Рэц.на кн. "Грамадска-палытычнае жыццё ў Беларусі. 1772-1917 гг."
- Подробности
- Опубликовано: 27.07.2018 16:47
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 4428
Рэц. на кн. “Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772-1917 гг.”/ А. У. Унучак [ і інш.]; рэдкал.: В.В. Даніловіч (гал. рэд.) [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Інст. гісторыі. – Мінск: Бел. Навука, 2018.-573 с.
Нядаўна Інстытут гісторыі АН выдаў тоўстую працу пра грамадска-палітычнае жыццё Беларусі паміж 1772-1917 гг. Кампазіцыя яе складаецца з трох блокаў: у адным падаецца адміністрацыйна –тэрытарыяльны падзел з сістэмай кіравання і судаводства, у другім-асноўныя сацыяльна-палітычныя падзеі і у апошнім--формы грамадскай актыўнасці і нацыянальных рухаў. Стварэнне кнігі аўтары матывалі наяўнасцю ў літаратуры дыяметральна процілеглых ацэнак падзей, якія істотным чынам паўплывалі на гістарычны шлях беларусаў, да чаго аднесены падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанні і рэакцыя грамадства на іх. З гэтага вынікае, што аўтары падпарадкавалі ўсю тэкставую гарнітуру аб’ектыўнаму аналізу і атрыманню адзначных, несупярэчлівых высноў па гэтых пытаннях, ды яшчэ, як сказана ў заключэнні, на падставе шырокага кола архіўных крыніц. Паглядзім на дасягненні складальнікаў па першай частцы кнігі.
У гістарыяграфічнай частцы кнігі зусім няма дэманстрацыі размежавання гісторыкаў на заяўленыя процілеглыя лагеры па розных пытаннях, а даецца шкалярскі пералік іх прац па пэўных сюжэтах. Агляд гістарыяграфіі пачынаецца чамусці з сучасных грувастых рускамоўных метадалагічных опусаў, хаця існуюць даўно распрацаваныя, вельмі канкрэтна-гістарычныя тэматычныя сінтэзы і польскіх і беларускіх аўтараў. К прыкладу, поўнасцю замоўчаны У. Лехтанен, які на падставе сенацкага архіва першы ў 1907 г. прадставіў 2-х томную сістематызаваную панараму мерапрыемстваў царызма па замацаванню здабытага, асабліва што тычыцца арганізацыі кіравання і судаводства ў 1772--1782 гг. (“Польскія правінцыі Расіі пры Кацярыне 11 у 1772-1782 гг.”. Берлін. 1907 г.) Забыты С. Таляронак з яго «Грамадска-палітычным pyxам на Беларусі (канец XVIII — 30-я гг. XIX ст.)». Мн., 1998. А пра працу В. Шведа “Паміж Польшчай і Расіяй: Грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863 гг.)” Гродна. 2001. мы дазнаемся толькі са зместу разглядваемага твора, хаця гісторык на падставе архіўных і апублікаваных крыніц адным з першых асвятляе канкрэтна-гістарычны механізм далучэння зямель Беларусі да Расійскай імперыі, праявы русіфікацыі іх расійскім ўрадам, ролю і значэнне іх ў польскім і рускім апазіцыйных рухах.
Лагічна, што агляд падзей павінен пачынацца з першага падзелу (с.261) Рэчы Паспалітай 1772 г., яго падрыхтоўкі, і рэалізацыі на сейме 1773-1775 гг. Аднак з твора ўвогуле без тлумачэння выкінуты ўсе тры падзелы 1772, 1793 і 1795 г., нібы яны не маюць ніякага сэнсу і значэння ў гісторыі краіны. Больш таго, аўтары заяўляюць, што ўсе падзелы (!!!) “храналагічна супадаюць з Французскай рэвалюцыяй” (с. 527). У выніку з палітычнай авансцэны выкінуты працэдуры склікання паслоў на ваяводска-павятовых сейміках, іх наказы і праграмы, барацьба шляхецкіх партый вакол іх рэалізацыі і адказнасць за бягучы стан дзяржавы. Гэта вапіючая прадузятасць і свядомая тэндэнцыйнасць выклікана яўна страхам аўтараў заняць выразную пазіцыю наконт ацэнкі значэння падзелаў, асабістай адказнасці удзельнікаў падзелаў і іх гістарычныя наступствы, якія даўно размежавалі гісторыкаў на процілеглыя лагеры. Гэты страх прывёў да таго, што праца пазбавілася панарамы палітычнага жыцця на ваяводска-павятовых сейміках паміж 1772 і 1794 гг., хаця замежнымі ды і айчыннымі даследчыкамі ўжо даўно назапашаны адпаведныя веды пра іх структуру, функцыянаванне, персанальны склад.
Сама структура працы нагадвае добрыя рэфераты па асобных сюжэтах, якія часта пішуць студэнты па заданню выкладчыкаў і якія не знітаваны лагічна.
Хаця аўтарамі і заяўлена ва ўводзінах пра намер вызначыць стаўленне жыхароў да палітычных змен, аднак пры гэтым не вядзецца разгорнутай гаворкі пра апазіцыйныя рухі, кшталту паўстання 1794 г., змовы дзекабрыстаў, масонскія арганізацыі і іншыя тайныя суполкі ў 19 ст.. У кнізе няма нават спасылак хаця б на прынцыповыя распрацоўкі падзей 1794 г., К. Барташэвічам, С. Гербстам, Г. Масціцкім і інш. Тое ж самае тычыцца і адсутнасці належнага асвятлення тэатра паўстання 1830-1831 гг. на беларускай зямлі. Перад намі працяг тэндэнцыйна-негатыўнага стаўлення да апазіцыйнасці толькі таму, што яно было скіравана супраць Расіі і ставіла за мэту скінуць яе ярмо ўзброеным шляхам. Больш таго, на стар. 251 па-дзіцячаму безпадстаўна заяўляецца, што “дзейнасць тайных гурткоў і арганізацый не ўплывала на палітычную арганізацыю на беларуска-літоўскіх землях”!!. Можа аўтары залічваюць гэтыя суполкі да добра распрацаваных? Тады дзе апеляцыя на класічныя творы і чаму яны безсаромна запаўняюць сюжэты спасылкамі на Поўны збор законаў імперыі, які таксама даўно і дасканала праналізаваны па накірунках палітыкі ўрада шматлікімі прыхільнікамі плагіяту?. Аналіз гэтай крыніцы вельмі дэталёва праведзены калектывам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі адносна структуры, функцый, кампетэнцый розных дзяржаўных інстытутаў, рэлігійных устаноў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў з часу іх стварэння ў 1772 г. і да (с. 262) 1917 гг. Але ж навошта тады вынаходзіць мапед ? Хіба што дзеля таго, каб запоўніць пустату старонак працы, дзе павінны быць спасылкі на малавядомыя архіўныя крыніцы. Зацікаўлены чытач можа сам па пальцах налічыць новыя “канцэптуальныя высновы” аўтараў і памеры іх знявагі да папярэднікаў.
На той жа самы Поўны звод законаў Расійскай імперыі цалкам абапіраецца агляд адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення пасля 1772 г., але пры гэтым не вядзецца гаворкі пра прычыны і матывы неаднаразовай яго рэарганізацыі. Гэты хіб нельга схаваць дэманстрацыяй некалькіх карт у кнізе, таму што няма асвятлення стварэння і гэтых крыніц. Чытач не знойдзе ў працы згадак пра рэвізскі ўлік, які быў патрэбны для тагачаснага картаскладання і, таксама, для вызначэння сацыяльна-класавай архітэктуры грамадства, яго дынамікі. У выніку мы не сустрэнем у працы аналізу эвалюцыі секвестру-канфіскацый-падараванняў ўрада, як увасаблення яго адносін да пануючага саслоўя. Пра разбор гістарычных правоў шляхты у тэксце маецца некалькі радкоў, хаця гэты працэс меў вялікі адрэзак і без яго нельга нічога сказаць пра суадносіны мясцовых і рускіх элементаў на выбарных пасадах судовай і адміністрацыйнай лесвіцы. Гісторыкі з Інстытуту гісторыі, аказваецца, зусім не ведаюць пра камплектаванне гэтых інстытутаў улады, пра дваранскія сходы і іх праграмы ў першай палове XIXст.
Пры аглядзе зменаў тэрытарыяльнай будовы аўтары заяўляюць без усякай падставы, што толькі пры Паўле 1 далучаныя землі атрымалі статус тэрыторыі “на асобным праве”. Гэта ніяк не стасуецца з папярэднімі разважаннямі пра асобнае месца расійскіх акраін і спасылкамі, для гэтага, на расійскую дыдактыку (стр. 7-9). У другім месцы гаворыцца, што толькі ў 1797 г. гэтым імператарам былі адноўлены ранейшыя старыя суды на выбарным праве. А якім быў іх ранейшы статус і што было са Статутам ВКЛ да гэтага часу зусім няясна. Калі ён не дзеяў да 1797 г., то хто і чаму яго забараняў? Ні слова няма ў тэксце пра асобны Беларускі дэпартамент пры Сенаце, ніводнага сказа няма пра дзейнасць межавых судоў, спробу кадыфікацыі і распрацоўку асобнага права для далучаных зямель урадам пры дапамозе І. Даніловіча ў пачатку XIX ст.. І тут мы маем або безсаромнае замоўчанне або прыкрае няведанне адпаведнай літаратуры.
Даволі шырока ў тэксце гаворыцца пра пасаду генерал-губернатараў, якая была скасавана ў 1856 г., паколькі, на думку аўтараў, на гэты час уся далучаная прастора была “ўладкавана”. Аўтары так і не вызначылі сэнс сказанага. У тэксце аніяк не высветляецца ўзаемаадносінаў кампетэнцый генерал-губернатараў (намеснікаў) і намесніцтва Канстанціна Паўлавіча, пастаўленага кіраваць усім далучаным Заходнім (с. 263) краем. Калі гэта тычыцца адносін да яўрэяў, то дзе разгляд праблемы мяжы аселасці, пра іх высяленні і перасяленні, спробы зрабіць земляробамі. ? Калі гэта адносіцца да насаджэння рускага землеўладання, то дзе дэманстрацыя шляхоў і памераў яго росту ? Тое ж тычыцца тасавання канфесійнай структуры на карысць праваслаў’я загадзя да шырока вядомай ліквідацыі ўніі ў 1839 г. У працы сказана, што губернская рэкруцкая прысутнасць уведзена у 1776 г., а затым адзначаецца, што першы рэкруцкі набор здзейснены ў 1794 г. без усякага тлумачэння прычын такога разрыву. Для аўтараў не існуе ні Беларускіх шляхецкіх харугваў пры Кацярыне II, ні Літоўскага асобнага корпуса ў рускай арміі напачатку XIX ст., ні ваенных пасяленняў, пра што, канешне ж, існуюць адпаведныя працы. Без аніякіх статыстычных доказаў у працы сказана, што напрыканцы паўстання 1794 г. па данясеннях генерала Ц. Туталміна на далучаных землях амаль не было рускіх войскаў, хаця існуе літаратура, дзе выясняецца, што такім шляхам выклянчваліся штыкі для разгрому паўтанцаў. Цалкам праігнаравана ўвагай вайна і інтэрвенцыя 1792 г. на беларускай зямлі. Здзіўляе, што “палітычныя мерапрыемствы расійскага ўрада ..ў першыя гады пасля падзелаў Рэчы Паспалітай” аўтарамі чамусці пачынаюцца пасля 1796 г. з амністыі ўдзельнікам паўстання 1794 г. На стар. 240 заяўляецца, што з 1816 г. на беларуска-літоўскіх землях дзейнічала Ліквідацыйная камісія для кампенсацыі армейскіх рэквізіцый, хаця расійскія войскі разлічваліся за свае бясконцыя паборы на ўсім працягу XVIII ст. і пра гэта ёсць публікацыі.
Да ўласнага першадкрыцця аўтары залічылі масавую эміграцыю з беларуска-літоўскіх зямель да 1831 г., але ніякіх доказных паказчыкаў не прывялі. Лічба ў 100 чал. не ўражвае і не пераконвае (стр. 212). У заключэнні сказана, што калектыў “упершыню” вызначыў тры перыяды знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Але пра гэтыя перыяды даўно вядома нават з падручнікаў. Гэтыя перыяды вызначаны згодна з ваганнямі самадзяржаў’я адносна падпарадкавання ці ўніфікацыі далучанай прасторы. Замяніўшы тэрмін русіфікацыя на нейтральную уніфікацыю, аўтары, відаць, і прадэманстравалі такім шляхам свой несупярэчлівы падыход да падзей. У выніку атрымалася галаслоўнае бахвальства.
Паглядзім на сумныя вынікі зместу кнігі скрозь прызму яго складальнікаў, Аўтарамі главы пра дзяржаўна-прававы статус Беларусі ў складзе Расійскай імперыі з’яўляюцца выкладчыкі педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, акрамя І.Г.Гушчынскага і Т.В. Грышкевіч. Раздзел пра тэрытарыяльна-адміністрацыйную будову напісаны А.П.Жытко і С.А.Талмачовай. А. Жытко ў 1986 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю пра камуністычнае выхаванне прафсаюзамі (с. 264) працоўных у 1971-1980 гг., а ў 2003 г. –доктарскую пра дваранства Беларусі ў перыяд капіталізму (1861-1914 г.). У яго няма ніякіх бягучых распрацовак па перыядзе да 1861 г. Дапусцім, гэты раздзел у сапраўднасці напісаны падмайстрам С.Талмачовай. Спадарыня Талмачова ў 2016 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю пра рэалізацыю сталыпінскай аграрнай рэформы ў 1906-1917 гг. праз землеўпарадкавальныя каміссіі і ўсе яе публікацыі закранаюць некаторыя аспекты аграрных адносін пасля 1861 г. Заканамерна ўзнікае пытанне, на якой падставе яны запісаны сааўтарамі разглядваемай тэмы з часу першага падзелу. І. Г. Гушчынскі таксама займаецца вузка-храналагічным асвятленнем дзейнасці судоў у канцы XIX –пачатку XX ст. І.М. Трасцян у 2017 г. удзельнічала ў напісанні вучэбна-метадычнага комплекса пад назвай “Дзяржаўнае кіраванне і грамадскае самакіраванне на тэрыторыі Беларусі” ў XIX-пачатку XX ст. Т.В. Грышкевіч у 2009 г. стварыла метадыялагічныя рэкамендацыі па гісторыі Беларусі для слухачоў завочных курсаў. Ці можна вучэбнік лічыць навукова-аналітычнай працай, а яго аўтараў-спецыялістамі пэўнай навуковай галіны ? З чаго гэта ім дазваляецца пісаць адказны сюжэт у працы Інстытута гісторыі, які гучна і ўрачыста абвяшчаецца “вядучай” установай у беларускай гістарычнай навуцы ? Што робіць іх аўтарытэтамі ў навуцы, якім павінны давяраць калегі з іншых устаноў?. Што, такіх спецыялістаў няма ў іншых установах ?. Адказ можна атрымаць з таго, што навуковым кіраўніком усяго разглядваемага выдання названы член-карэспандэнт А. Каваленя, які ў свой час перацягнуў у Інстытут гісторыі сваіх калег з педінстытута і зараз крышуе яго маладую порасль.
Главу пра палітычныя падзеі пісалі ў асноўным А. М. Філатава і Н.В. Анофранка з Інстытуту гісторыі. Спадарыня Н. Анофранка лічыцца спецыялісткай пра жанчын дваранскага саслоў’я Беларусі ў канцы XIX-пачатку XX ст., а А. Філатава выдала малазначную манаграфію пра канфесійную сітуацыю пасля 1772 г.. Тады чаму менавіта ім даверана пісаць пра палітычныя падзеі і жыццё, калі яны свядома не адлюстравалі такія элементы гэтага жыцця, як нелегальныя гурткі і дзейнасць палітычнай паліцыі па іх выкрыццю і выкараненню вольнадумства, легальныя казённыя і розныя грамадскія таварыствы ў сферы харчовай справы, крэдыту, дабрачыннай дапамогі? Маленькі раздзельчык пад назвай “Стаўленне расійскага ўрада да сялянства” чамусьці пастаўлены толькі пасля падзей паўстання 1831 г. А чаму замоўчаны шматлікія сялянскія выступленні першай паловы 19 ст. з іх патрабаваннямі, на якіх некалі пладаносіла савецкая гістарыяграфія—што, аналізуемая праца кладзе канец ёй фактам простага ігнаравання?. У кнізе шмат асвятляецца патаемная арганізацыя 1797 г., (с. 265) якая не мела практычнага выхаду у сферу грамадскай акцыі. У той жа час ні слова пра сялянскае паўстанне 1797 г. у Беларускай губерні і расправу над ім. Дзе належнае асвятленне карных мерапрыемстваў урада, дзейнасці турмаў, этапаў, ссылкі, высылкі, пазбаўленню саслоўных і маёмасных правоў ? Ствараецца ўражанне, што аўтары такім шляхам наўмысна абяляюць рэпрэсіі рускага царызму, каб не шкодзіць іміджу Расіі. Стваральнікі працы адмахнуліся ад належнага асвятлення рэформы дзяржаўнай вёскі, падрыхтоўкі і рэалізацыі абавязковай інвентарнай рэформы памешчыцкай вёскі, іх значэння ў падрыхтоўцы скасавання прыгоннага права, нібыта гэта не ўваходзіць у публічную сферу палітыкі. Дзе дэманстрацыя вобраза далучанага краю і яе жыхароў на старонках губернскіх газет і журналаў, у публікатарскай дзейнасці розных асоб, камітэтаў і камісій, у тым ліку адносна этнаграфічнага вывучэння мінулага?. Хіба гэта не частка грамадска-палітычнага ландшафту? Тады чаму аўтары адвялі ажно 7 старонак пад канстатацыю інфармацыі толькі з двух афіцыйных часопісаў 1830-1831 гг?.
Можна і далей працягваць пералік сораму, прадузятасці і недарэчнасцяў. Яны паказваюць, што аўтары пазначанай працы адрапартавалі фігавым лістком на патрачаныя дзяржаўныя асігнаванні на супольны праект, апраўдаліся за прамарнаваныя час і пасады. Прадстаўлены імі тэкст робіць непазбежнай патрэбу чарговага перапісвання тэмы. І яшчэ. Ці адпавядае твор заяўленай мэце прадставіць несупярэчлівую, ураўнаважаную карціну жыцця на працягу 145 гадоў?
Не, мы не бачым ні усебаковага агляду гістарыяграфіі, ні “сістэмнага аналізу” саміх падзей. У тэксце не відаць ніякага ні шырокага ні глыбокага выкарыстання архіваў. Знайдзіце ў ім належнае асвятленне адносін жыхароў па кожнаму сюжэту ці пытанню і Вы самі падпішыце адназначны прыгавор імпатэнцыі прыдворных гісторыкаў.
Яўген Анішчанка
Беларускі гістарычны зборнік. Беласток. 2018. № 49. С. 260-265