забеспячэнне Расіяй другога падзелу Рэчы Паспалітай
(Анішчанка Яўген Канстанцінавіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)
Другому падзелу Рэчы Паспалітай, ухваленаму гродзенскім сеймам 1793 г., папярэднічала інтэрвенцыя расійскіх войскаў на абшары Вялікага княства Літоўскага.
Пра гэту інтэрвенцыю і вайну 1792 г. больш- менш грунтоўна напісана пакуль праца А. Валанскага (1). З-за адсутнасці надзейных расійскіх крыніц гісторык падае не зусім дакладныя факты пра абставіны нашэсця, у тым ліку і пра колькасць уведзеных войск Расіі (33700 чал.). Гэта акалічнасць пэўна ўплывае на суадносіны моцы бакоў і вынікі іх сутычак. У дадзеным артыкуле прыводзяцца тыя першакрыніцы, якія дазваляюць вызначыцца наконт гэтых пытанняў, а таксама асветліць умовы харчовага утрымання інтэрвентаў на апанаваным імі абшары.
Непасрэднай падрыхтоўкай інтэрвенцыі кіраўніцтва Расійскай імперыі занялося з канца лютага 1792 г. У гэты час ваеная калегія на чале з М. Салтыковым запланавала ўвесці войскі 2 калонамі з Украіны і праз беларускія землі ВКЛ на чале з быўшым магілеўскім губернатарам М. Кахоўскім і быўшым пскоўска-полацкім губернатарам М. Крачэтнікавым. Апошняму прызначылі пасаду галоўнакамандуючага, якую ён прыняў з ваганнямі. Пра свае хістанні ён пісаў М. Салтыкову 29 сакавіка 1792 г. наступнае. “На письмо вашего сиятельства о принятии начальства над войсками, приуготовливающимися в Литву, и соединенных с Михаилом Васильевичем (Кахоўскім- Я. А) , колебался я между сохранением своего имени и пользою общих дел. Наконец последнее одержало верх. Решил я просить вас, не помыслите милостивый государь, чтоб уклонялся быть под его начальством по случаю, как вам самим известно, по службе прусской войны он был тогда обер-офицер, когда я и сотоварищи мои были подполковники. Сие никак не завело меня ни в какие расчеты. Принявши безмолвно всему повиноватца, но и в откровенности вашему сиятельству скажу: во время бытности моей с ним губернатором в Белоруссии, имел от графа Захара Григорьевича (Чарнышова –Я. А) приказание съезжаяся соделать мероположение по тогдашним обеим нам препоручениям. Я столько в сем был неугоден, что никогда не могли соглосоватца не одинаковыя предметы соображаяся с должностию предлежащего дела, опасаясь, чтоб иногда от разномыслия ек подвергнуть дела замешательству и при конце своей службы не подпасть нечаянно или невинно монаршему гневу, что могло б меня довесть униженным до гроба” (2).
Не жадаючы многім рызыкаваць, калі ім давядзецца ізноў спадарожнічаць разам, Крачэтнікаў стаў паміж чысцінёй уласнага імя і воляй імператрыцы, якую ён прасіў паставіць над імі абодвума іншага начальніка. Аднак 2 красавіка Кацярына II зацвердзіла М. Крачэтнікава камандуючым інтэрвенцыяй “в Белоруссии” з агульнымі паўнамоцтвамі на двух франтах ці накірунках. У гэтай якасці і ўжо без далейшага сумневу ён 13 красавіка праклаў на карце маршруты для 4-х вайсковых карпусоў. 24 красавіка ён прыбыў у Полацк (тады цэнтр намесніцтва у складзе імперыі) з распісаннем складу тых карпусоў (Табл. 1). Праўда, ён тут жа згаджаўся выступіць толькі трыма калонамі, сапраўды падрыхтаванымі да бесперапыннага ходу з-за недахопу крамянёў да ружжаў, больш 400 чал. недакамплекту у 5 данскіх казачых палках, медыкаментаў, пантонаў для пераправы праз р. Дзвіну, няяўкі карпусных генералаў, маруднага падвозу з Рыгі артылерыі і коней. 28 красавіка Крачэтнікаў абяцаў выступіць до 10 мая “в Польшу с одною полковою артилериею, предполагая в таком случае расположа войски в областях польских выгодными лагерями, послать отряды для снятия польской пограничной воинской стражи, ежели она от границ не уклонится, а тем временем дожидаться лошадей с артилериею”.(3)
Хаця Крачэтнікава вельмі прыспяшалі выступіць да гадавіны Канстытуцыі 3 мая, але ён тлумачыў, што згодзен “безостановочно итти, не взирая на ветхость повозок и починя их сколько можно.” Бо, пісаў ён 29 красавіка “не хочется мне, вступя в Польшу, остановитца, дабы ветреным головам не возмечталось, что я тихие шаги делаю. Лучше уже несколько позже выступить, но делать верныя шаги”. Другі матыў яго прамаруджвання заключаўся ў тым, што “когда войски российския войдут в Польшу, то они (памежная ахова ВКЛ- Я. А.), не имея довольных сил к супротивлению, пропустя оные, намерены прорватца в пределы России и делать разорения. Правда, что они часто пустословят, но со всем тем сие может подать мысль в празнеживущим в Польше людям и подвергнут опастности пограничные селении, а особливо по суходолу от Буцилова и простирающей от оных к Толочину”. Такім чынам, таксама прадугледжавался прадухіліць верагодныя “побегі із Белорусссіі крестьян” стварэннем надзейнай памежнай аховы. Такую конную ахову крыху пазней Крачэтнікаў паставіць у Бобрыку, Бродах, Барысаве, Браславе, Дзісне, Лепелі і Ушачах, падпарадкаваўшы яе астаўленаму у Полацку падпалкоўніку графу Сіверсу. (4)
Пакінуўшы у тыле Арэнбургскі казачы полк, М. Крачэтнікаў 11 мая 1792 г. вырушыў у паход усе 4 калоны. І адразу ж на наступны дзень ён паведаміў у ваеную калегію, што яго “первой шаг поставлен без наималейшего вида неприятельскаго. Все ополчение их было один человек, который хотел стрелять, но от страха на выстрел уронил ружье. Много мне способствует то доброе, каковое здешние жителі ко мне имели во время бытности моей пред сим в Полоцке” губернатарам.(5) У сваім паведамленні граф меў рэзон, бо пярэдняя варта войска ВКЛ літаральна за некалькі дзён збегла са сваіх аванпастоў на мяжы княства.(6) Таму у далейшым паход інтэрвентаў набыў характар параднага шэсця. Дастаткова адзначыць, што да часу поўнага апанавання тэрыторыяй ВКЛ – 23 ліпеня 1792 г.– у 9-ці вялікіх і малых сутычках з усіх уведзеных у Рэч Паспалітую 73 тыс. чал. расійскія войскі страцілі забітымі 2 афіцэры, 23 радавых, а параненымі 7 афіцэраў і 106 радавых.(7)
У студзені 1793 г. гэтая моц налічывала ўжо 117202 чал. па спісу або 101379 чал. пад ружжом (здаровых без хворых, уцекачоў, адпушчаных у адпачынак і г. д.).(8) За ўвесь час кароткачасовай вайны у ВКЛ іх дынаміка выглядала наступным чынам.
Колькасць расійскіх войс у ВКЛ у 1792-1793 гг.
Катэгорыя служачых |
Год |
Чалавек |
Коней |
|||
кавалерыі | пяхоты | артылерыі | Усяго | |||
Пад ружжом | 1792 | 9835 | 24789 | 1514 | 36138 | 15080 |
1793 | 9226 | 25882 | 1726 | 36834 | ||
Па спісу | 1792 | 12094 | 29472 | 1684 | 43250 | 17094 |
1793 | 11025 | 29108 | 1839 | 41972 | ||
Крыніцы: РДВГА, ф. 41, спр. 200, л. 148; РДАСА, ф. 12, спр. 217, ч. 2, л. 29-30 |
Як вынікае з прыведзеных лічбаў, амаль 2 гады склад расійскіх войск у ВКЛ быў фактычна стабільным– 42 тыс. чал. па штатнаму раскладу (37 тыс. пад ружжом) або 35 % з усіх уведзеных у Рэч Паспалітую сіл.
Іх дыслакацыя і стан харчовага забеспячэння адлюстраваны у табл. 2. З-за адсутнасці належнай ураджайнай статыстыкі (9), вельмі цяжка ўявіць ролю размешчаных войск у спажыванні сельскагаспадарчых прадуктаў і іх уплыву на гандлёвыя цэны. Справаздачы Крачэтнікава маюць на гэты конт ускосныя паказчыкі.
Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі нашэсця пазначаныя 36 тыс. чал. з 15 тыс. коней забяспечваліся з 15 запасных ваеных складоў (магазінаў) магілёўскай правіянцкай камісіі, (размяшчаліся ў Магілёве, Рагачове, Талачыне, Чавусах, Быхаве, Сянно, Чэрыкаве, Оршы, Копысі, Любавічах, Мсціслаўі, Чачэрску, Крычаве, Беліцы і Гомелі) і 12-ці магазінаў полацкай камісіі (у Полацку, Віцебску, Дынабургу, Дрысе, Веліжы, Невелі, Себежы, Гарадку, Рэжыцы, Краславе, Асвеі іПрыхабах). Магілёўскія магазіны на пачатак чэрвеня 1792 г. захоўвалі 10393 чвэрцяў мукі, 659 чв. круп, 3688 чв. аўса, а полацкія – 20491 чв. мукі, 2451 чв. круп і 6471 чв. аўса – усяго 54153 чв. хлеба.(10) 23 снежня 1792 г. толькі на 2 кірасірскія, драгунскі, 6 мушкецёрскіх і 3 данскія палкі (22295 чал. з 9132 каньмі) Крачэтнікаў прадугледжваў 46436 чв. хлеба (16271 чв. мукі, 109 круп і 29606 аўса) і яшчэ 390532 пудоў сена. У выніку правіянцкія запасы беларускіх магазінаў не маглі забяспечыць нават штатнай паловы войск. Да ўсяго, у жніўні 1792 г. запасы беларускіх правіянцкіх складоў скараціліся да 36448 чв.
У выніку харчаванне раскватэраваных войск трапіла ў залежнасць ад існуючых хлебных цэн і пазіцыі мясцовых землеўладальнікаў ВКЛ, вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў. Гэтыя акалічнасці, нават нягледзячы на даволі раўнамерную дыслакацыю войск, аказаліся стратнымі для царскай казны. Так, яшчэ 19 мая 1792 г. галоўнакамандуючы не хаваў свайго непакою ад перспектывы драблення вайсковых калон з мэтай іх прыдатнага харчавання, бо адзначаў, што “снабжение охотниками неприметно”. 23 чэрвеня галоўная правіянцкая камісія Расіі падцвердзіла гэтае назіранне паведамленнем, што ад розных палякаў па падрадах паступіла ўсяго 40333 чв. мукі і 4925 чв. круп, у тым ліку ад беларускага купца Е. Файбішовіча –1759 и 213 чв. адпаведна, ад Ш. Касакоўскага – 6300 і 906 чв. Акрамя таго, мясцовым падрадчыкам яшчэ за 1789 г. належыла сплаціць 78881 руб., а на ураінскую армію М. Кахоўскага патрабавалася 1 млн. руб.(11)
На момант свайго выступлення Крачэтнікаў атрымаў на розныя расходы 264516 руб., у тым ліку 17 тыс. золатам і 246 тыс. срэбрам. Большую частку гэтай звонкай манеты ён пусціў на подкуп пры стварэнні лаяльных канфедэрацый. Затым казна прысылала папяровыя асігнацыі. Аднак пры абмене іх на звонкую манету страты дасягалі 30 %, так што камандуючы паведамляў “о неописуемой бедности офицеров, с коих сочтено идущих пешком во все время похода 38 чел.”(12) 25 лістапада 1792 г. ён адпісаў, што з-за недахопу правіянту і фуража яго войскі пачалі самі купляць звыш штатных цэн муку па 3 руб. 50 кап. за чвэрць, авёс – ад 150 да 180 кап., сена –па 20 кап. за пуд. Пры гэтым вельмі выразна праявіўся дыктат мясцовых вытворцаў. Так, калі штатныя сметы ў снежні 1792 г. прадугледжвалі 135287 руб. асігнаванняў пад харчовыя нарыхтоўкі, то ўладальнікі-пастаўшчыкі запатрабавалі 305027 руб. або удвая больш.(13) Гадавая патрэба на харчовыя закупкі складала 1926875 руб. пры тым, што ў наяўнасці было толькі 1914281 руб.(20) Галоўная правіянцкая камісія ў канцы лістапада 1792 г. адпусціла ў распараджэнне Крачэтнікава ўсяго 118 тыс. руб. Раскватэраваныя войскі апынуліся перад пагрозай голаду і Крачэтнікаў быў вымушаны размясціць іх, а дакладней распыліць па сялянскіх хатах. У сваім рапарце ад 23 снежня 1792 г. ён вылучаў тры моманты на гэтым непазбежным шляху.
Па-першае, каб завесці на месцах правіянцкія склады, патрабаваўся час. Па-другое, Крачэтнікаў гаварыў пра палітычную нелаяльнасць знаці, з якой “по недоброжелательству многие к нам первые в Литве начали отказываться от продовольствия”. Гэты супраціў ён рашыў скарыць прымусовым ваеным пастоем. Аднак прымус мог даць поспех толькі пры пэўных саступках. Крачэтнікаў пісаў, што ўся фронда землеўладальнікаў зводзіцца да жадання як мага даражэй узяць за правіянт і фураж.(14) Каб задаваліць гэты галоўны гаспадарчы апетыт незадаволеных, ён распарадзіўся аплочваць нарыхтоўкі па гандлёвых цэнах, а не па штатных, па якіх яму вызначаліся трывалыя расходы.
З гэтага моманту у перапісцы расійскіх ваенаначальнікаў знікаюць іх хваляванні адносна палітычнай благанадзейнасці мясцовага панства. Адно гэта сведчыць пра тое, што мясцовыя землеўладальнікі пагадзіліся цярпець і ўтрымліваць уведзеныя расійскія войскі. Гэта таксама азначае, што згаданы меркантыльны хаўрус паміж пераможцамі і ахвярамі акупацыі наступіў загадзя да гродзенскага сейма і што ганебныя ўхвалы апошняга былі так бы мовіць куплены за выгадныя харчовыя нарыхтоўкі ў расійскія войскі.
Крыніцы:
1.Wolanski A. Wojna polsko-rosyjska 1792 r. Warszawa, 1996. S. 25-28, 353 і інш.
2. Расійскі дзяржаўны ваена-гістарычны архіў (РДВГА), ф. 41, воп. 1, спр. 174, л. 9-10 адв.
3. Там жа, лл. 18,21, 28, 36, 46 адв
4. Там же, лл. 42 адв., 44 адв. 68, 80 (усяго 500 чал.)
5. Там жа, л. 137
6. Wolanski A. Wojna polsko-rosyjska...S. 420, 427
7. РДВГА, ф. 41, спр. 173, л. 20 (13 мая пры Обчы, 30 мая пры Стаўбцах і Міры, 16 чэрвеня пад Васілішкамі, 24 чэрвеня пад Зельвай, 25 чэрвеня пад Воўкавічамі, 29 чэрвеня пад Мсцібавым, 3 ліпеня пад Наравам, 12 ліпеня пад Брэстам, 13 ліпеня- на р. Буг)
8. Там жа, спр. 204, л. 6
9. Упершыню вартасці ўраджайнай статыстыкі канца 18 ст. прадстаўлены у дэпаніраваным артыкуле аўтара: Условия и уровень развития земледельческого производства на территории Восточной Белоруссии в последней четверти XVIII в. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. № 5. 1990. С. 122
10. РДВГА, ф.41, спр. 190, л. 66 адв.-67 адв., 238-239, 249
11. Там жа, л. 141, спр. 200, л. 520, спр. 190, л. 226
12. Там жа, л. 226-226 адв., 273
13. Там жа, спр. 200, л. 169, 243 адв., 247
14. Там жа, л. 279
Дадатак
Інтэрвенцкі корпус М. Крачэтнікава 1 мая 1792 г. Табліца 1
Полк | Чалавек | Коней | ||
здаровых | Усяго | |||
1 калона (камандуючы генерал-паручнік Ш. Касакоўскі) | ||||
Данскі казачы Дзянісава | 434 | 502 | 950 | |
Нараўскі мушкецёрскі | 1968 | 2424 | 221 | |
Пскоўскі драгунскі | 2130 | 4218 | 2626 | |
Санктпецярбургскі грэнадзёрскі | 3392 | 4079 | 392 | |
Эстляндскі егерскі 1-ы батальён | 806 | 1014 | 70 | |
8780 | 12287 | 4249 | ||
2 калона (генерал-паручнік П. П. Далгарукаў) | ||||
Данскі казачы Лявонава | 484 | 496 | 1209 | |
Данскі казачы Кірэева | 484 | 501 | 1024 | |
Інгермландскі карабінерны | 328 | 1179 | 1004 | |
Курскі мушкецёрскі | 1968 | 2445 | 228 | |
Пскоўскі мушкецёрскі | 1968 | 2438 | 221 | |
Рэвельскі мушкецёрскі | 1632 | 2121 | 191 | |
Эстляндскі егерскі 4-ы батальён | 816 | 1028 | 70 | |
Ямбургскі карабінерны | 828 | 1143 | 1014 | |
9008 | 11351 | 4961 | ||
3 калона (генерал-паручнік Б. П. Мелін) | ||||
Данскі казачы Грэкава | 484 | 473 | 1004 | |
Казлоўскі мушкецёрскі | 1968 | 2452 | 221 | |
Мурамскі мушкецёрскі | 1968 | 2435 | 199 | |
Смаленскі драгунскі | 1358 | 2003 | 1770 | |
Эстляндскі егерскі 2-і батальён | 816 | 1002 | 58 | |
6954 | 8365 | 3252 | ||
4 калона (генерал-паручнік І. Е.Ферзен) | ||||
Данскі казачы Сарынава | 484 | 591 | 1024 | |
Азоўскі мушкецёрскі | 1968 | 2444 | 203 | |
Ізюмскі лёгкаконны | 829 | 1126 | 1004 | |
Нізаўскі мушкецёрскі | 1968 | 2431 | 203 | |
Тамбоўскі мушкецёрскі | 1696 | 2116 | 197 | |
Украінскі лёгкаконны | 828 | 1114 | 1006 | |
Эстляндскі егерскі 3-і батальён | 816 | 1014 | 70 | |
8589 | 10836 | 3707 | ||
Усяго | кавалерыі | 9221 | 13396 | 13615 |
пяхоты | 23750 | 29443 | 2554 | |
32971 | 42839 | 16169 | ||
Крыніцы: РДВГА, ф. 41, воп. 1, спр. 174, л. 195-198 |
Харчовыя патрэбы раскватэраваных у ВКЛ царскіх войск у 1792 г. Табл. 2
Полк | Штаб-кватэра | Чвэрцяў | Пудоў сена | ||
мукі | круп | аўса | |||
Азоўскі мушкецёрскі | Слонім | 5036 | 4721 | 4935 | 74235 |
Данскі казачы | Пінск | 1000 | 936 | 7000 | 105000 |
Данскі казачы | Хомск | 1000 | 936 | 7000 | 105000 |
Данскі казачы | Любань | 1000 | 936 | 7000 | 105000 |
Данскі казачы | Браслаў | 1000 | 936 | 7000 | 105000 |
Інгермландскі карабінерны | Паставы | 1994 | 18674 | 9968 | 149520 |
Ізюмскі лёгкаконны | Мінск | 1994 | 18674 | 10392 | 155880 |
Казлоўскі мушкецёрскі | Альшаны | 4746 | 44476 | 3045 | 45885 |
Нізаўскі мушкецёрскі | Брэст | 4746 | 44474 | 3045 | 45885 |
Нараўскі мушкецёрскі | Ілія | 4746 | 44476 | 3045 | 45885 |
Рэвельскі мушкецёрскі | Масты | 4746 | 44474 | 3045 | 45885 |
Растоўскі грэнадзёрскі | Навагрудак | 4746 | 44474 | 3045 | 45885 |
Растоўскі грэнадзёрскі | Нясвіж | 4746 | 44474 | 3045 | 45885 |
Санктпецярбургскі драгунскі | Пінск | 3616 | 339 | 16416 | 246240 |
Санктпецярбургскі грэнадзёрскі | Гродна | 7966 | 74664 | 5705 | 85585 |
Тамбоўскі мушкецёрскі | Зельва | 4746 | 44474 | 3045 | 45885 |
Украінскі лёгкаконны | Слуцк | 1994 | 18674 | 10392 | 155880 |
Эстляндскі егерскі 1-ы батальён | Мерач | 1950 | 1823 | 1393 | 20895 |
2-і батальён | Воўчын | 1950 | 1823 | 1393 | 20895 |
3-і батальён | Поразава | 1950 | 1823 | 1393 | 20895 |
4-і батальён | Ліда | 1950 | 1823 | 1393 | 20895 |
Ямбургскі карабінерны |
Рось і Крынкі |
1994 | 18674 | 9968 | 149520 |
У астатніх месцах ВКЛ | 69616 | 476778 | 123355 | 1841635 | |
16332 | 92213 | 43506 | 653010 | ||
Усяго | 85948 | 568991 | 166851 | 2494645 | |
Крыніцы: РДВГА, ф. 41, воп. 1, спр. 200, л. 290 (Даныя за 23 снежня 1792 г.) |
Беларускі Гістарычны Агляд. 2008. Т.15. Сш.1-2 (28-29). С. 365-373.