Жульніцтва за картамі. Замест рэцэнзіі
- Подробности
- Опубликовано: 11.06.2015 20:58
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 808
Жульніцтва за картамі
(За кулісамі падрыхтоўкі Генеральнай карты Беларусі да другога тома “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”). Замест рэцэнзіі.
Пры азнаямленні з гістарычнымі помнікамі і працамі ў любога чытача натуральна ўзнікаюць пытанні адносна тэхналогіі ці сакрэтаў стварэння пэўных крыніц ведаў. Паспрабуем заглянуць за кулісы такой крыніцы, якая толькі што пабачыла свет як калектыўная праца.
Некалькі гадоў таму назад выклікаў мяне да сябе Вячаслаў Насевіч, дырэктар Беларускага навукова-даследчыцкага цэнтра электроннай дакументацыі і адначасова адказны рэдактар “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”. Ён прапанаваў мне стварыць да другога тома згаданага атласа Генеральную карту тэрыторыі Беларусі па звестках другой паловы 18 ст. і суправадзіць яе спісамі населеных пунктаў, землеўладальнікаў і іншай рознай інфармацыяй. Мы дамовіліся, што кампутарны набор спісаў населеных пунктаў з перакладам іх на беларускую мову і прывязкай да сучаснай адміністрацыйнай сеткі браўся рабіць сам Насевіч. Спрэчныя пытанні мы вырашылі сумесна разабраць у апошнюю чаргу.
У выніку 1 кастрычніка 2009 г. я заключыў з дырэктарам Рэспубліканскага прадпрыемства “Белкартаграфія” М. А. Верзунам пісьмовую дамову пад № 66 на тое, што мне аднаму даручалася “стварыць аўтарскія арыгіналы тэматычнага зместу Генеральнай карты да другога тома Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”.
Пасля гэтага я ліст за лістом аддаваў Генеральную карту у выдавецтва разам са спісамі пасяленняў. Насевіч жа праглядаў спісы і раз пораз прасіў унесці нейкія змены. Я заўжды пагаджаўся і рабіў пэўныя карэкцыі. 3 снежня 2009 г. яздаў апошні ліст Генеральнай карты разам з прадмовай, падпісаную мной адным. В. Насевіч даў мне увесь мой спіс паселішчаў (гэта склала 21560 назваў) для канчатковай праверкі. Ён месцамі уставіў у мой першапачатковы спіс і свае паселішчы з імёнамі. Я пагаджаўся, паколькі на гэты момант Насевіч у той спіс унес мінімальныя дапаўненні.
Як толькі я падпісаў усе лісты Генеральнай карты і дапоўнены спіс паселішчаў, так спадар Насевіч тут жа некалькі разоў у прысутнасці дырэктара выдавецтва і рэдактараў адпаведнага аддзела заявіў, што Анішчанка слаба ведае крыніцы, што ў яго, Насевіча, ёсць інвентары і ўласная крыніцазнаўчая база, якая дакладней усякага там Анішчанкі. Я пярэчыў яму тым, што ягоную віртуальную базу трэба папярэдне публікаваць, што карту трэба абапіраць не на асобныя інвентары, а на масавыя крыніцы. Я казаў у прысутнасці адказных асоб, што калі Анішчанка –“прафан”, тады навошта было прасіць яго рабіць такую адказную працу. У рэшце рэшт на адным пасяджэнні Насевіч заявіў, што Анішчанка ---кепскі гісторык і сварлівы чалавек, а таму такі чалавек не будзе аўтарам Генеральнай карты, і, хлопнуўшы дзвярыма, зышоў.
І вось у сярэдзіне студзеня 2012 г. у выдавецтве мне паказалі макет Генеральнай карты Беларусі другой паловы 18 ст., дзе змест прадмовы цалкам зменены, а пад тэкстам побач з подпісам Анішчанкі стаіць і подпіс Насевіча. Ён не паведаміў мне папярэдне пра свае змены на ўсіх лістах Генеральнай карты. Больш таго, Насевіч бессаромна заяўляе, што “істотна” перарабіў першапачатковы варыянт Анішчанкі.
На старонках пераробленай Генеральнай карты я з вялікім здзіўленнем убачыў, што тэрыторыі Берасцейскага, Віцебскага, Менскага і Новагродскага ваяводстваў названы паветамі, а плошча Мельніцкага павета абведзена Насевічам так, быццам бы яна складала частку ВКЛ. Гэтыя дзікунскія “навуковыя” навіны мяне так абразілі, што я адмовіўся падпісваць праўкі Насевіча. У выдавецтве мне заявілі, што карта ўжо падпісана да друку і ніякія перамены ў ёй недапушчаюцца. Вось так галоўны рэдактар выдання скраў чужую працу, перарабіў яе на свой “правільны” капыл і нахабна запісаўся ў сатаварышы. Пры гэтым парушана не толькі афіцыйная дамова наконт аўтарскага права, але і элементарная карпаратыўная этыка ў такіх выпадках.
Суцішае мяне толькі тое, што я змагу паведаміць пра такое шулерства публічна.
Анішчанка Яўген
канд гіст. навук