Рэцэнзія на кн. "История белорусской государственности"

Рэцэнзія на кн. История белорусской государственности : в 5 т. / Национальная академия наук Беларуси, Институт истории. — Минск : Беларуская навука, 2018. Т. 1 : Белорусская государственность: от истоков до конца XVIII в. / [А. А. Коваленя и др. ; ответственные редакторы тома: В. Ф. Голубев, О. Н. Левко]. — 2018. — 597 с.;

Т. 2 : Белорусская государственность в период Российской империи (конец XVIII – начало XX в.) / [Н. В. Смехович и др. ; ответственные редакторы тома: Н. В. Смехович, А. В. Унучек, Е. Н. Филатова]. — 2019. — 413 с.

Адзін з кіраўнікоў гэтага выдання, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. Даніловіч ў 2009 г. на канферэнцыі ў Маскве галосна заявіў, што «коллектив Института Истории впервые в истории мировой научной мысли» сфармуляваў «принципиально новую дефиницию..государственность», пад якойразумеецца«внутренний потенциал сообщества, его способность к длительному историческому существованию». Ён патлумачыў, што дзяржаўнасць Беларусі выступае в гістарычнайформе ў выглядзе політэтнічнай канфігурацыі (Кіеўская Русь, Полоцкае, Тураўскае княствы, Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійскаяімперыя) імонанацыянальнай форме, як дзяржава тытульнага этнаса беларусаў(БНР, БССР). Пагэтай гучнай схеме, нацыянальна-беларуская дзяржава выспявалаўнутрызгаданыхшматнацыянальных кангламератаў. Такім чынам, заяўленае міравое цудапаўтараеўстойлівы і зашмальцаваныўсавецкайлітаратуры факт аб тым, што беларусы са сваёй тэрыторыяй цалкам абочасткамі ў розныя эпохіўваходзілі ўсклад розных дзяржаваўтварэнняў, алеатрымалі правамець самастоўную дзяржаву толькі пасля 1917-1918 гг.

На жаль, мінскія Капернікі надта паспяшаліся запісацца ў Нобелеўскія лаўрэаты. Бо пад паняццем “дзяржаўнасць” у 2011 г. расійская даследчыца А.І.Бачыла пазначыла “субьективные возможности этноса”, якія не абстрактна, а рэальна адбіваюцца ў палітыка-прававой арганізацыі грамадства і якія маюць пэўныя крытэрыі і прызнакі. У 2012 г. у працы пра дзяржаву і дзяржаўнасць расійскі даследчык Е.П. Козбан аднёс да дзяржаўнасці “систему институтов и ментальной предрасположенности общества” да існавання ці то ў выглядзе суверэннай краіны, ці –то залежнай, у складзе фэдэрацыі, канфедэрацыі і г.д. Практычна тое ж самае гаворыць у 2005 г. і А.Ю. Мельвіль. (стр. 253)У 2014 г. расійскія гісторыкі пад камандай А.Д. Чубар’яна вылучылі ў якасці дзяржаўнасці тое ж унутранае “качественное состояние общества” и здольнасці грамадства да рэалізацыі нацыянальнай ідэі. Расійскі палітолаг С. В. Малюгін у 2015 г. бачыць пад дзяржаўнасцю якасную характарыстыку грамадства, якая дазваляе яму увасобіцца ў выглядзе дзяржавы.

А вось што тлумачыць пра ўсесусветнае адкрыццё мінчан адзін з трубадураў гэтага цуда М. Смяховіч. Ён раскрывае ў 2013 г. у часопісе “Беларуская думка” дэфініцыю дзяржаўнасць як “потенциальную способность общества к длительному историческому существованию” або ў выглядзе гістарычных кангламерацый, ці то ў якасці самастойнай нацыянальнай краіны. Нечуванае адкрыццё зводзіцца да банальнага права кожнай нацыі “на самостоятельное историческое существование”, да вядомага яшчэ з часоў Леніна і бальшавікоў лозунга пра права кожнай нацыі на самавызначэнне і стварэння самастойнай дзяржавы. Больш таго, аказваецца, што рэалізацыя гэтай патэнцыі залежыць ад нацыянальнай эліты, якая, па словах Смяховіча, не здолела, к прыкладу, захаваць Рэч Паспалітую, або разваліла СССР, насуперак волі савецкага народа ў 1991 г. А паколькі БССР усяго толькі частка кангламерата СССР, то і аказваецца, што шчасце беларусам жыць у сапраўды самастойнай дзяржаве прынёс толькі дзеючы прэзідэнт А. Лукашэнка, які завяраў, што толькі ён адзін пратэставаў супраць развалу СССР.

Публічна гэты прапагандыстскі штамп прадстаўлены ў жніўні 2008 г. у пресс-центры БЕЛТА. Прэс-рэлізпа гэтаму выпадкугаварыў, што новую канцэпцыюраспрацоўвалі ажно 13 годз мэтайпроцідзеяць «непрофессионализму и попыткам фальсификации исторических фактов..”, а таксама, кабпроцістаяць «распространению политически ангажированной истории» Беларусі. Як бачым, геніяльнае адкрыццё запусцілі ў жыццё пад заезжаную яшчэз часоў КПСС-КПБ прапагандысцкую мелодыюпра барацьбу з фальсіфікацыямі даўніны, супраць палітызацыігістарычнага мінулага.

У прадмове да 1 тома разглядаемага твора гаворыцца, што фундаментам беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца дзеючая Канстытуцыя (!!!!), “канстытуцыйны пасыл” якой пра грамадскую згоду патрабуе «аргументированного обоснования исторической правомерности белорусской государственности» (Т.1. стар. 5). Грамадскі мір падыходзіць для партыйнай праграмы або чарговай выбарчай кампаніі, а не для навуковай метадалогіі. Перад намі адкрытая палітызацыя тэмы і тыповае распаўсюджванне кан’юнктурна ангажыраванага твора пад фальшывым антуражам. Пры гэтым Ньютоны ігнаруюць пастулат (стр. 254) свайго павадыра, які ў 2017 г. абвясціў хакей “галоўнай ідэалогіяй” беларусаў. Узнікае пытанне, чаму яны не выводзяць і не абгрунтоўваюць свой опус менавіта з гэтай натхняльнай нацыянальнай ідэі. І хаця кіраўнікі цуда прыкрываюцца тэзісам пра неабходнасць уласнага погляда на гісторыю, яны старанна замоўчваюць М. Біча, які ў 1993 г. сфармуляваў афіцыйна прынятую ў навуцы і адукацыі нацыянальную канцэпцыю. Ён прама гаварыў тады, што навуковаму асэнсаванню гістарычнага шляху беларусаў перашкаджае панаванне двух антыбеларускіх канцэпцый (вялікапольскай і вялікарускай), якія адмаўлялі беларусам права на дзяржаўнае самавызначэнне, а таму задачай ставілася адлюстраваць менавіта «погляд беларуса на яго ўласны гістарычны шлях», прычым пры гэтым павінна асвятляцца «разам з фальклорам, грамадскай думкай, літаратурай i мастацтвам, культура працы, побыту, сямейных адносін, адзення, жылля, пасяленняў, асаблівасці менталітэту, ідэалогіі, маральных прынцыпаў i паводзін людзей розных эпох i рэгіёнаў.» Гэты шырокі і сінтэтытычны падыход М. Біч заклікаў ажыццявіць шляхам дэпартызацыі і дэідэалагізацыі гістарычнай навукі і адукацыі.

Зараз афіцыянты стабільнасці не хаваюць сваёй лакейскай партыйнасці і ідэалагічнага прыстасаванства сваёй “прафесійна-праўдзівай” карціны мінулага. Яны таксама праігнаравалі модную з часоў Перабудовы канцэпцыю ў гістарыяграфіі, якая называла ВКЛ Беларускай дзяржавай. Калі свядома ігнаруецца спадчына папярэдняга канцэптуальнага асэнсавання мінулага краіны, тады крыклівыя заявы новых піянераў пра неабходнасць захавання традыцый і пераемнасці проста пшык. Праз некалькі год дзеючая Канстытуцыя будзе каторы раз перапісана пад чарговыя патрэбы ўладара і халуйская каманда проста мусіць зноў “прафесійна” абгрунтоўваць новую фабрыкацыю мінулага.

Давайце паглядзім, як нашы першавынаходнікі асвятляюць у першых двух тамах свайго выдання пазделы Рэчы Паспалітай і мерапрыемствы царызма па замацаванню далучаных зямель у складзе Расійскай імперыі.

Паспрабуйце знайсці ў выдатным творы дакладнае апісанне фарміравання межаў ВКЛ і агляд гісторыі яе картаграфавання, хаця гэта якраз адносіцца да дзяржаватворных працэсаў, супадзення і адрозненняў іх у розныя часы. Няма ў працы месца рэвізіі знешніх межаў ВКЛ ні ў 1754 г., ні ў 1767 гг., як няма і рэгулявання памежных спрэчак. Без гэтага немагчыма зразумець правамоцтвы тэрытарыяльных прэтэнзій Расіі ў наступным, пры падзелах краіны. Аўтары раздзела нават шэптам не гавораць пра спробу Нармальнага разгранічэння краіны. (стр. 255) Яныне гаворыць, як мянялася ўнутраная тэрытарыяльна-адміністрацыйная будова ВКЛ да яго скону, а калі мянялася, то па якіх падставах. Замоўчваеццаспроба змены адміністрацыйнай-тэрытарыяльнай структуры ў 1791-1792 гг. на Вялікім сейме і яе рэалізацыя. Аутары—А. Мацук і В.Аніпяркоў-- яўна не валодаюць такой інфармацыяй або, што яшчэ горш, свядома ігнаруюць належныя працы. Яны не запаўняюць гэтыя тэрытарыяльна –адміністрацыйныя адзінкі належнымі заканадаўчымі і кіруючымі органамі і кадрамі. Яны нібыта не заўважаюць дынаміку структуры урадавых пасад у ВКЛ, іх субардынацыі, намінавання апошнім каралём, наследавання.

А. Мацук паўтарае папярэднія стэрэатыпы пра панаванне “анархии государственного устройства” и прычынамі яе называе ліберум вета, канфедэрацыі і свабодныя выбары караля (с. 501). Ён лічыць, што Канстытуцыя 3 мая 1791 г. пакончыла з гэтай анархіяй. А чаму тады краіна трывала і існавала больш за 2 стагоддзі пры абапоры менавіта на свабодныя выбары і прынцып адзінагалосся, які дазваляў зрываць любы сеймік адным пратэстуючым голасам?. Сам жа аўтар абвяргае ўласныя штампы, калі піша пра спробы ўвесці ў практыку сеймікаў і канфедэрацый прынцып большасці галасоў. Толькіў адным месцы ён спасылаецца на працу Ючаса, каб заявіць, што шляхта адмоўна ставілася да рэформ. Аднак ў працы няма ні змястоўнага агляду арганізацыі сеймікавага жыцця, ні працэдуры выбараў на іх ураднікаў, ні агляду дэпутацкіх наказаў, у якіх так ціінакш адлюстроўваліся бягучыя балячкі краіны і спробы іх урэгуляваць як на звычайных сейміках, так і пад час Генеральных канфедэрацый. У творы нічога няма пра палітыка-прававыя баталіі вакол прапаноў увядзення спадчыннасці трона, хаця гэта навіна скасоўвала гістарычныя традыцыі выбарнасціманарха і краевугольнага фундамента вольнага галасавання усёю шляхтаю. Гэта што, няведанне літаратуры ці свядомая ігнараванне галоўных прынцыпаў функцыянавання шляхецкай дэмакратыі? Аўтар абмінуў і рознамасныя дыскусіі тагачаснай публіцыстыкі ў гэтым рэчышчы.

Аутар не распавядае, як рэгулявалася месца Статута ВКЛ паміж гістарычна самастойнымі ВКЛ і Каронай пры ўсталяванні унітарнай будовы супольнай краіны на падставе Канстытуцыи 3 мая 1791 г. і невядома, што не давзоліла аўтару абаперціся на цэлае мора гістарыяграфіі ў гэтых пытаннях. Пад агляд арганізацыі і цэнтралізацыі ў дзейнасці скарбовай камісіі ВКЛ у творы адведзена ажно 23 старонкі, тады як палітычным рэформам гэтага ж часу --толькі 16 старонак. У працы няма аналізу дзяржаватворнай вайсковай справы, нібыта (стр. 256) пытанне пра абароназдольнасць краіны не тычыцца прынцыповых бакоў дзяржаўнага арганізму і яго жыццядзейнасці. Дзе было слаўнае айчыннае войска, калі тры суседнія манархі расчлянялі краіну, ці было яно асначана належными патрэбамі, фінансамі і рэсурсамі з боку таго ж мадэрнізаванага скарбу, а калі не, то чаму ?. Паспрабуйце знайсці адказы ў цудоўным творы.

Можа быць упершыню ў афіцыйнай гістарычнай навуцы выданне пералічвае некаторыя афіцыйныя мэты расійскай палітыкі і механізмы яе рэалізацыі пры падзелах Рэчы Паспалітай. Аўтар адпаведнага тэксту (В. Аніпяркоў) не ставіць пытання, чаму гэту дзяржаву тры суседнія манархі дзялілі часткамі, а не адразу, як аказаліся і як утрымліваліся на яе тэрыторыі менавіта расійскія войскі, якія былі іх узаемаадносіны з мясцовымі жыхарамі. З кантэксту дысідэнцкай справы выкінуты ўніяты, хаця тагачасныя афіцыйныя ўлады Расіі называлі іх праваслаўнымі, падманам адарванымі ў унію. Калі аўтар ведае гэта, але ігнарыруе, тады перад намі прадузяты твор, паколькі з тэксту не відаць, як царызм затым стараўся навярнуць іх у лона праваслаўя. З апісання падзей Барскай канфедэрацыі мы не знаем праграм ні мясцовых, ні Генеральнай канфедэрацый, ні кіраўнікоў партызанскіх рэйдаў, з чаго абсалютна не зразумелы кантэкст вызваліцельнай барацьбы. Юрыдычная прырода падзелаў зусім замоўчана, відаць, з-за нежадання кіраўнікоў выдання ясна вызначыцца адносна іх гістарычнага значэння, правамернасці і наступстваў.

Другі том выдання, у адрозненне ад першага, больш шырэй дае гістарыяграфію і крыніцы. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная будова Беларусі пасля 1772 г. у складзе Расійскай імперыі скупа пересказана з Поўнага збору законаў, без тлумачэння прычын неаднаразовай реарганізацыі губерняў-уездаў.

Пасады вышэйшай адміністрацыі ў краі –генерал-губернатараў, губернатараў --ў тэксце на разгалінаваны і няведама, чаму яны пры гэтым адначасова называліся намесніцтвамі і губернямі. Аўтары заяўляюць, што Павел 1 паўсюдна скасаваў інстытут генерал-губернатараў, але затым яны чамусці з’яўляюцца на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў пасля падаўлення паўстання 1831 г. Пакінута без высвятлення заява аб тым, што Літоўска-Беларскія губерні скасаваны ў 1802 г., але толькі ў 1840 г. забаронена ўжываць іх назву афіцыйна. Амаль 16 старонак тэксту адведзена пад схаластычны пералік функцый намеснікаў і губернатараў з іх канцылярыямі і праўленнямі. Але ж чытачу зусім не зразумелы прынцыпы камплектавання гэтых органаў улады, не відаць, як запаўнялася адміністрацыйная лесвіца адпаведнымі кадрамі, якія былі суадносіны пры прямых назначэннях і пры выбарах з мясцовых выхадцаў, ролі пры гэтым канфіскацый і падараванняў. (стр. 257) Аўтарам зусім не вядомы Табель аб рангах, на якой будавалася ўся сістэма чынаводства у імперыі і на якую пераводзіліся адміністрацыйныя штаты далучаных зямель. Аўтары заяўляюць, што ўсе службовыя пасады ў Заходніх губернях толькі пасля 1831 г. пераводзіліся на вялікарасійскі ўзор, а значыць да гэтага тут павінна была ўжывацца наменклатура ўраднікаў ВКЛ (т. 2. С. 107). Ні першае, ні другое ў тэксце не патлумачана і не праілюстравана. Аўтар сцвярджаюць, што ніжнія земскія суды выбіраліся дваранствам, аднак у тэксце ніводнай старонкі няма пра статыстыку і вынікі гэтых выбараў ні ў канцы 18 ст., ні ў першай палове 19 ст. У выданні няма ведання літаратуры пра склад чыноўніцкага апарату, асабовых характарыстык хаця б вышэйшага эшалону улады, пра ўмовы праходжання службы ні ў адміністрацыі, ні ў судах, ні ў паліцыі, ні іншых саслоўных установах.

А чаму аўтары замоўчылі намеры адраджэння аўтаноміі ВКЛ ў 1811-1812 гг, гульні з праектам канстытуцыі Польскага каралеўства і стварэннем асобнага вайсковага корпуса з жыхароў Заходніх губерняў ? Чаму з іх “аб’ектыўнага” поля зроку зніклі перыпетыі вакол стварэння “вольных хлебапашчаў”, ваенных пасяленняў, земляробчых калоній, аднадворцаў, фермаў у дзяржаўнай вёсцы, разбору шляхты, скасавання ўніяцай царквы ? Куды падзявалася цэлая паласа дзяржаўных устаноў і камітэтаў адносна вырашэння сялянскай справы пры рэалізацыі рэформы графа Кісялёва, абавязковай інвентарызацыі памешчыцкіх маёнткаў, барацьбы вакол праектаў скасавання прыгоннага права ? У тэксце глуха спамінаецца пра скасаванне царызмам Статута ВКЛ ў 1840 г., але не зразумела, чаму гэта зроблена толькі зараз і якім было правапрымяненне да гэтага часу. Аўтарам абсалютна няведама пра распрацоўку Асобнага права для Заходніх губерняў і месца пры гэтым Літоўскага статута. Яны адзначаюць факт заснавання межавых судоў напачатку 19 ст. па выбарах мясцовага панства, аднак ніводным радком не тлумачуць чытачу, чаму гэтыя суды адмяняюцца разам са скасаваннем Статута ВКЛ. Аўтары пішуць пра цэнтралізацыю кіравання, уніфікацыю справаводства, але старанна пазбягаюць пры гэтым слова русіфікацыя.

Калі гаварыць пра станоўчы бок выдання Інстытута гісторыі, то яно цалкам падыходзіць для ўдакладнення такой дысцыпліны, як Гісторыя дзяржавы і права Беларусі, праўда з агаворкай, што калектыву належыць увянчаць ее гэтак жа шматтомнай гісторыяй беларускага права. Станоўчым можа быць і стымуляванне даследчыкаў на дэталёвую распрацоўку архіўных матэрыялаў па тэмах дзяржавы і права. (Стр. 258)

Можна пакласці побач з другім томам акадэмікаў элементарны вучэбны дапаможнік для вузаў па беларускай гісторыі і шляхам параўнання лёгка знайсці безліч іншых прымітыўных хібаў, павярхоўных упушчэнняў, убогай схаластыкі, палітычнай кан’юнктуршчыны. Разглядваемае выданне выразна паказвае, што акадэмічныя (афіцыёзныя) колы ясна замянілі дэпартызацыю і дэідэалагізацыю навукі на яе дэградацыю і дэбілізацыю.

Разглядваемая публікацыя з усіх амбонаў навязвае навуковаму грамадству і педагагічнаму таварыству чарговую адзіна “правільную інтэгральную і прафесійную” версію трансфармацыі дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. Яна прызначана не толькі выцесніць з навучання традыцыйную дысцыпліну увыглядзеГісторыя Беларусі. В. Голубеў, адзін з кіраўнікоў выдання, афіцыйна прапануе яе ў якасці настольнай кнігі “для кожнага упраўленца і настаўніка”. Перад намі тыповы дыктат фэйкавай дактрыны кан’юнктурнага гатунку.

Прафесар гісторыі і дэпутат І. Марзалюк асабіста рыхтуе і абяцае выдаць для вышэйшай школы “першы падручнік з несупярэчлівай і нехлуслівай гісторыяй беларускай дзяржаўнасці”. З праўдзівага і сімфанічнага пантэона ім будуць выкінуты ўсе, хто “змагаўся за нейкую антыкамуністычную краіну, якая знаходзілася на Захадзе”. Ён збіраецца караць адміністрацыйна і крымінальна за любыя заявы аб тым, што “нас прыдумалі палякі або бальшавікі” !!!!. Калі з гісторыі свядома выкідваюць непажаданых асоб, значыць няшчаснаму чынавенству, настаўнікам і студэнтам навязваюць кастрыраванае, неаб’ектыўнае мінулае, ды яшчэ пад пагрозай пераследу і рэпрэсій. Вось рэальная цана ўсяму іх катэхізісу.

Яўген Анішчанка

Беларускі гістарычны зборнік. № 51. Беласток. 2019. С. 252-258