Пазнякоў В. Касцюшка вачыма расейцаў. Рэцэнзія
- Подробности
- Опубликовано: 08.06.2015 16:32
- Автор: Анищенко Евгений Константинович
- Просмотров: 947
Валеры Пазнякоў
Касцюшка вачыма расейцаў
«Восстание и война 1794 года в Литовской провинции»/Уклад., рэд. і прадмова Я. Анішчанкі.—Менск, Моладзевае навуковае таварыства,2001.209 с., іл.
Адзіным беларускім гісторыкам, які штогод выдае па кнізе, застаецца Яўген Анішчанка. Апошнім часам ён даследуе паўстанне Касцюшкі й падзелы Рэчы Паспалітай. Расейскія архівы хаваюць яшчэ шмат таямніцаў пра нашае мінулае. На жаль, навуковы пошук там застаецца прыватнай справай аднаго даследніка, які на ўласныя грошы ездзіць у Маскву.
Архіў замежнай палітыкі Расейскай імперыі, што туліцца пад крылом Міністэрства замежных спраў, занепакоены публікацыяй у Беларусі дакументаў XVIIIст., але аўтар цвёрда абяцае скласці яшчэ прынамсі адзмн зборнік пра Касцюшкава паўстанне.
Такім чынам, “Паўстанне і вайна 1794 году”, частка другая (першая выйшла ў 2000 г.). Дарэчы, нумар часткі не пазначаны, што непазбежна будзе блытаць чытачоў.
У загалоўку кнігі прысутнічае, як і ў мінулы раз, “літоўская правінцыя”, хоць назва “Вялікае княства Літоўскае” ў тыя часы яшчэ жыла і выкарыстоўвалася. Паўстанцы ня ставілі за першачарговую мэту ўмацаванне незалежнасці Вялікага княства ў рамках Рэчы Паспалітай. Больш актуальнай была абарона незалежнасці ўсяе дзяржавы. Так што калі паўстанцы “не гавораць ні пра дзяржаўны суверэнітэт, ні пра адраджэнне або наданне гэтаму княству статусу беларускай дзяржавы”(словы аўтара). гэта не азначае, што ВКЛ знікла. А тэрмін “літоўская правінцыя” меў вузкаюрыдычны характар і выкарыстоўваўся ў практыцы парляменцкай дзейнасці, калі ваяводствы Рэчы Паспалітай былі падзеленыя на Велікапольскую, Малапольскую і Літоўскую правінцыі.
Яшчэ адзін спрэчны момант—ці выкарыстоўвалі паўстанцы беларускую мову. Анішчанка ўпэўнены, што маніфесты паўстання пісаліся і абвяшчаліся выключна па-польску. Не зусім зразумела, што маецца на ўвазе пад словам “маніфест”. Самі паўстанцы такім тэрмінам не карысталіся, гэта атрыбут хутчэй манархічнай улады. Што да паўстанцкіх адозваў, то яны пісаліся і па –беларуску, і па-царкоўнаславянску.
Аўтар не абмежаваўся публікацыяй дакументаў, ён зрабіў некаторыя назіранні над агульнымі асаблівасцямі паўстання, у прыватнасці над складам яго ўдзельнікаў. На падставе следчых матэрыялаў (а царскае следства разбіралася амаль з 2 тысячамі касцюшкоўцаў) аўтар сцвярджае , што шляхты сярод іх было 50 %, сялянаў—37 %, мяшчанаў –каля 10 % (а калі браць толькі выхадцаў з тэрыторыі сучаснай Беларусі, то адпаведна 44, 36 і 20 %). Храналёгія дакументаў зборніка—ад падрыхтоўкі паўстання да яго поўнага задушэння і пакарання ўдзельнікаў. Тое ж было і ў першым зборніку, так што абедзьве часткі дапаўняюць адна адну. Сярод дакументаў ёсць сапраўдныя дыяменты, што многае асвятляюць у тых падзеях, абвяргаюць памылковыя меркаванні. Ёсць і шчырыя прызнанні карнікаў:”Цяпер зьявіўся ўсеагульны народны ўздым”. Са старонак дакументаў чуваць галасы ня толькі расейскай “эліты”, але і нашай небагатай шляхты, мяшчанаў, сялянаў. У кнізе гаворыцца пра ўсё: пра пляны паўстанцаў, таемныя знакі змоўшчыкаў, ход ваенных падзеяў, бітвы, горыч паражэнняў, допыт у сумнавядомай Смаленскай следчай камісіі.
Зараз ніхто з тых, хто цікавіцца ці навукова займаецца Касцюшкавым паўстаннем, ня зможа абысціся бяз гэтых зборнікаў. Яўген Анішчанка сапраўды выратаваў гонар беларускай гістарычнай навукі—цяпер мы можам заявіць усім: і ў Беларусі навукова вывучаюць паўстанне Касцюшкі. Шкада толькі, што першы зборнік дакументаў з-за выдавецкай палітыкі амаль што ня трапіў у Беларусь. Затое другі яшчэ можна набыць у “Акадэмкнізе”.
Наша Ніва. 15 сакавіка 2002 г. № 10