Прывілеяваная тэма: рэцэнзія на кнігу В. Голубева

Прывілеяваная тэма

Як бы ні ўплывалі зменлівыя палітычныя варункі на светапогляд гісторыкаў, але вызначальнай тэмай сапраўды фундаментальных навуковых даследаванняў застаецца шматграннае жыццё сялянства—непасрэдных вытворцаў у аграрных грамадствах. Пра гэта сведчыць манаграфія В. Ф. Голубева:”Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVIXVIII стст. / Пад рэдакцыяй В.І.Мялешкі; Акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі.— Мн.: Навука і тэхніка, 1992.— 176 с.

Назва манаграфіі нагадвае, што аўтар памкнуўся на досыць працяглым храналагічным адрэзку нанава асвятліць ужо дастаткова распрацаваную і некалі прывілеяваную тэму. Аднак сціплы гістарыяграфічны агляд толькі дасведчанаму чытачу дазваляе ўмела арыентавацца ў навацыях чарговага даследавання. Лейтматывам работы з’яўляецца вызначэнне сярэдніх памераў і павіннаснага характару сялянскага землеўладання паміж саслоўнымі відамі феадальнай уласнасці (дзяржаўная, прыватная, царкоўная) і ўмоўнымі тэрытарыяльнымі зонамі (захад, цэнтр, усход).

Аўтар станоўча вызначае існаванне трывалых адрозненняў у сялянскай землезабяспечанасці паміж згаданымі геаграфічнымі абшарамі. Ён спрабуе тлумачыць іх паходжанне ў першую чаргу поспехамі валочнага вымярэння зямлі, каторым з 16 ст. панавальны клас укараняў уніфікаваныя надзелы з аднастайна вызначанымі павіннасцямі. Найбольшых поспехаў валочная памера дасягнула на заходне-цэнтральнай тэрыторыі беларускіх зямль, арынтаваных, на думку аўтара, на таварную вытворчасць збожжа праз заснаванне фальваркаў з пераважна цяглымі надзеламі. Устойлівае захаванне неўрэгуляваных валочным вымярэннем разнастайных адзінак сялянскага зямельнага трымання на ўсходзе тлумачыцца ў рэчышчы агульнапрынятых у літаратуры падыходаў—неспрыяльнасцю усходнебеларускага рэгіёна для развіцця фальварачна-паншчыннай эксплуатацыі.

Упершыню на магчыма максімальнай архіўнай аснове ў манаграфіі прадэманстравана роля пазанадзельных форм трымання ўгоддзяў сялянскай грамадой, на асобных прыкладах паказана яўнае і скрытнае імкненне сялянства да калектыўна-абшчыннай абароны свайго права на вольную ад панскай рэгламентацыі мабілізацыю зямлі. Здаецца, што іменна апошняя акалічнасць  і была вызначальнай дамінантай у барацьбе паміж пануючым саслоў’ем і працоўнымі за памеры і формы ападаткавання зямельных угоддзяў, а не тая “збожжавая гарачка” феадалаў, якой пасля Ф. Энгельса і У. Леніна гісторыкі тлумачаць амаль усе сацяльна-эканамічныя зрухі і ў 16, і ў 18 і ў 19 стст.

Манаграфія В. Ф. Голубева вылучаецца яснасцю і лагічнасцю храналагічна-тэматычнага аналізу рэнтнай структуры сялянскага землекарыстання па вядучых формах рэнты і панскага гаспадарання. І ўсё ж такі ва ўмовах абмежаванасці архіўных матэрыялаў пераконваюць тыя назіранні і вывады, якія заснаваны на выконванні абавязковых крыніцазнаўчых правілаў.

В. Ф. Голубеў сутыкнуўся перш за ўсё з адсутнасцю ў разглядаемы час суцэльных апісанняў феадальных уладанняў. Таму ён вымушаны атрымаць пэўную генеральную сукупнасць адпаведных паказчыкаў шляхам простага падсумавання даных з наяўных інвентароў маёнткаў. На гэтым шляху даследчык пазбег многіх хібаў ілюстрацыйнага метаду, аднак адначасова збядніў якасны бок аналізу.

Усярэдненыя даныя аб памерах сялянскіх надзелаў атрыманы ім у асноўным па буйных уладаннях, без вызначэння адрозненняў у характары і ўзроўні землезабяспечанасці сялян паміж маёмаснымі групамі феадалаў, тыпамі царкоўных і дзяржаўных уладанняў. Няяснай з’яўляецца рэпрэзентатыўнасць атрыманых вызначэнняў, бо ў працы не паказана прадстаўнічасць валавых вылічэнняў і аналізуемых інвентароў на фоне больш агульных крыніц, напрыклад тарыфаў налогавага падаткаабкладання. У гэтым сэнсе разглядаемая манаграфія падзяляе крыніцазаўчы нігілізм, усё яшчэ не пераадолены гісторыкамі-аграрнікамі.

Абмінуў аўтар і разгляд землезабяспечанасці сялянства па адміністрацыйных адзінках (ваяводствах і паветах), што альбо пацвердзіла б, альбо абвергнула правамернасць агульнапрынятага тэрытарыяльнага дзялення на тры ўмоўныя зоны. Вялікую цяжкасць аўтар сустрэў пры тыпалагінай групіроўцы сялянскага землеўладання: у падлік клаліся выключна ўрэгуляваныя валочным вымярэннем надзелы. Таму па-за статыстычным назіраннем аказваецца значны паўночна-ўсходні рэгіён, дзе, як адзначае сам аўтар, вельмі шырока былі распаўсюджаны невалочныя формы вызначэння адзінак абкладання зямлі. А без асвятлення характару ападаткавання апошніх падазронай выглядае катэгарычнасць прадстаўленых у манаграфіі суадносін рэнтнай структуры сялянскага зямельнага трымання паміж умоўнымі захадам, цэнтрам і усходам.

Даследчык праслежвае паслядоўнае драбленне першапачаткова вымераных поўнавалочных надзелаў і ўскладненне іх за кошт дадатковых частак пазанадзельнага карыстання (снопавых, бакавых, наезных, дольных і г.д.). Аднак аўтар ухіліўся  ад неабходнасці структурнага дзялення і групіроўкі сялянскага землекарыстання па гэтых долях і частках. Тым самым не ўдалося канкрэтызаваць шляхі рэгулявання пазямельнай рэнты, крыніцы руйнвання ў адзіны надзел дапможных угоддзяў. Значна абядняе манаграфію і ўхіленне аўтара ад спробы вызначэння характэрных рысаў эвалюцыі памераў і форм сялянскай землезабяспечанасці па пэўных уладаннях.

Пералічаныя недахопы адлюстроўваюць традыцыйныя крыніцазнаўчыя заганы даследаванняў, без шматбаковага і неадкладнага вырашэння якіх ніякія новыя распрацоўкі і чарговыя вывады не будуць навукова абгрунтаванымі. Манаграфія В. Ф. Голубева таму застаецца важкім, неабходным, аднак недастаткова трывалым звяном у ланцугу ўсебаковага вывучэння складаных пытанняў аграрнай гісторыі Айчыны.

Я. К. Анішчанка

Весці АН Беларусі. Сер. гуман. навук. 1993. № 4. Стар.120-121