отзыв на очерки "История могилевского еврейства"

Водгук

на нарысы «История Могилевского еврейства. Документы и люди: Научно-популярные очерки и жизнеописания. В 2-х кн.» Сост. А. Литин. кн.1, Мн., Юнипак, 2002. 254 стр.

Усякага, хто возьме ў рукі гэтае выданне, перш за ўсё павінна задаволіць яго паліграфічная якасць. У эпоху рытуальнай іканаграфіі цяжка знайсці праўдзівыя выявы рэчаіснасці. Не багата сярод іх і крыніц, якія б рэльна прадстаўлялі шматвяковую гісторыю яўрэяў, якія прысутнічаюць нейкай дэманічнай сілай у гісторіі тытульнага, беларускага, народа. Складальнікам давялося аформіць сваю руплівую збіральніцкую працу у выглядзе нарысаў, што, у сваю чаргу, адлюстроўвае стан пакуль умё яшчэ скупой гістарыяграфіі тэмы.

Відаць, пагэтаму нарысы разлічаны перадусім на спецыялістаў, хаця менавіта на іх спадчыне і набытках і грунтуецца сам твор. Выданне ўдала спалучае ў сабе мову навуковай рэспектабельнасці з папулярызацыяй ужо здабытых ведаў. Гэтая другая якасць нарысаў добра відаць з таго, што складальнікі не пускаюцца ў публіцыстычнае маралізатарства на злобадзёееыя тэмы, сярод якіх, безумоўна, слушныя гістарычныя аналогіі наконт існавання антысемітыму і яго каранёў. Першыя главы нарысаў як раз адлюстроўваюць храналогію гэтай закаранелай хваробы на канфесіянальнай, эканамічнай і бытавой глебе. Гэта дазволіла рэдактару нагадаць чытачу, што рэлігійная нецярпімасць была арганічнай часткай тагачаснай ментальнасці і што з гэтага тэныцыйнымі і недарэчнымі выглядаюць сцвярджэнні моднай беларускай гістарыяграфіі адносна талерантнасці ў ВКЛ. Праўда, пры гэтым здзіўляе рэверанс рэдактара у адрас таго, што да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) дакументы не фіксіруюць “ни одного погрома” яўрэяў, а потым, ніжэй, гаворыцца аб крывавых пагромах 17 ст. Магчыма, маецца на ўвазе адсутнасць масавасці і перыядычнасці падобных эксцэсаў? Аднак, спытаемся, у якую статыстыку выльецца абагульненне паўсюдзённых праяў падобнага роду ? Зразумела, адказ на аткое пытанне патрабуе дасканалых доследаў. Тым не меней, дадзеныя нарысы павінны астудзіць аматараў гераізацыі і прыхарошвання ўласна беларускай гісторыі, чорныя і белыя бакі якой выдатна прадэманстраваны нарысамі пра лёс яўрэяў і ягоных выхадцаў у розных галінах жыцця саміх беларусаў.

Складальнікаў нарысаў можна павітаць з майстэрствам непрадузятых алхімікаў: на аптэкарскіх шалях агульнага і прыватнага яны ўзважылі і намалявалі гісторыю магілёўскай абшчыны яўрэяў у кантэксце агульнаграмадскай гісторыі Беларусі. Па меншай меры гэтую трэццю вартасць нарысаў належыць прыпісаць сп. А. Ліціну, які выступіў годным дырыжорам сапраўднай гістарычнай працы, прычым, вельмі далікатным да гістарычнай спадчыны і яе палажэнняў. Мабыць, гэта ёсць варты прыклад таго, што справядлівыя адноіны да праблем і спрэчак мінулага вырашаецца кіраўніком, які не абвешаны тытуламі, не абцяжараны стэрэатыпамі і які адно зацікаўлены ў праўдзе.

Яўген Анішчанка

старшы навук. супрац.

Інстытута гісторыі НАН Беларусі