Воз наперадзе каня

Воз наперадзе каня

Міністэрства ўнутраных спраў краіны выдала на 64 старонках вучэбны дапаможнік прафесара В. Шаўкапляс “Судебные органы в Беларусі” ў канцы 18-га—першай палове 19-га ст. Паводле зместу гэта нешта паміж даведнікам, навучальным дапаможнікам і моднымі цяпер навукова-папулярнымі брашурамі. Аўтарка даўно займаецца гісторыяй суда і магла б сама напісаць спецыяльную гісторыка-прававую працу, у адсутнасці якой папракае сваіх папярэднікаў.

Брашура ахоплівае правадзейнасць ня ўсіх судовых устаноў у азначаным адрэзку часу, але досыць поўна знаёміць з кампэтэнцыяй трох судовых узроўняў: павятовых, Галоўнага і межавога. І робіцца гэта выключна шляхам традыцыйнай трансляцыі зместу знакамітага Поўнага зводу законаўРасейскай імпэрыі. Адразу кідаецца ў вочы блытаніна ў тэрмінах “поветовый” і “уездный” суд, што ў перакладзе на беларускую мову тое самае. Аднак спецыялістам вядома, што да далучэння ў 1772 г. першых беларускіх земляў, арганізаваных пазней у Магілёўскую і Полацкую губэрні, да Расеі, тут існавалі земскія суды ў ваяводствах і паветах Вялікага княства Літоўскага. Гэта значыць, былі павятовыя земскія суды. Вдома таксама, што пад такой самай назвай адпаведныя органы былі ўведзеныя Кацярынай 11 пасля 1772 г.

Між тым, аўтарка заяўляе, што Павел 1 “восстановил” іх у 1796 г., а потым дадае, што тыя суды ягоным жа ўказам “”учреждались” у 1797 г. Што тут да чаго—незразумела і самой аўтарцы. Бо далей яна гаворыць, што па сутнасці паўлаўскага ўказу аднаўлялася ўся сыстэма ранейшых земскіх, гродскіх і падкаморскіх судоў ВКЛ, аднак з увядзеннем пэўных зменаў. Якія перамены і ў чым яны заключаліся—гэта ў брашуры адзначана адпаведна з працай М. Навакоўскага. Праўда, Шаўкапляс лічыць навацыі расейскага ўраду амаль рэвалюцыйнымі, бо сцвярджае, што ўрад “коренным образом ” перагледзеў кампэтэнцыю дапушчаных судоў у пытаннях членства, апеляцыяў і г.д.

Прыкладам, замест судовае спрэчкі бакоў урад увёў працэс дазнанняў пад пільным наглядам паліцыі, або што пажыццёвыя пасады суддзяў сталі выбарнымі. Карэнны характар гэтых зменаў аўтарка адлічвае з 1802 году, што пярэчыць тэзысу аб дазволе правадзейнасці Статута ВКЛ 1588 году з часу далучэння беларусіх земляў да імпэрыі (г.зн. з 1772 г.), што павятовыя суды кіраваліся гэтым мясцовым правам «и в XIX веке». Блытанай застаецца пазыцыя аўтаркі і адносна паўнаты правадзейнасці Статута пасля адзначаных мадыфікацыяў. То яна піша, што ў пачатку XIX ст. у Беларусі дзейнічалі асаблівасці мясцовага права, то далей сцвярджаецца, што ўзнаўлення ранейшых судоў “на основе местного права не проізошло”. Таму недаказаным і цалкам неабгрунтаваным застаецца яе пярэчанне Б. Нольдэ, які лічыў, што ўрадавымі навацыямі ў 1809 годзе завяршаецца перыяд судовай аўтаноміі далучаных земляў.

Вельмі істотным у разуменні гэтых складаных фактаў з’яўляецца характар і роля межавых судоў, утвораных пасля 1810 года на тэрыторыі апошніх падзелаў Рэчы Паспалітай. Аднак у адпаведным раздзеле брашуры аўтарка дэманструе якраз некампэтэтнасць. Яна лічыць, што межаванне ў Беларусі пасля першага далучэння (1772 год) праводзілася не ўрадавымі органамі, а ранейшымі падкаморскімі судамі ВКЛ. Гэта відаць з тэзы аб тым, што апошнія не спраўляіся з вырашэннем зямельных спрэчак і таму мясцовае панства пажадала стварыць больш эфектыўныя і мабільныя органы. Але ж Шаўкапляс пытаецца—навошта было ствараць гэтыя межавыя суды, калі такія справы разглядаліся падкаморскімі судамі ды яшчэ дазволенымі толькі што ўрадам ? Гэтае рытарычнае пытанне засталося няясным, бо Шаўкапляс здымае яго проста: маўляў, ніводзін нарматыўны акт “пра гэта не гаворыць”.

А хіба згаданы Поўны звод законаў –гэта кулінарная кніга гістарычных рэцэптаў ? калі не ўдавацца ў тлумачэнне недарэчнасцяў, дык аўтарцы можна параіць звярнуцца да гісторыка С. Рубінштэйна, які першы стаў перад падобнымі дылемамі пры высвятленні ролі межавых судоў. Але ж колькі разоў яшчэ шаноўныя прафесары будуць ставіць рытарычныя пытанні, пладзіць кампіляцыі, а неаналізаваць крыніцы. Перад тым, як перапісваць Поўны звод законаў, трэба разабрацца ў гістарычных рэаліях, якім адпавядалі або з якімі не супадалі царсія ўказы. Перад тым, як пісаць модныя цяпер дапаможнікі і абагульняючыя працы, трэба спачатку стварыць вартай якасці навуковыя творы.

Яўген Анішчанка

Наша Ніва. 1998 № 5. С. 9