Анкудовіч Ц. Рэц. на працу Я. Анішчанкі "Інкарпарацыя..."

Цімох Акудовіч.

Рэц. на працу: АНІШЧАНКА, ЯЎГЕН. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Мінск: Хурсік, 2003. — 469 с.

Гісторыя Беларусі другой паловы XVIII ст. малараспрацаваная ў айчыннай гістарыяграфіі. Даследчыкі закранаюць звычайна толькі некаторыя аспекты гісторыі гэтага перыяду, i нават палітычнаму жыццю краіны XVIII ст. беларускія гісторыкі аддавалі мала ўвагі. Манаграфія Яўгена Анішчанкі, як i папярэднія працы даследчыка, хутчэй, вынятак з правілаў. Яго „Інкарпарацыя” i да сёння застаецца ў Беларусі адзінай грунтоўнай працай, прысвечанай тром падзелам Рэчы Паспалітай.

Галоўную мэту свайго даследавання Я. Анішчанка бачыць у вызначэнні статуса i значэння ВКЛ у падзеях другой па­ловы XVIII ст. Даследчык называе шэраг пытанняў, што не былі разгледжаныя ў спецыяльнай літаратуры да гэтага. Найперш, гэта пазіцыя шляхты ВКЛ да ўсіх падзеяў i яе ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны ў другой палове XVIII ст. Даследаванне пабудавана на аснове польскіх манаграфій, дакументаў з беларускіх архіваў (найперш інструкцый соймікаў) i на фондах расійскіх архіваў 3 гэтага вынікаюць i асаблівасці працы: шмат увагі аддаецца дзеянням расійскай адміністрацыі на занятых тэрыторыях. Магчыма, што менавіта апора на расійскія архіўныя дакументы надала працы такі крытычны i песімістычны погляд на ўсе апісаныя падзеі. Таксама ўпершыню ў такім аб’ёме разглядаюцца матэрыялы павятовых соймікаў на землях ВКЛ.

Праца падзелена на тры часткі, кожная з якіх прысвечана аднаму з падзелаў — перадумовам, падрыхтоўцы i са­мой падзеі на тэрыторыі ВКЛ.

У першым раздзеле „Першы падзел — у вупражы раўнавагі” (38-225) аўтар падрабязна апісвае падзеі на тэрыторыі ВКЛ, звязаныя з барацьбой за каралеўскі трон, палітыку Панятоўскага, Барскую канфедэрацыю i першы падзел Рэчы Паспалітай. Асаблівая ўвага аддаецца разгляду інструкцый соймікаў ВКЛ, аналіз якіх дазваляе Я.Анішчанку гаварыць пра моцны кансерватызм літоўскай шляхты. Ён заўважае, што, патрабуючы павелічэння войска i naляпшэння баяздольнасці краіны, шляхта не згаджалася з любымі зменамі ў тагачасным ладзе, a таксама з павелічэннем падаткаў, што рабіла ўсялякія спробы рэформаў бессэнсоўнымі.

Падрабязна разглядае аўтар i знаходжанне расійскай арміі на тэрыторыі ВКЛ да 1775 г. Пры гэтым звяртаецца ўвага на акалічнасці, якія раней былі маладаследаваныя ў нашай гістарыяграфіі. Напрыклад, гандаль магнатаў маскоўскімі сялянамі-ўцекачамі ці „выцягванне” магнатэрыяй грошай з расійскага ўрада за прастой на ix тэрыторыі маскоўскіх войскаў. У выніку аўтар падводзіць да таго, што нягледзячы на гнеўную рыторыку, буйная шляхта актыўна выкарыстоўвала расійскі фактар для свайго ўзбагачэння.

Праз усё даследаванне аўтар праводзіць думку, што ў заняпадзе краіны перш за ўсё вінаватая сама шляхта. Да прыкладу, 22 кастрычніка 1766 г. вальны сойм адхіліў праект караля па павелічэнні падаткаў на войска i самараспусціў канфедэрацыю. Да таго ж, сойм забараніў любыя замахі на „ліберум вета” i нават занёс гэта ў канстытуцыю ў якасці кардынальнага права. Пры гэтым аўтар сцвярджае, што ціску на паслоў амаль не было (аўтар чамусьці не піша, што некалькі арыштавалі і вывезлі ў Расію). Анішчанка піша: „Вось так, без дапамогі замежных штыкоў, па адным славесным шантажы вольнаабраныя паслы юрыдычна замацавалі бясілле i бяззбройнасць краіны, чым яшчэ больш развязалі рукі замежнаму дыктату…”(135). Болыы за тое: „Парыў да кансервацыі старасвеччыны i ўпадабанага ладу аднолькава аб’яднаў рэтраградаў Расіі i магнацкія роды ВКЛ” (135).

Яўген Анішчанка вельмі крытычна падыходзіць да разгляду дзеянняў Барскай канфедэрацыі на тэрыторыі ВКЛ. У кнізе апісваюцца ўсе падзеі ад заснавання канфедэрацыі ў Бары да яе разгрому ў 1772 г. Аднак i тут даследчык далёкі ад ідэалізацыі патрыятычнага руху: „Барскі рух толькі ло­зунгам! меў рэлігійнае i антырускае значэнне” (175). Урэшце, як сцвярджае аўтар, канфедэрацыя пераўтварылася ў чарговы перадзел спадчыны Радзівілаў. Ужо ў 1768 г. пачалося ўзаемарабаўніцтва, самасуд, а сама канфедэрацыя выкарыстоўвалася для дасягнення асабістых палітычных мэтаў. Усё гэта дазволіла Расіі (хоць i не без цяжкасцяў) паасобку ліквідаваць усе барскія аддзелы i войска ВКЛ. На падставе гэтага Я. Анішчанка прэзентуе Барскую канфедэрацыю не як партызанскі pyx, а як пік міжсабовых разборак паміж магнатамі.

Не менш эгаістычнымі былі паводзіны шляхты на перадсоймавых сойміках 1772 г., дзе да паловы пунктаў інструкцый датычыліся прыватных інтарэсаў, а не вырашэння дзяржаўных праблем. Пры тым, што шляхта ведала — на сойме будуць дзяліць краіну. Што да самога сойму 1773-1774 г., то аўтар адзначае некалькі вартых праектаў, такіх як стварэнне крымінальнага заканадаўства ці праца адукацыйнай камісіі, але сцвярджае, што ўсе яны былі правалены на самай пачатковай стадыі.

У другім раздзеле „Другі падзел — змаганне пяром” (226-332) даследчык разбірае соймікі i вальныя соймы канца 1770-х i 1780-х г., Вялікі Сойм 1788-1792 г., вайну 1792 г. i другі падзел Рэчы Паспалітай.

Аўтар кпіць з соймікаў 1777 г., на якіх шляхта крытыкавала рашэнні апошняга сойму, але паслухмяна збірала фу­раж для расійскіх магазінаў, каб нажывіцца з гэтага. Усе соймікі ВКЛ супраціўляліся новаму зводу законаў Замойскага i абаранялі Статут, што, на думку Я. Анішчанкі, сведчыць не пра патрыятызм, а хутчэй пра нежаданне шляхты губляць свае прывілеі i пасады (238).

Шмат увагі адлдецца падзеям Вялікага Сойму. Аўтар падае змястоўны аналіз соймікавых інструкцый, дзе яшчэ раз паказвае кансерватыўнасць шляхты i яе нежаданне выдаткоўваць грошы на ўтрыманне войска. Пішучы пра шматлікія рэформы Вялікага Сойму, аўтар адзначае поўную бяздарнасць ix выканання. Гэтак, каб утрымаць войска, быў уведзены падатак пад назвай „ахвяра дзесятага гроша” (10%), які не мусілі плаціць толькі духавенства i шляхта без сялян. Але ў выніку, як піша Анішчанка, увесь цяжар падаткаў уласнікі перакінулі на сялян, павялічыўшы паншчыну. Збор падаткаў стаў для мясцовай шляхты магчымасцю паквітацца з супернікамі. Больш за ўсё ў гэтай сітуацыі перапала сялянам i яны пачалі бунтаваць. Землеўласнікі вінавацілі ў гэтым сойм. У выніку з неабходных 40 млн. зло­тых шляхта ахвяравала 6 млн. (у ВКЛ — 1,5 з неабходных 3) (258). Падобная сітуацыя склалася i з рэкруцкім набо­рам, які загадалі праводзіць самой шляхце i тая спраўна пастаўляла ў войска „п’яніц і лайдакоў” (259).

Асабліва жорстка аўтар паставіўся да самага галоўнага дакумента сойму — Канстытуцыі 3 траўня. Пералічваючы вядомыя змяненні ва ўкладзе Рэчы Паспалітай, Я. Анішчанка піша: „Тым самым былі нізрынуты кардынальныя правы, аб якіх клапаціліся інструкцыі, i растаптана воля выбаршчыкаў, хаця на Сойме зрабілі гэта са шчырым спадзяваннем, што вось зараз элекцыя i канфедэрацыя не прычыняцца да шляхецкага расколу i не стануць инструментам замежнага ўмяшання” (268).

Аўтар піша, што законам ад 5 траўня сойм адмяніў усе даўнія канстытуцыі, у тым ліку i Статут 1588 г. А ліцвіны, хоць i абаранялі свой Статут, вышэишым законам при­нял! ўсё-такі Канстытуцыю. Такім чынам, упершыню за 200 гадоў шляхта ВКЛ адышла ад кансерватыўных пазіцый i пагадзілася на змены ў сваім заканадаўстве. Ліцвіны прызналі вышэйшым законам прагрэсіўную канстытуцыю, пагадзіўшыся на перанос Статута ў чыста крымінальную сферу. Але ў Анішчанкі гэта выглядае хутчэй трагедыяй: „Шумная кампанія эпігонства некрывавай, лагоднай рэвалюцыі хавала ілжывую ліслівасць i нянавісць. Адны гневаліся за стаптанне кардынальных правоў i агульнашляхецкай роўнасці, іншых палохала кінутае зерне сацыяльнай роўнасці i мода запісвацца ў мяшчанства… Трэціх страшыла перспектива прымусовага або заканадаўчага абмежавання сваіх прыгонніцкіх правоў… Былі i такія, хто жадаў радыкалізаваць змены на французскі ўзор” (271).

Што датычыцца другога падзелу, то ў даследаванні адзначаецца — увядзенне новай улады на тэрыторыі пачалося яшчэ задоўга да гарадзенската Сойму i паслы ведалі пра гэта. Шмат хто з шляхты падтрымаў новую ўладу ў спадзяванні новых пасадаў (313).

Закранаючы вайну 1792 г., у адрозненне ад іншых даследчыкаў, якія сцвярджаюць, што нягледзячы на недахопы войска ВКЛ выканала сваю задачу i не пусціла ўдвая мацнейшае расійскае войска ў тыл палякам[1], Я. Анішчанка піша толькі пра панічныя ўцёкі i поўную небаяздольнасць войска ВКЛ.

У трэцім раздзеле “Трэці падзел — фіяска з шанцам” (333-408) аўтар аналізуе ход ваенных дзеянняў пад час паўстання 1794 г., палітыку расійскага ўрада на захопленых тэрыторыях i трэці падзел. На падставе расійскіх архіваў падрабязна апісваецца збор, перамяшчэнні i сутычкі паўстанцаў з расійскай рэгулярнай арміяй. Прааналізаваўшы данясенні расійскіх афіцэраў, Я. Анішчанка падлічыў страты абодвух бакоў i змясціў ix у табліцу. Што праўда, застаецца пытанне — ці заслугоўваюць рапарты расійскіх генералаў поўнага даверу, бо ў выніку ўсіх падлікаў атрымалася вельмі страшная прапорцыя — 7,5 тыс. забітых паўстанцаў супраць 370 расійскіх жаўнераў. Пры гэтым вядома, што генералы маглі часам завысіць колькасць забітых ворагаў i занізіць свае страты.

Агулам апісанне паўстання ў кнізе пакідае дзіўнае ўражанне: амаль усе факты, прыведзеныя Я. Анішчанкам, паказваюць на небаяздольнасць паўстанцкіх атрадаў, адмоўнае стаўленне да паўстання сялян, няўзгодненасць i нават варажнечу ў кіраўніцтве паўстання. Пры гэтым цытаты расійскіх афіцэраў i саноўнікаў, прыведзеныя ў гэтым жа раздзеле, сведчаць пра адваротнае. 3 ліста намесніка Рэпіна: „Сия война не есть то, что были прежние конфедера­ции. Теперь общий бунт… Мы ходим как в муравейнике…” (392). Пасля прачытання раздзела застаецца незразумелым, якім чынам абсалютна небаяздольнае войска паўстанцаў магло досыць доўга супрацьстаяць рэгулярным войскам Расійскай імперыі. Пасля паўстання былі ўтвораныя дзве губерні, дзе расійскі ўрад „баяўся кіраваць аднымі штыкамі”(391) i пайшоў на саюз з мясцовымі грамадскімі вярхамі. Аднак гэты саюз аказаўся нетрывалы, бо літоўскі закон быў заменены намесніцтвам, што моцна абмежавала мясцовую шляхту.

У Я. Анішчанкі прасочваецца ідэя, што падзелы Рэчы Паспалітай завязваліся на аснове хаўруса Расіі i польскай знаці, якая ў спадзяванні стабільнасці падтрымала акупантаў.

Праца ў расійскіх архівах дазволіла аўтару падрабязна апісаць працэс падрыхтоўкі да ўсіх падзелаў з боку расійскага ўрада. Аўтар прыводзіць цікавыя факты аб тым, што першы праект падзелу Рэчы Паспалітай быў прапанаваны Кацярыне II яшчэ ў 1763 г., аднак яна яго адхіліла, бо лічыла, што выгодней мець па суседстве слабую, буфер­ную дзяржаву, чым непакорную правінцыю (54). Зрэшты, Я.Анішчанка падтрымлівае думку сучасных расійскіх гісторыкаў аб тым, што Кацярына лічыла так аж да самага канца, i толькі дзеянні Прусіі i Аўстрыі прымушалі яе да рашучых крокаў. Пры гэтым даследчык звяртае ўвагу на цікавую акалічнасць: у час падзелаў Пецярбург не распрацоўваў ніякіх гістарычна-палітычных дакументаў, якія апраўдвалі б захоп новых тэрыторый. Расійскі ўрад грунтаваўся толькі на сцвярджэнні сваёй міратворчай місіі i спагнанні кампенсацыі за панесеныя страты.

Адной з галоўных прычын падзелу краіны Я. Анішчанка называе „ідэалогію дасканаласці ўпадабанага ладу”: вера ў ідэальнасць дзяржаўнай сістэмы i зручнасць геапалітычна-га становішча замінала шляхце праводзіць змены ў заканадаўстве i дзяржаўным апараце. У ВКЛ гэта найперш вы­явится ў ідэалізацыі шляхтай Статута 1588 г., які лічыўся універсальным i таму недатыкальным зборам законаў. Аўтар вельмі скептычна ставіцца як да шляхецкай упартасці, так i да самога Статута. Даследчык лічыць, што на канец XVIII ст. Статут ужо безнадзеина састарэў і шматлікімі прыкладамі бязладдзя на сойміках даказвае, што Статут быў толькі шырмай для беззаконняў шляхты. У гэтым ён разыходзіцца з іншымі даследчыкамі Статута (у першую чаргу польскімі, напрыклад, Ю. Бардахам), якія сцвярджаюць, што Статут не страціў свайго заканадаўчага значэння нават у XVIII ст., асабліва ў крымінальных пытаннях.

Праз усё даследаванне аўтар праводзіць думку, пгго былі два галоўныя вінаватыя ў падзелах Рэчы Паспалітай — Расійская імперыя i магнатэрыя самой Рэчы Паспалітай. Шматлікімі прыкладамі ён даводзіць, што, хаваючыся за патрыятычнай рыторыкай, як польская, так i беларуска-літоўская шляхта думала толькі пра асабісты прыбытак, — карыстаючыся з прысутнасці расійскіх войскаў на сваей тэрыторыі, запрашаючы Кацярыну для вырашэння ўнутраных пытанняў i ўрэшце прызнаўшы расійскае панаванне. Кроў жа за незалежнасць пралівала беззямельная шляхта, якой не было чаго губляць. Ажио да другога падзелу ў ру­ках шляхты былі ўсе інструменты для змянення палітычнай сітуацыі ў краіне, але яна не пажадала адысці ад сваіх архічных уяўленняў аб дзяржаве. Гэта даказаў Вялікі Сойм, дзе рэфарматары, нягледзячы на шматлікія перашкоды, змаглі змяніць дзяржаўны лад. Але было ўжо позна.

Што да самасвядомасці шляхты ВКЛ, то аўтар апісвае шмат выпадкаў праяўлення сепаратысцкіх памкненняў беларуска-літоўскай шляхты, але заўсёды тлумачыць гэта меркантыльнымі інтарэсамі. I ў выніку самасвядомасць шлях­ты аўтар вызначае як правінцыйную.

Падсумоўваючы даследаванне, Я. Анішчанка выносіць жорсткі прысуд: у знікненні Рэчы Паспалітай з карты Еўропы вінавата не так анархія, як самаўпэўненасць шляхты i вера ў дасканаласць свайго ладу. ВКЛ у гэты вырашальны момант не змагло пераадолець сваей правінцыйнасці і „не выступіла ні носьбітам лепшых рэспубліканскіх пазіцый, ні сцяганосцам іншаземных дэмакратычных павеваў” (415).

Праца Я. Анішчанкі да сёння застаецца ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі найбольш грунтоўным даследаваннем, прысвечаным гісторыі ВКЛ эпохі Рэчы Паспалітай. Аўтар рэпрэзентуе вельмі песімістычны i жорскі погляд на падзеі другой паловы XVIII ст.

Мінск

Цімафей Акудовіч


[1] Гужалоўскі А. Войска ВКЛ: апошнія старонкі гісторыі // БГЧ. №1. 1994. С. 48-52.