Рецензия на книгу П. О. Лойко

Эвалюцыя форм феадальнай рэнты XVI-XVIIIстст.

Выйшла з друку кніга П. А. Лойкі “Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Мн, 1991”, прысвечаная эвалюці форм феадальнай рэнты на працягу XVI-XVIIIстст.

Увага аўтара засяроджана на павіннасным становішчы сялян маладаследаваных груп феадалаў—дробнай і сярэдняй шляхты, якая, паводле тарыфаў падымнага ўліку, складала большасць саслоў’я землеўладальнікаў. Канстатуючы дадзены факт услед за П. Р. Казлоўскім, аўтар ігнаруе ў далейшым падвержанасць фіксаваных, ваенна-фіскальных крытэрыяў маёмаснай спраўнасці розным формам мабілізацыі маёмаснай структуры: падзелу, продажу і г.д. Ён сартыруе інвентары ўладанняў па іерархічнай лесвіцы феадалаў, калі, напрыклад, адносіць Сапегаў да дробных ці сярэдніх уладальнікаў. Дакладней было б першапачаткова суаднесці звесткі аналізуемых інвентароў з іх хначэннем на фоне крыніц—тых жа тарыфаў за адпаведны час. Просты акт судовай рэгістрацыі дакумента яшчэ не дае ўяўлення аб сапраўдных памерах уладання канкрэтнага ўласніка.

Прыём супастаўлення дынамікі павіннасцей па адных і тых жа ўладаннях, закладзены К. І. Кернажыцкім, якога паслядоўна прытрымліваецца аўтар, грашыць забыццём не менш элементарнай акалічнасці—непастаянства аб’ектаў падаткаабкладання ў межах таго ці іншага маёнтка за працяглы час. Пэўныя крыніцазнаўчыя недахопы даследчык імкнецца пераадолець насычэннем кнігі лілюстрацыйным матэрыялам, багатымі статыстычнымі звесткамі, з дапамогай сярэдніх паказчыкаў. Таму дакументальнае багацце манаграфіі павінна перасцерагчы ад безумоўнага даверу абагульненням аўтара, ступені іх рэпрэзентатыўнасці.

Традыцыйна вырашаецца ў манаграфіі генезіс і развіццё адработачных павіннасцей. Вытокі норм паншчыны цяглых сялян выводзяцца і тлумачацца ў залежнасці ад месцазнаходжання ўладанняў, іх блізкасці да зоны актыўных экспартна-гандлёвых камунікацый, да “неспакойнай” рускай граніцы, ад ураджайнасці глебы. Дадзеныя абставіны агульныя для для ўсіх маёмасных груп феадалаў. Іх недастаткова лічыць прычынай панавання фальварачна-паншчыннай сістэмы, як сцвярджае аўтар, пераважна ў асяроддзі дробнамаёмаснай шляхты, а не магнатаў,якія мелі больш магчымасці да пазаэканамічнага прымусу сялян.

Безумоўная вартасць работы заключана ў вызначэнні фактычнага цяжару грашовага аброку  чыншавых сялян з улікам абясцэньвання манеты і ўплыву іншых кампанентаў рэнты на суадносіны памераў эксплуатацыі паміж рознымі павіннаснымі групамі вёскі. Выклікаюць цікавасць разлікі размеркавання форм рэнты праз ацэнку кошту паншчыннага дня. Але перавод на грашовы эквівалент нарматыўных павіннасцей, якіх рэдка прытрымліваліся ўладальнікі, абмежаванасць архіўных крыніц, адсутнасць адпаведных ацэнак для ненарміраванных рэнтных абавязкаў сялян надаюць назіранням даследчыка элементы ўмоўнасці і прыблізнасці. Сказанае датычыцца і неверагоднага пастаянства спасылак на 49 рабочых тыдняў на год, прадугледжаных “Уставай на валокі”.

Прынцыповы вывад аб прыблізна аднолькавым высокім прыгнёце, які клаўся на плечы і чыншавых і цяглых сялян прыватнаўласніцкіх маёнткаў Беларусі ў другой палавіне XVI-XVIIIстст., падмацаваны тлумачэннямі толькі па адным магнацкім уладанні і толькі ў заключэнні. Новыя даследчыкі знойдуць у працаёмкім творы П. А. Лойкі карысную лабараторыю метадалагічных назіранняў пры вызначэнні аб’ёму і вартасці зменлівых павіннасцей.

Рэцэнзуемая кніга напісана дасціпнай мовай, якая па –майстэрску ажыўляе сухія, лаканічныя і маладаступныя пласты архіўнага матэрыялу аб штодзённым жыцці нашых працавітых продкаў. Беларуская гістарыяграфія ўзбагацілася якасна сістэматызаваным і навукова-абагуленым даследаваннем складаных старонак старажытнабеларускай агранай гісторыі.

Я. К. Анішчанка

Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. №1. С. 127-128